Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час

Аўтар: 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

ДАКЛАД

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
2 мая 2017 г., Мінск
Глыбокапаважаны прэзідыум, дарагія браты і сёстры, спадары і спадарыні!

1. Перш за ўсё дазвольце выказаць падзяку за запрашэнне прыняць удзел у гэтай сустрэчы і выступіць з дакладам, прысвечаным адносінам паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай.

У Беларусі яны з кожным днём становяцца усё больш значнымі і таму неабходна засяроджваць нашу ўзаемную ўвагу на іх стане і развіцці.

У часы нарастання секулярызацыі сучасны чалавек хоць і не ставіць рэлігію у цэнтр свайго жыцця, тым не менш усё часцей звяртаецца да яе з мэтай вырашэння сваіх праблем. Напрыклад, не так даўно да мяне звярнуліся прадстаўнікі беларускага бізнеса з просьбай дапамагчы ім у падрыхтоўцы спецыялістаў з улікам прынцыпаў этыкі, бо без яе бізнес не мае будучыні.

2. Адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай у двухтысячагадовай гісторыі хрысціянства былі рознымі. У першыя тры стагоддзі хрысціянства не прызнавалася рэлігіяй і жорстка пераследавалася. Пасля Міланскага эдыкту 313 г. яно атрымала роўныя з іншымі рэлігіямі правы і гэтым самым новыя магчымасці для развіцця і выканання ўскладзенай на яго Хрыстом місіі абвяшчэння Евангелля і збаўлення чалавека.

Дзякуючы гэтаму, хрысціянства аказала вялікі ўплыў на развіццё еўрапейскай цывілізацыі. Нельга зразумець еўрапейскую культуру без хрысціянства. Яе падмурак складае Евангелле і яна ўнесла свой вялікі ўклад у развіццё чалавецтва.

3. Вельмі хутка пасля Міланскага эдыкту хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй да такой ступені, што для легалізацыі таго ці іншага грамадскага строю аргументы часта браліся з Евангелля. Хаця вучэнне Хрыста носіць ярка выражаны маральна-рэлігійны, а не палітычна-зямны характар, тым не менш гісторыя ведае нямала прыкладаў саюзу алтара і трона, калі Касцёл і дзяржава станавіліся ўзаемазвязанымі да такой ступені, што Касцёл нават выконваў некаторыя палітычныя функцыі, а дзяржава клерыкалізавалася, але гэта не спрыяла нармальнаму развіццю ні Касцёла, ні дзяржавы.

Дзякуй Богу, гісторыя паказала нежыццяздольнасць такіх адносін. Трагічная ў свах наступствах Французская рэвалюцыя тым не менш дапамагла асэнсаваць неабходнасць адрознення місіі Касцёла і дзяржавы, а таксама нязмешвання рэлігійнай дзейнасці з палітычнай.

З часам, асабліва ў другой палове ХХ стагоддзя, зыходзячы з прыклада Хрыста, які вучыў не толькі маральнасці, але таксама лячыў хворых, клапаціўся пра вязняў і бедных, заклікаў да справядлівасці, Касцёл пачаў змяняць свае адносіны да свету.

Стала зразумелым, што хрысціянін павінен несці адказнасць за свет, у якім жыве. Сённяшняя сустрэча з’яўляецца таксама пацвярджэннем таго, што праблема ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый застаецца важнай і ўплывае на развіццё ўсяго грамадства.

4. Прысутнасць хрысціянства ў свеце апрыёры ставіць праблему яго адносін з грамадствам і дзяржавай. Касцёл, будучы боска-чалавечым арганізмам, пакліканы так будаваць свае адносіны з грамадствам, каб умацоўваць прынцыпы ўзаемнай любові і справядлівасці, і таксама весці людзей шляхам збаўлення.

Касцёл абвяшчае нязменныя маральныя прынцыпы, чытае знакі часу і, зыходзячы з прынцыпаў Евангелля і свайго вучэння, адказвае на іх. Гэтым самым ён ажыццяўляе глабальную праграму і дапамагае людзям на шляху да Божага Валадарства.

Дзяржава, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі і сваіх магчымасцяў, прымае канкрэтныя праграмы з мэтай вырашэння канкрэтных праблем. Аднак, гэта не можа азначаць, што ў сваёй дзейнасці яна павінна абмяжоўвацца толькі праблемамі свайго часу. Працэсы глабалізацыі нагадваюць і пра неабходнасць прымаць удзел у вырашэнні больш шырокіх глабальных задач.

