Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі наконт абвінавачванняў ў адрас польскіх святароў, якія служаць у Беларусі

Рэквізiты
Прыняты: 
30.01.2015

Каталіцкія Біскупы Беларусі на пазачарговым пленарным пасяджэнні 30 студзеня 2015 г. абмеркавалі агучаныя ў апошні час абвінавачванні ў адрас польскіх святароў, якія служаць у Беларусі, а таксама ў незацікаўленасці кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла ў падрыхтоўцы сваіх святароў.

Мы, як і вернікі-католікі, з глыбокай заклапочанасцю ўспрымаем гэтыя абвінавачванні, якія лічым неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці.

У 1989 г. у Беларусі служыла каля 60 мясцовых святароў. Цяпер іх колькасць узрасла да 360, г.зн. павялічылася ў шэсць разоў. Няўжо гэта не паказчык таго, што наш Касцёл прыкладае шмат намаганняў у вобласці падрыхтоўкі мясцовых святароў? Праблема ў тым, што ў савецкія часы ў Беларусі з-за адсутнасці семінарыі не было магчымасці падрыхтоўкі новых святароў. Дзякуй Богу, сёння гэта магчыма, але пры гэтым трэба памятаць і пра тое, што святарства — гэта не прафесія, а пакліканне, і ніякай сілай нікога нельга паслаць у семінарыю.

Наш Касцёл усё яшчэ мае патрэбу ў дапамозе святароў з замежжа. Але мы адраджаем беларускі Касцёл, і святары з замежжа займаюцца пастырскай дзейнасцю сярод грамадзян нашай краіны, дабрачыннасцю, будуюць і аднаўляюць святыні, якія яны з сабою не забяруць, але пакінуць тут. Без іх дапамогі шматлікія вернікі застануцца без пастырскай апекі.

Мы запрашаем дапамагаць святароў і з іншых краін, але ў сувязі з  агульным недахопам іх колькасці гэта практычна немагчыма рэалізаваць. У асобных выпадках некаторыя святары, якія мелі магчымасць прыехаць, не атрымалі дазволу на служэнне.

Таму мы звярнуліся да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гулякі Л. П. з просьбай прадставіць канкрэтныя факты па выказаных абвінавачваннях і з прапановай у будучыні прадметна абмяркоўваць падобныя праблемы непасрэдна з намі.

Нягледзячы на існуючыя цяжкасці, мы выказваем надзею на працяг канструктыўнага, у духу дыялогу, развіцця адносін Каталіцкага Касцёла з дзяржавай і грамадствам, з іншымі веравызнаннямі, найперш з Беларускай Праваслаўнай Царквой, на карысць нашага народа, яго маральнага выхавання, кансалідацыі грамадства і развіцця міжканфесійнага і міжнацыянальнага супакою.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі