Рэктар Тэалагічнага інстытуту Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Паднюк: У рэчышчы Балонскага працэсу

Аўтар: 
Марат Гаравы

Як жыць так, каб самаму быць шчаслівым і не ствараць праблемаў іншым? Чалавецтва даўно знайшло кардынальны адказ на гэтае важнае пытанне – трэба жыць з Богам, гэта значыць ва ўсіх сваіх справах кіравацца маральнымі каштоўнасцямі, выкладзенымі ў кнізе кніг – Бібліі. Аднак і па сёння многія суайчыннікі выспавядаюць іншыя жыццёвыя прынцыпы, што забяспечваюць асабістую выгоду за кошт іншых. Але ж на няшчырасці, падмане і ашуканстве ні сабе не прынясеш шчасця, ні іншым. Ад такога жыцця пакутуюць многія беларусы. Адзінае выйсце – навучыцца жыць з Богам. Пра стан і праблемы рэлігійнай адукацыі ў Беларусі напярэдадні адпаведнай міжнароднай канферэнцыі, што мае адбыцца ў Мінску 21-22 лістапада, распавядаюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў – праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага.

Днямі даведаўся пра феномен вялікай (каля 8 тысяч жыхароў) вёскі Альшаны ў Столінскім раёне, што на Берасцейшчыне. Альшаны -- адзін з самых паспяховых у краіне населеных пунктаў, дзе большасць жыхароў будуе сваё жыццё згодна з евангельскімі каштоўнасцямі. Менавіта гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца падмуркам працавітасці, ладу ў шматдзетных сем’ях, аседласці моладзі, амаль поўнай адсутнасці злачыннасці і, як вынік, высокага ўзроўню жыцця і стабільнага прыросту насельніцтва. Дарэчы, вернікамі пратэстанцкіх цэркваў з’яўляюцца і ўсе тры пераможцы сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”.

Сваімі думкамі пра ролю духоўнай адукацыі ў выхаванні вернікаў дзеліцца намеснік епіскапа Аб’яднанай царквы хрысціянаў веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь, доктар багаслоўя і доктар філасофіі, рэктар Тэалагічнага інстытуту ў Мінску Сяргей Паднюк:

Наш інстытут завяршае сістэму рэлігійнай адукацыі, створаную цягам апошніх 28 гадоў. Гэтая сістэма ўключае альфа-курс (12 заняткаў для тых, хто жадае пазнаёміцца з царквой, канфесіяй, веравучэннем і духоўнай практыкай), гадавую біблейскую школу для вернікаў, паўтара-двухгадовую сярэднюю рэлігійную адукацыю для атрымання кваліфікацыі царкоўнага служыцеля, у тым ліку і дыякана, а таксама наш інстытут. Праз розныя формы навучання ён дае вышэйшую тэалагічную адукацыю на дзяржаўных мовах краіны (беларускай ці рускай у залежнасці ад мажлівасцяў выкладчыка) з прысваеннем вучонай ступені бакалаўра багаслоўя (царкоўны служыцель і выкладчык біблейскіх дысцыплін), бакалаўра хрысціянскага служэння (лідар ў царкве і супрацоўнік рэабілітацыйнага цэнтру), бакалаўра мастацтваў у царкоўнай музыкі (рэгент царкоўнага хору) і бакалаўра хрысціянскай педагогікі (выкладчык дзіцячай нядзельнай школы), а таксама магістра багаслоўя. Недахоп спецыяльнай навуковай літаратуры, што існуе, у асноўным, на ангельскай мове, каштуе дорага, увозіцца з-за мяжы і патрабуе правядзення рэлігійнай экспертызы ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, замінае падрыхтоўцы дактараў тэалогіі, якіх у нашай краіне пакуль лічаныя адзінкі.  

Хоць Беларусь не з’яўляецца сябрам Балонскага працэсу, у ягоным рэчышчы працуе наш інстытут. Ён уваходзіць ў міжнародныя структуры духоўнай адукацыі – Еўра-Азіяцкую акрэдытацыйную асацыяцыю і Еўра-Азіяцкую тэалагічную асацыяцыю, якія працуюць па стандартах Балонскай сістэмы. Вось чаму дыпломы нашай ВНУ прызнаюцца ў свеце.

У Тэалагiчным інстытуце зараз навучаюцца 568 студэнтаў – грамадзянаў Беларусі нашага і іншых пратэстанцкіх аб’яднанняў, у першую чаргу -- хрысціянаў поўнага Евангелля. З лютага 1996 года ў інстытуце падрыхтавана каля трох тысяч спецыялістаў, у тым ліку каля 1.400 бакалаўраў і 56 магістраў багаслоўя.

Згодна з законам “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, прынятым у 2002 годзе, інстытут можа толькі па ўзгадненню з дзяржаўнымі службоўцамі запрашаць замежных выкладчыкаў. Калі гэтыя грамадзяне маюць дыплом выкладчыка беларускай ці рускай мовы, атрыманы ў ВНУ СССР альбо Рэспублікі Беларусь, або сертыфікат адпаведнага ўзроўню на валоданне беларускай ці рускай мовамі, як замежнымі, чыноўнікі могуць дазволіць такім асобам выкладанне таго ці іншага прадмета на абмежаваны тэрмін. Аднак яшчэ да прыняцця гэтага закону мы паспелі падрыхтаваць неабходную колькасць айчынных выкладчыкаў, таму зараз у інстытуце выкладаюць толькі грамадзяне Беларусі.

