Дэкан Багаслоўскага факультэту Семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптысаў Павел Асененка: За рэальную роўнасць правоў духоўных і свецкіх ВНУ
Як жыць так, каб самаму быць шчаслівым і не ствараць праблемаў іншым? Чалавецтва даўно знайшло кардынальны адказ на гэтае важнае пытанне – трэба жыць з Богам, гэта значыць ва ўсіх сваіх справах кіравацца маральнымі каштоўнасцямі, выкладзенымі ў кнізе кніг – Бібліі. Аднак і па сёння многія суайчыннікі выспавядаюць іншыя жыццёвыя прынцыпы, што забяспечваюць асабістую выгоду за кошт іншых. Але ж на няшчырасці, падмане і ашуканстве ні сабе не прынясеш шчасця, ні іншым. Ад такога жыцця пакутуюць многія беларусы. Адзінае выйсце – навучыцца жыць з Богам. Пра стан і праблемы рэлігійнай адукацыі ў Беларусі напярэдадні адпаведнай міжнароднай канферэнцыі, што мае адбыцца ў Мінску 21-22 лістапада, распавядаюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў – праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага.
Пра жыццё Мінскай богаслоўскай семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь гаворыць дэкан багаслоўскага факультэту ВНУ, магістр багаслоўя Павел Асененка:
У баптысцкіх царквах ніколі не было недахопу прэсвітэраў і дыяканаў, паколькі вернікі самі лэмакратычным метадам абіраюць сваіх прапаведнікаў незалежна ад іх адукацыі. Прычым царкоўны савет звычайна рэкамендуе тым абраным духоўным лідарам, якія не маюць адпаведнай рэлігійнай адукацыі, атрымаць яе. І нашыя прапаведнікі заўжды прыслухоўваюцца да гэтых парадаў вернікаў.
Мінская багаслоўская семінарыя з’яўляецца вышэйшай духоўнай навучальнай установай і цягам чвэрці стагоддзя на базе агульнай сярэдняй адукацыі забяспечвае падрыхтоўку служыцеляў у розных галінах царкоўнага жыцця на багаслоўскім, музыкальным і педагагічным факультэтах, а таксама ў Біблейскім каледжы. На розных формах навучання ў ВНУ вучацца студэнты з Беларусі, Расіі і Украіны, працуюць айчынныя і замежныя выкладчыкі. Часам і нашыя выкладчыкі працуюць за мяжой. Аднак з-за недахопу сродкаў нашая семінарыя, на жаль, не ўдзельнічае ў праграмах студэнцкіх абменаў з аналагічнымі ўстановамі рэлігійнай адукацыі іншых краін.
Цягам апошніх гадоў для нашых студэнтаў узнікала праблема атрымання адтэрміноўкі ад вайсковай службы. Спадзяюся, што пасля адпаведнага візіту прадстаўніка нашага рэлігійнага аб’яднання ў Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў гэтая праблема больш не ўзнікне.
Мы не чакаем акрэдытацыі ад Міністэрства адукацыі, бо семінарыя з’яўляецца часткай сістэмы релігійных аб’яднанняў, якія рэгіструюцца ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. І для нас гэта добра, бо не трэба ўключаць у праграму семінарыі шэраг свецкіх дысцыплін. Для нас важна, каб у поўным аб’ёме выконвалася палажэнне закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” пра тое, што студэнты і выпускнікі духоўных і свецкіх навучальных установаў маюць роўныя правы і абавязкі.
Гэтае палажэнне, дарэчы, тычыцца і заліку перыяду дзённага навучання ў семінарыі ў працоўны стаж нашых выпускнікоў. Бо існуе занепакоенасць, што пры выхадзе на пенсію з гэтым залікам могуць узнікнуць пытанні, падобныя да праблемы атрымання адтэрміноўкі ад вайсковай службы. Будзем спадзявацца, што нашая занепакоенасць залішняя.
Павел Асененка нарадзіўся ў 1963 годзе ў Віцебскай вобласці ў пратэстанцкай сям’і. Пасля заканчэння школы і Магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту атрымаў кваліфікацыю “інжынер-электрык”і па размеркаванні быў накіраваны на працу ў Мінск. Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Беларусі, а навуковую ступень магістра багаслоўя -- у ЗША. Цікавіцца гісторыяй багаслоўя.
Чытайце таксама на тэму тэалагічнай адукацыі:
Скарочаны тэкст дадзенага інтэрвію быў надрукаваны ў артыкуле пад назвай "Стаць вернікам" у газеце "Народная воля" №91 (3934) ад 21 лістапада 2014 г.
Дапісаць новы камэнтар