Прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Паўла 20 студзеня 2015 года: самакіраванне, грамадзянства, тэалагічная адукацыя, мова, міжхрысціянскія стасункі

Аўтар: 
Ганна Мызенка

Вось ужо год, як Беларуская Праваслаўная Царква жыве з новым Уладыкам. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падвёў вынікі сваёй дзейнасці на пасадзе за год.
 Адным з самых балючых сталася пытанне самакіравання. Ад самога пачатку яно было ўзнятае самім Мітрапалітам Паўлам, але пазней ён пастанавіў спыніць дыскусію на гэты конт.

«Цягнік пайшоў па незапланаваным шляху...»



- Замест таго, каб весці дыскусію сярод кампетэнтных людзей, і гэта вынесці на абмеркаванне Сіноду, – кажа Мітрапаліт Павел, – потым, калі Сінод прыме нейкае пэўнае рашэнне, ў выпадку станоўчага рашэння, можна было выносіць гэта на абмеркаванне Свяцейшага Патрыярха і Свяшчэннага Сіноду. Насамрэч дыскусія выйшла да грамадства неапрацаваная. І гэта, натуральна, выклікала цэлы шэраг самых розных неўразуменняў, дыскусій, рознагалоссяў. І як толькі гэта зрабілася здабыткам галоснасці, натуральна, гэта выклікала адназначную пазіцыю, нават, з майго боку. Паколькі, вы самі разумееце, усе рашэнні, якія прымае царква, яны мусяць быць у духе аднадумства, у духе братэрскай любові і згоды, і ўсе рашэнні, якія прымае Сінод, яны служаць і мусяць служыць царкве. А тое, што адбылося, выклікала, як я ўжо сказаў, рознагалоссі, і, канешне, працягваць працу ў гэткай сітуацыі, у гэтым накірунку – цалкам бессэнсоўна.



Царкоўныя пытанні ніколі не вырашаліся на барыкадах, царкоўныя пытанні ніколі не вырашаліся на рынках або нейкіх грамадскіх пляцоўках, царкоўныя пытанні заўсёды былі збалансаванымі. Яны заўсёды былі вельмі сур’ёзнымі і яны заўсёды служылі царкве. У дадзеным выпадку гэтая пазіцыя, прадстаўленая не паслужыла царкве, а наадварот, паслужыла рознагалоссю сярод вернікаў. Таму я сёння хачу вам сказаць пра тое, што я здымаю гэтае пытанне з парадку дня.



- Ці можа так адбыцца, што ў Беларусі з’явіцца некалькі мітрапалітаў?



- Гэтае пытанне дыскусійнае.... Гэты ні ў якім выпадку не адзначае расфармавання Экзархату. Не, ні ў якім разе. Гэта надта важнае пытанне, і яшчэ раз я, давайце на гэтым зраблю акцэнт. Ні ў якім выпадку не будзе расфармаваная, не распушчаная Беларуская Праваслаўная Царква. Яна як была, ёсць, так і застаецца. Нават вось Менская Мітраполія не мае права юрыдычнай асобы, гэта чыста царкоўны падзел. Я думаю, шмат хто з вас чуў, што ў нас ёсць святары, ёсць прыходы, а ёсць благачынні. То бок вось прызначаецца на нейкую пэўную колькасць прыходаў старэйшы святар, які мае, можа, большы досвед свяшчэннаслужэння, і з’яўляецца такім добрым дарадцам, да якога можна звярнуцца, які можа даць добрую параду. І ніхто ж сёння не кажа: не патрэбныя нам благачынні. Так што, гэта ні ў якім разе не расфармаванне. Беларуская Праваслаўная Царква была, ёсць і будзе.



Пытанні жыццёвыя



- Год таму ў вас было расейскае грамадзянства, а якое грамадзянства вы маеце зараз?


- Ведаеце, няма ніякіх праблемаў, у мяне грамадзянства застаецца, ну, вы ж ведаеце, што адразу грамадзянства атрымаць нельга? Ёсць пэўная працэдура. Мне літаральна нядаўна паводле гэтай працэдуры быў выдадзены від на жыхарства на два годы. Праз два годы будзе чарговая працэдура на пяць гадоў, а потым будзе паўставаць ужо пытанне. То бок я гэткі жа самы чалавек, як і ўсе астатнія, што прыбылі ў Беларусь.



- Ці будзеце вы дамагацца, каб дыпломы атрыманыя ў духоўных навучальных установах прызнаваліся дзяржаваю?



- Вы ведаеце – гэта наш агульны боль. На жаль, багаслоўе вучоны свет не хоча прызнаць, як навуку. Таму нашыя дыпломы не прызнаюцца навуковай супольнасцю ў нашай краіне, дый у Расеі таксама. Там вельмі складана. Канешне, хацелася б, але што рабіць? Трэба ўлічваць сітуацыю, якая склалася. Я думаю, што... ну ведаеце, гэта сённяшні перыяд. Я думаю, што прыйдзе час, калі і ў нас будуць дыпломы, прызнавацца дзяржаваю. Але сёння вучоны свет кажа, што багаслоўе – гэта не навука. Магчыма, не навука, гэта эмпірычны, асабісты досвед. Але для таго, каб неяк вырашыць гэтае пытанне, мы маем інстытут тэалогіі. Ён пры БДУ – Беларускім Дзяржаўным Універсітэце. Нашыя студэнты-выпускнікі атрымліваюць дыпломы дзяржаўнага ўзору. Некаторыя з выпускнікоў атрымліваюць свяшчэнны сан, некаторыя жадаюць паслужыць, паколькі там і дзяўчыны ў нас ёсць, яны служаць і працуюць у самых розных галінах, і ў школах выкладаюць і займаюцца рознымі пытаннямі, таму, на жаль на сённяшні дзень гэтак выглядаюць справы. Але будзем спадзявацца, што пройдзе пэўны час, і нашыя дыпломы будуць прызнавацца.



Надта далікатныя пытанні



- Як вы плануеце будаваць супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі канфесіямі?



- Ну, гэтаксама, як і ў мінулым годзе, я ў мінулым годзе, калі адказваў на шматлікія пытанні журналістаў і людзей, якія да мяне звярталіся, як я буду будаваць свае ўзаемаадносіны, я ўсім казаў і кажу: з усімі тымі, хто будзе ствараць, будзем мець стасункі, але што тычыцца рэлігійных канфесій, то вы ведаеце, мы маем агульнапрызнаныя рэлігіі, з якімі ў нас склаліся шматвекавыя, шматгадовыя стасункі добрыя, сяброўскія, з імі будзем працягваць, ў нас нармальныя, добрыя ўзаемаадносіны. На жаль з іншымі канфесіямі мы не маем еўхарыстычных узаемаадносін, і гэта сёння немагчыма, а добрыя сяброўскія добрасуседскія ўзаемаадносіны былі, ёсць і будуць падтрымлівацца.



- Канешне, сёння трэба аддаць належнае або абавязкова ўлічваць пры складанні любых праграмаў, настроі людзей, і вось гэта надзвычай важна. Сёння з боку некаторых людзей, якія зусім нядаўна прыйшлі ў царкву, і спрабуюць уцаркавіцца, яны вельмі асцярожна ставяцца да гэтага, вось мы павінны ўлічваць усе бакі жыцця ўсіх людзей, іхныя слабасці, тонкасці. Сёння, калі толькі заходзіць гаворка аб экуменізме, гэта адразу выклікае шмат пытанняў, і, канешне, мы сёння не праводзім ніякіх экуменічных сустрэчаў, ніякіх экуменічных малітваў, мы сёння пра багаслоўе не дыскутуем, таму што, яшчэ раз скажу, гэты выклікае абурэнне, і можа, нават, адштурхоўвае праваслаўных людзей, хаця католікі глядзяць на гэта нашмат прасцей. Праваслаўныя ставяцца да гэтага вельмі асцярожна. Таму што ўсе памятаюць гісторыю нашай царквы, таму людзі ставяцца да гэтага вельмі асцярожна. А вось што тычыцца такіх пытанняў як, напрыклад, праваслаўна-каталіцкі форум, які адбыўся летась у горадзе Менску, – гэта нармальная з’ява, таму што на форуме абмяркоўваліся асноватворныя прынцыпы хрысціянскага веравучэння. Гэта тычыцца шанавання Бога, гэта тычыцца шанавання сямейных каштоўнасцяў, гэта тычыцца ўсіх духоўна-маральных каштоўнасцяў. Сёння тое, што адбываецца ў Еўропе, канешне, гэта не пакідае раўнадушным нікога. Гэта тычыцца ў першую чаргу сямейных каштоўнасцяў. Таму тут у нас цалкам аднолькавае стаўленне да сям’і, да шлюбу.



- Якая працэдура прадугледжаная, калі прыхаджане хочуць слухаць літургію па-беларуску?



- Калі людзі сапраўды хочуць, звярніцеся да настаяцеля: бацюшка, ці магчыма, каб вы служылі ў нас па-беларуску. Бо мы маем пераклады богаслужэбных тэкстаў. Праблемаў ніякіх няма. Але гэта трэба рабіць правільна. Звярнуцца да настаяцеля. Настаяцель мусіць як пастыр, зрабіць ацэнку, ці будзе гэта служыць дабру ці не? Таму што я ведаю, да майго прыезду былі выпадкі, калі абвяшчалі ў храме, што будуць здзейсняцца службы па-беларуску, але не ўсе прыхаджане разумелі, таму тыя, хто не разумеў сталі сыходзіць з храму і настаяцель зразумеў, што ён застаўся ў меншасці. Значыць трэба нейкі іншы падыход да гэтага выпрацоўваць. Давайце пачнем з таго, каб раз на тыдзень, або ранішнія літургіі потым паглядзім: ці будуць хадзіць людзі? Калі будуць, будзем практыкаваць гэта, калі не – значыць не будзем. Паўсюль мусіць быць пастырская адказнасць і пастырскі падыход. Але мусяць ведаць, што забаронаў ніякіх няма.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.