Cправаздача Дзяржаўнага дэпартамента ЗША "Аб рэлігійнай свабодзе у свеце" (2013 г.): Беларусь

Рэквізiты
Прыняты: 
28.07.2014

Змест

Канстытуцыя абараняе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і дзяржаўная палітыка абмяжоўваюць яе. На практыцы гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя дзяржаўнымі ўладамі. Дзяржаўныя ўлады выбарча і адвольна ставяцца да пэўных рэлігійных групаў, што прывяло да самацэнзуры сярод многіх членаў. Урад выкарыстоўваў палажэнні закона аб рэлігіі, каб перашкодзіць ці прадухіліць дзейнасць групаў, адрозных ад Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ). Закон абмяжоўвае магчымасці рэлігійных групаў па забяспечэнні рэлігійнай адукацыі, свабоднаму ўвозу і распаўсюду рэлігійнай літаратуры. Улады пераследавалі і штрафавалі сяброў некаторых рэлігійных груп, асабліва тых, якія разглядаюцца ўрадам як носьбіты замежнага культурнага ўплыву або якія маюць палітычны парадак дня. Замежныя місіянеры, духавенства, і супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, афіляваныя з пратэстанцкімі цэрквамі і Рымска-Каталіцкай Царквой, сутыкаліся з шматлікімі перашкодамі, у тым ліку з дэпартацыяй і адмовой ў выдачы візаў або іх ануляваннем.

Былі паведамленні пра злоўжыванні або дыскрымінацыю з боку грамадства паводле прыкметы рэлігійнай прыналежнасці, перакананняў або практыкі. Часцей за ўсё гэта ўключала вандалізм у дачыненні рэлігійных аб’ектаў, будынкаў і помнікаў.

Амбасада ЗША працягвала адстойваць свабоду веравызнання. Супрацоўнікі амбасады ЗША падтрымлівалі рэгулярныя кантакты з прадстаўнікамі рэлігійных груп, наведвалі мерапрыемствы, якія праводзіліся рэлігійнымі суполкамі, наведвалі цэрквы, якія сутыкацца з ціскам, маніторылі і адсочвалі выпадкі парушэнняў рэлігійнай свабоды і выпадкі антысемітызму.

Раздзел I. Рэлігійная дэмаграфія

Урад ЗША ацэньвае агульнае насельніцтва ў 9,6 млн. (ацэнка ліпеня 2013 года). Адсутнічае аўтарытэтная статыстыка па рэлігійнай прыналежнасці. Згодна з вынікамі апытання, праведзенага прыватным сацыялагічным цэнтрам "Зеркало-Инфо" ў сакавіку-красавіку 2013 года, каля 68% грамадзян належаць да БПЦ, 14% да Рымска-Каталіцкай Царквы, і 3% да іншых рэлігійных групаў. Меншыя рэлігійныя групы ўключаюць пратэстантаў, мусульман, яўрэяў, грэка-каталікоў («уніятаў») і групы праваслаўных, што не належаць да БПЦ. Габрэйскія групы сцвярджаюць, што габрэямі з'яўляецца 30000-40000 чалавек. Іншыя зарэгістраваныя групы ўключаюць старавераў (папоўцаў і беспапоўцаў), лютэранаў, Сведкаў Іеговы, апостальскіх хрысціянаў, крышнаітаў, бахаеў, вернікаў Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (мармонаў), месіянскія і рэфармацкія  царквы, прэсвітэрыянаў, апостальскіх армянаў, лацінскіх каталікоў, членаў Царквы Хрыстовай і Іяганскай Царквы.

Раздзел II. Сітуацыя з выкананнем дзяржавай свабоды веравызнання

Прававая / палітычная база

Канстытуцыя абараняе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і палітыка абмяжоўваюць гэта на практыцы. Канстытуцыя абвяшчае роўнасць рэлігій і канфесій перад законам; аднак закон прадугледжвае, што супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі групамі «рэгулююцца з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа». Усе рэлігійныя пытанні рэгулююцца Апаратам Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (АУСРН) рэгулюе .

Закон аб рэлігіі ад 2002 года прызнае «вызначальную ролю» Праваслаўнай Царквы ў развіцці традыцый народа, а таксама гістарычнае значэнне рэлігійных груп, вызначаемых як «традыцыйныя» канфесіі, якія складаюцца з каталіцызму, іудаізму, ісламу і лютэранства. Закон не ўключае новыя рэлігійныя групы ці такія групы, як старавераў-беспапоўцаў і вернікаў кальвінісцкіх цэркваў, якія маюць гістарычныя карані ў краіне пачынаючы з 17 стагоддзя.

