Зварот Папы Рымскага Бенедыкта XVI да 17-га Пленарнага пасяджэння Папскай Акадэміі сацыяльных навук, прысвечаны свабодзе рэлігіі

Рэквізiты
Прыняты: 
З Ватыкана, 29 красавіка 2011 г.

Яе Яснавяльможнасці прафесару Марыі-Ганне Глендан Старшыні Папскай Акадэміі сацыяльных навук

Я рады вітаць Вас і членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук на Вашым сямнаццатым пленарным пасяджэнні на тэму “Універсальныя правы ў свеце разнастайнасці: датычна рэлігійнай свабоды”.

Як я ўжо адзначаў у многіх выпадках, вытокі заходняй хрысціянскай культуры па-ранейшаму глыбокія, менавіта культура дала жыццё і месца для свабоды рэлігіі і працягвае сілкаваць гарантаваныя Канстытуцыяй свабоду рэлігіі і свабоду веравызнання, якімі сёння карыстаюцца многія. У немалой ступені праз іх сістэматычнае парушэнне з боку атэістычных рэжымаў ХХ стагоддзя, гэтыя свабоды былі прызнаныя і замацаваныя міжнароднай супольнасцю ва Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека ААН. Сёння гэтыя асноўныя правы чалавека зноў апынуліся пад пагрозай з боку поглядаў і ідэалогіяў, што могуць перашкаджаць свабодзе выражэння рэлігіі. Такім чынам, задача па абароне і заахвочванні права на свабоду рэлігіі і свабоду веравызнання павінна быць пастаўленая ў нашыя дні яшчэ раз. З гэтай прычыны, я ўдзячны Акадэміі за ўнёсак у дадзеную дыскусію.

Імкненне да праўды і сэнсу, адкрытасць да трансцэндэнтнага - глыбока ўпісаныя ў нашу чалавечую прыроду; наша прырода нас заахвочвае даследаваць найбольш важныя для нашага існавання пытанні. Шмат стагоддзяў таму, Тэртуліян ўвёў тэрмін libertas religionis (гл. Apologeticum, 24:6). Ён падкрэсліў, што Богу трэба пакланяцца свабодна, і што недапушчэнне прымусу закладзенае ў самой прыродзе "nec religionis est cogere religionem" (Ad Scapulam, 2:2). Паколькі чалавек мае здольнасць для свабоднага асабістага выбару ў праўдзе, і паколькі Бог чакае ад чалавека вольнага адказу на Свой заклік, права на свабоду рэлігіі павінна разглядацца як прыроджанае для фундаментальнай годнасці кожнай чалавечай асобы, у адпаведнасці з прыроджанай адкрытасцю чалавечага сэрца да Бога. Насамрэч, аўтэнтычная свабода рэлігіі дазволіць чалавеку дасягнуць самарэалізацыі і, такім чынам, зробіць свой унёсак у агульнае дабро грамадства.

Беручы пад увагу развіццё ў культуры і грамадстве, Другі Ватыканскі Сабор прапанаваў абноўлены антрапалагічны падмурак рэлігійнай свабоды. Айцы Сабору сцвердзілі, что ўсе людзі “заахвочаныя прыродай, а таксама звязаныя маральным абавязкам шукаць ісціну, асабліва ісціну рэлігійную” (Dignitatis Humanae, 2). Ісціна робіць нас свабоднымі (гл. Ян 8:32), і ў той жа час яна мусіць быць адшуканай і прынятай вольна. Сабор вельмі асцярожна даў вызначэнне гэтай свабодзе як праву, якое кожная асоба мае па прыродзе, і якое, такім чынам, павінна быць абаронена і ўзгадаванае грамадзянскім правам.

Вядома, кожная дзяржава мае суверэннае права прымаць сваё ўласнае заканадаўства і будзе выказваць рознае стаўленне да рэлігіі ў законе. Так і ёсць, некаторыя дзяржавы дазваляюць шырокую рэлігійную свабоду ў нашым разуменні гэтага слова, у той час як іншыя абмяжоўваюць яго з розных прычынаў, у тым ліку праз недавер да рэлігіі як такой. Святы Пасад працягвае заклікаць да прызнання фундаментальнага права чалавека на свабоду рэлігіі з боку ўсіх дзяржаў, і заклікае іх паважаць, і ў выпадку неабходнасці абараняць, рэлігійныя меншасці, якія, хоць і звязаныя адрознай ад большасці вакол іх верай, імкнуцца жыць са сваімі суграмадзянамі мірна і ў поўнай меры ўдзельнічаць у грамадскім і палітычнам жыцці народа дзеля ўсеагульнай карысці.

Нарэшце, дазвольце мне выказаць шчырую надзею на тое, што вашыя веды ў галіне права, паліталогіі, сацыялогіі і эканомікі будуць сыходзіцца ў гэтыя дні, каб вы натхніліся свежымі ідэямі па гэтым важным пытанні і тым самым прынелі шмат плёну цяпер і ў будучыні. У гэтыя святыя дні, я прыклікаю на вас багацце пасхальнай радасці і міру, і я ахвотна перадаю вам, біскупу Санчэсу Саранда і ўсім іншым членам Акадэміі сваё апостальскае блаславенне.

З Ватыкана, 29 красавіка 2011 г.

Пераклад на беларускую мову - "За свабоднае веравызнанне", упершыню апублікавана ў Бюлетэні №29