Другі Ватыканскі Сабор (1963-65) шмат увагі прысвяціў абнаўленню рэлігійнага жыцця з улікам выклікаў часу. Ён стаў адным з паваротных пунктаў у развіцці адносін Касцёла са светам і сацыяльнай дактрыны як адказ на канкрэтныя выклікі часу.

Пры гэтым у аснове вучэння і дзейнасці Касцёла ставіцца чалавек. Таксама і дзяржава існуе для таго, каб у цэнтры яе клопату знаходзіўся чалавек. Таму дабро чалавека павінна быць зыходным пунктам адносін Касцёла і дзяржавы. Святы Ян XXIII любіў казаць, што хоць Касцёл і не ад гэтага свету, ён знаходзіцца ў гэтым свеце і таму павінен клапаціцца пра гэты свет, пра яго маральны стан і захаванне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці.

5. У аснове адносін Касцёла і дзяржавы знаходзяцца словы Хрыста: «Богу — Богава, а цэзару — цэзарава». Адсюль і галоўны прынцып вучэння Касцёла аб аўтаноміі рэлігіі і палітыкі, Касцёла і дзяржавы. Такая норма ў большасці краін свету ўспрымаецца як агульнапрынятая.

Каталіцкае вучэнне аб адносінах Касцёла і дзяржавы прапісана ў дакументах Другога Ватыканскага Сабора і паслясаборным вучэнні. Галоўнымі з іх з’яўляюцца Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Радасць і надзея», Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, сацыяльныя энцыклікі пантыфікаў Яна XXIII, Паўла VI, Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і Францішка, а таксама Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла.

Усе яны яскрава вучаць, што Касцёл і дзяржава ў галіне сваёй дзейнасці з’яўляюцца аўтаномнымі і незалежнымі адно ад аднаго. На сучасным этапе развіцця касцёльна-дзяржаўных адносін актуальным з’яўляецца вучэнне папы Бэнэдыкта XVI, прадстаўленае ў энцыкліцы «Бог ёсць любоў».

Стварэнне справядлівых структур не з’яўляецца непасрэдным заданнем Касцёла, але належыць свету палітыкі і сферы самастойнага розуму. Абавязкі Касцёла ў гэтай сферы ўскосныя, а яго прамое заданне — асвятленне розуму і прабуджэнне ў чалавеку маральных сіл, без якіх створаныя структуры не змогуць прыносіць плён.

6. Усё гэта не азначае ўзаемнай ізаляцыі Касцёла і дзяржавы, бо яны, хоць і рознымі спосабамі, аднак служаць тым самым людзям. Агульнае дабро з’яўляецца платформай для плённых узаемаадносін Касцёла і дзяржавы.

Касцёл не патрабуе сабе ніякіх прывілеяў, але толькі прызнання правоў, патрэбных для яго дзейнасці. Менавіта таму Дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабору пра рэлігійную свабоду «Годнасць чалавечай асобы» падкрэслівае, што дзяржаўная ўлада павінна абараняць рэлігійную свабоду справядлівымі законамі і іншымі адпаведнымі сродкамі.

Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Касцёл, які з Божага ўстанаўлення з’яўляецца ахоўнікам і гарантам маральнасці, пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе дзейнасці ў галіне захавання правоў чалавека і збаўлення душ.

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы «Любоў у праўдзе» кажа, што Касцёл, не ўмешваючыся ў кіраванне дзяржавай, павінен выконваць місію абвяшчэння праўды.

Паводле вучэння Касцёла свецкія вернікі могуць займацца палітыкай з мэтай хрысціянскага сведчання і апоры на маральныя каштоўнасці у кіраванні дзяржавай.

У той жа час духоўныя асобы павінны пазбягаць палітычнай залежнасці, каб гарантаваць сабе поўнае і сапраўднае абвяшчэнне праўды.

Касцёл таксама негатыўна адносіцца да ідэі заснавання каталіцкай партыі. Святы Айцец Францішак на прэс-канферэнцыі 29 красавіка гэтага года падчас пералёту з Каіра ў Рым сказаў, што той, хто думае аб заснаванні каталіцкай партыі, з’яўляецца чалавекам, які жыве ў мінулым стагоддзі.

7. У наш час адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавамі рэгулююцца шляхам канкардатаў або спецыяльных пагадненняў, падпісаных двума суб’ектамі міжнароднага права — Апостальскім Пасадам і канкрэтнай дзяржавай. Галоўная сутнасць такіх пагадненняў у тым, што яны на міжнародным узроўні вызначаюць правы і абавязкі бакоў.