Закон забараняе любую рэлігійную дзейнасць незарэгістраваных груп і членаў групаў, уводзячы пакаранне ад буйных штрафаў да трох гадоў пазбаўлення волі. Закон абмяжоўвае дзейнасць рэлігійных суполак і асацыяцый у раёнах, дзе яны зарэгістраваныя, і ўстанаўлівае складаныя цяжкавыканальныя для некаторых рэлійных групаў патрабаванні да рэгістрацыі.

Закон устанаўлівае тры ўзроўні рэлігійных груп: рэлігійныя абшчыны, рэлігійныя аб’яднанні і рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні. Рэлігійныя абшчыны павінны мець не меней за 20 чалавек ва ўзросце старэйшым за 18 гадоў, якія пражываюць у адным або некалькіх сумежных раёнах. Рэлігійныя аб’яднанні павінны аб’ядноўваць не менш за 10 рэлігійных абшчын, адна з якіх павінна дзейнічаць у краіне не менш за 20 гадоў, і могуць быць створаны толькі рэлігійнымі аб’яднаннямі рэспубліканскага узроўню. Рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні могуць быць утвораны толькі пры наяўнасці актыўных рэлігійных абшчынаў прынамсі ў чатырох з шасці абласцей краіны.

Для рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны неабходна падаць спіс імёнаў заснавальнікаў, месцаў жыхарства, грамадзянства і подпісаў; копіі ўстаноўчых дакументаў; пратакол ўстаноўчага сходу; і дазвол ад рэгіянальных органаў улады, якія пацвярджаюць права абшчыны на размяшчэнне або выкарыстанне любой маёмасці, пазначанай ва ўстаноўчых дакументах. Рэгіянальныя і гарадскія органы ўлады (для суполак за межамі Мінска) і мінскія гарадскія ўлады апрацоўваюць ўсе заяўкі на рэгістрацыю. Рэлігійная група, раней не вядомая ўраду, таксама павінна прадставіць інфармацыю аб сваім веравызнанні.

Рэлігійнае аб’яднанне павінна падаць спіс членаў кіруючага органа з біяграфічнымі дадзенымі, доказы дазволу для аб’яданання знаходзіцца па пазначаным адрасе, падрабязнасці ўстаноўчага з’езду. Рэлігійныя аб’яднанні маюць выключнае права ствараць духоўныя ўстановы адукацыі, запрашаць замежнікаў для працы з рэлігійнымі групамі і арганізоўваць манастырскія і манаскія абшчыны. Усе заявы аб стварэнні аб’яднанняў і нацыянальных асацыяцый павінны быць прадстаўлены ў АУСРН.

Папраўкі да Жыллёвага кодэксу ад 2 сакавіка дазваляюць рэлігійным групам зарэгістравацца на жылых памяшканняў, калі атрыманы дазвол ад мясцовых ўладаў. Мясцовыя ўлады павінны пацвердзіць, што памяшканні адпавядаюць шэрагу правілаў, у тым ліку пажарнай бяспецы, санітарна-гігіенічным і эпідэміялагічным патрабаванням. Такі дазвол, аднак, не прадастаўляецца аўтаматычна, і закон не дазваляе рэлігійным аб’яднанням праводзіць службы ў прыватных дамах або кватэрах без папярэдняга дазволу з боку мясцовых уладаў.

Закон таксама дазваляе дзяржаўным органам, адказным за рэгістрацыю, выносіць пісьмовыя папярэджанні зарэгістраванай рэлігійнай групе за парушэнне занадаўчых нормаў або ажыццяўленне дзейнасці, што выходзіць за межы пазначанай у статуце арганізацыі. Калі абшчына не спыніла незаконнай дзейнасці, апісанай ў пісьмовым папярэджанні, на працягу шасці месяцаў або калі дзейнасць паўтараецца на працягу аднаго года з моманту папярэджання, урад можа звярнуцца ў суд, каб зліквідаваць абшчыну. Урад можа прыпыніць дзейнасць рэлігійнай групы да прыняцца судовага рашэння. Закон не ўтрымлівае палажэнняў аб абскарджання папярэджання або прыпынення дзейнасці.

