BELARUS DIGEST: Каталіцкая царква і беларускія ўлады: шэдэўр палітычнай раўнавагі

Аўтар: 
Арцём Ткачук

2 лютага 2016 года Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка раскрытыкаваў каталіцкую царкву за «недастаткова актыўную кадравую падрыхтоўку» і «дэструктыўную дзейнасць некаторых беларускіх святароў сярод насельніцтва».

Праз два дні Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ў афіцыйнай заяве вызначыла гэтыя пытанні як «выключна ўнутраныя справы Касцёла». Біскупы прапанавалі, каб падобныя пытанні «абмяркоўваліся асабіста». Аднак гэты публічны абмен думкамі не прыцягнуў грамадскага інтарэсу.

У апошнія гады Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў стаў рупарам прэтэнзій уладаў у дачыненні да каталікоў. Ён выказваў гэткую ж незадаволенасць «кадравай падрыхтоўкай» і дзейнасцю сярод насельніцтва ў 2014 і 2015 гадах.

Тым не менш публічная крытыка Гулякі нічым не пагражае супрацоўніцтву Касцёла і дзяржавы. З часу падобных выказванняў у студзені 2015 года кардынал П’етра Паралін ажыццявіў афіцыйны візіт у Мінск, была зарэгістраваная Каталіцкая акадэмія тэалогіі імя Яна Паўла ІІ, а Аляксандр Лукашэнка ўручыў айцу Чэславу Курэчку прэзідэнцкую ўзнагароду за духоўнае адраджэнне.

Напады дзяржаўнага чыноўніка здзяйсняюцца з мэтай праверыць палітычную лаяльнасць Касцёла. У сваю чаргу, Канферэнцыя біскупаў сціпла абвяргае абвінавачванні, перанакіроўвае дыялог у іншы бок і ніколі не крытыкуе беларускія ўлады.

Каталіцкі статус-кво ў беларускай палітыцы

Каля 80% вернікаў Беларусі вызначаюць сябе як праваслаўныя і 10% — як каталікі. Улады лічаць гэтыя дзве канфесіі найбольш легітымнымі і важнымі.

У 2009 годзе даследаванне Gallup паказала, што Беларусь з'яўляецца адной з найменш рэлігійных краін у свеце. Паводле гэтых дадзеных, рэлігія адыгрывае важную ролю ў штодзённым жыцці 27% беларусаў, і толькі 6% беларусаў рэгулярна наведваюць царкву. Але каталікі з’яўляюцца больш актыўнымі вернікамі: 50% з іх рэгулярна наведваюць нядзельную імшу, у той час як лічба праваслаўных наведнікаў складае 18%.

Беларуская дыпламатыя выкарыстоўвае добрыя адносіны з Ватыканам у якасці фарпоста на заходнім напрамку. Чыноўнікі і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі гавораць пра Касцёл толькі ў станоўчым рэчышчы.

Айцец Аляксандр Амяльчэня, дырэктар Беларускай Службы Радыё Ватыкана, сказаў, што «для таго, каб стварыць станоўчы імідж краіны, варта ствараць станоўчы вобраз Касцёла».

Улады запрашаюць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы. Нядаўна іерарх прыняў удзел у цырымоніі малітвы за Беларусь, і сядзеў у першым шэрагу падчас пятай інаўгурацыі прэзідэнта Лукашэнкі. Прысутнасць Кандрусевіча на афіцыйных рытуалах дэманструе лаяльнасць Касцёла да беларускага рэжыму.

Затрыманне айца Уладзіслава Лазара па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, напэўна, было найбольш відавочным прыкладам адносін Касцёла і ўладаў. 30 мая 2013 года КДБ арыштаваў каталіцкага святара. Лукашэнка абвясціў пра гэта ў ліпені, а пазней факт быў пацверджаны прэс-сакратаром Канферэнцыі біскупаў. Арцыбіскуп Кандрусевіч абмежаваўся заклікам маліцца за айца Лазара.

У той час як грамадскія ініцыятывы рабілі намаганні вызваліць святара, каталіцкія іерархі маўчалі. Трэцяга снежня ўлады вызвалілі айца Уладзіслава і справа не дайшла да суда, але ні адзін з бакоў не раскрыў аніякіх акалічнасцяў арышту. Каталіцкія іерархі застаюцца цярплівымі нават у самыя цяжкія моманты адносін з уладамі.

Дзе сутыкаюцца інтарэсы дзяржавы і Касцёла?

Пасля дзесяцігоддзяў атэізму ў Савецкім Саюзе свабода рэлігіі вярталася ў Беларусь даволі марудна. Камуністы знішчылі мноства цэркваў, а большасць храмаў выкарыстоўвалася ў якасці складоў або прамысловых збудаванняў. Недахоп святароў, адсутнасць адміністрацыйных структур і храмы, якія маюць патрэбу ў аднаўленні, застаюцца ключавымі праблемамі Касцёла сёння. Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў залежыць ад беларускіх уладаў.

