Першая сустрэчы тэматычнай кансультатыўнай групы КЕЦ па правах чалавека прайшла 15-16 кастрычніка ў Брусэлі

Першая сустрэчы Тэматычнай кансультацыйнай групы па правах чалавека Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў прайшла ў Экуменічным цэнтры ў Брусэлі 15-16 кастрычніка. Удзел у пасяджэнні групы прыняла Наталля Васілевіч, эксперт "Ініцыятывы FORB".

Члены групы абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека і свабодай рэлігіі ў Еўропе, звярнуўшы асаблівую ўвагу на выпадкі Украіны (у тым ліку Крыма, які дэ факта знаходзіцца пад кантролем Расійскай Федэрацыі; а таксама тэрыторыі самаабвешчаных Луганскай і Данецкай "народных рэспублік", якія знаходзяцца пад кантролем узброеных вайсковых груповак) і Чарнагорыі (дзе прымаецца новы Закон аб свабодзе рэлігіі і рэлігійных арганізацыях, які значна пагаршае прававое становішча Сербскай Праваслаўнай Царквы ў Чарнагорыі). Група прапанавала Кіроўнай радзе КЕЦ свае меркаванні па спосабах маніторынгу сітуацыі і магчымых дзеяннях з боку Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў.

Апроч таго, удзельнікі групы заняліся планаваннем мерапрыемстваў на 2016 г., у тым ліку шэрагу канферэнцыі, семінараў, летніх школ, іх тэматычных кірункаў. Былі прапанаваныя кандыдатуры магчымых дакладчыкаў, партнёрскіх арганізацый, а таксама месцы і даты для правядзення мерапрыемстваў. Таксама адбылося абмеркаванне неабходнасці працягу публікацый па правах чалавека - у працяг публікацый Працоўнай групы па правах чалавека КЕЦ, якая дзейнічала з 2011 па 2015 гг. (гл. кнігу European churches engaging in human rights. Present challenges and training material. Ed. Elizabeta Kitanovic - CEC, 2012, pdf).

Восем тэматычных кансультацыйных груп былі створаныя ў межах Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў дзеля забеспячэння працы арганізацыі ў васьмі прыярытэтных сферах арганізацыі, вызначаных Кіроўнай радай КЕЦ у сакавіку 2015 г. Абраныя тэматычныя накірункі будуць заставацца ў сферы праграмнай дзейнасці Канферэнцыі да асамблеі, якая мае адбыцца ў 2018 г. Паводле вызначанага мандату, групу з'яўляюцца асноўным інструментам працы КЕЦ і ствараюць галоўны рэсурс яе тэматычнай працы, маючы пры Кіроўнай радзе статус дарадчых. Адной з такіх групаў з'яўляецца і Тэматычная кансультацыйная група па правах чалавека.

У чэрвені 2015 г. быў вызначаны персанальны склад удзельнікаў кожнай групы з ліку намінаваных Цэрквамі, якія з'яўляюцца членамі КЕЦ, а таксама асацыяванымі арганізацыямі. У склад Тэматычнай кансультацыйнай групы па правах чалавека ўвайшла і ўдзельніца з Беларусі - Наталля Васілевіч, эксперт "Ініцыятывы FORB". Сакратаром групы з'яўляецца супрацоўніца КЕЦ Элізабэта Кітанавіч. Мадэратарам групы быў абраны швецкі багаслоў Гёран Гунэр.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.