Няма прававой асновы для рэстытуцыі ўласнасці, у тым ліку рэлігійнай уласнасці, захопленай у савецкі і нацысцкі перыяды. Закон абмяжоўвае рэстытуцыю ўласнасці, якая была перададзена для выкарыстання ў культурных або спартыўных мэтах.

Пагадненне 2003 года паміж БПЦ і ўрадам забяспечвае БПЦ аўтаномію ў сваіх ўнутраных справах, свабоду для выканання рэлігійных абрадаў і іншых мерапрыемстваў, а таксама асаблівыя адносіны з дзяржавай. Пагадненне таксама служыць у якасці падмурку для прынамсі 12 іншых пагадненняў паміж БПЦ і рознымі дзяржаўнымі органамі. У Пагадненні прызнаецца ўплыў БПЦ «на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа». Хоць сцвярджаецца, што Пагадненне не абмяжоўвае свабоду веравызнання іншых рэлігійных груп, у ёй пастулюецца супрацоўніцтва дзяржавы і БПЦ для барацьбы з неназванымі «псеўдарэлігійнымі структурамі, якія ўяўляюць небяспеку для асобы і грамадства». Акрамя таго, БПЦ валодае эксклюзіўным правам на выкарыстанне слова «праваслаўны» ў сваёй назве і на выкарыстанне ў якасці свайго сімвала выяву крыжа святой Еўфрасінні, апякункі краіны.

Закон патрабуе, каб усе рэлігійныя групы атрымлівалі папярэдняе ўхваленне дзяржавы на ўвоз і распаўсюд рэлігійнай літаратуры.

Толькі зарэгістраваныя рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні могуць звярнуцца ў АУСРН па дазвол на запрашэнне замежных святароў у краіну праз працяглы бюракратычны працэс. Для таго, каб мець права служыць у мясцовых рэлігійных абшчынах, вучыць ці вучыцца ў мясцовых установах, ці ўдзельнічаць у дабрачыннай дзейнасці, замежныя рэлігійныя дзеячы павінны атрымаць дазвол АУСРН. АУСРН мае 30 дзён, каб адказаць на запыты, і можа адхіляць запыты без тлумачэння прычын і адсутнічае магчымасць абскарджвання.

Дзяржава не дазваляе замежным місіянерам займацца рэлігійнай дзейнасцю за межамі прымаючых іх устаноў. Пераводы замежных святароў паміж рэлігійнымі групамі, у тым ліку прыходамі, патрабуюць папярэдняга дазволу дзяржавы. Паводле закону, замежнікі не могуць быць кіраўнікамі рэлігійных груп.

Улады могуць вынесці папярэджанне або выслаць з краіны замежных грамадзян, якія афіцыйна знаходзяцца ў краіне зна падставе працы ў нерэлігійнай сферы, у выпадку, калі яны ўдзельнічаюць у рэлігійнай дзейнасці. Праваахоўныя органы могуць прымусіць замежных святароў пакінуць краіну. У такіх выпадках улады могуць дзейнічаць самастойна або рэагаваць на рэкамендацыі іншых дзяржаўных структур, такіх як спецслужбы.

Закон не дазваляе рэлігійным абшчынам ствараць школы для падрыхтоўкі святароў, хоць аб'яднанні і рэспубліканскія аб'яднанні могуць зрабіць гэта.

Закон не прадугледжвае хатнай адукацыі з рэлігійных меркаванняў.

Адукацыйныя ўстановы могуць супрацоўнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі групамі толькі «з улікам іх гістарычнага значэння і ўплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа», што на практыцы тычыцца «традыцыйных» канфесій, у першую чаргу БПЦ. Адміністрацыя школы можа запрашаць святароў БПЦ для правядзення заняткаў з навучэнцамі, экскурсіяў да аб’ектаў БПЦ, удзелу ва ўрачыстасцях БПЦ, праграмах і гуманітарных праектах. Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі (МА) і БПЦ прадугледжвае сумесныя праекты па духоўна-маральным выхаванні студэнтаў на падставе традыцый і гісторыі БПЦ.

