Падрыхтоўка кадраў рымска-каталіцкага духавенства ў Беларусі (1772 – 1869 гг.): асаблівасці дзяржаўна-прававога рэгулявання

Аўтар: 
Рая Зянюк

Сістэма падрыхтоўкі рымска-каталіцкага дыяцэзіяльнага духавенства, прадстаўленая дыяцэзіяльнымі духоўнымі семінарыямі, была створана на Трыдэнцкім саборы (1545–1563 гг.). Дэкрэт сабора аб семінарыях ствараў новы тып навукова-выхаваўчага інстытута, які забяспечваў адукацыю і выхаванне кадраў духавенства. Сістэма была цэнтралізаванай: семінарыі адной дыяцэзіі падпарадкоўваліся біскупу, які ажыццяўляў вышэйшае кіраванне імі, надаваў статуты, а таксама распрацоўваў або зацвярджаў праграмы навучання.

Пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) і змен межаў каталіцкіх дыяцэзій, семінарыі мелі толькі дзве з іх: Віленская і Магілёўская. Мінская дыяцэзія, Кіеўскі і Беластоцкі архідыяканаты (уваходзілі ў межы Магілёўскай архідыяцэзіі) асобных навучальных устаноў не мелі.

Першапачаткова, сістэма падрыхтоўкі кадраў каталіцкага духавенства і дзейнасць духоўных семінарый не ўваходзіла ў сферу зацікаўленасці расійскіх уладаў. Гэта дало магчымасць біскупам адкрыць новыя семінарыі ў Магілёве (1788 г.), Мінску (1803 г.), Беластоку (1815 г.) і Звянігарадку (1820 г.). У выніку, па стане на 1830 г. на тэрыторыі 6 дыяцэзій Расійскай імперыі, дзейнічала 14 семінарый. З іх у межах сучаснай Беларусі функцыянавалі тры духоўныя навучальныя ўстановы: у Брэсце (для патрэб Віленскай дыяцэзіі), Магілёве (для Магілёўскай архідыяцэзіі) і Мінску (для Мінскай дыяцэзіі).

Першапачаткова ўрадавыя распараджэнні адносна семінарый тычыліся выключна іх падпарадкавання. У рамках агульнадзяржаўных мерапрыемстваў па падпарадкаванні каталіцкага касцёла свецкім уладам было створана Галоўнае ўпраўленне духоўнымі справамі замежных веравызнанняў (1810 г.). У 1817 г. распачало дзейнасць Міністэрства Духоўных спраў і Народнай асветы, пад юрысдыкцыю якога перайшлі каталіцкія духоўныя навучальныя ўстановы. Функцыі кантролю і нагляду выконваліся толькі фармальна, што дазваляла духоўным навучальным установам дзейнічаць у традыцыйным рэчышчы (у адпаведнасці з кананічнымі нормамі). У 1824 г. справы каталіцкай царквы былі перададзены

Галоўнаму ўпраўленню духоўных спраў замежных веравызнанняў. У сферу кампетэнцыі Упраўлення ўваходзіў і кантроль над дзейнасцю духоўных семінарый, які і ў дадзеным выпадку спаўняўся выключна фармальна. З 1842 да 1847 г. вызначаючым прынцыпам у палітыцы ўрада была абавязковая залежнасць духоўных семінарый ад Дэпартамента замежных веравызнанняў Міністэрства унутраных спраў [11, c. 16].

Біскупы былі пазбаўлены ўлады над семінарыямі, а кіраўніцтва духоўнымі семінарыямі (рэктар, інспектар, эканом і два свецкія выкладчыкі) перайшлі ў падпарадкаванне Пецярбургскай духоўнай акадэміі.

Змена палітычнага курсу пасля паўстання 1830 – 1831 гг. закранула і сферу духоўнай адукацыі. Чарговым крокам расійскіх улад у справе рэалізацыі нагляду за падрыхтоўкай кадраў каталіцкага духавенства стала скарачэнне колькасці семінарый шляхам іх аб’яднання і ўзбуйнення. 8 жніўня 1839 г. выйшла пастанаўленне Камітэта міністраў аб далучэнні Звянігарадскай семінарыі да Магілёўскай [9]. У 1843 г. Краслаўская, Беластоцкая, Магілёўская семінарыі Магілёўскай архідыяцэзіі былі аб’яднаны ў адну і далучаны да Мінскай [5; 6]. У Мінскай семінарыі ад таго моманту навучаліся семінарысты для двух дыяцэзій. У выніку Магілёўская архідыяцэзія, якая мела найбольшую тэрыторыю, засталася без уласнай семінарыі, што супярэчыла кананічным нормам каталіцкага касцёла. У 1869 г. была скасавана Мінская дыяцэзія, а разам з ёй і Мінска-Магілёўская семінарыя. Справа адукацыі будучых каталіцкіх святароў стала яшчэ больш складанай: калі выхадцы з тэрыторыі былой Мінскай дыяцэзіі мелі права навучацца ў Вільні, то тыя, хто паходзіў з Магілёўскай дыяцэзіі, маглі атрымаць адукацыю толькі ў выключных выпадках у Пецярбургскай акадэміі.

Змест і праграмы навучання да 1843 г. вызначаліся біскупамі і рэгенсамі семінарый. Статут 1843 г. пашырыў праграмы навучання і агульную колькасць вучэбных гадзін. У 1847 г. паміж Расійскай імперыяй і Рымам быў падпісаны канкардат, які рэгуляваў узаемаадносіны расійскага ўрада і каталіцкай царквы. У сферы духоўнай адукацыі канкардат у пэўнай ступені вяртаў каталіцкім іерархам уладу над працэсам падрыхтоўкі духавенства. Аднак усе мерапрыемствы ў галіне духоўнай адукацыі павінны былі быць адобраны ўрадам. Біскупы мелі права звальнення з пасады любога працаўніка семінарыі, спыненне выкладання навук у ёй або ўвогуле закрыццё. Канкардат замацоўваў права біскупаў на фарміраванне праграм навучання ў семінарыях падуладнай яму дыяцэзіі. У змесце праграм па нетэалагічных прадметах улады абавязваліся ўлічваць меркаванне біскупа. Прадугледжвалася, што нетэалагічныя прадметы будуць выкладаць свецкія настаўнікі згодна з інструкцыямі Пецярбургскай навучальнай акругі. Уступныя і выпускныя экзамены павінны былі адбывацца ў прысутнасці дэлегата ад кіраўніцтва навучальнай акругі. Ва ўступныя экзамены ўводзіліся руская мова, геаграфія і гісторыя Расійскай імперыі. Мовамі навучання вызначаліся руская (для нетэалагічных прадметаў) і лацінская (для тэалагічных).

Пачынаючы з 1832 г. умовы прыёму ў каталіцкія духоўныя навучальныя ўстановы сталі больш жорсткімі і падпарадкаванымі свецкім уладам. З таго ж часу ад дзяржаўнай адміністрацыі залежала і атрыманне святарскіх пасвячэнняў: пасля заканчэння семінарыі неабходным крокам было атрыманне дазволу з земскіх судоў аб адсутнасці перашкод. Перыяд паміж паўстаннямі характарызаваўся рэалізацыяй саслоўнага прынцыпа адбору семінарыстаў, а таксама агульным ўзмацненнем кантролю за паступаючымі. Згодна з правіламі прыёму ў семінарыі ад 26 лістапада 1832 г. неабходна было “Возложить на всех римско-католических епархиальных начальников обязанность о каждом принимаемом в семинарию клирике немедленно извещать местных гражданских губернаторов и сообщать им все нужные сведения. Если же начальник края не усмотрит неправильности в приёме, то делает по сему предмету на законном основании распоряжение и доносит об оном министерству внутренних дел” [8]. У 1837 г. расійскі ўрад загадаў прымаць у семінарыю толькі шляхту, і тое толькі з ведама генерал-губернатара [4, s. 136]. Аднак указам ад 23 кастрычніка 1839 г. дазвалялася прымаць на навучанне асоб з падатковых саслоўяў [7, арк. 1]. У 1855 г. рымска-каталіцкая духоўная калегія выдала ўказ, у якім прадпісвала неадкладна паведамляць мясцовым губернатарам аб кожным прынятым ў семінарыю і прадстаўляць усе неабходныя звесткі аб іх вольным стане і аб наяўнасці або адсутнасці перашкод для паступлення. Узмацняўся кантроль над асобамі, якія навучаліся ў семінарыях: рэктарам прадпісвалася штогод дасылаць грамадзянскім губернатарам іх іменныя спісы і ведамасці аб пастаянным месцы знаходжання [2]. Пасля паўстання 1863–1864 гг. прадпісанні адносна прыняцця навучэнцаў у семінарыі сталі яшчэ больш жорсткімі.

