Cёння візіт Папы ў Беларусь блізкі, як ніколі, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

У Каталіцкім касцёле ў Беларусі з вялікай радасцю сустрэлі навіну аб гістарычнай падзеі, якую чакала не адно пакаленне вернікаў, адзначыў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе 13 лютага Радыё Ватыкана. Святары і вернікі дзякуюць Богу, перш за ўсё, што сустрэча Папы і Патрыярха Маскоўскага адбылася. 

“Цяпер трэба ўслухоўвацца ў голас Папы і Патрыярха, чытаць іх сумесную дэкларацыю, каб зрабіць адпаведныя высновы і нам – католікам і праваслаўным, і ўсім людзям добрай волі, усім, хто звязаны з рознымі канфліктамі, хто спрабуе вырашыць праблемы міграцыі, пераследу хрысціян, беднасці, адказным за выхаванне моладзі, сям’і, каб сапраўды мы маглі палепшыць наша жыццё і каб наша будучыня будавалася на хрысціянскіх каштоўнасцях і міласэрнасці”, - сказаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 

Сустрэча двух прадстаяцеляў стала неацэненым заклікам да ўсяго свету: рэлігійных і грамадскіх дзеячаў, палітыкаў. Некаторыя канкрэтныя пункты, якія замацавалі ў дакуменце Пантыфік і Патрыярх, увогуле ўпершыню былі абмеркаваны публічна на такім узроўні, падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. Беларускі іерарх выказаў надзею, што следам за першым крокам Прадстаяцеляў двух хрысціянскіх супольнасцяў свет убачыць і іншыя. “Вядома, што мы заўсёды марым, каб Папа наведаў Беларусь. І гэта ўліваецца ў гэты трэнд. Мне здаецца, што сёння візіт Папы ў Беларусь блізкі, як ніколі”, -  лічыць іерарх.

Галоўнае, адзначыў таксама арцыбіскуп Кандрусевіч, Папа Францішак і Патрыярх Кірыл назвалі адзін аднаго братамі, да першай сустрэчы ў гісторыі падышлі з усёй свядомасцю і адказнасцю не толькі за свае Цэрквы, але і за хрысціянства, і за свет.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 8 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.