Экуменічны візіт у Рэйнскую Царкву

Факультэт пратэстанцкага багаслоўя Універсітэта горада Бона мае шмат слаўных і легендарных імёнаў, але найслаўнейшае імя - прафесар Карл Барт, аўтар фунадментальнай трынаццацітомнай "Царкоўнай дагматыкі". Аднак, бадай, найбольшую значнасць для гісторыі Пратэстанцкай царквы мела не гэтая вялізная праца па сістэматычным багаслоўі, але зусім невялікі па памерах і надзвычайны па сэнсе дакумент - Барменская дэкларацыя, прынятая ў 1934 г. Пастарскім саюзам насуперак спробам гітлераўскага рэжыму прымусіць царкву служыць прасоўванню нацысцкіх ідэяў. Гэтая дэкларацыі стала краевугольным камнем Вызнаўчай царквы, царквы, якая змагалася з нацызмам. Для ідэнтычнасці сучаснай Рэйнскай царквы (Пратэстанцкай царквы ў Рэйнскай зямлі) Барменская дэкларацыя адыгрывае ключавую ролю. Рэйнская царква пастаянна знаходзіцца ў працэсе эклезіялагічнай рэфлексіі над сваім пакліканнем - як быць Царквой рэлевантнай, як не збіцца са шляху ці не пайсці па накатанай сцяжыне ўжо працуючых праектаў.

Для аўдыту свайго жыцця і дзейнасці, для асэнсавання стратэгіяў развіцця на будучыню, Рэйнскай царква запрасіла прадстаўнікоў партнёрскіх пратэстанцкіх цэркваў з розных куткоў свету, а таксама экуменічных партнёраў з Нямеччыны да ўдзелу ў дзесяцідзённым экуменічным візіце, як праходзіў з 11 па 22 чэрвеня 2015 г. Сярод 17-ці гасцей у якасці прадстаўніка Праваслаўнай царквы была і я.

Ва ўводнай частцы візіту, якая праходзіла ў Дзюсельдорфе, абылася сустрэча з цэнтральным кіраўніцтвам Рэйнскай царквы, а таксама знаёмства з уладкаваннем, асноўнымі дакументамі, гісторыяй, дзейнасцю царквы, а таксама асноўнымі выклікамі сучаснасці, якія стаяць перад ёй. Цікава, што Рэйнскай царква па сваёй тэрыторыі дзейнасці не адпавядае адміністратыўнаму дзяленню федэральных земляў і знаходзіцца ў 4 з іх: Паўночны Рэйн - Вестфалія, Райнланд-Пфальц, Саарланд і Гессэн. Такім чынам, Царкве даводзіцца супрацоўнічаць па многіх пытаннях з кіраўніцтвам чатырох федэральных земляў. Гэты рэгіён пераважна каталіцкі, у якім пратэстанты складаюць толькі 22,7% насельніцтва. Колькасць членаў Рэйнскай царквы складае 2,7 мільёнаў вернікаў, якія аб'яднаныя ў 732 абшчыны. У якасці супрацоўнікаў у Рэйнскай царкве ўладкаваныя каля 20 тысяч чалавек, а таксама 67 тысяч занятых у дыяканічным накірунку. У якасці пастараў і пастарак служаць прыкладна 2 тысяч выпускнікоў багаслоўскіх факультэтаў. А ў якасці валанцёраў (членаў прэсвітэрыяту, тых, хто спевае ў царкоўным хоры, дапамагае на дзіцячых богаслужэннях, займаецца моладзевым служэннем, наведвае хворых ці састарэлых членаў супольнасці) - каля 113 тысяч чалавек. Лічбы настолькі ўражваюць, што, здавалася, у тых, хто запаўняў табліцу са статыстыкай, палец заліпаў на лічбе "0". Але, як высветлілася "ў полі", нулі лішнімі не былі.

З 14 па 18 чэрвеня адбылася асноўная частка візіту, калі падзеленыя на 8 малых груп па два-тры чалавекі каманды раз'ехаліся па розных рэгіёнах Рэйнскай царквы, каб падрабязна азнаёміцца з адным з накірункаў дзейнасці, які з'яўляецца для рэгіёна профільным. Я, у кампаніі епіскапа Эрнста //Гамхамуба (дзве рысачкі перад "Г" азначаюць гук, які вымаўляецца як шчаўчок языком) з Намібіі і пастара Йелле Браўэра з Бельгіі, выправілася ў Рурскій рэгіён для вывучэння дыяканічнай дзейнасці.

