Праваслаўны святар Аляксандар Шрамко вярнуўся да служэння
Дазвол працягнуць служэнне ў праваслаўнай царкве ён атрымаў таму, што пакаяўся ў грамадскай дзейнасці і ўдзеле ў кампаніі «За свабоднае веравызнанне».
Праваслаўны Вялікі пост у Мінску пачаўся нязвыклай дзеяй у мінскім Свята-Духавым саборы, якую ачоліў мітрапаліт Мінскі Філарэт. Ён паставіў перад сабою на калені таленавітага праваслаўнага публіцыста-блогера айца Аляксандра Шрамка і прыняў ягонае «публічнае пакаянне».
Пакаянне мае адкрыць А.Шрамку дарогу да святарскай дзейнасці, што была яму забароненая некалькі гадоў, калі ён быў выведзены за штат «да раскаяння». А.Шрамко ў свой час быў пакараны за адмову спыніць вядзенне блогу.
Іерархію РПЦ цікавілі таксама кантакты А.Шрамка з палітычнымі хрысціянска-дэмакратычнымі ініцыятвамі і ўдзел у міжканфесійнай канферэнцыі па пытаннях свабоды сумлення.
Айцец Шрамко быў духоўным лідэрам групы нон-канфармісцкай праваслаўнай моладзі. Святаром ён стаў у 1994 г., з 1996 да 2007 гг. служыў у прыходзе ў гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ў Мінску. Пасля забароны служыць ён не мог знайсці сабе працу і перабіваўся выпадковымі заробкамі.
Праваслаўны святар Аляксандар Шрамко вярнуўся да служэння. - «За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009. - Паводле газ. «Наша Ніва»
Дапісаць новы камэнтар