Новая Каталіцкая Акадэмія ў Беларусі: адукацыя, непрызнаная дзяржавай

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

У лютым 2015 г. Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцей зарэгістраваў новую рэлігійную арганізацыю - Вышэйшую духоўную навучальную ўстанову “Мінская тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ” Рымска-Каталіцкага Касцёла, вызначыўшы яе месцазнаходжанне па адрасе Мінскі р-н, в. Лескаўка, вул. Карытас, 1. А 8 снежня на перадкаляднай прэс-канферэнцыі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што Мінгарвыканкам прапанаваў для будаўніцтва Акадэміі месца на перакрыжаванні вул. Філімонава з праспектам Незалежнасці, аднак кіраўніцтва РКЦ усё яшчэ чакае афіцыйных дакументаў. Кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі выказаў спадзеў, што ў акадэміі будзе два накірункі: семінарыя для падтрыхтоўкі святароў і багаслоўскія штудыі для свецкіх людзей, прычым, паводле словаў Мітрапаліта, “гэта не азначае, што там будуць вывучаць толькі тэалогію.

Як ужо звярталася ўвага раней у каментарыі аб рэгістрацыі Акадэміі “Рымска-каталіцкая акадэмія: рэлігійная арганізацыя ці навучальная ўстанова”, такі від арганізацыі як духоўная навучальная ўстанова беларускім заканадаўствам адназначна адносіцца да такой арганізацыйна-прававой формы як “рэлігійная арганізацыя”, што вызначаецца арт. 13 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення”. Менавіта ў якасці рэлігійнай арганізацыі зарэгістравана і Мінская тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ, пра што сведчыць і пасведчанне аб яе дзяржаўнай рэгістрацыі №193. З’яўляючыся рэлігійнымі арганізацыямі, духоўныя навучальныя ўстановы любой формы - семінарыі, акадэміі, коледжы - не ўваходзяць у сістэму адукацыі, нават у якасці прыватных навучальных установаў. Адукацыя, атрыманая ў межах духоўных установаў не прызнаецца дзяржавай, што цягне за сабой такія прававыя наступствы для навучэнцаў і выпускнікоў як непрызнанне за імі наяўнасці сярэдне-спецыяльнай, вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі, навуковых ступеняў - магістарскай, кандыдацкай, доктарскай, атрыманых у межах духоўных навучальных установаў. Прычым, пры адсутнасці дыпломаў і іншых дакументаў дзяржаўнага ўзору, якія пацвярджаюць кваліфікацыю выпускніка, часта не прызнаецца наяўнасць такой адукацыі і замежнымі навучальнымі і акадэмічнымі ўстановамі, хаця, што датычыць семінарый у межах адной канфесіі, такое прызнанне можа ажыццяўляцца.

Выйсцем для канфесійных навучальных установаў як рэлігійных арганізацый з’яўляецца заключэнне дамоваў пра супрацоўніцтва з акрэдытаванымі навучальнымі ўстановамі ў замежжы і атрыманне выпускнікамі падвойных дыпломаў - беларускага (рэлігійнага) і замежнага (акрэдытаванага ў сустэме адукацыі іншай краіны). Апошні можа быць прызнаны - гэта значыць яго ўладальніку нададзеныя тыя ж правы, што і ўладальніку дакумента аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, аднак толькі пасля правядзення экспертызы і ўстанаўлення яго эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэты працэс рэгулюецца Палажэннем аб парадку прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у замежных дзяржавах, і ўстанаўлення іх эквівалентнасці (адпаведнасці) дакументам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, прызнання і ўстанаўлення адпаведнасці перыядаў навучання, курсаў вышэйшай адукацыі ў арганізацыях замежных дзяржаў (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.07.2011 №981). На дадзены момант дакумент дзейнічае ў рэдакцыі ад 29.08.2014. Пры гэтам, Палажэнне патрабуе, каб праграма, якую прайшоў уладальнік замежнага дакумента аб адукацыі, адпавядала патрабаванням адпаведных адукацыйных стандартаў Рэспублікі Беларусь і (ці) адпаведнай навучальна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы ў часцы зместу прафесійнай дзейнасці і кваліфікацыйнай характарыстыкі выпускніка, а таксама ў часцы мінімума зместу навучальна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы па цыкле дысцыплін.

Паколькі на дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь дзейнічае стандарт вышэйшай адукацыі І ступені па спецыяльнасці 1-21 01 01 “Тэалогія”, зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30.08.2013 № 87, і менавіта гэтаму стандарту будзе вызначацца адпаведнасць замежнага дыплому па наступных спецыялізацыях: 1-21 01 01 01 Новыя і традыцыйныя рэлігійныя рухі і арганізацыі; 1-21 01 01 02 Філасофская хрыціянская антрапалогія; 1-21 01 01 03 Бібліістыка і хрысціянскае веравучэнне. Апроч усяго іншага, дадзены стандарт рыхтаваўся для Інстытута тэалогіі БДУ, афіляванага з Праваслаўнай Царквой, таму змест многіх курсаў носіць выражаны праваслаўны канфесійны характар, што можа стаць дадатковай перашкодай для прызнання іншаканфесійных дыпломаў.

Яшчэ адзін спосаб прызнання дыпломаў - гэта заключэнне міждзяржаўных дамоваў з тымі краінамі, дзе акрэдытаваныя навучальныя ўстановы, якія змогуць выдаваць дыпломы, калі ў такім дамовах будзе прадугледжаны іншы парадак прызнання дыпломаў - напрыклад, аўтаматычнае прызнанне ўсіх відаў ці пэўных відаў дыпломаў розных ступеняў адукацыі. У Ватыкане існуе цэлы шэраг універсітэтаў, якія даюць вышэйшую адукацыю па розных спецыяльнасцях, і калі доўгачаканы канкардат паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь усё ж адбудзецца, то адным з пунктаў туды варта было б унесці таксама і пытанне пра прызнанне атрыманых у Ватыканскіх універсітэтах дыпломах. 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.