OSTRO.BY: Грэка-каталікі ў Беларусі змагаюцца за існаванне

Аўтар: 
Рыгор Астапеня

13 лютага галоўны дзяржаўны тэлеканал Беларусі выпусціў у эфір 25-хвілінную перадачу, якая ўсхваляла грэка-каталіцкую царкву. Пазітыўнае асвятленне азначае змены ў стаўленні беларускіх ўладаў да гэтай маргіналізаванай інстытуцыі, што раней знаходзілася ў ліку недобранадзейных.

Грэка-каталіцкая царква, якая таксама завецца ўніяцкай, дамінавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ХVII-XVIII стагоддзях, але сёння з цяжкасцю намагаецца прыцягнуць вернікаў і знайсці хаўруснікаў.

Сітуацыя застаецца складанай, бо ўніяцкая царква знаходзіцца пад ціскам крытыкі Праваслаўнай царквы, якая мае найбольшую колькасць паслядоўнікаў у краіне. Каталіцкая царква таксама пазбягае сувязяў з уніятамі, бо баіцца, што грэка-каталікі могуць падарваць і без таго кволыя адносіны з Праваслаўнай царквой.

Паўстанне ўніяцкай царквы

Уніяцкая царква з’явілася ў 1596 годзе, калі Кіеўская мітраполія разарвала адносіны з Маскоўскім патрыярхатам і перайшла пад уладу Рымскага Папы, падпісаўшы Берасцейскую унію. Гэта рашэнне паўплывала на праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай, якое канцэнтравалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны.

Унія дазволіла каралю-каталіку Жыгімонту III Вазу пашырыць свой уплыў на насельніцтва, што вызнавала рускае праваслаўе.

У практычным сэнсе унія прадугледжвала пераход усіх праваслаўных хрысціянаў пад уладу Рымскага Папы, але з захаваннем уласнай царкоўнай традыцыі. Гэта таксама азначала, што ўкраінскія і беларускія тэрыторыі рэлігійна адрозніваліся і ад праваслаўнай Расійскай імперыі і каталіцкага Польскага Каралеўства.

Паводле ацэнак гісторыкаў, у канцы XVIII стагоддзя ад 70 да 75% мясцовага насельніцтва ідэнтыфікавала сябе як уніятаў.

Поспехі ўніяцкай царквы скончыліся пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, калі Расійская імперыя атрымала кантроль над большай часткай тэрыторыі сучаснай Беларусі і часткай Украіны. Масква імкнулася аслабіць уплыў Грэка-каталіцкай царквы. Пасля таго, як многія уніяты далучыліся да паўстання супраць імперыі ў 1830-1831 гадах, унія была цалкам скасаваная.

Паводле найбольш вядомага грэка-каталіцкага святара сучаснасці Аляксандра Надсана,  “расійскія ўлады разумелі, што пакуль беларусы будуць уніятамі, палітыка русіфікацыі не будзе мець поспеху».

З тых часоў уніяты зрабілі некалькі спробаў аднавіць сваю царкву ў Беларусі, найбольш актыўна робячы гэта на эміграцыі ў 1945-1990 гадах, і ўрэшце аднавілі сваю прысутнасць на беларускай зямлі.

Адраджэнне ўніяцкай царквы ў сучаснай Беларусі

Да распаду Савецкага Саюза ў Беларусі застаўся толькі адзін грэка-каталіцкі святар ‒ Віктар Данілаў. Ён таемна праводзіў набажэнствы і публікаваў рэлігійныя кнігі. У 1990 годзе грэка-каталікі правялі першую з 1839 года публічную літургію на беларускай мове ў Мінску.

Цягам дваццаці пяці гадоў пасля гэтай падзеі ў краіне з’явілася шаснаццаць ўніяцкіх святароў. Некалькі іншых святароў служаць за межамі Беларусі ‒ у Лондане, Антвэрпене і Мінеапалісе. Сяргей Стасевіч, беларускі грэка-каталіцкі святар у Лондане, ацэньвае лік ўніяцкіх вернікаў у прыкладна 2000 чалавек. Але колькасць сталых практыкаў ёсць імаверна меншай. Штогадовае паломніцтва беларускіх грэка-каталікоў у Полацк, самы старажытны беларускі горад, збірае каля 100 чалавек ‒ заўважная, але зусім невялікая лічба.

Тэрытарыяльны ахоп Грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі застаецца абмежаваным. Новыя цэрквы былі пабудаваныя ў Полацку і ​​Брэсце, а шэраг невялікіх прыходаў і капліцаў былі ўсталяваныя ў іншых частках краіны.

Уніяцкая царква таксама праводзіць службы ў Рымска-каталіцкіх цэрквах і мае буйны цэнтр з капліцай і бібліятэкай ў Мінску. У цяперашні час першы беларускі Грэка-каталіцкі храм за межамі Беларусі ствараецца ў Лондане.

