Рэкамендацыя 1162 (1991) Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы “Унёсак ісламскай цывілізацыі ў еурапейскую культуру”

Рэквізiты
Прыняты: 
19.09.1991

1. Рада Еўропы мае статутную місію па абароне і рэалізацыі духоўных і маральных каштоўнасцяў, якія з’яўляюцца агульнай спадчынай дзяржаў-удзельніц. Артыкул 9 Еўрапейскай Канвенцыі па правах чалавека замацоўвае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі.

2. Мультыкультурная Еўропа грунтуецца на гуманістычных і рэлігійных традыцыях, якія з’яўляюцца крыніцай яе адданасці свабодзе і правам чалавека, як нагадваецца Асамблеяй ў Рэзалюцыі 885 (1987) па габрэйскім ўнёску ў еўрапейскую культуру.

3. У тым жа духу, Камітэт па культуры і адукацыі правёў сумоўе ў Парыжы у траўні 1991 па ўнёску ісламскай цывілізацыі ў еўрапейскую культуру. Сумоўе была арганізавана ў супрацоўніцтве з Заходнім інстытутам ісламскай культуры (Мадрыд) і ў аcацыяцыі з ЮНЕСКА.

4. Сумоўе паказала што ў дадатак да хрысціянства і іудаізму, іслам, у сваіх розных формах, на працягу стагоддзяў уплываў на еўрапейскую цывілізацыю і штодзённае жыццё, і ня толькі у краінах з мусульманскім насельніцтвам, такіх як Турэччына. Новая Еўропа таксама становіцца ўсё больш схільная да ўплыву ісламу, не толькі за кошт рэгіёнаў пераважна ісламскай культуры, такіх як Албанія альбо некаторых паўднёвых рэспублік СССР, але і за кошт іміграцыі з больш шырокага ісламскага свету.

5. Павінна быць сапраўды прызнана, што ісламскі свет таксама ахоплівае краіны ад Азіі да Афрыкі, а таксама Блізкі Ўсход і Магрыб.

6. Іслам, аднак, пакутваў і працягвае пакутваць ад неадпаведнай рэпрэзентацыі, напрыклад, праз варожыя альбо ўсходнія стэрэатыпы, а таксама таму, што ў Еўропе вельмі мала дасведчаннасці - як датычна важнасці ўнёску ісламу, які меў месца ў мінулыя часы, так і датына патэнцыйна станоўчай ролі ісламу ў сённяшнім еўрапейскім грамадстве. У такім становішчы вінаватыя гістарычныя памылкі, адукацыйны эклектызм і занадта спрошчаны падыход сродкаў масавай інфармацыі.

7. Такая неадпаведная рэпрэзентацыя, у якую ўнёсак зрабілі і шматлікія сучасныя мусульмане праз адсутнасць у іх інтэлектуальнага крытычнага погляду або з-за нецярпімасці, мае вынікам тое, што іслам занадта часта ўспрымаецца ў Еўропе ў якасці несумяшчальнага з прынцыпамі, закладзенымі ў падмурак сучаснага еўрапейскага грамадства, (якое па сутнасці з’яўляецца свецкім і дэмакратычным) а таксама з еўрапейскай этыкай (правы чалавека і свабода самавыяўлення).

8. Нягледзячы на тое, што несумяшчальнасць паміж ісламскім фундаменталізмам і культурна-этычнымі прынцыпамі, якія адстойвае Рада Еўропы, сапрады існуе, напрыклад, датычна абыходжання з жанчынамі і павагі да свабоды самавыяўлення, аднак гэта не прадстаўляе іслам у цэлым. Павінна быць прызнана, што, на жаль, нецярпімасць і недавер існуюць з абодвух бакоў - як з ісламскага, так і з не ісламскага.

9. Асамблея ўсведамляе гэтую сітуацыю, тое, што для лепшага разумення сучаснасці і падрыхтоўкі будучыні, неабходна лепшае веданне гісторыі, а таксама, што ісламскія вартасці могуць зрабіць каштоўны ўнёсак у якасць жыцця -  праз абноўлены еўрапейскі падыход на агульным падмурку ў культурнай, эканамічнай, навуковай і грамадскай сферах.

10. Больш за тое, супрацоўніцтву з ісламскім светам трэба надаць большую ўвагу. Рада Еўропы ўжо зрабіла значны аб’ём працы па міжкультурным паразуменні, і гэта павінна атрымаць далейшае развіццё з асаблівай увагай да ісламскай культуры. Павінна прадпрымацца далейшае супрацоўніцтва ў гэтай галіне з няўрадавымі інстытутамі і арганізацыямі, такімі як Заходні інстытут ісламскай культуры у Мадрыдзе, Парыжскі інстытут арабскага свету і іншымі.

11. Таму Асамблея рэкамендуе, каб Камітэт Міністраў знайшоў месца для разгляду ісламскага свету ў міжурадавай праграме дзейнасці Рады Еўропы і ў сваіх рэкамендацыях для ўрадаў дзяржаў-удзельніц. Прапаноўваюцца наступныя меры:

У галіне адукацыі:

i. Ўзважанае і аб’ектыўнае апісанне гісторыі ісламу павінна быць уключана ў навучальныя праграмы і падручнікі ў адпаведнасці з міжнародным даследчым праектам: “Іслам у падручніках”.

ii. Павінна прадугледжвацца больш шырокая магчымасць выкладання арабскай мовы як сучаснай мовы ў еўрапейскіх школах.

