Старшыня БХК Алег Гулак: Закон пра свабоду веравызнання павінен быць іншым

Аўтар: 


Ганна Мызенка



Здаецца, што пытанні свабоды веравызнання апошнім часам не вельмі часта ўздымаюцца ў Беларусі. Айчынныя праваабаронцы ў большасці сваёй спецыялізуюцца ў абароне правоў грамадзянаў, якія трапілі пад ціск уладаў праз свае палітычныя погляды. Аднак у адной са старэйшых праваабарончых арганізацый краіны – Беларускім Хельсінкскім камітэце за свабодай веравызнання па-ранейшаму пільна сочаць. Проста, на думку старшыні БХК, у пытаннях свабоды веравызнання сітуацыя крыху памянялася. Мы пагутарылі з Алегам Гулаком, старышнём Беларускага Хельсінскага камітэту.



- Спадар Алег, якая праца вядзецца ў БХК па пытаннях свабоды веравызнання?



- За доўгі час існавання нашай арганізацыі мы працавалі шмат з якімі канфесіямі. Па дапамогу звярталіся і зарэгістраваныя, і незарэгістраваныя рэлігійныя аб’яднанні. Мы рэгулярна робім даклады па свабодзе веравызнання. У нас ёсць адмыслоўцы па гэтых пытаннях, той жа Віктар Адзіночанка, напрыклад. У свой час мы шмат намаганняў прыклалі, каб Закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» быў іншым. Асабліва ў 2002-2003 гадах, калі яго рыхтавалі і прымалі.


- Якія асноўныя заганы Закону аб свабодзе веравызнання?


- Закон вылучае паняцце гістарычных канфесій. Але падкрэсліваць гістарычны ўплыў - гэта значыць уводзіць розніцу паміж канфесіямі. Атрымліваецца, што адныя канфесіі лепшыя за іншыя. А насамрэч так быць не павінна. Па-другое, дзейнасць незарэгістраваных арганізацый забароненая, і сама канструкцыя закону створана такім чынам, што шмат якія арганізацыі проста не могуць быць зарэгістраваныя. А без рэгістрацыі забаронена тое, што паводле Канстытуцыі і міжнародных пагадненняў павінна быць гарантавана: гэта свабоднае аднаасобнае альбо разам з іншымі адпраўленне рэлігійных культаў. Потым ёсць яшчэ такія складаныя забароны на прапаганду сваіх ідэяў, на выказванне сваіх думак, на запрашэнне замежных святароў, на выданне і распаўсюд замежнай літаратуры. І такіх пытанняў у законе досыць шмат. Ну, і зноў жа пытанне, як гэта ўсё на практыцы прымяняецца. Зараз, канешне, усё крыху лепш, чым раней, але да той пары, пакуль вернікі не пачынаюць змагацца за свае правы.


- Якія беларускія канфесіі маюць больш за ўсё праблемаў звязаных з адсутнасцю свабоды веравызнання?


- Па першае наш Закон "Аб свабодзе сумлення" вельмі не сучасны. Шмат у чым ён супярэчыць міжнародным дамовам. Праблемы перш за ўсё з тым, што шмат якія канфесіі проста не могуць зарэгістравацца, а без рэгістрацыі не маюць права існаваць. У традыцыйных канфесій, якія звыкла працуюць у Беларусі, у іх менш праблемаў. Хаця таксама розныя сітуацыі з’яўляюцца. А перш за ўсё з праблемамі сутыкаюцца маладыя канфесіі, каторыя хутка растуць, і каторыя хацелі б быць больш актыўнымі, а іх стрымліваюць. Гэта тычыцца як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх канфесій: пратэстантаў, асабліва харызматаў і баптыстаў, індуістаў рознага кшталту, тых жа самых Сведкаў Еговы, Адвентыстаў сёмага дня. Канфесій насамрэч вельмі шмат, толькі зарэгістраваных каля двух з паловаю дзясяткаў. Тыя, каторыя хочуць быць больш актыўнымі, у тых больш праблем. Калі ціха і спакойна збірацца, то, трэба аддаць належнае, на сённяшні момант улады нейкую больш-менш спакойную лінію выпрацавалі, і калі людзі не моцна лезуць у публічнасць, не моцна актыўнічаюць, то з імі мірацца.


- Наколькі ўвогуле зараз прыярытэтная праблема свабоды веравызнання ў Беларусі?

- Ну пытанне вельмі ўмоўнае, бо ў нас няма вялікіх сутыкненняў на гэтай глебе, і ўлады трошкі навучыліся больш-менш гэта разрульваць. Але перыядычна гэтая праблема ўзнікае. Праблема важная, перш за ўсё таму, што гэта вельмі далікатная сфера, сфера перакананняў чалавека. Гэта глеба, на якой патэнцыйна могуць развівацца канфлікты ўнутры грамадства. Таму важнае каб рэгуляванне ў гэтай сферы было акуратным, бо забаронамі дакладна нічога не дамагчыся.


- Дзе ў такім выпадку мяжа паміж бяскрыўдным рэлігійным аб’яднаннем і небяспечнай для псіхікі сектай, калі праца праваабаронца ўжо сканчаецца?


- Па-першае, асабіста я ў Беларусі з такімі выпадкамі не сутыкаўся, па-другое для гэтага і павінен быць нармальна прапісаны, зразумелы на практыцы закон, які правільна прымяняюць. Ён бы і разводзіў тое, што называюць дэструктыўнымі арганізацыямі, каторыя наносяць шкоду, і звычайнымі рэлігійнымі арганізацыямі. Зразумела, што гэта далікатная сфера, дзе заўсёды некаму нешта не падабаецца. Калі чалавек прыхільнік адной канфесіі, то зразумела, што ён лічыць, што ўсе астатнія – шкодныя. Такое часта бывае. З другога боку шмат якія чыноўнікі лічаць, што паколькі для іх нешта – нязвыклае, то аўтаматычна гэта нясе небяспеку і шкоду. З аднога боку, гэта ад недапрацаванасці закону, а другога боку – ад недавучанасці людзей, каторыя гэтым займаюцца. Тут няма такога агульнага рэцэпту, трэба толькі зрабіць добры закон і акуратна яго прымяняць.


Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
7 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.