Місія ў горадзе невыканальная: як праваслаўныя спрабавалі арганізаваць калядны флэшмоб

Аўтар: 
Наталля Гарковіч

Пэўна, амаль усе бачылі калядныя ці велікодныя флэш-мобы на ютубе. Добра падрыхтаванае мерапрыемства ў людным месцы, удзельнікі быццам звычайныя людзі ў натоўпе – наведвальнікі кафэ, гандлёвага цэнтру, пасажыры і г.д. Пасля пэўнага сігналу пачынае адбываецца нейкае супольнае дзеянне, якое шакуе публіку сваёй спантаннасцю. Каманда флэш-мобераў спявае песню, грае музычны твор, танчыць або робіць адначасова нешта іншае. Пасля заканчэння “нумару” ўдзельнікі зноў “ператвараюцца” у звычайных мінакоў, якія нічым не адрозніваюцца ад астатніх навакольных людзей, якія сталі сведкамі акцыі. 

Як хрысціянам, якія лічаць сваю рэлігію радасанай, асабліва ў святы, не падзяліцца святочным настроем з навакольным светам, намінальна хрысціянскім. Натхненне замежнымі флэшмобамі, якія і ў беларускіх сацыяльных сетках збіралі сотні-тысячы лайкаў, стала для мяне своеасаблівым «пакліканнем з памёрлых» з сацыяльнай смерці маёй рэлігійнасці. Уяўленне малявала, як мы з сябрамі “парвем Менск”, як людзі на вуліцах раптам дакрануцца да свята, парадаюцца разам з намі. Але, як высветлілася, каб уяўленне пераўтварыць у рэчаіснасць, трэба шмат працы, і ці адбудзецца акцыя, залежыць далёка не толькі ад ініцыятыўных людзей.

Упершныю зладзіць святочны флэш-моб я прапанавала сябрам на Вялікдзень 2012 года. Першай задачай было знайсці ўдзельнікаў мерапрыемства, якія б а) згадзіліся паўдзельнічаць у якасці валанцёраў, б) былі  здольныя гучна і чыста праспяваць азначаныя спевы, не залажаць. Тут і пачаліся складанасці. У мяне шырокае кола цудоўных сяброў-калег прафесійных музыкаў, якія спяваюць у царкоўных хорах і з'яўляюцца практыкуючымі праваслаўнымі. Але першае пытанне якое было да мяне пасля таго, як я прапанавала ім удзел у велікодным флэш-мобе, было: «а нас не павяжуць?». У 2011 годзе беларускі Закон “Аб масавых мерапрыемствах” быў зменены, каб з’явілася прававая падстава прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў “маўклівых пратэстаў”, калі людзі некалькі тыдняў запар а сёмай вечара збіраліся ў людных месцах і пляскалі ў ладкі. Быў удакладнены тэрмін «пікетаванне», у народзе -- закон «больш двух не збірацца». Да пікетавання было прыроўнена супольная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) ва ўзгоднены час для здзяйснення пэўнага дзеяння для публічнага выражэння сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў ці пратэсту. Праспяваць калядку вялікай колькасці людзей разам - гэта здзейсніць пікетавання для выражэння свайго рэлігійнага інтарэсу, што патрабуе атрыманне ва ўстаноўленым парадку дазволу на правядзенне мерапрыемства, а пакуль такі дазвол не атрыманы, забараняецца анансаваць дату, месца, час мерапрыемства. 

Такім чынам, правядзенне флэш-мобаў апынулася па-за законам. Першы раз я збірала валанцёраў праз свае асабістыя сувязі і сувязі сяброў-аднадумцаў. Большасць была згодна пры ўмове, што ўсё будез легальна, узгоднена з “кім трэба”. Другая частка была згодна ў любым выпадку, але з музычнымі дадзенымі ў іх былі сур'езныя праблемы. У выніку колькасць удзельнікаў была невялікай – нават не «малое стада», а добра пакусаныя жыццёвым воўкам 3-4 праваслаўныя авечкі. 

Акрамя пошуку ўдзельнікаў патрабавалася вызначыцца з месцам правядзення. Каб забяспечыць бестурботнае правядзенне флэш-мобу, трэба было або дамаўляцца з адміністрацыяй якога-небудзь гандлёвага цэнтра, будынка і г.д., або рабіць акцыю несанкцыянавана ў людным месцы без моцнага кантроля міліцыянтаў (ахоўнікаў), бо пад адкрытым небам мы б не маглі нічога правесці без узгаднення са шматлікімі дзяржаўнымі інстанцыямі. Спробы звярнуцца ў цэнтральныя гандлёвыя цэнтры былі няўдалыя - мы нават не назвалі ні даты, ні часу правядзення, як імнгненна атрымалі адказ: “у нас ужо будуць нешта-там праводзіць нейкія праваслаўныя”. Ну што ж, рынак рэлігійнасці -- ён такі, канкурэнтнасць зашкалівае. Мы зразумелі, што з легальным варыянтам – не варыянт. Таму абралі дзейнічаць несанкцыянавана пад адкрытым небам - няўжо праваслаўныя вернікі на Пасху не маюць права заспяваць сваё “Хрыстос уваскрос!” далей, чым 15 крокаў ад царквы? Каля Гандлёвага цэнтру “Хатка па-над Свіслаччу”*.