Дзяржава дазваляе толькі зарэгістраваным рэлігійным групам, якія з’яўляюцца членамі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў, арганізаваць пазашкольную рэлігійную дзейнасць ва ўстановах адукацыі. Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне павінна спачатку заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве з МА. Навучэнцы, якія жадаюць прыняць удзел у добраахвотным «маральным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні» ў супрацоўніцтве з рэлігійнымі групамі, павінны альбо прадставіць пісьмовую заяву, у якой выказвалі б жаданне ўдзельнічаць ці згода іх законных прадстаўнікоў. Паводле афіцыйных працэдураў, «такая адукацыя павінна павысіць дасведчанасць сярод моладзі супраць любых рэлігійных груп, дзейнасць якіх накіравана на падрыў суверэнітэту Беларусі, грамадзянскай згоды і канстытуцыйнага ладу ці на парушэнне правоў і свабод чалавека». Закон забараняе рэлігійным арганізацыям правядзенне дзейнасці ў школах ананімна. Ён таксама забараняе візіты прадстаўнікам замежных рэлігійных арганізацый; місіянерскую дзейнасць; збор ахвяраванняў з навучэнцаў для рэлігійных груп або любой дабрачыннасці; распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры, аўдыё, відэа, і іншых рэлігійных матэрыялаў; правядзенне набажэнстваў, рэлігійных рытуалаў, абрадаў і цырымоній; і размяшчэнне рэлігійных сімвалаў або атрыбутыкі ў навучальных установах.

У той час як Канстытуцыя прадугледжвае права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, закон не прадугледжвае яе для тых, хто адмаўляецца праходзіць вайсковую службу на падставе перакананняў. Асобы, абвінавачаныя ва ўхіленні ад вайсковай службы сутыкаюцца з пакараннем ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Дзяржаўныя практыкі

Дзяржавай пераследваліся члены груп рэлігійных меншасцяў, ім адмаўлялася ў дазволе на атрыманне месца для правядзення богаслужэння, праводзіліся рэйды ў прыватных памяшканнях і ў адным выпадку быў арыштаваны рэлігійны дзеяч. Як паведамляецца, члены рэлігійных групаў, па-ранейшаму неахвотна паведамляюць аб парушэннях і абмежаваннях, баючыся запалохвання і пакарання.

12 верасня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі заявіла, што ў адпаведнасці з афіцыйным паведамленнем з боку ўладаў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) арыштаваў 31 мая каталіцкага святара Уладзіслава Лазара. Ён быў арыштаваны па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе і саўдзеле ў злачынстве, у прыватнасці, у нібыта «перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў» асобе, абвінавачанай у шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы. Да афіцыйнага паведамлення, улады ўтрымлівалі Лазара на працягу трох месяцаў і не інфармавалі ні Каталіцкую Царкву, ні сям’ю Лазара пра яго месцазнаходжанне або стан крымінальнай справы. Хаця, як паведамляецца, адвакат меў рэгулярны доступ да Лазара, ён не мог агалошваць любыя падрабязнасці аб справе ў сувязі з пагадненнем аб неразгалошванні, якое ўлады прымусілі яго падпісаць. Папскі нунцый ўбачыў Лазара ў турме 25 кастрычніка, і быў адзіным чалавекам, які змог гэта зрабіць апроч адваката Лазара. На працягу ўсёй сустрэчы прысутнічаў турэмны чыноўнік, які кантраляваў размову. Прадстаўнік КДБ абвясціў 4 снежня, што Лазар быў вызвалены з-пад варты КДБ пад «падпіску аб нявыездзе», форму хатняга арышту, якая ўключае абмежаванне перасоўвання і іншыя абмежаванні. Пасля вызвалення Лазара, Рымска-Каталіцкая Царква перавяла яго ў горад Вілейку на служэнне ў мясцовым касцёле.

Некаторыя хрысціянскія групы заяўлялі, што рэгістрацыйныя патрабаванні жорстка абмежоўвалі іх дзейнасць, уціскалі свабоду веравызнання, і станавіліся падставай для крымінальнага пераследу асоб за іх рэлігійныя перакананні. Шэраг мясцовых органаў улады па-ранейшаму адмаўляецца весці перамовы пра рэгістрацыю арганізацый Сведак Іеговы або дазволе ім збірацца на служэнне ў прыватных памяшканнях.

Працэдура рэгістрацыі ў жылых памяшканнях заставаліся грувасткай і адвольнай на практыцы. Урад па-ранейшаму абвінавачваў лідэраў рэлігійных груп у парушэнні прававой забароны на арганізацыю або правядзенне несанкцыянаваных сходаў, асабліва ў прыватных дамах. Улады штрафавалі ці выдавалі пісьмовыя папярэджанні за незаконную дзейнасць пратэстанцкім абшчынам і прыходам, якія не належаць да БПЦ.