Касцёл павінен мець права свабодна несці ў грамадства дух Евангелля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасці і развіваць сацыяльнае вучэнне, каб свецкая дзяржава ўзбагачалася хрысціянскімі каштоўнасцямі. Якраз гэта права Касцёлу і дзяржаве гарантуе юрыдычна аформленае пагадненне.

Ужо шмат гадоў у Беларусі вядуцца размовы пра падпісанне такога пагаднення паміж Апостальскім Пасадам і нашай краінай. Абодва бакі зацікаўлены ў гэтым. Аднак, яшчэ далёка не ўсе праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай такога пагаднення, вырашаны, хоць мы спадзяёмся на прагрэс у гэтай важнай справе.

Падпісанне такога дакумента дасць новыя магчымасці ў выкананні місіі Касцёла ў нашай краіне ў адпаведнасці з кананічным правам і традыцыяй Касцёла. Такі дакумент таксама будзе спрыяць павышэнню іміджа Беларусі на міжнароднай арэне.

8. На сёння пакуль не падпісана пагадненне паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю, а адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай рэгулююцца артыкуламі 16 і 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прынятым яшчэ ў 1992 г. з пазнейшымі зменамі і дапаўненнямі і многімі падзаконнымі актамі.

Адразу трэба пазначыць, што гэта агульны для ўсіх рэлігій і канфесій закон. Адзначаючы многія пазітыўныя яго палажэнні, трэба падкрэсліць, што для поўнага права на свабоду веравызнання неабходны дзяржаўна-канфесійныя пагадненні, якія ўлічвалі б асаблівасці розных канфесій і рэлігій.

Вось чаму Апостальскі Пасад імкнецца да падпісання такога пагаднення. Без яго Касцёл не можа ў поўнай меры ажыццяўляць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, як гэта адбываецца ў іншых краінах.

9. Час ідзе наперад і ўносіць свае карэктывы ў жыццё. Адны законы адмяняюцца, іншыя прымаюцца, трэція дапаўляюцца. Так павінна быць і з Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», многія палажэнні якога ўжо састарэлі і не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі.

Пасля яго прыняцця вырасла новае пакаленне людзей, якія ўспрымаюць свет і працэсы ў ім па-іншаму. Таму неабходна па-новаму паглядзець і на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.

9.1. Свет з вялікім задавальненнем прыняў рашэнне нашай краіны пра пяцідзённы бязвізавы ўезд для грамадзян 80 краін. Гэта своечасовае рашэнне, якое сведчыць аб імкненні да большай адкрытасці і развіцця сяброўскіх адносін з іншымі краінамі.

Аднак бязвізавы рэжым не ўлічыў такую катэгорыю турыстаў як святары. Кожны святар мае абавязак штодня цэлебраваць Імшу. У Беларусі замежныя святары па-ранейшаму павінны атрымліваць на гэта дазвол ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Для гэтага дыяцэзіяльная Курыя павінна за месяц падаць адпаведны пакет дакументаў.

Але немагчыма загадзя ведаць пра ўсіх святароў, якія захочуць наведаць Беларусь як турысты. Такі святар прыходзіць у касцёл і просіць дазвол у пробашча цэлебраваць святую Імшу. Што павінен рабіць пробашч? Паводле закону — адмовіць.

Складваецца парадкасальная сітуацыя, калі замежны святар можа прысутнічаць на Імшы як вернік, але, калі стане па іншы бок алтара і ўзначаліць літургію, адначасова ён становіцца парушальнікам закону. У якім жа святле замежны святар будзе распавядаць пра Беларусь за мяжой?

Калі мы хочам, каб за намі замацаваўся пазітыўны імідж, гэту норму трэба як мага хутчэй адмяніць, бо яна не адпавядае патрабаванням часу. Я не ведаю ніводнай краіны ў свеце, дзе існуе падобная норма, калі замежны святар павінен прасіць дазвол ва ўлады на цэлебрацыю святой Імшы.

Хоць за апошнія 25 гадоў колькасць беларускіх святароў павялічылася значна — з 60 да амаль 400, тым не менш нам яшчэ патрэбна дапамога святароў з-за мяжы. Гэта дапамога патрэбна і Праваслаўнай Царкве, а таксама іншым веравызнанням.

У той жа час узгадненні на працу святароў з-за мяжы даюцца не заўсёды, а калі даюцца, то апошнім часам найчасцей толькі на шэсць месяцаў або нават на тры.