Вынік арганізацыі гэтага флэш-моба быў досыць сумным – месца аказалася малалюдным, і велікоднай радасцю музычна парадаваліся амаль выключна нешматлікія ўдзельнікі міні флэш-мобу. Мы праспявалі велікодны царкоўны спеў на грэчаскай, славянскай мове, потым праспявалі на беларускай мове перакладзены мной з сербскай мовы велікодны фольк-спеў. Сказалася таксама агульная арганізацыйная разбэшчанасць і нязвыкла слабая здольнасьць праваслаўных да самадысцыпліны і адказнасці... Але я не змірылася.

Наступная спроба зарганізаваць флэш-моб адбылася праз год на Раство. Так пачалася эпапея з флэш-мобамі ў звычайным мікрараёне Мінска. Гэты вопыт спачатку быў досыць паспяховым і не такім складаным у плане арганізацыі. Удзельнікамі сталі валанцёры-сябры з праваслаўнага прыхода. Акурат перад Раством настаяцель гэтага пырхода быў запрошаны асвяціць гандлёвы цэнтр “Профіт”, і такім чынам пазнаёміўся з яго ўладальнікамі - замежнікамі-каталікамі, якія прыязна паставіліся да ідэі, у якой яшчэ ўбачылі і добры рэкламны ход. На святочны час на другім паверсе будынку быў запланаваны канцэрт як рэкламна-святочная акцыя, а перад канцэртам на першым паверсе ў якасці «давеска» да праграмы быў запланаваны флэш-моб. Усё было дакументальна пацверджана, ахова папярэджана, умовы створаныя. Мерапрыемства прайшло досыць міла і паспяхова: беларуская калядка “Учора з вячора” і вясёльнае “We wish you a Merry Christmas” у перакладзе Макса Шчура зайшлі на “ўра” і з авацыямі. Я, як удзельніца і адна з арганізатараў, атрымала сапраўдны святочны кайф і ад падрыхтоўкі, і ад самога флэш-моба. Нягледзячы на тое, што месца было не вельмі людным, не вельмі зручным, ў выніку гэтай акцыі засталіся задаволенымі не толькі ўдзельнікі – для наведвальнікаў гандлёвага цэнтру флэш-моб быў сапраўды прыемнай нечаканасцю. На гэтым прыемнасці, звязаныя з арганізацыяй флэш-мобаў, скончыліся.

Як аказалася пазней, у адрозненні ад замежнікаў-каталікоў, беларусы непараўнальна больш «богабаязненыя», калі справа даходзіць да такога рода мерапрыемстваў. Асабліва т.з. “праваслаўныя”, якіх 80-колькі-там-адсоткаў. “Богабаязненыя” - бо баяцца ўсякага рэлігійнага. У наступным годзе ініцыятыўная група захацела палепшыць саму форму флэш-моба, а таксама пашырыць сваю дзейнасць на іншыя гандлёвыя цэнтры раёна. Штуршком да гэтага стала таксама тое, што змяніліся ўладальнікі “Профіту” - “чалавечы фактар” стаў вызначальным. Але праз знаёмых прыхаджан атрымалася дамовіцца з уладальнікамі іншага гандлёвага цэнтра “Абшар” - у іншым мікрараёне. Мы напісалі афіцыйны запыт на правядзенне нашага святочнага віншавання, і вырашылі даслаць таксама ў адміністрацыі прыблізна 6-8 вялікіх гандлёвых цэнтраў (“Маналіт” “Еўразіягурт” і інш. на розныя магазіны сетак) лісты ад імя настаяцеля праваслаўнага прыхода прыблізна такога зместу: «Паважаны/ая ….., моладзевая група нашага прыхода падрыхтавала невялікае віншаванне (калядкі) з Раством на 8-10 хвілін. Просім Вас дазволіць (дата) у перыяд паміж .... гадзінамі парадаваць нашай святочнай акцыяй кліентаў і супрацоўнікаў такога-та магазіна па такім-та адрасе». Радасць грукалася ў дзверы як магла. На гэты раз было запланавана спяванне калядкі з удзелам масоўкі, якая прыгожа і замыславата рытмічна грукае кубачкамі. Публіка павінна была быць ад гэтага ў культурным шоку, бо акцыя разбавіла б звычайна занудныя акцыі праваслаўных.

