Ксёндз Андрэй Рылка: Пакліканні – гэта не падрыхтоўка кадраў

Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння шмат робіць для выхавання новага пакалення святароў і ўдзяляе гэтай справе вельмі вялікую ўвагу. Аб гэтым у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё заявіў ксёндз Андрэй Рылка, рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Сёння рэгулярна праводзяцца рэкалекцыі, дні адкрытых дзвярэй, выяздныя спатканні студэнтаў і выкладчыкаў з тымі, хто разважае над тэмай святараскага паклікання. Цяперашні стыль такой працы, паведаміў святар, адкрытасць усіх – ад семінарыстаў да рэктара – на зносіны: шматлікія артыкулы аб жыцці і працы святароў выходзяць у медыя, хвалюючыя пытанні можна задаць на старонцы навучальнай установы ў інтэнэце.
Не сакрэт, што колькасць студэнтаў, прыходзячых на першы курс, сёння невялікая, але спроба параўноўваць колькасць семінарыстаў з той лічбай, якая была, напрыклад, 20 год таму – адназначна памылка, лічыць ксёндз Андрэй Рылка.

“Па-першае – гэта праблема сацыялагічная, якая існуе ў свеце, і сітауцыія ў еўрапейскіх сучасных грамадствах: секулярызацыя і свецкасць. Па-другое – гэта дэмаграфічны крызіс. І яшчэ адзін аспект – гэта звышнатуральны чыннік: справа паклікання да святарства – вельмі далікатная. Мы не можам змушаць, не можам прывабліваць да святарства нейкай знешняй прыгажосцю. Наша заданне – распазнаць, ці сапраўды малады чалавек мае ад Бога гэта пакліканне, ці гатовы ён прысвяціць служэнню сваё жыццё. Потым, калі хтосьці мае гэта пакліканне, трэба даць час на яго распазнанне. Можа быць такая сітуацыя, што сёння мы маем невялікую колькасць семінарыстаў, але заўтра гэта можа змяніцца”, - патлумачыў рэктар.

У адрас Каталіцкага касцёла не першы год гучаць пытанні аб невялікай колькасці святароў-выпускнікоў беларускіх семінарый. Але, лічыць рэктар, лепшай за прэтэнзіі ў бок духоўных школ была б дапамога – і не толькі словам, але і справай. “Нам не хапае спаткання і дыялога. Замест таго, каб каментаваць у той ці іншы бок працэсы, якія адбываюцца ў семінарыі, лепш было б, калі б непасрэдна пыталіся ў семінарыі, якія працэсы там адбываюцца, калі б нейкі чыноўнік замест крытыкі запытаў, чым ён можа дапамагчы, вось гэта было б канструктыўна і лепш спрыяла б развіццю дыялога паміж Касцёлам і чыноўнікамі, дзяржавай. Таксама думаю было б добра, каб яны лепш пазнавалі працэсы, якія адбываюцца ў Касцёле. А то часам здаецца, што знешне нешта крытыкуецца, а тое, што робіцца – не заўважаецца. А робіцца шмат”, - сцвярджае святар.

Кіраўніцства духоўнай семінарыі ў Пінску не губляе надзеі на такі, канструктыўны дыялог. А тое, што ад новага пакалення святароў залежыць лёс душпастырскага служэння ў Беларусі, у каталіцкіх школах  разумеюць, як нідзе.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 11 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.