24 лютага 20 міліцыянтаў правялі рэйд падчас службы, якую праводзіла баптысцкая суполка незарэгістраванай Баптысцкай Рады Цэркваў у прыватным памяшканні ў Гомелі. Паведамляецца, што яны дапыталі ўсіх членаў абшчыны, у тым ліку дзяцей, без згоды іх бацькоў. 10 красавіка ўлады аштрафавалі пастара Мікалай Варышуна на чатыры мільёны рублёў ($ 421) па абвінавачванні ў парушэнні правілаў правядзення сходаў або іншых масавых публічных мерапрыемстваў. 26 красавіка, вышэйстаячы суд адхіліў яго заяву на абскарджанне штрафу.

14 красавіка з дзясятак міліцыянтаў уварваліся ў іншы прыватны дом у Гомелі, дзе пастар Пётр Яшчанка, прадстаўнік іншай незарэгістраванай баптысцкай абшчыны, праводзіў службу. Міліцыя перапыніла богаслужэнне, запісала сустрэчу і дапытала прысутных, у тым ліку занатоўваючы пашпартныя дадзеныя і хатнія адрасы. Міліцыя таксама канфіскавала рэлігійную літаратуру. Згодна з праваабарончай групай Форум 18, службы бяспекі пачалі рэйд на «раскрыццё злачынных груп незарэгістраваных баптыстаў». 31 траўня Гомельскі раённы суд аштрафаваў Яшчанку і яго паплечніка Валянціна Шчадронка на 200000 рублёў ($ 21) кожнага. Абодва былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаваных масавых публічных мерапрыемстваў. У той жа дзень, мясцовыя ўлады выклікалі ўладальніка дома Андрэя Тупальскага і папярэдзілі яго, што ў будучыні ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за арганізацыю рэлігійных службаў.

22 снежня 10 міліцынтаў увайшлі ў прыватны дом і перапынілі службу на свята Раства мясцовай супольнасці евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Гомелі. Міліцыя канфіскавала Бібліі, запісала імёны ўсіх членаў царквы, і выбарачна апытала некаторых з іх. Тры грамадскія лідэры былі абвінавачаныя ў арганізацыі несанкцыянаванай службы; аднак ніякіх афіцыйных абвінавачванняў да канца году не паследвала.

Міліцыя спыняла і абшуквала прынамсі сямёра Сведак Іеговы за пропаведзь у грамадскіх месцах у гарадах Клецк, Рагачоў, Воранава і Бялынічы на працягу года.

Улады працягнулі замарожванне рахунку харызматычнай Царквы Новае Жыццё (ЦНЖ) і паспрабавалі выселіць царкву з займаных памяшканняў, паўтарыўшы аналагічны інцыдэнт у мінулым годзе. 13 чэрвеня, Вярхоўны суд загадаў ЦНЖ вызваліць свае памяшканні на працягу сямі дзён. На наступны дзень, аднак, суд прыпыніў загад аб высяленні па просьбе мясцовых жыллёвых органаў. ЦНЖ працягвае выкарыстоўваць памяшканне для рэлігійных мэтаў, але па-ранейшаму не можа атрымаць пацвярджэнне права ўласнасці ад уладаў. Актывізацыя намаганняў ЦНЖ адмяніць замарозку рахунку, уведзеную ў 2010 годзе з нагоды меркаванага забруджвання навакольнага асяроддзя, скончылася беспаспяхова. Мінскія гарадскія ўлады пастаянна адмаўляліся сустрэцца са старэйшым пастарам ЦНЖ Вячаславам Ганчарэнкам.

Улады час ад часу з затрымкай прадастаўлялі духавенству дазвол на наведванне членаў дэмакратычнай апазіцыі, праваабарончых групаў і групаў грамадзянскай супольнасці, якія былі ў зняволенні па палітычных прычынах. Калі такія візіты былі прадастаўлены, турэмныя ўлады ўважліва сачылі за сустрэчамі, прыватнымі размовамі і рэлігійнымі споведзямі.

Урадавыя «чыноўнікі па ідэалогіі», адказныя за пашырэнне афіцыйнай палітыкі і поглядаў, працягвалі пераследваць незарэгістраваныя рэлігійныя групы, у тым ліку шляхам кантролю за дзейнасцю членаў на іх працоўных месцах.

