Канфлікт вакол Царквы "Новае жыццё": Будзьма разам!
Гэты нумар бюлетэня цалкам прысвечаны змаганню мінскай поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё» за гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на свабоду веравызнання, адстойванню вернікамі ўласнасці абшчыны, набытай законным шляхам. І той салідарнасці, якую выказалі ім тысячы людзей з розных краін.
Не пачутыя ўладу маючымі, зняважаныя неаб’ектыўнымі судовымі рашэннямі, пратэстанты абвясцілі пост-галадоўку. Акцыя доўжылася 23 дні. У ёй удзельнічалі сотні людзей. Вынікам стала адмена ўсіх 11 ранейшых судовых рашэнняў, у тым ліку аб прымусовым выкупе будынка, які належыць царкве.
У гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь гэта была першая такая масавая і паспяховая галадоўка пратэсту. Варта адзначыць самаадданасць вернікаў, гатовых за свае перакананні стаяць да канца, рызыкуючы жыццём і здароўем, дакладную арганізацыю працы ўсіх абшчынных структур — аператыўнасць і дынамізм аддзела інфармацыі, уражальную пільнасць службы аховы, мудрыя рашэнні каардынацыйнага штаба.
Беспрэцэдэнтнай была і салідарнасць з галадоўшчыкамі. Вернікаў поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё» падтрымлівалі не толькі пратэстанты, шырэй — хрысціяне, але таксама іудзеі, вернікі іншых рэлігій, палітыкі і грамадскія дзеячы, агностыкі і атэісты. Многія такім чынам адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці, баранілі правы чалавека.
Падрыхтоўка гэтага бюлетэня завяршаецца ў той час, калі галадоўку пратэсту пачынаюць каталікі ў Гародні: дзесяць гадоў яны не могуць атрымаць ад уладаў дазволу на будаўніцтва храма. Адным з першых ліст падтрымкі даслаў ім пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка.
Змаганне за свабоду веравызнання ў Беларусі, марафон салідарнасці не спыніць.
Трыгубовіч В. Будзьма разам! - «За свабоднае веравызнанне» № 13, спецвыпуск 2006
Дапісаць новы камэнтар