Згодна з Высачайшым пастанаўленнем ад 22 мая 1864 г. загадвалася каб: “приём клириков в монастыри и учеников в семинарии <…> отнюдь не были допускаемы без предварительного на то согласия и разрешения главного начальника края” [1, k. 82]. Разам з гэтым, лаяльнай стала палітыка адносна саслоўнага паходжання будучых святароў.

Змены ў дзяржаўным заканадаўстве па пытанні падрыхтоўкі кадраў рымска-каталіцкага духавенства былі выкліканы грамадска-палітычнымі падзеямі ў краі. Першапачаткова ўрад Расійскай імперыі не выступаў ініцыятарам новых прававых норм: як правіла ў заканадаўчых дакументах фіксаваліся тыя пункты, якія не супярэчылі наяўнай заканадаўчай базе. Пачынаючы з 1830-х гг. назіралася ўзмацненне дзяржаўнага ўплыву на працэс падрыхтоўкі рымска-каталіцкага духавенства па шэрагу напрамкаў: 1) колькасным (дзяржаўным рэгуляванні колькасці і структуры духоўных навучальных устаноў); 2) сутнасным (уплыве дзяржаўных уладаў на змест і рэалізацыю праграм навучання); 3) персанальным (кантролі органаў дзяржаўнай улады над паступаючымі і навучэнцамі).

Аб аўтары:

Рая Зянюк, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Тэзісы дакладу, прадстаўленага ў межах канферэнцыі "Тэалагічная адукацыя ў Беларусі і краінах Еўропы ў кантэксце забеспячэння свабоды веравызнання", якая прайшла ў Мінску 21-22 лістапада 2014 г.

_______

Літаратура і спасылкі

  1. BKUL. ZBU. – Rkps 761.
  2. LVIA. – Ф. 694. Воп. 1. Спр. 835
  3. Piechnik, L. Seminaria duchowne w (archi)diecezji Wileńskiej do 1939 r. // Studia teologiczne. 600 lat archidiecezji Wileńskiej. – 1987–1988.  № 5-6. – S. 201–230
  4. Wołonczewski, M. Biskupstwo Żmudzkie. – Kraków, 1898. – 247 s.
  5. НГАБ (Мінск). – Ф. 1781. Воп. 2. Спр. 1454
  6. НГАБ (Мінск). – Ф. 1781. Воп. 2. Спр. 1456
  7. НГАБ (Мінск). – Ф. 1781. Воп. 2. Спр. 4206
  8. О приёме людей в Римско-Католические Семинарии, Монастыри, доставлении списков о Духовенстве Гражданскому начальству и о дистинкториальных крестьянах, 26 ноября 1832 г. // ПСЗРИ 2. – Т. 7. – С. 863–864
  9. О присоединении существующей в г. Звенигородке Римско-Католической Духовной Семинарии к Семинарии сего исповедания в Могилёве, 8 августа 1839 г. // ПСЗРИ 2. – Т. 14. – С. 671
  10. Об упразднении некоторых Римско-Католических монастырей, 19 июля 1832 г. // ПСЗРИ 2. – Т. 7. – С. 510
  11. Радван, М. Римско-католические духовные учебные заведения Санкт-Петербурга в 19 в. (1842-1917 гг.) // М. Радван. Санкт-Петербург, 1995 – 25 с.

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.