Рурскі рэгіён, такі нямецкі Салігорск, горад шахтораў, супер-урбанізаваны і індустрыйны, суцэльная агламерацыя: з аднаго канца ў другі можна праехаць так і не пабачыўшы загардных краявідаў, калі скончваецца адзін горад, адразу пачынаецца другі. Некалі багаты рэгіён, куды, каб працаваць у шахтах і на заводах прыяжджала шмат гастарбайтэраў, увадначассе пасля закрыцця больш не прыбытковых шахтаў стаў ледзь не самым бедным. Высокі ўзровень беспрацоўя, бяздомных, а адпаведна - вялікай колькасці відэа-салоўнаў "для дарослых" і гульнявых аўтаматаў.

Мы наведалі сацыяльную вёску ў Мюльхайме на Руры, якой апякуецца Тэадора Фліднера і дзе жывуць і атрымліваюць належны догляд 600 чалавек - людзі з абмежаванымі магчымасцямі і састарэлыя, у тым ліку з дэменцыяй, догляд людзей з якой з'яўляецца спецыфікаў фонду. У вёсцы ёсць кавярня, розныя іншыя тусовачныя месцы, а таксама царква. Пенсіянеры старэйшага ўзросту стаяць у чарзе, каб зняць сабе ў вёсцы дамок. 

У панядзелак, 15 чэрвеня наша каманда наведала адзін з самых бедных гарадоў - Дуйсбург. І інтэнсіўнае азнаямленне з дыяканічнай дзейнасцю "на месцах" пачалося.

Што трэба ведаць пра Нямеччыну як сацыяльную дзяржаву?

Па-першае, тут усё арганізавана паводе прынцыпу субсідыярнасці. Калі за, дапусцім, чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі можа даглядаць сям'я, то даглядае сям'я (а чалавек атрымлівае сацыяльныя выплаты, за кошт якіх нехта з членаў сям'і можа не працаваць, а прысвяціць сябе догляду за хворым). Калі не можа сям'я, ці сям'і няма, ці няма сяброў, якія часткова маглі б выконваць функцыі дапамогі, ці няма царкоўнай супольнасці, з якой могуць прыйсці і наведаць, ці патрэбная спецыялізаваная прафесійная дапамога - у гульню ўступаюць іншыя інстытуцыі. Першая такая інстытуцыя - гэта царкоўныя дыяканічныя арганізацыі - пратэстанцая "Дыяканія" ці каталіцкая "Карытас". Гэтыя арганізацыі фінансуюцца не горш за дзяржаўныя сацыяльныя ўстановы, а таксама могуць дафінансоўвацца царкоўнымі грашыма, грашыма спецыялізаваных фондаў, добраахвотнымі ўнёскамі. І ўжо ў апошнюю чаргу - калі чалавек не трапляе ў поле дыяканічных царкоўных арганізацый - пра яго пачынае клапаціцца непасрэдна дзяржава. Часта дыяканічныя арганізацыі выступаюць агентамі па аказанні сацыяльных паслуг, атрымліваючы за гэта фінансаванне ад замоўцы (дзяржавы). Аднак ёсць таксама і добраахвотныя і выключна царкоўныя праекты. У першым выпадку ўзнікае пытанне - дык у чым жа, уласна, дыяканія? Чым царкоўныя арганізацыі лепей за камбінаты сацыяльных паслуг, якія проста як падрадчыкі робяць справу, атрымліваюць заробак і нічым не адрозніваюцца ад прыватных фірмаў? Напрыклад, нашай беларускай "Дыяканіі" з "Домам міласэрнасці".

Адрозненне ў тым, што кліенты, як правіла, за аказанне паслуг не плоцяць. Дакладней, за сацыяльна значныя паслугі плацяць усе жыхары Нямеччыны - са сваіх падаткаў, а ўжо далей працу сацыяльных работнікаў аплочвае дзяржава з бюджэту. Пры гэтым, у параўнанні з дзяржаўнымі канторамі, царкоўныя аказваюць больш высокі ўзровень сацыяльных паслуг, у тым ліку, дзякуючы ўласнаму фінансаванню, якое, напрыклад, дазваляе зрабіць візіты медсястры да чалавека больш працяглымі, аказаць дадатковыя паслугі.

