НАША НIВА: Беларускія праваслаўныя епіскапы: хто яны?

Аўтар: 
Змiцер Панкавец

Усё менш людзей ходзяць у цэрквы штотыдзень. Пры гэтым архірэяў робіцца ўсё больш. На сёння ў Беларускім экзархаце Рускай праваслаўнай царквы іх налічваецца 17. Гэта кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, мітрапаліт на пакоі Філарэт і 15 епіскапаў. Толькі за апошнія два гады Беларускі экзархат павялічыўся на трох іерархаў.

 

Узнікла Маладзечанская і Стаўбцоўская, Слуцкая і Салігорская, а таксама Лідская і Смаргонская епархіі.

Палітыку драблення епархій праводзіць патрыярх Кірыл. Існуюць розныя меркаванні, дзеля чаго гэта робіцца. Добразычліўцы Кірыла кажуць, што такім чынам царква спрабуе зрабіць епіскапаў больш даступнымі для звычайных людзей. Непрыяцелі ж сцвярджаюць, што такім чынам Кірыла спрабуе ўзвысіцца над астатнімі архірэямі, змяншаючы іх значэнне.

Пра беларускіх епіскапаў кажуць, што гэта асцярожныя людзі, якія рэдка робяць публічныя заявы. З пятнаццаці епіскапаў аж шэсць нарадзіліся за межамі Беларусі, дзевяцёра — тутэйшыя.

Рускі мір у Віцебску.

Месца нараджэння не заўсёды пра нешта гаворыць. Самым прарасійскім сярод беларускіх епіскапаў называюць Дзмітрыя (Драздова), епіскапа Віцебскага і Аршанскага. Яму 61 год, ён родам з Бабруйска, працаваў на дрэваапрацоўцы ў Івацэвічах. У 1982 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію.

Ад 1977 года Дзмітрый быў іпадыяканам у патрыярха Пімена.

Іпадыякан — гэта такі служка, які носіць за архірэем падчас служэнняў рыпіду, падсцілае пад ногі арлец (кілімчык), а таксама амывае рукі. У канцы існавання СССР ён быў «гасцінічным» у Троіцка-Сергіевай лаўры ў Маскве.

Ад 1989 ён узначальвае Віцебскую епархію. Менавіта пры ёй знайшлі прытулак многія прарасійскія актывісты, такія як былы чыноўнік Андрэй Герашчанка. Яго звольнілі з дзяржаўнай службы за адмову прызнаваць незалежнасць Беларусі. Лукашэнка называў гэтага чалавека дыверсантам. Цяпер Герашчанка працуе рэдактарам газеты Віцебскай епархіі «Наше православіе», якая друкуе гутаркі з баевікамі «ДНР» і «ЛНР».

На чарнасоценскіх расійскіх сайтах вядомым з’яўляецца такі персанаж, як «віцебскі дзяк Анатоль Шлыкаў», які называе беларускіх чыноўнікаў «ворагамі рускага свету» і абяцае дзейнічаць «як у Данбасе».

Епіскап Арцемій і матушка Гаўрыіла.

Навіны аб прыхільніках «рускага свету» прыходзілі і з Гродзенскай епархіі. Аднак гаворка не пра архіепіскапа Арцемія (Кішчанку).

Прыхільнікі «рускага света» ў Гродне групуюцца вакол манастыра Раства Багародзіцы з матушкай Гаўрыілай (Глухавай), якая вядомая ўсёй краіне праз культ ката Пушка. Матушка актыўна прабіваецца да гродзенскіх чыноўнікаў і сілавікоў.

Гродзенскія праваслаўныя некалькі разоў прыцягвалі да сябе ўвагу грамадскасці за апошні год. «НН» пісала пра спартыўна-патрыятычныя моладзевыя праваслаўныя гурткі, дзе інструктарамі былі запрошаныя казакі, што адмаўляюць дзяржаўнасць Беларусі. А яшчэ ў Сапоцкіне прайшоў хрэсны ход з імперскімі сцягамі.

Епіскап з добрай адукацыяй.

