Летняя школа "Цэрквы і анты-дыскрымінацыя" Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў прайшла 25-29 траўня ў Хагабергу, Швецыя

У межах праекту летніх школ па правах чалавека Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў адбылася другая тэматычная сесія "Цэрквы і анты-дыскрымінацыя". Яна была арганізавана у супрацоўніцтве з Царквой Швецыі і Аб'ядноўваючай Царквой Швецыі і прайшла 25-29 траўня ў Хагабергу, Швецыя.

Фотаздымак: Elizabeta Kitanovic, CEC
Фотаздымак: Элізабэта Кітановіч, КЕЦ (c).

Праграма мела міждысцыплінарны характар і ўключала багаслоўскі, палітычны, сацыялагічны і юрыдычны падыходы да дыскрымінацыі. Цягам пяці дзён сорак удзельнікаў і выдатных дакладчыкаў абмяркоўвалі розныя віды дыскрымінацыі, заснаванай на рэлігіі, этнічным і расавым паходжанні, поле і іншых падставах. Удзельнікі атрымалі базавыя веды па анты-дыскрымінацыйным заканадаўства на ўзроўні Еўрапейскага Саюзу, Савета Еўропы і Арганізацыі аб'яднаных нацый.

У прэзентацыі, якую прадставіў удзельнікам супрацоўнік Інстытута правоў чалавека і гуманітарнага права імя Раўля Валенберга Мортэн К'ерум, была звернута ўвага на злачынствы нянавісці і недастатковыя паведамленні пра іх, асабліва з боку ахвяр. Апроч гэтага, на думку даследчыка, праблема барацьбы з дыскрымінацыяй палягае ў тым, што дыскрымінацыя носіць характар падсвядомай, палягае ў культурнай перадузятасці, часта ўскосная, і хоць і не з'яўляецца мэтанакіраванай на ўціск нейкіх групаў ці індывідаў, у выніку прыводзіць да яго.

З дакладамі на тэму багаслоўскіх падыходаў да правоў чалавека ў іх сувязі з правам і палітыкай на канферэнцыі таксама выступілі праваслаўныя багасловы святар Канстандзінас Кенанідзіс, дырэктар Праваслаўнага багаслоўскга інстытута Святога Паўла (Брусэль, Бельгія), архім. Нікіфар Мілавіч, Сербская Праваслаўная Царква (Чарнагорыя). Істотны ўнёсак у працу летняй школы ўнеслі прадстаўнікі тэалагічных інстытуцыяў і царкоўных арганізацый прымаючай краіны - Швецыі. Сярод іх: д-р Міхаэль Х'ельм, дэкан Багаслоўскай акадэміі св. Ігнація (Сёдэртэлле), д-р Гёран Гунэр, дацэнт Стакгольмскай тэалагічнай школы (Стакгольм), Крысціна Хэлкўіст, дарадца па справах мігрантаў і інтэграцыі Царквы Швецыі, Марко Хэлес, выкладчык Стакгольмскай тэалагічнай школы (Стакгольм). На школе выступілі таксама Яганэс Брандстэтэр, супрацоўнік у галіне правоў чалавека дыяканічнай арганізацыі Пратэстанцкай Царквы Германіі "Дыяканія", Паўл Лапалайнен, член Еўрапейскай камісіі супраць расізму і неталерантнасці (ECRI), Жоэль ле Дэроф, Еўрапейская сетка супраць расізму.

Удзельнікі школы пазнаёміліся таксама з жыццём народнасці самі, даклад пра якую прадставіў пастар Герард Ўілемсэн, Аб'ядноўваючая Царква Швецыі, а таксама народу рома - наведаўшы выставу "Мы - ромы" на Форуме вуснай гісторыі ў Стакгольме. У час наведанне мясцовай рады Сёдэртэлле, адміністратыўнага раёна Швецыі з найвялікшай колькасцю мігрантаў, міжнародная экуменічная група даведалася пра захады і палітыку ў галіне працы з бежанцамі і мігрантамі, сустрэлася з прадстаўнікамі міжрэлігійнай рады гораду. Удзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з барацьбой з дыскрымінацыяй у Швецыі ад прадстаўнікоў шведскага Абудсмэна па роўнасці, якія зрабілі прэзентацыі аб прынцыпах і выніках працы гэтага дзяржаўна-грамадскага інстытута, - у царкве Святога Імануэля ў Стакгольме.

Наталля Васілевіч, эксперт “Ініцыятывы FORB”, член працоўнай групы па правах чалавека Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў:

З самага пачатку экуменічнага руху пытанне дыскрымінацыі і таго, як да яе ставяцца і як з ёй змагаюцца Цэрквы, было вельмі важным, асабліва таму, што нарэдка цягам не толькі старажытнай, але і бліжэйшай гісторыі Цэрквы падтрымлівалі структуры ўціску, аргументуючы гэта сваімі багаслоўскімі поглядамі, знаходзячы апраўданне дыскрымінацыі ў Бібліі, выступаючы інстытутамі каланізацыі і прыгнёту. Крытычнае пераасэнсаванне місіянерскіх метадаў, ролі Цэркваў у барацьбе за роўнасці і справядлівасць па ўсім свеце, дэканструкцыя механізмаў уціску і маргіналізацыі, існуючых унутры саміх царкоўных супольнасцяў - усё гэта стала неад'емнай часткай сацыяльна адказнай ідэнтычнасці Сусветнай Рады Цэркваў і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, якія бачылі задачу ў тым, каб дапамагчы быць пачутымі тым, чый голас занадта слабы. Для Беларусі гэта балючае пытанне ў тым ліку таму, што Цэрквы большасці не заўсёды нават гатовыя пачуць сваіх братоў і сёстраў з Цэркваў меншасці, не кажучы ўжо пра тое, каб заступіцца за іх у выпадку несправядлівага ўціску.

Школа ў Хагабергу стала чарговым царкоўна-акадэмічным праваабарончым мерапрыемствам Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў такога кшталту пасля летняй школы ў Палерма на тэму свабоды рэлігіі і веравызнання, якая прайшла ў верасні 2014 г., а таксама супольнага трэнінга Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў і Еўрапейскай Баптысцкай Федэрацыі ў Эльсталі, які прайшоў ў лістападзе 2014 г. На гэты і наступныя гады запланавана правядзенне шэрагу падобных мерапрыемстваў у супрацоўніцтве з акадэмічнымі і царкоўнымі інстытуцыямі.

Больш інфармацыі - на сайце Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў.

Каб даведацца, наколькі вольна ад забабонаў і перадузятасці, можна прайсці адмысловы тэст, які дазваляе выявіць унутраныя структуры несвядомых стэрэатыпаў: Harvard Implicit Association Test.

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.