Гэта не спрыяе нармальнай працы святара, а адпаведна і душпастырству, духоўнай фармацыі людзей, а асабліва моладзі, з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Мы клапоцімся пра мясцовыя пакліканні, але гэта патрабуе часу. Дэмаграфічны крызіс, аднак, таксама негатыўна ўплывае на колькасць пакліканняў. Гэта можна параўнаць з адукацыяй у ВНУ. Нездарма дзяржавай было агучана рашэнне, што на педагагічныя спецыяльнасці будуць прымаць без экзаменаў. Ці хто мог бы ўявіць сабе такую сітуацыю яшчэ дзесяць гадоў таму? Напэўна, не. А сёння гэта рэчаіснасць.

Па невядомай прычыне Беларусь чамусьці баіцца замежных святароў. Але колькі касцёлаў ўжо пабудавана і будуецца дзякуючы ім! Колькі пастырскіх і дабрачынных праграм ажыццявілі і далей ажыццяўляюць гэтыя святары!

Яны знаёмяцца з беларускай культурай і Беларусь становіцца ім роднай. Акрамя гэтага яны ўносяць новы пастырскі вопыт. У сучасным свеце адбываецца не толькі эканамічная, але таксама культурная і рэлігійная глабалізацыя і мы павінны быць яе часткай, каб не застацца на платформе чыгуначнага вакзала, назіраючы, як цягнік адыходзіць без нас.

9.2. Асаблівым пунктам у адносінах дзяржавы і Касцёла з’яўляецца праблема перадачы парафіям раней канфіскаваных касцёльных будынкаў.

Паказальнай стала гісторыя з магілёўскай катэдрай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Пабудаваная католікамі ў XVIII стагоддзі, яна была канфіскавана савецкай уладай. Потым яе адрэстаўравалі за кошт Касцёла, але да сёння святыня не перададзена парафіі і магілёўскія ўлады патрабуюць плаціць арэнду за яе выкарыстанне. Дзе справядлівасць? А паслядоўнасць?

Для вырашэння падобных праблем сёння ў Беларусі патрэбны законы аб рэстытуцыі, падобна таму, якія былі прыняты ў Літве, Латвіі і Расіі.

9.3. Пасля трох пакаленняў савецкага ліхалецця ў нашай краіне засталося вельмі мала гістарычных культавых будынкаў, якія раней належылі рэлігійным арганізацыям. Іх трэба адбудоўваць і аднаўляць.

Гэта наша нацыянальная каштоўнасць і спадчына, менавіта таму павінна быць створана дзяржаўная праграма па іх аднаўленні. Іх, а не часамі архітэктурна безгустоўныя навабуды будуць наведваць турысты і пілігрымы ў будучыні.

9.4. Да сёння ў краіне няма нормаў на будаўніцтва новых касцёлаў. Тэрмін будаўніцтва культавых будынкаў вызначаецца нарматывамі для будаўніцтва клубаў і дамоў культуры.

Але касцёлы будуюцца за ахвяраванні вернікаў, а не за дзяржаўныя сродкі, як у выпадку з дамамі культуры. І атрымліваецца, што паводле такіх нормаў касцёл павінен быць пабудаваны за год, а то і менш. Як гэта магчыма?

Пасля трэба прасіць дазвол у адпаведным выканаўчым камітэце на працяг тэрміну будаўніцтва, які, як правіла, даецца ўсяго на некалькі месяцаў. За паўторны працяг тэрмінаў будоўлі, як і ўсе наступныя, Касцёл плаціць штраф. А колькі ў адным толькі Мінску розных даўгабудаў, у тым ліку недабудаваны гатэль каля цырка, і гэта нікому не перашкаджае.

9.5. Складаны парадак атрымання, рэгістрацыі і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі, а таксама адсутнасць падатковых ільготаў для спонсараў тармозяць развіццё дабрачыннай дзейнасці.

9.6. Вялікую занепакоенасць выклікае патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць. Гэта ні што іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый.

Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: «А суддзі хто?» Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала адпаведныя падручнікі, якія мы выкарыстоўваем для катэхізацыі дзяцей. Яны афіцыйна зацверджаны касцёльнай уладай і выдадзены. Ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна.

Гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады. Часта ў розных раёнах ставяцца розныя патрабаванні да прадстаўлення інфармацыі аб дзейнасці рэлігійных арганізацый.