Структура ўніяцкай царквы застаецца слабой. Гэта адзіная царква сярод Усходніх Каталіцкіх цэркваў, што не мае кананічнага лідара ў асобе біскупа. Да гэтага часу Сяргей Гаек выконвае ролю Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў у Беларусі.

Да 2015 года Аляксандр Надсан выконваў падобную функцыю для беларускіх грэка-каталікоў, якія жывуць за мяжой. Надсан памёр у 2015 годзе, і яго пасада застаецца незанятай. Па словах айца Стасевіча, грэка-каталікам сёння бракуе кандыдатаў на біскупа беларускага паходжання, бо амаль усе святары жанатыя або занадта маладыя. Біскупы павінны служылі святарамі на працягу прынамсі 10 гадоў і не мець шлюбу.

Чаму Беларуская грэка-каталіцкая царква застаецца слабой

Да гэтага часу значэнне грэка-каталіцкай царквы было невялікім, хоць колькасць вернікаў, святароў і месцаў адпраўлення культу паступова павялічваецца. Чаму ж ўніяцкая царква не развівалася з моманту ўвядзення свабоды рэлігіі пасля распаду Савецкага Саюза?

Па-першае, многія беларусы з’яўляюцца атэістамі. Паводле даследавання, праведзенага Gallup у 2009 годзе, толькі 34% беларусаў лічаць рэлігію  важнай часткай свайго жыцця. У такіх умовах аднаўленне любой канфесіі было б складанай задачай. Падобны працэнт вернікаў існуе ў Расіі, у той час як 46% украінцаў і 75% палякаў лічаць рэлігію важнай.

Па-другое, уніяцкая царква не мае рэлігійных або свецкіх саюзнікаў у краіне. Праваслаўная царква, якая дамінуе ў Беларусі, глядзіць на грэка-каталіцкую царкву з пагардай. У 2015 годзе беларускія СМІ пісалі, што ў Гродзенскай вобласці праваслаўны арцыбіскуп Гуры дазволіў распаўсюд улётак супраць уніяцкай царквы, кажучы, што «уніяцкая царква прынесла беларускаму народу незлічоныя бедствы.»

Многія праваслаўныя багасловы робяць напады на грэка-каталікоў. Напрыклад, у 2015 годзе Сяргей Гардун з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выказаў сродкам масавай інфармацыі думку, што ўніяцкая царква дэнацыяналізавала беларусаў, і што «беларусы павінны памятаць свае рускія карані».

Часам Праваслаўная царква праводзіць набажэнствы ў гонар 1839 года, калі прыходы Грэка-каталіцкай царквы былі гвалтоўна далучаныя да Праваслаўнай царквы па просьбе Расійскага кіраўніцтва. Апошняя такая літургія мела месца ў Салігорску 25 лютага гэтага года.

Рымская каталіцкая іерархія таксама неахвотна падтрымлівае ўніяцкую царкву з-за страху, што гэта можа яшчэ больш сапсаваць яе няпростыя адносіны з Праваслаўнай царквой. 12 лютага Папа Францыск і Патрыярх Рускай праваслаўнай царквы падпісалі сумесную дэкларацыю, заявіўшы, сярод іншага, што ўніяцтва ёсць няправільным шляхам да адзінства хрысціянаў. У цяперашні час Рымска-каталіцкая царква аддае перавагу экумэнізму, ідэі ўзаемнага прызнання цэркваў, а не заахвочвае іншыя, асабліва усходнія цэрквы, пераходзіць пад юрысдыкцыю папства.

Па-трэцяе, Беларуская грэка-каталіцкая царква мае няпростыя адносіны з уладамі. Напрыклад, у 2008 годзе беларускае дзяржаўнае тэлебачанне транслявала фільм, які казаў пра варожасць Грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. Уніяцкай царкве не ўдалося атрымаць дазвол на будаўніцтва храмаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі, таму што многія мясцовыя чыноўнікі баяцца супрацоўнічаць з грэка-каталікамі.

Перадача, што 13 лютага выйшла ў эфіры канала Беларусь 1, можа азначаць змену стаўлення да ўніяцкай царквы з боку беларускіх уладаў. Пры Аляксандры Лукашэнку, які займае гэтую пасаду на працягу больш за 20 гадоў, дзяржаўныя СМІ ніколі раней не выпускалі такіх доўгіх матэрыялаў пра грэка-каталікоў, не кажучы ўжо пра пазітыўнае асвятленне іх гісторыі ды ўнёску ў развіццё Беларусі.

Адна перадача наўрад ці зменіць усю сітуацыю, але гэта, безумоўна, ёсць крокам да паляпшэння адносінаў уніяцкай царквы і ўладаў. Пашырэнне ведаў аб існаванні уніяцкай царквы ў грамадстве ў спалучэнні з прызнаннем з боку дзяржавы ‒ гэта тое, што неабходна Грэка-каталіцкай царкве, каб расці і развівацца ў Беларусі.

"OSTRO.BY", 7 сакавiка 2016 г.

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 11 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.