KRYNICA.INFO: Непрыняцце Кубінскай сустрэчы выклікана апакаліптычнымі чаканнямі некаторых вернікаў

Аўтар: 
Максім Гацак

Што стала прычынай непрыняцця шэрагам праваслаўных вернікаў самога факту Кубінскай сустрэчы паміж Папам Рымскім Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім Кірылам і падпісанай там дэкларацыі? Да чаго гэта можа прывесці? На гэтыя і іншыя пытанні ў размове з карэспандэнтам Krynica.info адказвае беларускі тэолаг, магістр экуменістычных дысцыплінаў Жэнеўскага ўніверсітэту Іван Кукс.

Праваслаўныя епіскапы і Патрыярхі рэгулярна сустракаюцца са зверхнікамі Каталіцкага Касцёлу. Канстантынопальскія Патрыярхі неаднаразова ўдзельнічалі ў супольных малітвах і набажэнствах з Рымскімі Папамі. Нават Патрыярх Кірыл, калі яшчэ быў мітрапалітам і ўзначальваў аддзел знешніх царкоўных сувязяў, сустракаўся з пантыфікамі. Чаму такое рэзкае непрыняцце выклікала менавіта Кубінская сустрэча?

Варта адзначыць, што такое непрыняцце гэтая Кубінская сустрэча выклікала менавіта ў некаторых рэгіёнах Усходняй Еўропы і Расіі. Гэтак жа сама можна гаварыць аб негатыўных рэакцыях на сустрэчы Канстанцінопальскіх Патрыярхаў з Рымскімі Пантыфікамі з боку некаторых вернікаў, перш за ўсё ў Грэцыі. Што тычыцца гэтай канкрэтнай сустрэчы, то ў цэлым, у хрысціянскім свеце яна была ўспрынятая вельмі станоўча, і толькі ў краінах Усходняй Еўропы і ў Расіі можна назіраць праявы такога непрыняцця па розных прычынах: гэта і рэлігійны фундаменталізм, звязаны з апакаліптычнымі чаканнямі некаторай часткі вернікаў, і непрыняцце «ўніяцкіх» фармулёвак Кубінскай дэкларацыі грэка-каталікамі, не кажучы ўжо пра стаўленне да самой постаці Патрыярха Маскоўскага як да зверхніка «варожага боку» у сённяшнім украінска-рускім канфлікце.

Наколькі актуальныя пастановы, на якія спасылаюцца праціўнікі Кубінскай сустрэчы, сёння? Чаго яны баяцца?

Часам праціўнікі Кубінскай сустрэчы спасылаюцца на нейкія старажытныя царкоўныя каноны, якія нібыта былі парушаныя фактам адбыўшайся сустрэчы. Невялікая, але пэўная частка вернікаў ўспрыняла гэтую сустрэчу ў кантэксце сваіх апакаліптычных поглядаў. Мне здаецца, што вынікаючае з гэтага непрыняцце заснавана на глыбокім падсвядомым страху страціць сваю самаідэнтычнасць, самасвядомасць якія часта будуюцца на антаганізме да ўсяго заходняга. Хоць у заходнім кантэксце Каталіцкі Касцёл з’яўляецца вельмі кансерватыўным інстытутам, у такіх колах ён ўспрымаецца як цалкам «заходні» і таму падлягае недаверу. У шырокім сэнсе праблема рэлігійнага фундаменталізму — гэта праблема негатыўнай рэакцыі на працэс сусветнай глабалізацыі ў цэлым, а хрысціянскія экуменічныя стасункі ўспрымаюцца як асобны накірунак гэтага глабальнага працэсу.

Тое, што падобная крытыка ўзнікла ў Расіі, не надта здзіўляе: прысутнасць каталікоў там невялікая і шмат дзе каталікоў нават не бачылі. Але ж чаму яна набірае абароты ў Беларусі (ліст слонімскага ігумена Амвросіязаявы архіепіскапа Гурыя пра тое, што ў выпадку сумесных набажэнстваў з каталікамі “у такой «царкве» ні служыць, ні маліцца будзе нельга” і іншае), дзе каталікі прысутнічаюць здаўна і ва ўсіх рэгіёнах, не кажучы ўжо пра Навагрудскую епархію, дзе рэгулярна праводзяцца сумесныя набажэнствы аб еднасці хрысціянаў з прадстаўнікамі каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх Цэркваў?

Напэўна, гэткая крытыка з боку прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства ў Беларусі ў пэўным сэнсе звязана са страхам адраджэння унii, хоць і можна спрачацца аб тым, наколькі гэты страх абгрунтаваны ў сённяшніх умовах. Падаецца, што такія выпадкі як ліст слонімскага ігумена з’яўляюцца адзінкавымі і таму ніяк не сведчаць аб наяўнасці сур’ёзнай хвалі крытыкі ў асяроддзі праваслаўнага духавенства, якое наадварот ў сваёй большасці, падаецца, ставіцца да гэтай сустрэчы станоўча.

Праціўнікі сустрэчы на Кубе апелююць да склікання Памеснага сабору РПЦ, але як адзначае Андрэй Кураеў, у РПЦ варыянт склікання сабора па ініцыятыве знізу не прадугледжаны. Ці азначае, што падобныя заявы ў выніку могуць выліцца ў раскол у Рускай Праваслаўнай Царквы? 

Мне падаецца, што пагроза расколу ў Рускай Праваслаўнай Царкве яшчэ існуе. Яшчэ зусім нядаўна, мо год 10 таму, прайшла даволі моцная хваля скандалаў, звязаных з дзейнасцю Чукоцкага епіскапа Дыяміда. Адным з цэнтральных пунктаў яго крытыкі былі як раз экуменічныя стасункі рускіх іерархаў. Таму падаецца яшчэ можна сцвярджаць аб наяўнасці пэўнай колькасці перакананых праціўнікаў любых экуменічных стасункаў. Скліканне Памеснага сабору РПЦ з аднога боку можа ў пэўным сэнсе прадухіліць пагрозу такога расколу, з іншага ж боку не можа яе і поўнасцю выключыць.

"KRYNICA.INFO", 29 лютага 2016 г.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.