Асобна ў шэрагу архірэяў стаіць епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка). Яму 42 гады, родам ён з расійскага Екацярынбурга, але з 13 гадоў жыў у Бабруйску. У Беланожкі выдатная адукацыя, прычым навучаўся ён ва ўніверсітэце Арыстоцеля ў Салоніках (Грэцыя), стажыраваўся ў Цюбінгенскім універсітэце (Германія), вывучаў англійскую мову ў Бірмінгемскім універсітэце.

Менавіта Серафім найчасцей прысутнічае на каталіцкіх імпрэзах ад імя Праваслаўнай царквы. Епіскап лічыць: «У нас супольныя каштоўнасці, якія мы нясём у свет, супольнае евангельскае сведчанне».

Некалі Беланожка быў выкладчыкам на факультэце тэалогіі ЕГУ, пасля — у БДУ. Пасля хваробы мітрапаліта Філарэта фактычна загадваў справамі факультэта.

Айцец Серафім адзначаўся і дастаткова смелымі ўчынкамі. Напрыклад, ён устаў на абарону бабруйскіх актывістаў АГП, якія спрабавалі на Дзяды ў 2011 здзейсніць ход ад Свята-Нікольскага храма да памятнага знака ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Міліцыя склала пратаколы на ўдзельнікаў мерапрыемства.

Серафім жа блаславіў настаяцеля царквы на абарону актывістаў у судзе. Серафім вядомы таксама сваім перакананнем, што як мага болей маладых святароў павінны ісці ў манахі.

Скандал вакол Стэфана.

Адным з найбольш вядомых епіскапаў БПЦ стаў Стэфан (Нешчарэт), епіскап Гомельскі і Жлобінскі. Два гады таму ён аказаўся ў цэнтры «гей-скандалу», які ініцыяваў вядомы тэолаг, дыякан Кураеў. Кураеў тады надрукаваў шэраг расследаванняў пра гей-лобі ў праваслаўнай царкве. Ён апублікаваў некалькі допісаў, у якіх Стэфан абвінавачваецца ў разбэшчванні маладых семінарыстаў. Ніякай публічнай рэакцыі царквы не было. Тым не менш сцвярджалі, што Аляксандр Лукашэнка мусіў узнагародзіць епіскапа прэміяй «За духоўнае адраджэнне», аднак у апошні момант перадумаў.

Беларускі праваслаўны блогер, святар Аляксандр Шрамко спрачаўся з Кураевым па гэтым пытанні. Каб выстаўляць такія звесткі, трэба мець неаспрэчныя доказы, пісаў ён. У Кураева такіх не было.

Да епіскапа Стэфана ў Гомелі, сапраўды, ставяцца па-рознаму. Адны яго хваляць моцна, іншыя не любяць. Быць епіскапам Гомельскім пасля набожнага старца, усімі шанаванага Арыстарха, Стэфану няпроста. Дый увогуле ў царкве хапае ўласных плеткароў і зайздроснікаў.

Фаварыты Філарэта.

Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (Хама) зрабіў сабе імклівую кар’еру. Яго называлі «шэрым кардыналам БПЦ» часоў мітрапаліта Філарэта. Ён не служыў святаром у прыходах, а адразу стаў супрацоўнікам Мінскай епархіі, а праз нейкі час і яе сакратаром — у 30 усяго гадоў. Да гэтага сакратарамі епархіі станавіліся тытулаваныя, масцітыя святары, а не моладзь. У Мінску Іаан нажыў нямала ворагаў. Іаан, як, дарэчы, і Стэфан, паходзіць родам з Украіны, а менавіта з Львоўскай вобласці.

Яшчэ больш імклівую царкоўную кар’еру зрабіў Антоній (Даронін), епіскап Слуцкі і Салігорскі. Гэта самы малады архірэй БПЦ, яму 35 гадоў. Ён нарадзіўся ў Баку, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі. Вучыўся ён у Швейцарыі. Антоній таксама не быў святаром на прыходах. І ён таксама быў асабістым сакратаром мітрапаліта Філарэта. Трапіць на прыём да Філарэта можна было толькі праз Антонія. На такой пасадзе хочаш не хочаш, а заслужыш нямала непрыяцеляў. Пры новым мітрапаліце Паўлу ў пачатку 2015 года адбылася хіратонія Дароніна ў епіскапы.

