БЕЛАРУСЬ: Паклёпы і перашкоды, каб не ўпускаць замежнікаў

Аўтар: 
Ольга Глейс

Каталікі рашуча адказалі на абвінавачванні галоўнага чыноўніка па справах рэлігій пра тое, што замежныя каталіцкія святары, якія працуюць у Беларусі, часта парушаюць закон, адзначае Служба навінаў Forum 18. «Яны не любяць нашу краіну, нашы законы і ўлады. У такіх выпадках мы не працягваем іх знаходжанне ў нашай краіне», — заявіў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, выступаючы са штогадовым дакладам за 2014 год. Ён абвінаваціў неназваных святароў у правядзенні службаў за межамі раёнаў, у якіх яны атрымалі дазвол уладаў на служэнне, няведанні дзяржаўных моў (рускай і беларускай) і кіраванні ў нецвярозым стане. І Гуляка, і яго намеснік адмовіліся растлумачыць свае абвінавачванні Forum 18, якія каталікі апісалі як «паклёп». З вялікай цяжкасцю быў падоўжаны дазвол польскаму святару айцу Раману Шульцу застацца ў сваім магілёўскім прыходзе яшчэ на шэсць месяцаў да 20 чэрвеня 2015 года, паведамілі Forum 18 каталікі. Пратэстанцкай семінарыі не ўдалося атрымаць дазволы для замежных рэлігійных выкладчыкаў. А суд выдаў папярэджанне двум Сведкам Іеговы, якія як замежнікі не мелі права гаварыць з людзьмі аб сваёй веры.

Абвінавачванні супраць каталіцкіх святароў, якія прыехалі з-за мяжы, у кіраванні ў нецвярозым стане і іншых правапарушэннях, вылучаныя галоўным чыноўнікам па справах рэлігій, пацягнулі за сабой пратэст лідараў каталіцкай грамадскасці і збор подпісаў пад петыцыяй ад мясцовых каталікоў. Навінавая служба Forum 18 высветліла, што яны лічаць дадзеныя выказванні неабгрунтаванымі і паклёпніцкімі. Каталіцкія біскупы папракнулі ўлады ў тым, што, нягледзячы на ​​недахоп кадраў, святарам з-за мяжы адмаўляюць у выдачы дазволу на служэнне ў Беларусі. Кіраўнік Мінскай баптысцкай семінарыі паведаміў прадстаўнікам Forum 18 аб тым, што запрашэнні замежных выкладчыкаў часцяком блакуюцца, а два Сведкі Іеговы атрымалі афіцыйнае папярэджанне суда аб тым, што яны не маюць права абмяркоўваць сваю веру з мінакамі, бо не з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Улады ўжо даўно выказвалі намер скараціць колькасць замежных рэлігійных дзеячаў у Беларусі. Хоць Руская Праваслаўная Царква і мае ў сваіх шэрагах замежных святароў (у іх ліку Мітрапаліт Павел), Каталіцкая царква найбольш моцна залежыць ад прытоку святароў з замежжа. Аднак Forum 18 адзначае, што лідары Каталіцкай царквы з неахвотай абмяркоўвалі адмовы ў выдачы віз і дзяржаўнага дазволу, неабходнага замежнікам для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.

Прарэктар Мінскай Баптысцкай Багаслоўскай Акадэміі Якаў Цімафееў адзначыў, што выкладчыкам, запрошаным з-за мяжы, асабліва з ЗША, адмаўляецца ў выдачы беларускіх віз. «Мы стараемся не ствараць шуміхі і запрашаем іншых выкладчыкаў», — паведаміў ён Forum 18 26 студзеня. Ён паведаміў, што ім дазволена запрашаць замежных выкладчыкаў для правядзення кароткіх семінараў.

У 2000-я гады вядома каля 30 выпадкаў адмовы замежнікам — каталікам, пратэстантам, юдэям — у ажыццяўленні рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.