Па-другое, вельмі вузкая спецыялізацыі арганізацый. Напрыклад, дапамога бяздомным у Дуйсбургу. Пытаемся - а як вы дапамагаеце бяздомным бежанцам. Атрымліваем адказ: мы бежанцам не памагаем, толькі мясцовым бяздомным, але бежанцам дапамагае спецыяльная арганізацыя нашай дыяканічнай сеткі, якая на дапамозе ўласна гэтай катэгорыі людзей і спецыялізуецца. 

Акрамя спецыялізаваных арганізацый - дыяканічных станцый, кавярняў для цяжкіх падлеткаў з інтэрнатам для падлеткаў, якія не маюць дзе жыць, альбо дапамогі беспрацоўным, вядзецца сацыяльная праца і пры прыходах. Напрыклад, у Альтэн-Эсэне, дапамога жанчынам датычна цяжарнасці, сям'і і сэксуальнасці. Жанчыны могуць прыйсці і атрымаць параду ад дарадцы. Дакладней, дарадца спрабуе дапамагчы жанчыне зразумець, чаго яна сама жадае. Нават жартаўліва называюць свой падыход Ева-нгелічным ад імя прамаці Евы. У вельмі далікатных пытаннях, калі жанчына прыходзіць гатовая да аборту, прыходскія кансультанты яе не адгаворваюць ад аборта наўпрост, але прапануюць рознага кшталту дапамогу, у тым ліку матэрыяльную. Там жа знаходзіцца спецыяльная камера з адзеннем, цацкамі, кніжкамі, побытавай тэхнікай, посудам, каляскамі і г.д., дзе кожная жанчына можа ўзяць за сімвалічны кошт неабходныя сабе і дзіцяці рэчы.

У цэнтры дыяканічнага служэння заўсёды стаіць чалавек. Мяне вельмі ўразіла наведанне дыяканічнай станцыі, а таксама хворых разам з патранажнай сястрой. Адна з жанчын, якую мы наведвалі, ужо шмат гадоў была прыкаваная да ложку. Да яе сацыяльныя супрацоўнікі прыходзяць некалькі разоў на дзень. Гігенічныя працэдуры, якія б маглі займаць паўгадзіны, займаюць сорак пяць хвілін. Чаму? Бо сястра міласэрнасці стараецца максімальна ўключыць у гэты працэс саму "кліентку". Усё, што яна можа рабіць сама - яе заахвочваюць рабіць самой, каб яны максімальна адчувала сябе не аб'ектам, а суб'ектам клопату. Што датычыць ежы, яна заўжды можа замовіць сабе з меню ўпадабаную. Яе не проста накормяць, каб падтрымаць жыццядзейнасць арганізму, а накормяць так, каб яна атрымала асалоду і радасць ад ежы. І гэтак далей.

Таксама важным элементам разумення дыяканічнага служэння з'яўляецца яго "вірусны" характар. Дыяканія заахвочвае людзец быць не проста спажывальнікам нейкіх сацыяльных паслуг, але і ў сваю чаргу, гэтыя паслугі прадастаўляць. Напрыклад, дапамога па хатнім заданні. Пры адным з прыходаў у Эсэне дзейнічае такі праект: дзеці пасля школы могуць прыйсці рабіць хатнія заданні ў дзіцячы цэнтр. Розныя бываюць сямейныя сітуацыі - і не заўсёды ў дзіцяці ёсць магчымасць спакойна сабе пасядзець і парашаць задачкі па матэматыцы. Альбо школьнік з сям'і эмігрантаў яшчэ не дасканала ведае мову і без дапамогі "не ўрубаецца", а вучыцца хоча добра. І вось старэйшыя юнакі і дзяўчаты - многія з якіх, дарэчы, і самі калісьці былі такімі патрабуючымі дапамогі школьнікамі - сядзяць з меншымі і робяць хатнія заданні. Нечым нагадвае "падцягванне адстаючых" у расказах пра піянераў. Пасля - усе разам гуляюцца ў настольныя гульні, слухаюць музыку, размаўляюць, тусуюцца, і паступова растуць.

Хто чытае па-нямецку, можа азнаёміцца з падрыхтаваным па выніках візіту дакладам: (менавіта на складанне дакладу і пайшло тры апошнія дні візіту, калі ўсе шэсць камандаў вярнуліся са сваіх “тэматычных” рэгіёнаў: 1. Святарскае служэнне; 2. Дыяканія; 3. Місія і евангелізацыя; 4. Адукацыя і інклюзіўнасць; 5. Царква і дзяржава; 6. Адказнаць у глабальным свеце,

Дэвіз царквы "Свабода і адказнасць!"

Фота: Клаўдыё Гніпэк

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.