7-я міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы»
Кардынал Курт Кох выступае ў Мінскай Архікатэдры
(с) catholic.by
13-16 лістапада 2011 г. у Мінску прайшла 7-я міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы».
Для ўдзелу ў канферэнцыі Беларусь наведаў высокі каталіцкі іерарх, старшыня папскай рады па спрыянні хрысціянскай еднасці кардынал Курт Кох, а таксама прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ брат Алоіс. Мерапрыемства было арганізавана Інстытутам міжрэлігійнага дыялогу Беларуская Праваслаўнай Царквы Хрысціяскім адукацыйным цэнтрам свв. Кірыла і Мяфодыя.
У шматстайных дакладах, што гучалі на канферэнцыі, адзначалася, што Еўропа пад уплывам постмадэрнай ідэалогіі адыходзіць ад сваіх хрысціянскіх каранёў і Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквам трэба аб'яднацца, каб супольна сведчыць пра хрысціянскія маральныя каштоўнасці.
Падчас канферэнцыі ўздымаліся таксама пытанні сацыяльнай этыкі ў Беларусі. Кардынал Кох на сустрэчы з Празідэнтам Рэспублікі Беларусь выказаў задаволенасць тым, як развіваецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі, пры згодзе і з падтрымкай Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўладаў краіны. Аднак, выступаючы з гаміліяй на імшы ў Кафедральным касцёле, Ватыканскі іерарх адзначыў неабходнасць існавання справядлівай судовай улады, а таксама звярнуўся да досведу, калі ва ўмовах дыктатуры такой улады бракуе. І хаця іерарх не зрабіў ніякіх рэферэнцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь і апошніх палітычных працэсаў, але незалежныя сродкі масавай інфармацыі звярнулі на гэтыя словы асаблівую ўвагу і праінтэрпрэтавалі іх менавіта ў звязку з сучаснай палітычнай сітуацыяй.
7-я міжнародная канферэнцыя «Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы» - «За свабоднае веравызнанне» № 30, кастрычнік - снежань 2011
Дапісаць новы камэнтар