І сказаў Бог Беларусу...
1. І сказаў Бог беларусу: Я стварыў цябе паводле вобразу і падабенства Майго, удыхнуў у цябе дыханьне жыцьця і зрабіў цябе душою жывою.
2. Я даў табе розум, і волю, і працавітасьць, каб ты карыстаўся імі дзеля дабра бліжніх сваіх.
3. Прыглядайся да навакольля. Бач, як стварэньні Мае множацца паводле роду іхняга: усякае быльлё, кустоўе, дрэвы, усякая рыба, жывёла й птушка крылатая, і плямёны людзкія — усё працягваецца паводле роду іхняга.
4. У разнастайнасьці прыроды — Мая сутнасьць. Будзь верны ёй, стварай паводле роду свайго і будзеш дабраславёны за гэта.
5. Я ўдыхнуў у цябе здольнасьць называць рэчы й зьявы сваімі імёнамі, каб захоўвалася повязь паміж табой і тваімі нашчадкамі.
6. Нашчадкі будуць тваім замагільным жыцьцём, будуць перахоўваць тваю вечнасьць.
7. Рух і тварэньне — існасьць усяго жывога. У руху і тварэньні ты будзеш апраўдваць сваё існаваньне, свой Боскі пачатак.
8. Я даў табе жанчыну як спадарожніцу на тваім зямным шляху.
9. Вы й дзеці вашы будзеце працягваць Маю працу — тварыць паводле вобразу і падабенства вашага. І зямля ваша будзе ў дастатку.
10. Тое, што вы створыце, будзе вашым Эдэмам, у якім Я пастаўлю дрэва жыцьця, каб квітнеў і ня зьвёўся род ваш.
11. Закладаю ў вас энэргію і творчы талент, каб вы ўзбагачалі Маё тварэньне. Вы будзеце ўнікальныя ў Маім шматстайным сьвеце і будзеце адказныя за захаваньне шматстайнасьці.
12. Узнагародай вам за вернасьць Маім запаветам будзе радасьць творчай працы і быцьцё працягам Мяне Самога.
Вычытаў зь Бібліі
Янка Запруднік
у верасьні лета Божага 2006
Дапісаць новы камэнтар