9.7. Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школе на факультатыўнай аснове, як гэта прынята у многіх краінах свету. Дзеці і моладзь — гэта наша будучыня і яны будуць такімі, якімі мы іх выхаваем. Ці ёсць сярод каштоўнасцяў, на якіх мы выхоўваем у школе дзяцей, духоўныя каштоўнасці? Яны актуальныя заўсёды і незамяняльныя ў працэсе выхавання маладога пакалення.

9.8. У моманты хваробы, цярпення і набліжэння смерці чалавек па-рознаму перажывае сваю веру. Менавіта таму важным з’яўляецца стварэнне невялікіх капліц у шпіталях, дзе б чалавек мог памаліцца і дзе б захоўваліся кантакты святара, які мог бы прыйсці да паміраючага ці цяжкахворага. Дзякуй Богу, у некаторых беларускіх шпіталях такая магчымасць існуе, але далёка не ўсюды.

9.9. Падобная праблема ёсць і са зняволенымі ў вязніцах, і з жаўнерамі ў вайсковых частках, якія таксама патрабуюць пастырскай апекі.
9.10. Старшыня Канферэцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымлівае ад аддзелаў ідэалогіі лісты не толькі з просьбай, а часта з патрабаваннем у вызначаны перыяд урэгуляваць тую ці іншую сітуацыю, якая ўзнікла ў іншай дыяцэзіі.

Аднак вынікае, што іх аўтары не ведаюць кананічнага права і таму не паважаюць яго.

Кожная дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла аўтаномная, ёй кіруе дыяцэзіяльны біскуп, які падпарадкаваны Папе Рымскаму. Толькі дыяцэзіяльны біскуп мае права вырашаць праблемы сваёй дыяцэзіі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў — гэта калегіяльны орган, старшыня якога не можа выдаваць распараджэнні іншым дыяцэзіям.

Галоўнай мэтай Канферэнцыі біскупаў з’яўляецца падрыхтоўка і каардынацыя агульнабеларускіх пастырскіх планаў. Спецыялісты, якія курыруюць справы рэлігіі, павінны ведаць не толькі Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», але і асновы вучэння, і ўласнае права розных рэлігій і канфесій, паколькі ў Статуце кожнай рэлігійнай арганізацыі прапісана, што яна ажыццяўляе сваю дзейнасць не толькі ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь, але і з заканадаўчымі правіламі рэлігіі або канфесіі, да якой належыць.

У сувязі з гэтым прапаную на мерапрыемствы, падобныя сённяшняму, запрашаць спецыялістаў розных веравызнанняў з мэтай павышэння кваліфікацыі таксама і ў гэтай галіне, каб нам не пісалі лістоў, якія не маюць сэнсу, і каб разам з вамі мы не займаліся паператворчасцю.

9.11. Бяспека грамадзян, нашых вернікаў, падчас святочных масавых набажэнстваў важная для ўсіх, як Касцёла, так і дзяржавы. Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята. Першае, што пабачыла святочная Пасхальная працэсія, выходячы з катэдральнага касцёла, гэта спецаўтамабіль ля яго ўваходу — так званы «аўтазак».

Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна праслаўляў ўваскрослага Хрыста.

Дзяржава і Касцёл павінны навучыцца сумесна і прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх касцёльных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць або нават перашкаджаць у яго правядзенні.

Гэта ў першую чаргу датычыць штогадовага святкавання будслаўскіх урачыстасцяў (першая пятніца і субота ліпеня) і працэсіі Божага Цела ў Мінску (апошняя нядзеля мая), а таксама іншых рэлігійных мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў розных дыяцэзіях.

10. Напэўна, яшчэ шмат можна гаварыць пра іншыя набалелыя праблемы, якія перашкаджаюць нармальнаму фукцыянаванню рэлігійных арганізацый. А яны перадусім служаць духоўнаму дабру нашых грамадзян.

Касцёл не абыякавы да спраў гэтага свету і імкнецца ўзбагачаць іх хрысціянскімі каштоўнасцямі, аднак не заўсёды можа эфектыўна гэта рабіць. Для гэтага неабходна эвалюцыя і рэформа заканадаўства, каб яно яшчэ больш спрыяла функцыянаванню рэлігійных арганізацый.

Спадзяюся, наша сённяшняя сустрэча стане новым крокам у працэсе ўдасканальвання беларускага заканадаўства ў галіне свабоды веравызнання і рэлігійных арганізацый і будзе спрыяць вырашэнню праблем, якія існуюць паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай.

Дзякую за ўвагу.

Крыніца: forb.by

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
18 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.