Як паведамлялася, улады папярэджвалі незарэгістраваныя рэлігійныя групы, што яны могуць сутыкнуцца з крымінальнай адказнасцю, а іх лідэры могуць атрымаць зняволенне на тэрмін да двух гадоў за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Яны ўзбудзілі крымінальную справу супраць каталіцкага верніка-міраніа Аляксея Шчадрова ў Гродзенскай вобласці па абвінавачванні ў стварэнні і кіраўніцтве незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяў, якая аб’яднала мясцовых жыхароў тых самых рэлігійных перакананняў, а таксама бяздомных. Ён быў таксама абвінавачаны ў стварэнні магчымасці для рэлігійных службаў і іншых рэлігійных мерапрыемстваў. Мясцовыя тэлеканалы сцвярджаюць, што Шчадроў кіраваў сектай, ствараючы прытулак для бяздомных. Шчадроў адмаўляў усе абвінавачванні, заявіўшы, што ён толькі прадстаўляў ложкі для бяздомных асоб, якія былі забытыя ўладамі, і маліўся з імі. 11 верасня, міліцыя зняла абвінавачанні супраць Шчадрова пасля таго, як улады зарэгістравалі яго прыватную дабрачынную арганізацыю.

Урад працягваў кантраляваць групы рэлігійных меншасцяў, асабліва тых, што пазначаныя як «іншаземныя» або «культы». Згодна з вартых даверу крыніц, афіцэы дзяржбяспекі часта наведвалі пратэстанцкія набажэнствы, каб весці назіранне, якое членамі групы апісваецца як запалохванне і пераслед.

Многія рэлігійныя групы працягвалі адчуваць праблемы ў арэндзе, куплі або рэгістрацыі ўласнасці, каб арганізаваць культавыя месцы. Перавод жылой нерухомасці ў культавую таксама выклікае цяжкасці. Групы таксама сутыкнуліся з перашкодамі для аднаўлення права ўласнасці на рэлігійную маёмасць, канфіскаваную ў савецкі перыяд.

Некаторыя мясцовыя чыноўнікі анулявалі або адмовіліся падоўжыць дамовы арэнды на ўласнасць, дзе рэлігійныя групы праводзілі службы, спасылаючыся на ўказ для падтрымання грамадскага парадку і бяспекі падчас масавых мерапрыемстваў. Арэнда грамадскіх памяшканняў для правядзення рэлігійных службаў, асабліва для незарэгістраваных груп, таксама заставалася складанай. Пратэстанцкія групы пацярпелі найбольш, бо яны мелі менш магчымасцяў, каб валодаць ўласнасцю, а іх прыватныя дамы былі занадта малыя, каб змясціць іх усіх.

Урад адмовіў у дазволе некалькім незарэгістраваным пратэстанцкім і нетрадыцыйным групам перавесці іх уласнасць на рэлігійныя мэты на той падставе, што арганізацыі не былі зарэгістраваныя. Арганізацыі не змаглі зарэгістравацца ў сувязі з адсутнасцю юрыдычнага адрасу. Мясцовыя ўлады адмовілі ў сёмай спробе рэгістрацыі Сведак Іеговы ў Барысаве і ў пятай спробе ў Лідзе, бо групы ці сустракаліся ў прыватных дамах, ці інакш не змаглі даказаць што яны маюць права знаходзіцца ў прадугледжаных для гэтага памяшканнях. У той час як улады ў Віцебску і Светлагорску адпаведна 1 красавіка і 13 верасня дазволілі мясцовым абшчынам Сведкаў Іеговы выкарыстоўваць прыватныя дамы для рэлігійных мэтаў, улады ў Магілёве, Бабруйску, Рагачове, Гомелі і Лідзе адмовіліся даць такі дазвол.

Улады далі дазвол Сведкам Іеговы правесці трохдзённую канферэнцыю ў Мінску ў жніўні. Як паведамляецца, больш за 10000 членаў з усёй краіны прынялі ўдзел у канферэнцыі без афіцыйнага ўмяшання.

Улады рэгулявалі ўсе аспекты прапаведавання і распаўсюджвання рэлігійнай літаратуры. Рэлігійныя групы, асабліва пратэстанты, застаюцца асцярожнымі ў празелітызме і распаўсюджванні матэрыялаў у сувязі з агульнай атмасферай запалохвання і страху пакарання, адмоў і іншых магчымых абмежаванняў. Рэгіянальныя і муніцыпальныя ўлады ў некалькіх гарадах таксама выдалі лісты з папярэджаннем Сведкам Іеговы ў сувязі з іх рэлігійнай дзейнасцю і размовах аб Бібліі.