iii. Павінны заахвочацца навуковыя даследаванні па ісламскай тэматыцы, а таксама павялічана колькасць прафесарскіх месцаў для арабскіх і ісламскіх даследванняў ва ўніверсітэтах. Іслам павінен быць уключаны ў асноўнае навучанне, напрыклад, ісламская гісторыя павінна выкладацца на кафедрах гісторыі, ісламская філасофія - на кафедрах філасофіі, ісламскае права - на кафедрах права, а не павінны быць аднесеныя, як гэта часта здараецца, да кафедраў усходніх моваў.

iv. Гэтаксама, на курсах па тэалогіі павінен заахвочвацца параўнальны падыход, які бы ўключаў вывучэнне іслама, хрысціянства і іудаізма.

v. Інтэграваны падыход да навучання павінен быць прыняты для такіх спецыфічных абшараў як Міжземнаморскі басейн, уключаючы вывучэнне рэлігіі, філасофіі, літаратуры і гісторыі.

vi. Павінен быць створаны і распрацаваны студэнцкі і выкладніцкі абмен у межах універсітэцкага супрацоўніцтва паміж Еўропай і ісламскім светам у адпаведнасці з Рэкамендацыяй 1032 (1986) па стварэнні Еўра-Арабскага ўнівэрсітэту. Ён можа атрымаць назву “праграма Авэрроэс” (Averroës programme), падобна да ўжо існуючых праграмаў “Эразмус” і “Дэмасфен”.

У галіне сродкаў масавай інфармацыі:

vii. Трэба заахвочваць вытворчасць, сумесную вытворчасць і трансляцыю радыё- і тэлевізійных праграм аб ісламскай культуры.

У галіне культуры:

viii. Для мігрантаў з ісламскага свету неабходныя месцы культурнага і інтэлектуальнага самавыяўлення. Развіццё ўласнай культуры, аднак, не павінна выклікаць іх ізаляцыі ад грамадства і культуры прымаючай краіны.

ix. Павінны заахвочвацца культурныя маршруты ісламскага свету, як ўнутры Еўропы, так і па за ёй, а таксама культурныя абмены, выставы, канферэнцыі і публікацыі ў галінах мастацтва, музыкі і гісторыі. У гэтым дачыненні важную ролю маюць адыгрываць музеі.

x. Выбраныя ісламскія працы, як класічныя, так і сучасныя, павінны перакладацца і публікавацца ў больш спрыяльнай форме для большага разумення ў заходнім грамадстве.

Адміністратыўныя пытанні і штодзённае жыццё:

xi. Захоўваючы павагу да звычаяў прымаючай краіны, урады павінны заахвочваць дыялог паміж ісламскімі супольнасцямі і кампетэнтнымі огранамі для забеспячэння рэлігійных патрэбаў іх веры (такіх, як святочныя дні, правілы малітваў, адзенне і прадукты харчавання) у дадатак да звычайных пастановаў для асацыяцыі і прадстаўніцтва імігрантаў і карэнных ісламскіх супольнасцяў.

xii. Павінна заахвочвацца пабрацімасць гарадоў паміж Еўропай і ісламскім светам, асабліва тых, якія геаграфічна бліжэй да Еўропы.

У галіне шматбаковага супрацоўніцтва:

xiii. Неабходныя рэальныя намаганні, каб забяспечыць аснову для пряцяглага дыялогу паміж Еўропай і ісламскім светам дзеля ўмацавання і развіцця ўсіх дэмакратычных і плюралістычных тэндэнцый. Асаблівая ўвага можа быць нададзена прамому супрацоўніцтву з канкрэтнымі часткамі гэтага свету, напрыклад, з арабскімі краінамі Міжземнамор’я (як уклад у магчымае развіццё канферэнцыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Міжземнамор’і) або з эмігранцкімі супольнасцямі ў Еўропе.

xiv. Гэтаму дыялогу павінна надавацца пазітыўная дынаміка шляхам адбору для будучых семінараў ключавых пытанняў, такіх як ісламскі фундаменталізм, дэмакратызацыя ісламскага свету, сумяшчальнасць розных формаў ісламу з сучасным еўрапейскім грамадствам і, ўвогуле, новыя праблемы, якія ставяцца рэлігіямі ў сучасным грамадстве, ці гэта свецкае грамадства Захаду, ці традыцыйныя грамадствы ў краінах трэцяга свету. Пастаўленыя ісламам праблемы павінны вывучацца ў той самай перспектыве, як і пастаўлены хрысціянствам, іудаізмам і іншымі рэлігіямі свету. Такія даследаванні будуць, безумоўна, больш спрыяць руху гістарычнага працэсу дэмакратызацыі традыцыйных грамадстваў наперад, дзякуючы пашырэнню культурных даляглядаў, на якіх яны грунтуюцца.

12. Асамблея таксама просіць Камітэт Міністраў запрашаць зацікаўленыя краіны Ісламскага свету прымаць падобныя ініцыятывы на падмурку ўзаемнасці і там, дзе гэта адпавядна, запрашаць іх далучацца да канвенцыяў Рады Еўропы і адкрытых частковых пагадненняў з мэтай гарманізацыі заканадаўства і развіцця міжкультурнага паразумення.
 

Дэбаты Асамблеі адбыліся 19 верасня 1991 (11-ае паседжанне) (гл. Дакумент 6497, даклад Камітэта па культуры і адукацыі, дакладчык: спадар дэ Пуіг). Тэкст прыняты Асамблеяй 19 верасня 1991 (11-тае паседжанне)

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы. Recommendation 1162 (1991) on the contribution of the Islamic civilisation to European culture. – 09 верасня 1991. - Пераклад на беларускую мову – Іван Кукс, спецыяльна для forb.by