Семінар Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Усясветнага Патрыярхату “Дасягнуць свабоды рэлігіі і перакананняў для ўсіх” прайшоў 7-9 верасня на востраве Халкі, Турцыя

Эксперты па правах чалавека і свабодзе рэлігіі з усёй Еўропы сабраліся з 7 па 9 верасня ў Халкінскай багаслоўскай школе Усясветнага Патрыярхату на турэцкім востраве Хэйбеляда - адным з Прынцавых астравоў недалёка ад Стамбула. Удзельнікі прадстаўлялі членскія арганізацыі КЕЦ, акадэмічную супольнасць, праваабарончыя арганізацыі і Еўрапейскія інстытуцыі.

Фотаздымак: (КЕЦ)

Праграма распачалася спецыяльнай прамовай Усясветнага Патрыярха Варфаламея, у якой галоўная ўвага была нададзена рэалізацыі правоў чалавека ў кантэксце крызісу, звязанага з вялікай колькасцю бежанцаў і ростам ксенафобскіх настрояў:  

"Мы забыліся, што нам належыць прыпадабняцца да нашага духоўнага праайца Аўраама, які ў сені Мамрыйскага дубовага гаю прыняў трох нечаканых гасцей (гл. кн. Роду 18 раздз.). Гэты выбітны першапраходзец жыцця нябеснага не палічыў чужынцаў за пагрозу ці небяспеку для сваіх звычаяў ці маёмасці. Ён не быў пракляты ксенафобіяй - страхам чужынцаў, але наадварот -  быў ахоплены філаксеніяй - любоўю да чужынца. Замест гэтага, ён ад чыстага сэрца раздзяліў з імі сваё сяброўства і сваю ежу, зрабіўшы шчодрую гасціннасць прыкладам справядлівага стаўлення да чужынцаў і поўнага спачування клопату пра іх. Гэты ягоны ўчынак стаў святарным момантам, у якім, для праваслаўнай хрысціянскай традыцыі, адкрыўся вечна імклівы перыхарэсіс, карагод лучнасці і ўзаемапранікнення, Прасвятой і Жыццядайнай Тройцы."

Епіскап Хрыстафер Хіл, Прэзідэнт КЕЦ, палымяна заявіў, што для арганізацыі, якую ён узначальвае, правы чалавека не проста важныя, але з'яўляюцца складовай часткай ДНК Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў. Гэтае сцверджанне епіскапа ўвайшло ў заключны дакумент канферэнцыі, у якім прадстаўнікі Еўрапейскіх Цэркваў зноў падкрэслілі важнасць правоў чалавека для іх місіі і ідэнтычнасці.

Усяго было праведзена чатыры тэматычныя сесіі:

1) "Удзел Еўрапейскіх Цэркваў у спрыянні правам чалавека, дэмакратыі і прававой дзяржаве - сучасныя трэнды ў Еўропе", на якой была дадзена даволі жорсткая ацэнка пашыранаму ў палітыцы прынцыпу узаемнасці, абумоўленасці (напрыклад, калі мусульманская краіна не дае правоў хрысціянам, то і хрысціянская краіна не абавязана дазваляць мусульманам у поўнай меры рэалізоўваць сваё права на свабоду рэлігіі);

2) "Еўрапейскі падыход да імплементацыі міжнародных прававых стандартаў у сферы свабоды рэлігіі ці веравызнання";

3) "Сучасныя выклікі рэлігійнай цярпімасці, недыскрымінацыі і свабодзе рэлігіі ці веравызнання";

4) "Роля рэлігійных супольнасцяў у спрыянні і абароне свабоды рэлігіі і веравызнання".

З прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый з дакладамі на канферэнцыі выступілі Лена Кумлін (Евангельска-лютэранская Царква Фінляндыі), д-р Альтана Філос (Евангельская Царква Грэцыі), д-р Хосэ Луіс Базан (Епіскапская камісія Еўрапейскай Супольнасці, Рымска-Каталіцкая Царква), епіскап д-р Міхаэль Бюнкер (генральны сакратар Супольнасці пратэстанцкіх Цэркваў Еўропы), святар Хейкі Хутунен (генеральны сакратар Фінскай Экуменічнай рады), епіскап Татул Ануш'ян (Армянская Апостальская Царква ў Турцыі).

Еўрапейскія інстытуцыі былі прадстаўлены наступнымі дакладчыкамі: Катарына фон Шнурбайн (Еўрапейская камісія), Сема Кілічэр (Дэлегацыя Еўрапейскага Саюзу ў Турцыі), Стэфанас Стаўрас (Еўрапейская камісія супраць расізму і неталерантнасці (ECRI)), а таксама турэцкі прадстаўнік ECRI праф. д-р Гюн Кут.

Высокі навуковы ўзровень канферэнцыі быў забяспечаны прадстаўнікамі акадамэчнай супольнасці: Паскале Ферара (Еўрапейскі Універсітэт), д-р Петэр Петкаў (Оксфардскі універсітэт), праф. Кол Дзюрэм (Міжнародны цэнтр даследавання права і рэлігіі), праф. Эмрэ Ёктэм (Галатасарайскі ўніверсітэт), Катэрына Каркала-Зарба (Праваслаўная акадэмія Крыта).

Удзельнікі канферэнцыі мелі гонар быць прыянтымі у цэнтры Усясветнага Патрыярхату на Фанары (Стамбул). Яны даведаліся таксама пра гісторыю Халкінскай багаслоўскай школы, а таксама выразілі пажаданне, што яе праца будзе адноўленая ў бліжэйшы час.

У выніку канферэнцыі была прынята заключная рэзалюцыя (pdf, па-анг.).

З поўнай праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца на сайце КЕЦ (pdf). 

 

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
4 + 16 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.