У лютым Светлагорскі раённы суд спыніў справу ў дачыненні да Дзмітрыя Лябедзькі, які быў абвінавачаны ў 2011 годзе ў правядзенні сходу Сведак Іеговы без дазволу. У сакавіку суд таксама пастанавіў, што Лябедзька павінен выплаціць штраф у памеры 700 000 рублёў ($ 74) і адміністрацыйныя зборы ў 470000 рублёў ($ 49).

Непаслядоўнае выкарыстанне ўладамі візавага рэжыму ўплывае на здольнасць місіянераў жыць і працаваць у краіне. Гэта зменшыла колькасць каталіцкага духавенства, дазволенага ў краіне, і абмежавала гуманітарныя і дабрачынныя праекты замежных пратэстанцкіх груп. Напрыклад, улады скарацілі тэрмін дзеяння візы для некалькіх каталіцкіх святароў з працягласці ў адзін год да шасці і трох месяцаў альбо адмовіліся падоўжыць іх шасцімесячныя візы для працы ў краіне. Улады заявілі, што пастанова заснаваная на скаргах каталікоў аб дрэнным веданні замежнымі святарамі рускай або беларускай моваў. Пэўныя крыніцы, аднак, адзначаюць, што ў заходнім рэгіёне краіны невялікія каталіцкія асяродкі часта бегла размаўляюць на польскай мове.

7 кастрычніка каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і вернікі парафіі Святой Марыі асвяцілі пляцоўку, якая была пазначаная гарадскімі ўладамі Мінска для будаўніцтва новай каталіцкай царквы. Гэта была шостая пляцоўка, выдзеленая гарадскімі ўладамі Мінску для Каталіцкай Царквы.

Улады часта распытвалі замежных місіянераў і супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый, а таксама мясцовых жыхароў, якія працавалі з імі, пра крыніцы і выкарыстанне іх фінансавання. Супрацоўнікі спецслужбаў, як паведамляецца, адсочвалі рэлігійныя службы, якія праводзілі ці ў якіх дапамагалі замежнікі. Некаторыя пратэстанцкія абшчыны скардзіліся на гэтыя дзеянні ўладаў, называючы іх цкаваннем.

Улады толькі эпізадычна або неэфектыўна даследавалі антысеміцкія акты. Як правіла, яны характарызуюць неанацысцкую дзейнасць як хуліганства. 20 чэрвеня суд у Рэчыцы аштрафаваў неназванага 21-гадовага блогера на адзін мільён рублёў ($ 105) за размяшчэнне фатаграфіі нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы з верасня 2010 года па травень 2013 года. Пракуратура папярэдзіла блогера, што ён мог быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за далейшыя падобныя паведамленні.

У лютым суд у Мазыры прызнаў 22-гадовага мужчыну вінаватым у вандалізме ў дачынені да дзвюх мясцовых праваслаўных цэркваў у 2012 годзе і прысудзіў яго да прымусовага лячэння ў псіхіятрычным шпіталі.

Урад па-ранейшаму патрабуе, каб навучэнцы выкарыстоўвалі падручнікі, якія, як некаторыя сцвярджаюць, спрыяюць нецярпімасці да нетрадыцыйных рэлігійных груп. Лідары пратэстанцкіх суполак крытыкавалі дыскрымінацыйныя выразы ў адным з падручнікаў, прыводзячы цытаты, у якіх такія групы, як адвентысты сёмага дня, царква Марыі, Белае Братэрства і Сведкі Іеговы былі пазначаныя з прыніжальным тэрмінам «секта». Іншы падручнік таксама пазначыў пэўныя пратэстанцкія канфесіі і крышнаітаў як «секты». Улады не зрабілі ніякіх зменаў у гэтых падручніках, нягледзячы на просьбы пратэстанцкіх груп.

Бяздзейнасць уладаў

Урад не вяртаў будынкі, у тым ліку рэлігійныя будынкі, якія былі захопленыя ў савецкі і нацысцкі перыяды, калі гэтыя будынкі былі ў выкарыстанні для патрэбаў спорту або культурных мерапрыемстваў, або калі ўрад не меў месца для перамяшчэння тых, хто займаў памяшканні. Урад не прапаноўваў кампенсацыі за канфіскаваныя будынкі.

