Папрок Касцёлу ў тым, што ен недастаткова працуе ў кірунку падрыхтоўкі духавенства, з'яўляецца беспадстаўным, лічыць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч

Заклапочанасць з боку ўлады аб кан’юнктуры сярод каталіцкага духавенства ў нашай краіне ў пэўнай ступені можна зразумець – кожная дзяржава дзейнічае згодна са сваім палітычным перакананнем. Пра гэта заявіў 4 студзеня ў каментары Krynica.info каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што “сёння гэты “клопат“ выглядае ўсё ж такі дзіўна, бо зусім недалёка адыйшоў у мінулае той час, калі на дазвол уладаў паступіць ў духоўную семінарыю кандыдат павінен быў чакаць ад пяці да пятнаццаці год”. А папрок Каталіцкаму касцёлу ў тым, што ен сёння недастаткова працуе ў кірунку падрыхтоўкі ўласнага духавенства біскуп назваў прынамсі беспадстаўным.

“Святарства – гэта не прафесія ў свецкім разуменні гэтага слова. Першым і асноўным матывам, каб стаць святаром, з’яўляецца пакліканне, на моцы слоў самога Хрыста: “Прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё“ (Мц 9:38). І Касцёл заўсёды трывае ў гэтай малітве. Больш за тое, тэма паклікання падымаецца і на шматлікіх моладзевых сустрэчах. Іншая рэч — пазітыўны адказ чалавека на Божы заклік. Калі нават тым, хто вырашае звязаць свой лёс з медыцынай – а гэта, дарэчы, прафесія, якая побач з педагогікай і святарствам павінна мець у сваёй падставе ўсё тое ж пакліканне — сёння прапануецца не разлічваць на вялікія прывілеі, то тым больш спецыфіка святарскага служэння патрабуе прыняцця ўзважанага рашэння, асабліва калі гэтае рашэнне трэба прымаць у вельмі неспрыяльных для такога служэння ўмовах сучаснага свету”, — дадаў суразмоўца.

Датычна неадпаведных паводзінаў святароў і парушэння імі дзяржаўнага права, біскуп пагадзіўся, што падыход тут павінен быць для ўсіх аднолькавы і святар таксама павінен несці адказнасць перад законам.

“І ў кожным канкрэтным выпадку улада напэўна не пакідае гэтага без увагі і прымае адпаведныя меры. Аднак публічнае і неаднаразовае выказванне пра “дэструктыўную дзейнасць“ нават “некаторых святароў“ падштурхоўвае да думкі, што Каталіцкі касцёл — гэта патэнцыяльна небяспечная структура. Само па сабе напрошваецца ў дадатак да “дэструктыўная“ яшчэ і слова “секта“. Так, трэба прызнаць уладзе здольнасць заўважыць і ацаніць пазітыўную ролю, якую адыгрывае Каталіцкі касцёл у нашым грамадстве. Але ў гэтым выпадку атрымліваецца салідная лыжка дзёгцю. Маем справу з методыкай “кнута і перніка“?” – падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.