Цяжкасці ў падаўжэнні дазволу

Паказальным у дадзеным кантэксце з’яўляецца выпадак ксяндза Рамана Шульца. Польскі святар з Дамініканскага ордэна, ён праслужыў у касцёле святых Казіміра і Ядвігі ў Магілёве ўжо 7 гадоў, калі ў красавіку 2014 года ўлады адмовілі яму ў падаўжэнні дазволу на служэнне. Пасля пратэстаў вернікаў, кс. Шульцу дазвол працягнулі, спачатку на 10 дзён, на велікодны перыяд, а затым да 20 снежня 2014 года.

Толькі з вялікімі цяжкасцямі яго дазвол было падоўжаны яшчэ на паўгода да 20 чэрвеня 2015-га, — паведамілі каталіцкія крыніцы Forum 18.

Таксама ў 2014-м польскаму святару-францішканіну было адмоўлена ў прыбыцці ў Івянец, Мінская вобласць.

Прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў кс. Юрый Санько адмаўляў у сваім інтэрв’ю Forum 18 26 студзеня факты адмоў у выдачы віз польскім святарам. Ён пацвердзіў факт памяншэння колькасці замежных святароў, патлумачыўшы гэта тым, што яны прыязджаюць толькі на пэўны тэрмін і па яго заканчэнні пакідаюць межы Беларусі.

Паклёп?

Напружанне паміж дзяржавай і Каталіцкай Царквой вырасла пасля публікацыі штогадовай справаздачы за 2014 год Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў 22 студзеня 2015-га. У гэтай справаздачы ён вінаваціў каталіцкіх святароў з Польшчы ў розных правапарушэннях, уключаючы іх ўцягнутасць ў палітыку, а таксама абвінаваціў Царкву ў нежаданні рыхтаваць мясцовых святароў.

«Некаторыя святары з Польшчы спрабуюць займацца палітыкай», — сцвярджаў Гуляка, чые выказванні былі ў той жа дзень растыражаваныя агенцтвам БелТА. «Яны не любяць нашу дзяржава, нашы законы і ўлады. Мы не супраць замежнага духавенства. .. Але мы ўвесь час падкрэсліваем, што яны павінны займацца тым, для чаго іх сюды запрасілі».

Абвінавачваючы замежных святароў у правапарушэннях, Гуляка згадаў, што некаторыя з іх знаходзіліся па-за межамі краіны на працягу больш чым 340 дзён, праводзілі службы па-за дазволеных раёнаў, не валодалі дзяржаўнымі мовамі (беларускай і рускай), а таксама кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане.

Гуляка таксама абвінаваціў Сведак Іеговы ў шматлікіх «парушэннях», скарыстаўшыся імі як падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Forum 18 паспрабаваў звязацца з Гулякам 24 студзеня з мэтай даведацца прыклады падобных парушэнняў, аднак яго сакратар — пасля кароткай размовы з начальнікам — завіў, што ён па тэлефоне інтэрв’ю не дае. Сакратар перанакіраваў Forum 18 да яго намесніка, Уладзіміра Ламекі, аднак ён таксама адмовіўся абмяркоўваць справаздачу Гулякі. «Са справаздачай выступіў Гуляка — яго і пытайцеся. Калі не ён, то самі і каментуйце», — адказаў ён Forum 18. Астатнія пытанні праігнараваў і паклаў трубку.

Кс. Санько з Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў абсалютна адмовіўся каментаваць заявы Гулякі «Папытаеце каментар у майго кіраўніка», — адказаў ён Forum 18. Forum 18 не змаглі звязацца з арцыбіскупам Мінскім Тадэвушам Кандрусевічам.

Прэзідэнт Лукашэнка таксама выказаў сваю незадаволенасць працай польскіх святароў на прэс-канферэнцыі 29 студзеня. Ён заявіў, што «незадаволены службай некаторых палякаў [святароў] на нашай зямлі» і што ён казаў Папе Бэнэдыкту ў красавіку 2009-га, што часам яны «займаюцца тым, чым не варта», — паведаміла БелТА ў той жа дзень. Лукашэнка абвінаваціў некаторых святароў у здзяйсненні нейкіх «адміністрацыйных правапарушэнняў».

«Без іх дапамогі многія католікі засталіся б без пастырскай апекі»

30 студзеня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў назвала абвінавачванні супраць замежных святароў беспадстаўнымі. «Мы, разам з вернікамі, з глыбокай занепакоенасцю разглядаем гэтыя абвінавачванні як беспадстаўныя абразы Каталіцкай Царквы і распальваньне міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці», — паведамляе сайт Catholic.by. Каталіцкія біскупы запатрабавалі ад Гулякі доказаў, якія пацвярджаюць яго публічныя абвінавачванні і папрасілі надалей падобныя праблемы абмяркоўваць непасрэдна з імі.

«Наша Царква ўсё яшчэ мае патрэбу ў святарах з-за мяжы», — падкрэслілі біскупы. Яны таксама дадалі, што замежныя святары ўдзельнічаюць у адраджэнні беларускай Царквы і аднаўленні храмаў, «што без іх бы не атрымалася». «Без іх дапамогі многія католікі засталіся б без пастырскай апекі».

Яшчэ да афіцыйнай рэакцыі каталіцкіх біскупаў каталікі, абураныя абвінавачваннямі Гуляка, пачалі збор подпісаў пад петыцыяй, вінавацячы ўпаўнаважанага ў паклёпе супраць каталіцкіх святароў без усялякай на тое падставы. Петыцыя абвінавачвае Гуляка ў «ў разбурэнні адносін паміж Каталіцкай Царквой і дзяржавай і распальванні рэлігійнай варожасці», паведамляе беларускі рэлігійны інфармацыйны сайт Krynica.info 26 студзеня.

Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці абмеркаваў дадзеныя пытанні з Міністэрствам замежных спраў. 23 студзеня ён сустрэўся з намеснікам міністра Аленай Купчыной, але на сайце МЗС не былі пазначаны тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчы.

Мініст замежных спраў Уладзімір Макей зноў запрасіў арцыбіскупа Гуджэроцці ў МЗС 30 студзеня. Арцыбіскуп выказаў «пэўную заклапочанасць у дачыненні да магчымых тлумачэнняў нядаўніх выказванняў аб Каталіцкай Царкве ў Беларусі».

Бакі таксама абмеркавалі Каталіцкую Акадэмію, рэгістрацыя якой ужо двойчы адхілялася (гл. Ніжэй).

Замежныя святары «пад поўным кантролем»

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка выступіў у абарону каталіцкіх святароў. Ён патлумачыў, што ахвярамі паклёпу з’яўляюцца грамадзяне Польшчы і што абвінавачванні ўрада — аб удзеле некаторых з іх у палітыцы — вельмі сур’ёзныя. Ён адзначыў, што многія беларускія каталікі — этнічныя палякі і што польскія святары павінны быць гатовыя дапамагчы ў духоўнай апецы над імі. Ён паскардзіўся, што ўлады так і не выказалі падзяку польскім святарам за дапамогу мясцовай Каталіцкай Царкве.

«Я часта чую ад польскіх святароў, што ў Беларусі працаваць складаней, чым у Афрыцы», — паведаміў амбасадар Шарэпка сайту «Хартыя 97» 16 лютага. «Тут людзі знаходзяцца пад поўным кантролем урада. Калі святар прыязджае будаваць царкву, яму даюць дазвол на 3 месяцы або на паўгода. Што ён пабудуе за гэты час? Падобнае стаўленне да гэтых людзей, якія прыйшлі з добрымі намерамі, незразумела».

Запрашэнне замежнікаў

Паводле статыстыкі, дадзенай Гулякам, у апошнія месяцы колькасць замежных каталіцкіх святароў пастаянна скарачаецца. 24 верасня 2014 года ён называў лічбу ў 126 польскіх святароў з усіх 430 каталіцкіх святароў. 22 студзеня ён назваў лічбу ў 113 замежных святароў, у асноўным з Польшчы.