Антонія адзначаюць як аднаго з найбольш ініцыятыўных іерархаў.

Супраць уніі і Захаду.

Пра архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана (Корзуна) кажуць, што ён даўно сябруе з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам.

Імідж фундаменталіста мае архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый (Апалько). Ён ніколі не вылучаўся дыпламатычнасцю. Менавіта Гурый вядомы публічнай крытыкай уніятаў. Менавіта Гурый найчасцей бэсціць «антыхрысціянскае» заходняе грамадства. Напрыклад, ён распаўсюджваў выдумкі пра помнік Сатане ў ЗША, пра ювенальнае заканадаўства скандынаўскіх краін. Пры гэтым ні словам не кажа пра духоўныя ўстоі ўласна ў Беларусі, якая займае першыя пазіцыі ў Еўропе па колькасці забойстваў, па ўжыванні алкаголю, па абортах. Дэмакратыю ж ён называе шырмай, праз якую спрабуюць навязаць чужую нам мараль.

Епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веньяміна (Тупеку) нашы суразмоўцы называюць чалавекам памяркоўным, малітоўным. Ён быў сярод тых іерархаў БПЦ, хто адкрыта выказаўся супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Як бачым, беларускія праваслаўныя іерархі — людзі розныя. Ёсць сярод іх дагматыкі, ёсць цемрашалы, рускія шавіністы, ёсць і прыхільнікі самакіраванасці Беларускай царквы. Аднак ад епіскапаў у цяперашняй сітуацыі мала што залежыць, бо ўсе рычагі ўлады належаць Маскве, патрыярху. І мітрапаліт Філарэт, і мітрапаліт Павел — родам не з Беларусі і ніяк не былі з Беларуссю звязаныя да свайго прызначэння.

У той жа час сярод беларускіх епіскапаў няма пакуль выразнага публічнага лідара, прызнанага ў гэтай якасці грамадствам і за межамі сваёй епархіі. Таму цяжка сказаць, на каго з іх зможа абаперціся Аляксандр Лукашэнка ў сваім жаданні дабіцца для беларускага праваслаўя большай самастойнасці.

 

Поўны спіс епіскапаў БПЦ.

Дзімітрый (Драздоў), Віцебскі і Аршанскі — 62 гады, нарадзіўся ў Бабруйску

Стэфан (Корзун), Пінскі і Лунінецкі — 71 год, вёска Корзуны, Чэрвеньскі раён

Арцемій (Кішчанка), Гродзенскі і Ваўкавыскі — 63 гады, Мінск

Гурый (Апалько), Навагрудскі і Слонімскі — 59 гадоў, пасёлак Льнозавод, Полацкі раён

Феадосій (Більчанка), Полацкі і Глыбоцкі — 72 гады, Батумі (Грузія)

Сафроній (Юшчук), Магілёўскі і Мсціслаўскі — 64 гады, вёска Кацельня-Баярская, Брэсцкі раён

Іаан (Хама), Брэсцкі і Кобрынскі — 52 гады, Львоўская вобласць (Украіна)

Стэфан (Нешчарэт), Гомельскі і Жлобінскі — 49 гадоў, Чарнігаўская вобласць (Украіна)

Серафім (Беланожка), Бабруйскі і Быхаўскі — 42 гады, Свярдлоўск (Расія)

Леанід (Філь), Тураўскі і Мазырскі — 55 гадоў, Хмяльніцкая вобласць (Украіна)

Веніямін (Тупека), Барысаўскі і Мар’інагорскі — 47 гадоў, Лунінец

Павел (Цімафеенкаў), Маладзечанскі і Стаўбцоўскі — 52 гады, Магілёў

Антоній (Даронін), Слуцкі і Салігорскі — 35 гадоў, Баку (Азербайджан)

Парфірый (Праднюк), Лідскі і Смаргонскі — 45 гадоў, Падлессе, Кобрынскі раён

Пятро (Карпусюк), Дзятлаўскі — 56 гадоў, Брэст

 

"НАША НIВА", 21 студзеня 2016 г.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.