Для навучання замежных студэнтаў рэктарат ВНУ павінен таксама атрымаць дазвол у Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Прычым гэты дазвол трэба штогод працягваць.       
     
Чаго нам не хапае? Больш цесных сувязяў з іншымі хрысціянскімі канфесіямі (бо пры ўсіх  адрозняннях у рэлігійнай практыцы ў нас адна Біблія і адзіны Бог), а таксама са студэнтамі і выкладчыкамі гуманітарных факультэтаў свецкіх ВНУ. Гэтыя сувязі трэба пашыраць праз сумесныя навуковыя праекты, у тым ліку канферэнцыі па філасофскай і гістарычнай праблематыцы, а таксама праз асабістыя кантакты. Запомніліся наведванні нашай ВНУ і царквы студэнтамі і выкладчыкамі філасофскага факультэту Белдзяржуніверсітэту, калі нашыя госці змаглі пазнаёміцца з выхаванцамі Тэалагічнага інстытута, з гісторыяй пратэстанцкага руху на Беларусі, а таксама з нашым набажэнствам. А знаёмства з сучаснай філасофскай думкай вельмі карыснае для нашых студэнтаў, бо не толькі пашырае іх кругагляд, але і выхоўвае цярпімае стаўленне да іншадумства. Такія кантакты дазваляюць зняць недавер і прадузятасць да пратэстантаў, што, на жаль, пакуль яшчэ існуюць у грамадстве.  

Нас не можа задавальняць сітуацыя, калі дзяржава адносіць духоўныя навучальныя ўстановы да рэлігійных структураў і адмяжоўвае іх ад свецкіх навучальных установаў, што падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі. Бо з-за гэта ўзнікае шмат праблем. Так, наш інстытут зарэгістраваны дзяржавай як рэлігійная арганізацыя і вышэйшая духоўная навучальная ўстанова. А згодна закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, студэнты духоўных і свецкіх навучальных устаноў маюць роўныя правы, што не заўсёды бывае ў жыцці. Так, нашыя студэнты дзённай формы навучання маюць адтэрміноўку ад вайсковай службы. І калі з гэтай нагоды мы звяртаемся з лістамі да ваенкамаў, атрымліваем адказ, што нашага інстытуту няма ў спісе ВНУ Міністэрства адукацыі. І хоць мы тлумачым ваекамам, што нашай ВНУ не можа быць ў гэтым спісе, бо Тэалагічны інстытут зарэгістраваны ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, пытанне адтэрміноўкі нашых студэнтаў ад вайсковай службы ў кожным канкрэтным выпадку залежыць ад рашэння таго ці іншага ваенкама, якое можа быць і адмоўным. З такой праблемай адвольнага трактавання заканадаўства сутыкаюцца студэнты-вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, апроч праваслаўнай. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы можа вызвалiць ад вайсковай службы прызыўнiкоў-святароў любой канфессii, калi яе кiраўніцтва пераканае ў немажлівасці замены такога прызыўнiка iншым святаром.

Прыняцце закона аб альтэрнатыўнай вайсковай службе адпавядае інтарэсам тых вернікаў, якія не могуць пайсці супраць свайго сумлення і ўзяць у рукі зброю. Зараз такія вернікі адмаўляюцца прымаць ваенную прысягу, каб не браць у рукі зброю, і праходзяць звычайную вайсковую службу ў частках і на пасадах, не звязаных з узбраеннем. Разам з тым, нашае веравучэнне не стаіць на пазіцыях абсалютнага пацыфізму, бо ў жыцці існуюць выпадкі, калі трэба ўжываць сілу, каб бараніцца ад злачынцаў.

Жадаю студэнтам служыць царкве і людзям, несці ў грамадства біблейскія каштоўнасці, інстытуту – пашыраць кніжны фонд бібліятэкі і тэхнічную базу адукацыйнага працэсу, а таксама распачаць рэалізацыю праграмы падрыхтоўкі дактароў тэалогіі. Усім жадаю, каб нашыя думкі і словы не разыходзіліся з нашымі справамі.

Сяргей Паднюк нарадзіўся ў 1973 годзе ў Брэсце. Пасля школы атрымаў прафесіі радыётэхніка і менэджэра-эканаміста. Працаваў начальнікам аддзела маркетынгу Беларускай чыгункі, затым атрымаў вышэйшую тэалагічную адукацыю ў Беларусі і ЗША, дзе абараніў спачатку магістарскую, а затым дзве доктарскія дысертацыі. З 2006 году ўзначальвае Тэалагічны інстытут.Працуе над шасцітомнікам, прысвечаным евангельскаму багаслоўю, а таксама над кнігай па гісторыі пратэстанцкага руху ў Беларусі.

Чытайце таксама на тэму тэалагічнай адукацыі:

Прарэктар Мінскай Духоўнай Акадэміі Беларускай Праваслаўнай Царквы іераманах Сергій (Акімаў) пра рэформу праваслаўнай тэалагічнай адукацыі

Ксёндз Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Юрый Санько: Усё па-беларуску -- ад каталіцкага дзіцячага садка да тэалагічнай акадэміі

Дэкан Багаслоўскага факультэту Семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптысаў Павел Асененка: За рэальную роўнасць правоў духоўных і свецкіх ВНУ

Скарочаны тэкст дадзенага інтэрвію быў надрукаваны ў артыкуле пад назвай "Стаць вернікам" у газеце "Народная воля" №91 (3934) ад 21 лістапада 2014 г.

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.