Нават у тым “лаяльным” гандлёвым цэнтры, дзе, здавалася, усё “схоплена”, так і не было дазволу правесці запланаванае мерапрыемства, нас адфудбольвалі адзін да аднаго розныя службовыя асобы. У іншых адміністрацыях або казалі адразу “не” без тлумачэнняў, або цягнулі час, або проста не адказвалі. Мы не здаваліся і ў выніку дамовіліся з двума гандлёвымі цэнтрамі – з “Профітам”, з якімі ўжо мелі досвед флэш-мобнага супрацоўніцтва і які хоць са скрыпам, але па “старой памяці” адчыніў для нас дзверы. Другі гандёвы цэнтр - “Волат”, аказаўся цёмным, малалюдным, нам дазволілі (і дзякуй на тым) размясціцца толькі ў пэўным вызначаным месцы, бо другая частка будынку, больш людная і светлая, мела іншую адміністрацыю. Акцыю правялі, хутчэй, для сябе саміх і для прадаўцоў магазінаў, якія мясціліся побач. Ну хоць так. 

Не задаволіўшы яшчэ свае рэлігійныя патрэбы - пакалядаваць, мы вырашылі па дарозе паўтарыць спеў - насупраць выхада з метро. Ну што б магло адбыцца, як 15 чалавек на пару хвілін заспявалі б калядку? Ужо надакучыла пастаянна камплексаваць і ўсё гэтае “дазволілі / не дазволілі”. Але як толькі мы селі грукаць кубачкамі і заспявалі спяваць, добрыя цёцечкі з касаў выклікалі міліцыю. Нашы спевы перарвалі громкімі заклікамі спыніць песню і разыйсціся. Нічо не заставалася рабіць. Мы сыйшлі. І спявалі ўжо на прыпынку, дзе было каму выклікаць на нас міліцыю.

Што я магу сказаць наконт свайго досведу па арганізацыі і правядзенню флэш-мобаў... Беларусы – не толкі баязлівы і “маяхатаскрайні” народ, але яшчэ й вельмі “богабаязлівы”. Людзі баяцца ўсяго, што тычыцца рэлігійнасці, калі пачаць дамаўляцца наконт супольнага мерапрыемства. 

Гандлёвыя цэнтры гэтак жа баяцца ўсяго: калі звярнуліся праваслаўныя, то могуць звярнуцца іншыя, і як ім усім дазволіць? Або як адным дазволіць, а іншым не? Мне здаецца, што нізкая маркетынгавая свядомасць, неадукаванасць і безыдэйнасць таксама сыграла вялікую ролю ў адмовах правясці наш флэш-моб. Акцыя, за якую яны не плацяць грошы – у іх гандлёвым цэнтры. Можа – яшчэ й лянота ў гэтым усім разбірацца. Хачу адзначыць таксама, што мы спецыяльна не ўжывалі ў афіцыяльных зваротах слова “флэш-моб” – відавочна, гэта б яшчэ больш напужала адміністрацыю. Канешне, не магу не дапускаць агульны недавер грамадства да Праваслаўнай Царквы, нягледзячы на нейкую дзіўную статыстыку пра 80 з гакам адсоткаў праваслаўных. Гэта таксама сведчыць пра нізкі ўзровень атаесамавання сябе праваслаўнымі гэтымі самымі адсоткамі.

Правядзенне флэш-мобаў паказала мне, што ўсё трымацца на асабістых дамоўленасцях. На асабістых лаяльнасцях і смеласці. І прыходзіцца прызнаць юрыдычную і рэлігійную безадказнасць і бездапаможнасць грамадства. Відавочна, што вышэй згаданы закон абмяжаваў многія грамадскія ініцыятывы.

Акрамя гэтага магу адзначыць нізкую ініцыятыўнасць саміх праваслаўных, страх зрабіць што-небудзь “не так”. Страх трапіць у рукі міліцыянтаў, страх, каб нічога, не дай Божа, не было без дазволу бацюшкі. Апошія таксама маюць свае ідэйна-адміністратыўныя залежнасці. Сюды таксама дадаецца, як я ўжо казала, нізкая самарганізацыя і асабістая безадказнасць некаторых удзельнікаў падобных мерапрыемтсваў, што руйнуе ідэі першапачаткова.

Я б таксама выказала яшчэ адно свае меркаванне: беларускі фолк у праваслаўным асяроддзі – ледзь дыхаючы мамант. Паралітургічныя спевы – з большага на расейскай або ўкраінскай мовах. У пэўных рэгіёнах – на дыялекце. Ня ведаю, ці з-за ляноты рэгентаў хораў, ці з-за іх (або настаяцельскіх?) ідэалагічных поглядаў, я ў менскіх цэрквах мала чую беларускіх, беларускамоўных калядак. Зайздрасць бярэ да тых жа сербаў або ўкраінцаў, бо ўкраінскія і нават рассейскія калядкі рэгулярна спяваюцца ў перыяд святак па ўсёй Беларусі. 

Гэта мой асабісты досвед і асабістыя высновы. Можна з імі спрачацца. Можна з імі змагацца. Можна з імі змірацца. Я зрабіла перапынак у спробах з’арганізаваць флэш-моб у Беларусі. Але я не здалася.

 

 

 

*Заўвага: усе назвы ў гэтым артыкуле змененыя.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
10 + 8 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.