З 1989 года польскія святары гралі важную ролю ў адраджэнні Касцёла. Паводле статыстыкі Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, на сённяшні дзень яны складаюць больш за 25% ад агульнай колькасці каталіцкіх святароў у Беларусі. Крытыкуючы «недастаткова актыўную падрыхтоўку кадраў», Гуляка меў на ўвазе неабходнасць замены замежных святароў на мясцовых. Змяншэнне колькасці польскіх святароў было адным з прыярытэтаў працы гэтага чыноўніка на працягу многіх гадоў. Паводле Гулякі, некаторыя польскія святары «спрабуюць займацца палітыкай» і «не любяць нашу краіну, наш закон, уладу».

Канферэнцыя біскупаў сцвярджае, што ў 2009—2015 гадах колькасць польскіх святароў скарацілася з 168 да 113. Значная колькасць з іх, нягледзячы на пратэсты з боку вернікаў, не атрымала дазволу на працу ў Беларусі.

Інфармацыя пра большасць гэтых выпадкаў абыходзіць СМІ, але ўрыўкі інфармацыі паказваюць, што ў 2009 годзе чатыром польскім святарам адмовілі ў атрыманні візы, у 2012 годзе — тром, а ў 2014 — двум. Раптоўнае змяншэнне ліку святароў можа значна ўскладніць функцыянаванне Касцёла.

Новыя прыходы гадамі чакаюць дазволу на будаўніцтва храма, і Лукашэнка асабіста падпісвае кожны з іх. Каталіцкая іерархія, аднак, ніколі публічна не выказвае сваю занепакоенасць гэтым пытаннем. Пратэст вернікаў у Гродне ў снежні 2006 года быў адзіным адхіленнем ад гэтай палітыкі маўчання.

Айцец Аляксандр Шэмет, прачакаўшы дзесяць гадоў на атрыманне дазволу на будаўніцтва храма, арганізаваў галадоўку. У выніку праз пяць дзён улады выдалі дазвол. Аляксандр Кашкевіч, гродзенскі біскуп, быў праінфармаваны пра запланаваную акцыю пратэсту, але моцная падтрымка вернікаў і роспач святара не далі яму забараніць гэты крок.

Сустрэча Папы Францыска і Патрыярха Кірыла: новы шанец для беларускай дыпламатыі?

Некаторыя аналітыкі лічаць гэтую гістарычную сустрэчу двух хрысціянскіх лідараў на Кубе асабістым правалам Лукашэнкі. Беларускі прэзідэнт быў заўзятым прыхільнікам такой сустрэчы ў Мінску. Арцыбіскуп Кандрусевіч з энтузіязмам заяўляў, што «верагоднасць таго, што Папа наведае Беларусь большая, чым калі-небудзь». Больш прыязныя адносіны з каталікамі ствараюць новыя магчымасці для беларускай знешняй палітыкі і яе цяперашніх намаганняў нармалізаваць адносіны з Захадам.

Цалкам магчыма, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч атрымае некаторыя дадатковыя бонусы, такія як ліцэнзія на каталіцкае радыёвяшчанне на кароткіх хвалях. Аднак любыя гарантыі, падмацаваныя заканадаўствам, застаюцца малаімавернымі. У 2008 годзе падчас сустрэчы з кардыналам і дзяржсакратаром Тарчызіа Бертонэ, Лукашэнка выказаў гатоўнасць падпісаць канкардат з Ватыканам, але пазней Мінск замарозіў перамоўны працэс.

Лешак Шарэпка, былы амбасадар Польшчы ў Мінску, у артыкуле ў Tygodnik Powszechny пісаў, што «існуючая сістэма, якая гарантуе дзяржаве багаты інструментар кантролю і ўплыву на рэлігійныя суполкі», цалкам задавальняе беларускага лідара.

Каталіцкая царква мае багаты вопыт функцыянавання ў аўтарытарных рэжымах. Ва ўмовах бясконцых публічных правакацый арцыбіскуп Кандрусевіч здолеў пазбегнуць уцягвання ў гульні ўладаў. У 2007 годзе віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец заявіў, што «на працягу чатырох гадоў у Беларусі не будзе замежных святароў». Тым не менш, польскія святары працягваюць працаваць у беларускай дзяржаве. Магчыма, каталіцкая калідорная дыпламатыя выглядае непрывабна, але яна даказвае сваю эфектыўнасць.
 

"BELARUS DIGEST", 17 лютага 2016 г.

Перевод на белорусский язык - nn.by

http://nn.by/?c=ar&i=165770

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.