Пачалася кампанія абароны права на свабоду сумлення
22 красавіка ў Беларусі пачалася Кампанія па абароне права на свабоду сумлення. Хрысціяне розных канфесій — католікі, праваслаўныя і пратэстанты, а таксама прадстаўнікі грамадскасці, аб’ядналі свае намаганні дзеля збору подпісаў, каб падаць у Канстытуцыйны Суд хадайніцтва пра ўнясенне зменаў у дзейны Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».
Асобныя палажэнні гэтага закону выклікалі пярэчанні з боку праваабаронцаў яшчэ падчас яго прыняцця ў 2002 годзе. Беларускія і замежныя незалежныя эксперты звярталі ўвагу распрацоўшчыкаў на тыя палажэнні закону, якія пярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным пактам, падпісаным нашай краінай. На жаль, іх голас не быў пачуты заканадаўцамі.
Правапрымяняльная практыка мінулых чатырох гадоў сведчыць пра шматлікія парушэнні правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды веравызнання. Святары розных канфесій караюцца штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі за правядзенне богаслужэнняў; чыноўнікі сістэматычна не даюць дазволаў на правядзенне богаслужэнняў, на ўзвядзенне культавых будынкаў або перапрафіляванне існуючых будынкаў у культавыя; па фармальных прычынах ліквідуюцца рэлігійныя абшчыны, высылаюцца з краіны святары-замежнікі і г. д.
Удзельнікі Кампаніі кіруюцца перакананнем, што правы на жыццё, працу, свабоду сумлення, веры, слова дадзены нам Богам ад нараджэння, яны — неад’емныя. А паколькі не ўлада, не дзяржава дае нам гэтыя правы, то яна не мае права іх адбіраць.
Кампанія па абароне права на свабоду сумлення ставіць такія мэты:
— сабраць некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў за ўнясенне зменаў у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»;
— звярнуцца ў вышэйшыя беларускія і міжнародныя ўстановы, каб дамагчыся змены Закону ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі;
— распавесці грамадству пра парушэнні правоў вернікаў, пра тое, што гэты закон парушае правы кожнага грамадзяніна;
— аб’яднаць дзеля абароны сваіх правоў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі.
«Пакуль ганенні не закранулі кожнага, — заклікаюць ініцыятары Кампаніі, — будзем салідарныя з пацярпелымі, зробім усё магчымае, каб спыніць беззаконне!».
Паводле нашых назіранняў, збор подпісаў ідзе вельмі актыўна. І па ўсёй Беларусі.
Татур В. Абарона права на свабоду сумлення - «За свабоднае веравызнанне» № 15, люты — красавік 2007
Дапісаць новы камэнтар