Сёння ўвечары ў Менску былі брутальна затрыманыя вернікі з розных цэркваў, якія сабраліся ў прыватным доме для абмеркавання кнігі
Сёння ўвечары, 8 лютага, вернікі з розных цэркваў (пераважна евангельскай царква "Ян Правдеснік", богаслужэнні якой адбываюцца ў памяшканнях іншай евангельскай царквы "Благадаць" на вул. Гурскага) сабраліся на сяброўскую сустрэчу для вячэры і размоваў у прыватным доме па запрашэнні гаспадара, пастара абшчыны хрысціян веры евангельскай "Ян Прадвеснік" Антонія Бокуна.
Нечакана а 19:35 у будынак, пабіўшы ў вокнах шыбы, пры тым, што дзверы былі адчыненыя, уварваліся спецназаўцы ў масках і камуфляжы ў колькасці 10 чалавек. Адзін з уварваўшыхся прадставіўся маёрам Маскоўскага РУУС Бегуновым. Адрозных знакаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў на гэтых людзях не было, ніякіх дакументаў яны не прадставілі. У той час у доме знаходзілся каля 50 чалавек (у т.л. дзевяць дзяцей ва ўзросце ад трох да дванаццаць гадоў). У пакоі, дзе знаходзіліся і гулялі дзеці, а таксама на кухні, дзе жанчыны, у т.л. цяжарныя, гатавалі вячэру, вокны былі таксама пабітыя. Дзеці і жанчыны былі надзвычайна напужаныя.
Усіх людзей, якія знаходзіліся ў доме, у т.л. гаспадара, затрымалі, пагрузілі ў спецтранспарт і адвезлі ў Маскоўскае РУУС. На месцы здарэння пакінулі толькі аднаго мужчыну з чатырма дзецьмі, жанчын з дзецьмі і цяжарных. Там цягам прыкладна трох гадзін (перыяд затрымання не перавысіў усталяванага заканадаўствам) перапісалі дадзеныя затрыманых, у т.л. месца працы, пасля чаго людзей адпусцілі. Падчас знаходжання ў РУУС вернікі, якіх было 33 чалавекі, маліліся і спявалі гімны. Афіцыйнага абвінавачання выстаўлена не было, не было таксама і складзена пратаколаў затрымання, але на словах супрацоўнікі МУС патлумачылі, што адрэагавалі на тэлефанаванне на нумар "102" з паведамленнем, што па адрасе, дзе знаходзіцца прыватны дом (зав. Загарадны), у якім і сабраліся вернікі, адбываецца выраб наркатычных сродкаў.
Дапісаць новы камэнтар