Прэзентацыя "Кіруючых прынцыпаў датычна правасуб’ектнасці рэлігійных супольнасцяў" адбылася 29 верасня ў Варшаве ў межах Нарады АБСЕ па чалавечым вымярэнні

Нарада Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе па разглядзе выканання абавязальніцтваў ў галіне чалавечага вымярэння прайшла ў Варшаве з 21 верасня па 2 кастрычніка. У межах сустрэчы былі праведзеныя таксама мерапрыемствы, прысвечаныя рэалізацыі права на свабоду рэлігіі і веравызнання, у тым ліку дадатковае мерапрыемства, на якім была абмеркаваная імплементацыя выйшаўшых нядаўна Кіруючых прынцыпаў датычна правасуб’ектнасці рэлігійных супольнасцяў і супольнасцяў, якія прытрымліваюцца пэўных перакананняў, распрацаваных Офісам па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Венецыянскай Камісіяй. Удзел у прэзентацыі прыняла Наталля Васілевіч, эксперт “Ініцыятывы FORB”, якая, супольна з Дзінай Шаўцовай, таксама экспертам “Ініцыятывы FORB” удзельнічала ў экспертнай нарадзе па складанні і рэдагаванні тэксту Кіруючых прынцыпаў, якая адбылася ў Кіеве ў верасні 2013 г.

У межах круглага стала экспертаў па свабодзе рэлігіі і веравызнання была адзначана надзвычайна важнасць рэкамендацый як адлюстравання міжнародных стандартаў у галіне карпаратыўнага аспекту свабоду рэлігіі і веравызнання. Сярод панэлістаў выступілі: Дыльноза Сатарава, дапаможны супрацоўнік па свабодзе рэлігіі ці веравызнання дэпартамента па правах чалавека БДІПЧ/АБСЕ, якая расказала пра асноўны змест і працэс прыняцця Рэкамендацый; д-р Мінэ Йілдырым, дырэктар праваабарончай арганізацыі Нарвежскі Хельскінскі Камітэт, Ініцыятыва па свабодзе рэлігіі (Турцыя), якая свой даклад прысвяціла асноўным праблемам з рэалізацыяй калектыўнага аспекту права на свабоду рэлігіі і веравызнання; а таксама д-р Мэрылін Ківіёрг з Тартускага ўніверсітэта (Эстонія), якая прадставіла ўзорныя практыкі дзяржаваў у рэгіёне АБСЕ па абароне гэтага права.

Найбольшую цікавасць і дыскусіі выклікаў даклад д-ра Андрэя Юраша, начальніка Аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міністэрства культуры Украіны. Спадар Юраш азнаёміў прысутных з тэндэнцыямі ў рэлігійным жыцці Украіны ў кантэксце падзеяў Майдану, анэксіі Крыму і ўзброенага канфлікту на Усходзе Украіны. Па-першае, ён адзначыў, што паводле сацыялагічных даследаванняў назіраецца памяншэнне колькасці праваслаўных вернікаў, якія, атаясамліваюць сябе з Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату пры росце колькасці тых, хто атаясмлівае сябе з УПЦ Кіеўскага Патрыярхату. Па-другое, назіраецца значная колькасць выпадкаў пераходу прыходаў з юрысдыкцыі Маскоўскага Патрыярхату ў Кіеўскі, што стварае напружанасць паміж дзвюма рэлігійнымі аб’яднаннямі як на лакальным, так і на нацыянальным узроўні. Прававыя механізмы вырашэння такіх праблем састарэлыя - яны былі ўведзены ў 1993 г., калі ў выпадку дзяржаўнай уласнасці на культавы будынак, дзяржава прапаноўвала магчымасць карыстання ім супольнасцям розных юрысдыкцый і канфесій, утвораных у выніку змены часткай супольнасці царкоўнай юрысдыкцыі.

Кіраўнік аддзелу па справах рэлігій Украіны таксама ў агульных рысах расказаў пра асаблівасці ажыццяўлення права на свабоду рэлігіі ў рэгіёнах Крыму (у якім дэ факта дзейнічае заканадаўства Расейскай Федэрацыі) і самабвешчаных т.зв. Данецкай і Луганскай “народных рэспубліках”, якія знаходзяцца пад кантролем узброеных фарміраванняў.

