Грамадзянскія актывісты патрабуюць пазбавіць у Беларусі рэгістрацыі Сведкаў Іеговы

Шэраг беларускіх грамадзянскіх актывістаў выступілі з адкрытым лістом, у якім заклікалі да пазбаўлення рэгістрацыі Сведак Іеговы ў Беларусі. Зварот, які атрымала Krynica.info, падпісалі Алег Нагорны, Міхаіл Раковіч, Аляксандр Бельскі, Ірына Яскевіч, Максім Астрэйка і Анастасія Блусянкова з Мінску, Міхаіл Арсенцьеў з Бабруйску і Раман Бародзіч з Баранавічаў.

Падпісанты не маюць дачынення да дзяржструктур і не ўсе з іх з’яўляюцца членамі Праваслаўнай або Каталіцкай Цэркваў, некаторыя з’яўляюцца пацярпелым ад Сведак Іеговы, а хтосьці займаецца сектазнаўствам на незалежных ад дзяржавы і цэркваў пачатках, гаворыцца ў тлумачэнні да ліста. Пры гэтым яны заяўляюць, што абвінавачванні з боку Сведак Іеговы у дачыненні да ўладаў і найбуйнейшых Цэркваў “ў арганізацыі ганенняў на рэлігійныя меншасці, у парушэнні свабоды спавядання, іншых дэмакратычных правоў і прынцыпаў” не з’яўляюцца аб’ектыўным адлюстраваннем сітуацыі. “Дэмакратычны працэс складаецца з узаемадзеяння трох субсістэмаў: правоў, абавязкаў і кантролю. А заканадаўства краіны з’яўляецца рэгулятарам, якое забяспечвае працу гэтага працэсу. Калі Сведкі Іеговы ці іншая арганізацыя грэбуюць сваімі абавязкамі, парушаюць Закон краіны, яны парушаюць функцыянаванне дэмакратычнага працэсу. У гэтым выпадку дзеяння органаў кантролю з’яўляюцца спосабам абароны дэмакратыі, а не наадварот”, — гаворыцца ў адкрытым лісце.

Пры гэтым там падкрэсліваецца, што праваабарончыя арганізацыі, якія заяўляюць пра ціск на Сведак Іеговы, не зважаюць “на факты парушэння законаў з боку «гнаных» арганізацый”. “Сведкі Іеговы таксама маюць звычку спасылацца на дэкларатыўныя артыкулы заканадаўства (напрыклад, Канстытуцыі), якія гарантуюць грамадзянам свабоду сумлення і спавядання. Аднак яны забываюць пра тое, што свабода адных у дэмакратычнай дзяржаве канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншых. Для правядзення дэмаркацыйнай лініі, якая абараняе свабоды і правы ўсіх бакоў, у Заканадаўстве прадугледжана рэгулятыўная частка, якая ўсталёўвае пэўныя механізмы рэалізацыі дэкларатыўных нормаў. Як раз нормы рэгулятыўнага заканадаўства Сведкі Іеговы рэгулярна парушаюць”, — заяўляюць аўтары звароту.
Яны таксама лічаць неабходным не проста зняць з рэгістрацыі асобныя абшчын, але пазбавіць рэгістрацыі Рэспубліканскае аб’яднання Сведак Іеговы як такое, бо “яго вучэнне і практыка супярэчаць Канстытуцыі і Заканадаўству Беларусі”, у прыватнасці артыкулу 16.
У звароце гаворыцца, што веравучэнне Сведак Іеговы перасцерагае сваіх сяброў ад удзелу ў любых формах грамадска-палітычнага жыцця краіны (уключаючы выбары), дэманізуе любую форму грамадска-палітычнай арганізацыі. “Адзінае ўладарства, якое сведкі Іеговы прызнаюць на справе гэта «тэакратычная» ўлада Кіраўнічай рады таварыства Вартаўнічай вежы. Само паняцце «патрыятызм» носіць у вучэнні Сведак Іеговы выключна негатыўны характар, а абарона Радзімы са зброяй у руках падаецца як нешта амаральнае, супярэчнае волі Бога”, — кажуць аўтары ліста, заўважаючы, што “антыпатрыятычная пазіцыя Сведак Іеговы выхоўвае менавіта безадказнае, безуважнае стаўленне да Айчыны”.

Яны таксама нагадваюць, што «Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» узгадвае паслабленне духу патрыятызму і гатоўнасці абараняць краіну сярод пагроз нацыянальнай бяспекі, а выбарчае заканадаўства Беларусі забараняе заклікі да байкоту выбараў.
У звароце падкрэсліваецца, што з прычыны культавай забароны на пераліванне крыві і яе кампанентаў у свеце штогод гіне не меней за 2 тысячы чалавек, а агульная колькасць ахвяр з часу увядзення забароны ў 1961 годзе, па падліках даследнікаў, складае каля 200-300 тыс. чалавек. Для тых ж, хто вырашыўся на пераліванне для сябе ці дзіцяці, прадугледжаны ўнутрыкультавыя санкцыі аж да выключэння. “Такім чынам, Арганізацыя прама заклікае да небяспечных для жыцця і здароўя паводзін і ўжывае формы ціску да тых, хто не падпарадкоўваецца”, — заяўляюць аўтары звароту.

Яны звяртаюць увагу на тое, што сваякі, сябры і блізкія сведак Іеговы скардзяцца на ўзнікненне варожага стаўлення да сябе з-за нежадання далучыцца да Арганізацыі і нязгоды з яе дактрынай, а “афіцыйная літаратура Арганізацыі поўная крытыкі артадаксальных цэркваў, якая нярэдка пераходзіць у навешванне зняважлівых цэтлікаў і абразу”. Таксама шэраг выданняў і сайтаў Сведак Іеговы забароненыя для распаўсюджу ў Расіі і Беларусі (напрыклад, часопіс «Вартаўнічая вежа ўзвяшчае Царства Іеговы» за травень 2012 года).
“Улічваючы вышэйпададзенае яшчэ раз заклікаем ўлады разгледзець пытанне пра поўнае зняцце з рэгістрацыі Рэспубліканскага Аб’яднання Сведак Іеговы ў Беларусі да пазбаўлення ад дэструктыўных вучэнняў і практык, якія супярэчаць Канстытуцыі і Заканадаўству”, — гаворыцца ў адкрытым лісце.

2 лютага 2016 г. упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прыгразіў здыманнем з рэгістрацыі некаторых абшчын Сведак Іеговы за распаўсюд літаратуры рэлігійнага зместу без адпаведнага ўзгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Характэрна, што ў Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, як і ў мясцовых выканкамаў, паўнамоцтваў на «зняцце з рэгістрацыі» няма. Толькі суд можа вынесці рашэнне аб ліквідацыі абшчыны, тады як рэгіструючы орган можа зрабіць толькі пісьмовае папярэджанне. У той жа час старшыня Рэлігійнага аб’яднання Сведак Іеговы ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ядлоўскі заяўляе, што Леанід Гуляка не сустракаўся з прадстаўнікамі РА больш за два гады, а папярэджанне было вынесена ўсяго адной з 27-і абшчын.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 19 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.