Без каментароў

Аўтар: 
Ганна Мызенка

Запалоханыя пратэстанты



«Толькі не здымайце звонку!» – просіць пастар адной з маленькіх цэркваў хрысціянаў веры евангельскай на ўскрайку Менску, калі я прыходжу да яго рабіць рэпартаж. Сюжэт, дарэчы, на культурніцкую тэму: ніякай палітыкі, ніякай эканомікі, ніякіх вайсковых сакрэтаў. Калі б я не ўгаворвала пастара на інтэрв’ю цягам двух тыдняў, у царкву у якасьці журналіста не трапіла б увогуле. Не дапамаглі б ані сувязі, ані шматлікія знаёмыя, што наведваюць царкву кожную нядзелю.


А між іншым, тут ужо неаднойчы бывалі куды больш нахабныя за мяне госці. Колькі год таму сюды завіталі байцы АМАП. Заходзілі нетрадыцыйна – праз вакно. Што шукалі «доблесныя ваякі», сказаць складана. Бо ўсіх затрыманых вернікаў адпусцілі. Зараз пра гэты выпадак нават сусветнае павуцінне не надта распаўсюджваецца. Гэтаксама як і пра іншы, калі святара затрымалі міліцыянты і абвінавацілі ў незаконнай прапаведніцкай дзейнасці.


У выніку рэпартаж пра царкву зрабіць атрымалася толькі на ўмовах, што папярэдне пакажу ўвесь змантаваны матэрыял, а вернікі будуць здымацца не ў царкве, а ў іншым месцы.


А вось другім разам пагутарыць пра праблемы царквы ўжо не выйшла.

« - Не надта хачу такіх артыкулаў зараз. Пакуль нас ніхто не чапае..., – сумна ўсміхаецца пастар і пытаецца ў адказ: - А якая праблема?

- Ну, праблема ў тым, што вы нават размаўляць баіцеся...


- Ну, гэта – не праблема, гэта рэальнасць. 


- Ну, пра гэта ж трэба казаць...


- А што гэта дасць?»


З пастарам цяжка не пагадзіцца. Бо ён адказвае не толькі за сябе, але як мінімум - за сотню вернікаў. Пры гэтым дамагчыся вырашэння праблемаў з дапамогаю прэсы ў такіх далікатных пытаннях атрымліваецца далёка не заўсёды. Але ўзнікае пытанне, што такога парушылі бяскрыўдныя людзі, якія хочуць спавядаць Хрыста, якія хочуць збірацца і праслаўляць Бога разам з аднаверцамі?


Магчыма ўлады напружваюцца з нагоды таго, што пратэстантызм – не зусім звыклая для іх галіна хрысціянства? У гэткім выпадку прадстаўнікі самай масавай у Беларусі канфесіі – праваслаўнай – мусяць пачувацца перад прэсай куды як вольна.



Маўчанне праваслаўных


Праблемаў з інтэрв’ю ў праваслаўных інстытутах сапраўды няма ніякіх. Дамовіцца на здымкі ў цэрквах і побач з імі досыць проста. Да таго ж ніхто адмыслова не кантралюе, што потым выйдзе ў эфір. Выглядае на тое, што прадстаўнікі праваслаўнай царквы ставяцца да журналістаў найбольш дэмакратычна з усіх хрысціянскіх канфесіяў, што цалкам разумна і карысна для рэпутацыі.


Усё гэта да той пары, пакуль справа не дойдзе да балючых пытанняў, якія тычацца праваслаўнага жыцця. Ва ўсялякім выпадку пра гэта сведчыць досвед вядомага беларускага журналіста Марата Гаравога. У мінулым годзе ён рабіў для газеты «Народная воля» апытанне па праблемах тэалагічнай адукацыі ў краіне. Звяртаўся да католікаў, да пратэстантаў... Звярнуўся і да шэрагу досыць вядомых у праваслаўных колах адмыслоўцаў.


Але матэрыял ледзь не сарваўся ўвогуле.


«Былі праблемы з людзьмі, якія згадзіліся б даць інтэрв’ю, асабліва ў праваслаўнай царкве. Некаторыя яе прадстаўнікі адразу адмаўляліся ад дыялогу пад рознымі падставамі, а некаторыя проста цягнулі час – абяцалі сустрэцца, аднак увесь час адкладалі абяцаную сустрэчу. Нягледзячы на мае неаднаразовыя захады, я так і не змог з імі паразмаўляць. Зразумела, што тэма рэлігійнай адукацыі для гэтых людзей не пажаданая. Тут усё залежыць ад таго, што ты з імі збіраешся абмеркаваць. Калі ты запытаеш пра мажлівы візіт патрыярха, то амаль без праблем атрымаеш адказ, а калі жадаеш паразмаўляць пра каштоўнасці, дык можаш атрымаць адмову. У гэтай сітуацыі я ўдзячны прарэктару Мінскай духоўнай акадэміі іераманаху Сергію (Акімаву), які згадзіўся на інтэрв'ю і адказаў на ўсе мае пытанні»


Здаецца, простых вернікаў гэтая праблема не тычыцца. Бо ўдзельнічаць у апытанні пра літургію не адмовіўся ніводны прыхаджанін. Аднак, паспрабуем зазірнуць у праблему глыбей.



Не хачу «падставіць» святара ды аднаверцаў



З прыхаджанкаю аднога з праваслаўных прыходаў Менску мы дамовіліся пагутарыць толькі на ўмовах ананімнасці. Дзяўчына даўно актыўна ўдзельнічае ў царкоўным жыцці, але размаўляць пра гэта публічна не надта хоча.


«Мне па вялікаму рахунку ўсё роўна, – кажа мая суразмоўца – але калі гэта тычыцца не толькі святара, але і людзей, якія сабраліся не толькі вакол яго, але і вакол адзін аднаго, то не хочацца гэта парушаць.
 Канешне, можна рабіць нейкія актыўныя рэчы, і я думаю, чым менш пра гэта ведае свяшчэннаначаліе, тым лепш.


- Ці не перабольшваеце вы праблему?


- Яны (вышэйшае царкоўнае начальства – Г.М) самі ўсяго баяцца. Таму і атрымоўваюцца такія рэпрэсіўныя рэчы: яны баяцца, яны залежныя, то адпаведна гэтаму і іхныя дзеянні. Калі б гэта было па-іншаму, было б па-іншаму стаўленне да вернікаў і простых святароў.»



Верніца працягвае: «Усе прыходы, у якіх я была да гэтага – большасць, ну, дзевяноста працэнтаў, хтосьці, штосьці пачынае рабіць, чалавека актыўнага, яго "гнабіць" епіскап. І гэта не толькі ў Мінску, я скажу і пра перыферыю. Гэта мой асабісты досвед! Я сведка. Людзі, напрыклад, у рэгіёнах вельмі пабожныя, але святары баяцца штосьці рабіць, бо епіскап заўважыць. Ну, навошта гэта? Не трэба! Будзем па старынцы. І я шчыра гэта кажу таму, што была сведкай гэтага, асабіста я! Я ведаю гэтых святароў, якім не плацілі зарплату нармальную, каторыя хадзілі ў ботах парваных - не было, за што купіць. У іх трое дзяцей, жонка, каторая не працуе, і чалавека вось так «выхоўваюць!»


Не лепшае, на словы суразмоўцы, стаўленне да ініцыятыўных вернікаў і з боку свецкіх уладаў:

«Памятаючы той закон, што быў прыняты, наконт «больш за  трох не збірацца», мы спрабавалі правесці эксперымент: у метро – заспяваць калядкі. Адразу цётачка ў вакно застукала, паклікала міліцыянтаў. Міліцыянты прыйшлі і сказалі: усё разыходзьцеся! Напалове спеваў».



Дэмакратычныя католікі



На здымкі ў касцёле дамовіцца досыць проста. Дастаткова звярнуцца да пробашча касцёлу. Каталіцкія святары часцей за ўсё ахвотна згаджаюцца на каментары ў прэсе. Але і тут шмат што залежыць ад пытанняў. Паводле чутак нямала журналістаў атрымлівалі адмовы. Асабліва гэта тычыцца незалежнай прэсы. Напрыклад, інфармацыя пра збор подпісаў католікамі, якія былі абураныя заявамі ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Беларусі Леаніда Гулякі, з’явілася толькі на хрысціянска-інфармацыйным партале «Крыніца.info». Прычым, без падрабязнасцяў - дзе, хто, якім чынам збірае подпісы.

Спробы астатніх калегаў атрымаць інфармацыю і зрабіць рэпартаж пакуль нічым не скончыліся. Між іншага, спадар Гуляка зрабіў шэраг вельмі адыёзных заяваў пра дзейнасць каталіцкай царквы, і ў прыватнасці, ксяндзоў з-за мяжы: «Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва. У такіх выпадках мы не ўзгадняем падаўжэнне іх знаходжання ў нашай краіне», - сказаў чыноўнік. Скандал у стадыі разгару, але ў медыйнай прасторы - цішыня.


Тым не меней, рэдактар «Крыніца.info» Анатоль Шырвель лічыць, што каталіцкая царква ў Беларусі па-ранейшаму – адна з самых адкрытых для прэсы.

«Ва ўсялякім выпадку, – кажа спадар Анатоль, - да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча можна падыйсці без усялякіх папярэджанняў на якім-небудзь мерапрыемстве, запытацца, атрымаць адказ, калі ён хоча каментаваць. Калі даюць адмову, то або гэта палітычна небяспечная для католікаў тэма, або тэма, якая патрабуе, можа быць, нейкага ўзгаднення, таму што, каталіцкая царква, мы ведаем, гэта ж вялізная царква з цэнтрам у Ватыкане. Таму, як і ў любой карпарацыі, ці ў любой вялізнай арганізацыі там ёсць свая дысцыпліна, праца з інфармацыяй. Ёсць запыты, на якія і сам Кандрусевіч не можа даць адказ адразу».



Як бы чаго не выйшла



Так ці іначай, пазбяганне публічнасці ў той, ці іншай меры, уласціва ўсім рэлігійным суполкам Беларусі.


«У параўнанні з іншымі групамі насельніцтва, яны больш дазуюць інфармацыю, - працягвае Анатоль Шырвель, - не ўся інфармацыя адчыненая для агульнага карыстання. І я думаю, што ў любой грамадскай арганізацыі, у любой фірме гэта будзе. Таму, што ёсць інфармацыя, каторая патрэбная людзям, якія прымаюць рашэнні, а ёсць інфармацыя, якая можа сыграць заганную ролю: падарваць веру ў Бога, падарваць давер да царквы. Я не лічу, што цэрквы закрытыя з прычыны нейкіх незаконных спраў, або яны нешта такое хаваюць. Проста чалавек недасведчаны не ўсё зразумее правільна».


З іншага боку, на сітуацыю ўплывае стары беларускі нацыянальны "брэнд": «як бы чаго не выйшла». Простыя вернікі і святары, царкоўныя і свецкія ўлады залежаць адзін ад аднаго. Замкнёнае кола разарваць складана. А ў выніку тыя, хто залежыць болей, абіраюць адну і тую ж пазіцыю: маўчаць ды пазбягаць публічнасці ўсімі магчымымі сродкамі.


Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
6 + 7 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.