З каталікамі не ўсё ў парадку

Аўтар: 
Анатоль Сідарэвіч

Крытык рыма-каталіцкага епіскапату ў Беларусі, я быў уражаны рэакцыяй каталікоў лацінскага абраду на заяву упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гулякі. Нарэшце!

Нагадаю, што сказаў Л. Гуляка: некаторыя рыма-каталіцкія святары, запрошаныя з Польшчы, спрабуюць займацца палітыкай, не ведаюць на дастатковым узроўні нашу і расійскую мову, а тым часам кіраўніцтва Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў, дый з намерам заснаваць ў Беларусі тэалагічную акадэмію не ўсё ў парадку.

Звычайны чыноўніцкі ляп. Я б на месцы Л. Гулякі пра тое самае сказаў бы інакш. У Рыма-Каталіцкай Царкве – праблема кадраў, бо каб стаць святаром, трэба прайсці поўны курс навучання на стацыянары (завочнага навучання ці кароткатэрміновых курсаў, як у праваслаўных, Каталіцкая Царква не прызнае), а тут яшчэ і прыдуманы рымскім біскупам Грыгорыем VII усеагульны цэлібат духавенства. Вось і набіраецца на першы курс семінарый жменька хлопцаў. І няма гарантыі, што ўсе яны скончаць курс навучання ды стануць святарамі. Каб запоўніць вакуум, епіскапат РКЦ у Беларусі запрашае (са згоды дзяржавы) святароў з-за мяжы, пераважна з Польшчы. Гэта тлумачыцца і традыцыйнымі сувязямі з Каталіцкай Царквой у Польшчы, і тым, што епіскапат у Беларусі да нядаўняга часу на 100 працэнтаў складаўся з этнічных і пашпартных палякаў (не ведаю, як самаіндэнтыфікуцца біскупы Алег Буткевіч ды Юры Касабуцкі). А ў Польшчы назіралася перавытворчасць святароў. Каго польскія біскупы адпраўляюць служыць у Беларусь? Паводле агульнага для бюракратыі правіла, біскуп рады пазбыцца перш за ўсё гультаёў, няздараў і мяцежнікаў, лаяльных жа працаголікаў і разумнікаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод вернікаў, уладыка пакідае ў сваёй дыяцэзіі. Вось і прыязджаюць у Беларусь людзі, якія не заўсёды ведаюць, хочуць ведаць і здольныя засвоіць нашу і расійскую мовы.

Што тычыцца блаславёнага Папам Францішкам заснавання тэалагічнай акадэміі, дык тут Л. Гуляка аж надта ляпнуў. Калі яшчэ будзе створана тая акадэмія? Хто з высокакваліфікаваных спецыялістаў (няхай сабе з любай тутэйшаму епіскапату Польшчы) згодзіцца стала працаваць у Менску? Хутчэй за ўсё вуснамі Л. Гулякі была агучана трывога епіскапату Маскоўскай Царквы, бо не сакрэт, што падрыхтоўка ў каталіцкіх навучальных установах на галаву вышэйшая, чым у праваслаўных.

Выказванні Л. Гулякі прывялі да разбурэння вонкава добрапрыстойнай карціны адносін паміж дзяржавай і каталікамі. Прайшла інфармацыя пра тое, што каталікі абураныя заявамі чыноўніка і збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніцтва краіны. Сабралася таксама Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў і прыняла заяву.

І збор подпісаў і бяззубая заява біскупаў (аніводнай прэтэнзіі да дзяржавы!) устрывожылі ўладныя структуры. Яно і зразумела: Ватыкан – бадай, адзіная еўрапейская дзяржава, з якой у афіцыйнага Менска добрыя адносіны. Да таго ж Менск ведае, што зрабіў і робіць Святы Пасад для нармалізацыі адносін паміж Злучанымі Штатамі і камуністычнай Кубай. Кіроўнай групоўцы Беларусі не хочацца губляць надзею на тое, што Ватыкан можа стаць пасярэднікам паміж ёю і краінамі Захаду. І вось міністр замежных спраў запрашае да сябе Апостальскага нунцыя і тлумачыць яму, што афіцыйны Менск цэніць “тую велізарную працу, якая праводзіцца Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці”, што галоўны чыноўнік Беларусі даў адпаведным структурам даручэнне “па стварэнні ў Мінску каталіцкай духоўнай акадэміі”.

Міністр замежных спраў у добрым стаўленні ўладных структураў  да каталікоў пераконваў нунцыя, а яго начальнік даводзіў тое самае журналістам. У Беларусі няма праблем за каталікамі, заявіў ён.

Асмелюся сказаць, што праблемы з каталікамі, а праўдзівей праблемы ў каталікоў з дзяржавай меліся і маюцца. Я не кажу тут пра каталікоў лацінскага абраду, якія яшчэ не забылі арышт святара Уладзіслава Лазара, я – пра каталікоў абраду грэцкага, візантыйскага. Я мог бы доўга пералічваць крыўды, нанесеныя ўладнымі структурамі грэка-каталікам у Пінску, у Івацэвіцкім раёне, у Менску, у Баранавічах, у іншых мясцінах Беларусі. Маўчу пра антыўніяцкія публікаткі з Жыровічаў, якія распаўсюджваюцца ў дзяржаўных і паддзяржаўных установах і на прадпрыемствах.

Пра гэтыя крыўды не прынята, нават забаронена гаварыць публічна. Забаронена самой царкоўнай уладай.

[...]*

 

...Праблем у каталікоў абодвух абрадаў з уладнымі структурамі нямала. І добра, што Л. Гуляка ўчыніў “ляп”. Думаецца, што пасля арышту святара Уладзіслава Лазара і гэтага “ляпу” дзяржаўным і царкоўным чыноўнікам ўжо не ўдасца намаляваць вонкава добрапрыстойную карціну адносін паміж дзяржавай і каталікамі.   
 

*Рэд.: частка аўтарскага артыкулу была выдаленая па просьбе трэціх асобаў, правы і інтарэсы якіх закраналіся ў артыкуле. Гаворка вялася пра пераследаванне рэлігійнай арганізацыі, аднак кіраўніцтва рэлігійнай арганізацыі не прызнае фактаў пераследу альбо не жадае, каб такія факты абмяркоўваліся публічна, бо гэта можа стварыць дадатковыя (?) праблемы для рэлігійнай арганізацыі.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 4 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.