Пра сітуацыю са свабодай рэлігіі ў Крыме сваімі меркаваннямі таксама падзяліўся Омэр Фішэр, які зноходзіўся ў складзе Палявой місіі ў Крым, адзначыўшы, што ў цяперашні момант у Крыме дзейнічае даволі рэпрэсіўны прававы і прававыкарыстальны рэжым у дачыненні да ўсіх сфераў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і да рэлігійных арганізацый. Асноўная праблемай з’яўляецца неабходнасць рэгістрацыі (і перарэгістрацыі) усіх рэлігійных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі паўвострава, а таксама змены іх структур і падпарадкавання.

Прадстаўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Жэглоў, выступіў з рэзкай крытыкай даклада спадара Яраша, адзначыўшы, што пад выглядам антытэрарыстычнай аперацыі (АТО) вядзецца паляванне на прадстаўнікоў РПЦ, на вернікаў і святароў, адмыслова разбураюцца храмы УПЦ (МП), а на тэрыторыі самой Украіны адбываецца не добраахвотны пераход супольнасцей у Кіеўскі Патрырхат, але прыходы і храмы захопліваюцца гвалтоўнымі метадамі, прывёўшы ў прыклад падзеі ў сяле Катэрынаўка Тэрнопальскай вобласці.

Кіраўнік украінскага ведамства прадставіў сваю інтэрпрэтацыю падзеяў у Катэрынаўцы, адзначыўшы што на дадзены момант канфлікт быў вычарпаны і абодва бакі - супольнасць Кіеўскага Патрыярхату і супольнасць Маскоўскага Патрыярхаты прыйшлі да ўзаемнай згоды што датычыць выкарыстання культавага будынку. 

Наталля Васілевіч, эксперт “Ініцыятывы FORB” прысутная на дадатковым мерапрыемстве, у каментарыі для нашага сайта адзначыла наступнае:

“На жаль, пасля прыняцця ў 2002 г. новай рэдакцыі Закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” Беларусь стала адной з найбольш “адсталых” краінаў у рэгіёне АБСЕ па рэалізацыі міжнародных стандартаў ў галіне права на свабоду рэлігіі і веравызнання. Да беларускага заканадаўства ў гэтай галіне ёсць цэлы шэраг прэтэнзій, аднак найбольш вострым пытаннем застаецца наяўнасць крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, якая, хоць і не ўжываецца ў якасці крымінальнай санкцыі, аднак застаецца механізмам рэпрэсій у дачыненні да рэлігійных супольнасцей у Беларусі. 

Рэгістрацыя рэлігійных супольнасцяў у якасці юрыдычнай асобы, нягледзячы на практыку, прынятую ў некаторых дзяржавах АБСЕ, у тым ліку ў Беларусі, з'яўляецца правам, і ні ў якім разе не абавязкам рэлігійнай арганізацыі. Пры гэтым, рэпрэсіўным механізмам, які негатыўна ўплывае на калектыўнае вымярэнне свабоды рэлігіі і веравызнання, з'яўляецца цэлы шэраг практычных і юрыдычных перашкодаў для рэлігійных арганізацый у атрыманні дзяржаўнай рэгістрацыі. Такім чынам, вернікі трапляюць у безвыходную сітуацыю - калі яны абавязаны рэгістравацца, а дзяржаўныя органы ім у рэгістрацыі адмаўляюць. У Беларусі гэта, у першую чаргу, альтэрнатыўныя Беларускай Праваслаўнай Царкве супольнасці, якія падзяляюць праваслаўную традыцыю ў той ці іншай форме. Рэзанансным выпадкам з'яўляецца нядаўняя справа гомельскай супольнасці пад кіраўніцтвам пастара (святара) Сяргея Нікалаенкі”.

Азнаёміцца з Супольнымі рэкамендацыямі па юрыдычных асобах рэлігійных супольнасцяў можна на нашым сайце ў раздзеле “Дакументы”: Руководящие принципы относительно правосубъектности религиозных общин и общин, придерживающихся определенных убеждений (по-русски, pdf)

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.