Замежныя духоўныя асобы любога веравызнання, працуючы ў Беларусі, сутыкаюцца з жорсткімі дзяржаўнымі абмежаваннямі. Для пераводу замежнай духоўнай асобы з адной рэлігійнай арганізацыі ў іншую — як, напрыклад з аднаго прыходу ў іншы — патрабуецца дазвол чыноўніка па справах рэлігій, нават для правядзення адзінкавай службы.

Згодна з пастановай Савета Міністраў ад студзеня 2008 года з папраўкамі 2010-га, вышэйшы чыноўнік Беларусі па справах рэлігій, вызначаючы «неабходнасць» дзейнасці замежнай духоўнай асобы на тэрыторыі Беларусі, кіруецца толькі асабістымі меркаваннямі. Ён мае права адмовіць у падобным дазволе без тлумачэння прычын. Замежныя грамадзяне таксама абавязаны даказаць валоданне дзяржаўнымі мовамі Беларусі (беларускай і рускай) для ажыццяўлення сваёй дзейнасці.

Згодна з пастановай, якая вызначае парадак запрашэння замежных грамадзян для рэлігійнай дзейнасці ў Беларусь, зацверджанай Саветам Міністраў у студзені 2008 года (з папраўкамі 2010-га) упаўнаважаны па пытаннях рэлігіі і нацыянальнасцяў вызначае тэрмін дазволу, мае права скарачаць яго і не абавязаны тлумачыць прычыну адмовы.

Ці валодаюць замежныя грамадзяне правам на свабоду веравызнання?

Сведкі Іеговы, якія прыехалі з-за мяжы, былі пакараныя за ажыццяўленне іх права на свабоду веравызнання, якое афіцыйна мае моц у Беларусі. 7 жніўні 2014 года Вольга Шулепава з Крыма і Юлія Прахопава з украінскага горада Херсон былі затрыманыя ў г. Драгічын, Брэсцкая вобл., Падчас размовы з мінакамі на тэму іх рэлігіі. Распаўсюджваемая імі літаратура была канфіскавана.

На наступны дзень гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі ў парушэньні артыкула 23.34, часткі 1 Адміністратыўнага Кодэксу, які забараняе правядзенне несанкцыянаваных дэманстрацыяў і іншых масавых мерапрыемстваў. Суд выдаў ім афіцыйнае папярэджанне. 9 кастрычніка 2014 года суддзя Наталля Сурма Брэсцкага абласнога суда адхіліла іх апеляцыю.

Згодна з рашэннем абласнога суда, паказанага прадстаўнікам Forum 18, Шулепава і Прахопава не прызнавалі сябе вінаватымі, настойваючы на ​​тым, што яны проста дзяліліся сваімі рэлігійнымі перакананнямі, аднак суддзя Сурма прыйшла да высновы, што «спасылкі да Закону аб свабодзе веравызнання і ўдзелу ў рэлігійных арганізацыях і іх дзейнасці недастаткова абгрунтаваныя, бо Шулепава і Прахопава не з’яўляюцца грамадзянкамі Беларусі».

Акадэмія зарэгістраваная з трэцяй спробы

Нягледзячы на ​​моцную крытыку Гулякі ў адрас Каталіцкай Царквы, паводле якой такая не зацікаўлена ў падрыхтоўцы беларускіх святароў, адміністрацыя упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ўсяляк ускладняла Каталіцкай Царкве атрыманне дзяржаўнай рэгістрацыі, неабходнай для стварэння Каталіцкай Тэалагічным Акадэміі ў Мінску.

Згодна з Законам аб рэлігіі ад 2002 года, духоўныя адукацыйныя ўстановы не маюць патрэбу ў дзяржаўнай акрэдытацыі, але павінны прайсці рэгістрацыю ва Ўпраўленні па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У Беларусі ёсць 2 каталіцкія семінарыі (у Гродне і Пінску), а таксама 2 тэалагічныя каледжы (у Мінску і Баранавічах).

Каталіцкія біскупы абвясцілі ў верасні 2014 года аб стварэнні Тэалагічнай Акадэміі імя Яна Паўла II у Мінску, першай каталіцкай вышэйшай духоўнай навучальнай установы ў Менску, аднак Упраўленне па справах рэлігій і нацыянальнасцяў двойчы адмовіла ў рэгістрацыі, другі раз у снежні 2014-га.

«Як я магу набываць памяшканне, прасіць зямлю для яго будаўніцтва або купляць яго, не будучы юрыдычнай асобай?» — заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч, згодна з цытатай з сайта навінавага агенцтва tut.by 23 сьнежня 2014-га года.

Прадстаўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў кс. Санько паведаміў прадстаўнікам Forum 18, што Акадэміі пакуль не існуе, і яна можа быць адкрыта толькі пасля рэгістрацыі ва Ўпраўленні па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Ён патлумачыў, што рэгістрацыя юрыдычнай асобы патрабуе наяўнасць юрыдычнага адрасу, звязанага з канкрэтным будынкам, якога ў Канферэнцыі няма. Ён патлумачыў адмову ў рэгістрацыі тым, што «ўсё павінна быць па законе» і тым, што цяжка знайсці падыходзячае памяшканне. «Гэта ж не офіс, таму і патрабаванні больш жорсткія», — паскардзіўся ён прадстаўнікам Forum 18.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка адмёў ўсю крытыку ў адрас адмоваў, матывуючы гэта тым, што «Дзяржава за адкрыццё акадэміі, але калі ў пададзеных дакументах указваецца, што акадэмію збіраюцца адкрываць у памяшканні плошчай 50 квадратных метраў у якасці прыбудовы да будынка курыі, дык выбачайце. Гэта нават не смешна», — заявіў ён 22 студзеня. «І гэта не кажучы пра тое, што згодна са статутам студэнты павінны пражываць у тым жа будынку».

Аднак 13 лютага ўпаўнаважаны Гуляка падпісаў пасведчанне аб рэгістрацыі акадэміі, копія якога была размешчана на сайце Каталіцкай царквы.

Накладзены штраф, іншая справа закрыта

Тым часам, мясцовае насельніцтва працягвае змагацца ў судах за ажыццяўленне свайго права на свабоду веравызнання, у асноўным гэта Сведкі Іеговы і крышнаіты, супраць якіх былі вылучаны адміністрацыйныя пазовы.

Сведка Іеговы Андрэй Кузін, які абвінавачваецца ў правядзенні несанкцыянаванай дзейнасці шляхам правядзення рэлігійнага сходу ў сябе дома ў Барысаве 20 снежня 2014 года, быў прысуджаны да выплаты штрафу ў памеры 25 базавых велічынь або 3.750.000 беларускіх рублёў. Мінскі абласны суд адхіліў пададзеную ім апеляцыю. «Здавалася, што ўсё было вырашана яшчэ да пачатку слуханняў», — паскардзіўся ён прадстаўнікам Forum 18 ў той жа дзень. «Суддзя мяне не слухаў і ўсё скончылася вельмі хутка».

У дадзены момант Кузін накіраваў апеляцыю ў Вярхоўны Суд. «У мінулы раз [у 2009 годзе] мы выйгралі пазоў і спадзяемся што ў гэты раз усё будзе гэтак жа, але ніколі нельга ведаць наперад», — паведаміў ён прадстаўнікам Forum 18.

У гэты час, пазоў супраць крышнаіта, затрыманага са сваім адзінаверцам ў Полацку 28 снежня 2014 года, быў адхілены на судовым пасяджэнні 11 студзені 2015 года. Суд класіфікаваў яго дзеі як найменш небяспечнае правапарушэнне. Крышнаіт не змог прысутнічаць на паседжанні, бо пражывае ў Мінску, але быў апавешчаны аб рашэнні суда па тэлефоне, паведаміў прадстаўнікам Forum 18 кіраўнік мінскай крышнаіцкай суполкі Сяргей Малахоўскі 17 лютага.

Прэсавая служба Форума 18. – BELARUS: Slander and obstruction to keep foreigners out, 4 лютага 2015. - Пераклад на беларускую мову – Крыніца-Інфо

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.