Паляпшэнні ў дачыненні да свабоды веравызнання

30 жніўня АУСРН ўручыў кіраўніку Рымска-Каталіцкай Царквы, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу рэгістрацыйныя дакументы для мінскага каталіцкага каледжу Яна Хрысціцеля напярэдадні новага навучальнага года. Каледж будзе рыхтаваць спецыялістаў у галіне тэалогіі, філасофіі, вывучэння Бібліі, літургіі, сацыяльных навуках і царкоўным праве і іншых дысцыплін. Кандрусевіч сказаў, што заснаванне каледжа стала важнай падзеяй на шляху да ўстанаўлення каталіцкай вышэйшай навучальнай установы ў Беларусі, у дадатак да існуючых царкоўных семінарый у Пінску, Гродне, а таксама каледжу ў Баранавічах.

Раздзел III. Статус павагі да свабоды веравызнання з боку грамадства

Былі паведамленні аб грамадскай дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасці, перакананняў або практыкі. Былі паведамленні аб антысеміцкіх графіці і вандалізме. Антысемітызм і негатыўнае стаўленне да рэлігійных меншасцяў зменшыўся ў параўнанні з папярэднімі гадамі.

29 кастрычніка тры непаўналетнія вандалы разбурылі плот і пашкодзілі помнік у гонар габрэяў і іншых жыхароў, забітых нацыстамі ў верасні 1942 года ў сяле Куранец. Хоць міліцыя затрымала і дапытала трох няпоўнагадовых, улады не абвінавацілі іх ў вандалізме і не прыцягнулі іх да адказнасці іншым чынам з-за ўзросту, але ўключылі іх імёны ў базу дадзеных міліцыі.

Аб'яднанне Сведкаў Іеговы паведаміла, што прынамсі тры члены арганізацыі атрымалі нязначныя траўмы ў выніку нападу мясцовых жыхароў у некалькіх гарадах, у тым ліку Лёзне.

БПЦ працягвае ўшаноўваць Гаўрыіла Беластоцкага, дзіця, нібыта забітае габрэямі каля Гродна ў 1690 годзе, як аднаго са святых і пакутнікаў. Памінальная малітва, што выкарыстоўваецца ў гадавіну яго смерці, сцвярджае, што «пакутніцкая смерць і мужны Гаўрыіл выкрываюць несумленнасць габрэяў».

Адносіны БПЦ і Рымска-Каталіцкай Царквы працягваюць паляпшацца, на думку членаў абедзвюх груп. Прыклады пашырэння супрацоўніцтва ўключаюць сумесныя набажэнствы і міжнародныя канферэнцыі.

У красавіку Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне аднавіла будаўніцтва мячэту ў цэнтры Мінска пасля атрымання дазволу ад мясцовых уладаў. Раней аб'яднанне было вымушана прыпыніць будаўнічыя працы на працягу пяці гадоў у сувязі з адсутнасцю сродкаў.

Раздзел IV. Палітыка ўраду ЗША

Павераны ў справах ЗША і супрацоўнікі амбасады падтрымлівалі рэгулярныя кантакты з прадстаўнікамі рэлігійных груп.

Супрацоўнікі амбасады наведалі некалькі мерапрыемстваў, якія праводзіліся рэлігійнымі абшчынамі, у тым ліку адкрыццё рэлігійных помнікаў. Супрацоўнікі амбасады наведалі Царкву Новае Жыццё, каб прасачыць за паведамленнямі пра ўціск і цкаванне.

Пасольства адсочвала продаж антысеміцкай і ксенафобскай літаратуры ў крамах і ў дзяржаўных распаўсюднікаў. Супрацоўнікі амбасады абмяркоўвалі рэлігійныя абмежаванні з рэлігійнымі кампаніямі за свабоду веравызнання, юрыстамі рэлігійных груп і актывістамі, якія каардынуюць ініцыятыву «За свабоду веравызнання», групай актывістаў грамадзянскай супольнасці, якая прасоўвае рэлігійную талерантнасць.

Супрацоўнікі амбасады абмяркоўвалі пытанні свабоды веравызнання з прадстаўнікамі іншых дыпламатычных місій, каб прадэманстраваць салідарнасць у падтрымцы свабоды веравызнання.

International Religous Freedom Report for 2013. - Belarus. - Пераклад на беларускую мову - сайт Крыніца.INFO пад рэдакцыяй forb.by