Ксёндз Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Юрый Санько: Усё па-беларуску -- ад каталіцкага дзіцячага садка да тэалагічнай акадэміі

Аўтар: 
Марат Гаравы

Як жыць так, каб самаму быць шчаслівым і не ствараць праблемаў іншым? Чалавецтва даўно знайшло кардынальны адказ на гэтае важнае пытанне – трэба жыць з Богам, гэта значыць ва ўсіх сваіх справах кіравацца маральнымі каштоўнасцямі, выкладзенымі ў кнізе кніг – Бібліі. Аднак і па сёння многія суайчыннікі выспавядаюць іншыя жыццёвыя прынцыпы, што забяспечваюць асабістую выгоду за кошт іншых. Але ж на няшчырасці, падмане і ашуканстве ні сабе не прынясеш шчасця, ні іншым. Ад такога жыцця пакутуюць многія беларусы. Адзінае выйсце – навучыцца жыць з Богам. Пра стан і праблемы рэлігійнай адукацыі ў Беларусі напярэдадні адпаведнай міжнароднай канферэнцыі, што мае адбыцца ў Мінску 21-22 лістапада, распавядаюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў – праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага.

Каталіцызм заўжды атаясамліваўся ў беларусаў з еўрапейскай адукацыяй і выхаваннем. Можа таму каталіцкія могілкі вёсак і мястэчак Беларусі вылучаюцца сваёй асаблівай дагледжанасцю і сведчаць пра павагу жывых да тых, хто сышоў у лепшы свет. Пра стан і праблемы каталіцкай адукацыі разважае пробашч Мінскага касцёлу святой Тройцы на Залатой Горцы (святого Роха), ксёндз-ліцэнцыят Юрый Санько:

Пасля свайго адраджэння Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі ўступіў у перыяд развіцця, у тым ліку і ў галіне рэлігійнай адукацыі і выхавання. Па накіраванню святароў ў Баранавіцкім і Мінскім тэалагічных каледжах вядзецца не толькі навучанне катэхетаў – выкладчыкаў рэлігіі ў нядзельных касцёльных школах для дзяцей, але і паглыбляюцца духоўныя веды вернікаў. Калі за саветамі для атрымання тэалагічнай адукацыі некаторыя святары мусілі навучацца падпольна, дык сёння сітуацыя зусім іншая. Цешыць тое, што зараз не толькі будучыя святары, але і свецкія вернікі могуць вучыцца на Бацькаўшчыне.

Для падрыхтоўкі айчынных святароў у краіне дзейнічаюць дзве вышэйшыя духоўныя семінарыі закрытага тыпу для юнакоў ў Гародне і Пінску. Прычым, іх выпускнікі сёння не могуць атрымаць святарскае пасвячэнне, калі не маюць навуковай ступені магістра багаслоўя. Дарэчы, свае магістарскія дысертацыі будучыя святары абараняюць у Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Многія маладыя каталіцкія святары маюць навуковую ступень доктара багаслоўя, прычым яны не адарваныя ад жыцця, ведаюць праблемы людзей і адлюстроўваюць іх у сваіх навуковых даследаваннях.    

Для таго, каб двухтысячагадовай спадчынай Усяленскай Царквы змаглі скарыстацца не толькі вернікі-каталікі, але і людзі добрай волі, 26 верасня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі зацвердзіла статут новай вышэйшай духоўнай адукацыйнай і навуковай установы --“Тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла II” Рымска-каталіцкага касцёлу на Беларусі. Сярод дысціплін, што ў адпаведнасці з касцёльнымі нормамі і вучэннем уключаны ў навучальныя праграмы акадэміі, -- тэалогія, біблеістыка, кананічнае права, гісторыя, літургіка, катэхізацыя, філасофія, этыка, рэлігіязнаўства, сродкі масавай камунікацыі, сацыяльнае вучэнне і служэнне, а таксама замежныя мовы. З мэтай афіцыйнай рэгістрацыі новай каталіцкай ВНУ, якая будзе працаваць у цэнтры сталіцы, накіраваны зварот у адпаведныя дзяржаўныя органы. Рашэнне аб адкрыцці акадэміі блаславіў Папа Рымскі Францішак.

Верагодней за ўсё, навучанне ў акадэміі будзе адбывацца ў завочнай форме. Пры гэтым, мяркуецца падрыхтоўка як духоўных, так і свецкіх спецыялістаў з глыбокім веданнем каталіцкага веравучэння, у тым ліку магістраў і дактароў багаслоўя, тэолагаў, журналістаў і псіхолагаў па пытаннях сям’і, бо ў першую чаргу ад яе стану залежыць здароўе грамадства.

Задача каталіцкай сістэмы адукацыі ў тым, каб пашырыць гарызонты рэлігійных ведаў, абтрэсці забабоны паганства з душы, паказаць карысць, што прыносіць вера сэрцу чалавека, які заўжды шукае свет духоўнага жыцця. Мы імкнемся давесці да  грамадства, што Касцёл – гэта не ідэалогія, а лад гарманічнага жыцця паўсюды, дзе ёсць чалавек. А ён сам зробіць духоўны выбар.  

Хачу падкрэсліць, што ва ўсіх адукацыйных установах Рымска-каталіцкага касцёлу на Беларусі пануе адзіная дзяржаўная мова – беларуская. Гэта вельмі прыгожа і важна, калі чалавек усведамляе сябе сынам роднай зямлі, ведае матчыну мову і можа свабодна на ёй размаўляць.  

У ідэале бачу каталіцкую сістэму адукацыі на Бацькаўшчыне, як непарыўную -- ад каталіцкага дзіцячага садка праз духоўныя школы, каледжы і семінарыі да тэалагічнай акадэміі. Дарэчы, зараз у сталіцы ідзе рэканструкцыя будынку для першага ў краіне каталіцкага дзіцячага садка, дзе сёстры ўршулянкі будуць навучаць і выхоўваць згодна найноўшчым педагагічным методыкам. У гэтым садку звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама дзеці з абмежаванасцямі з малых гадоў будуць інтэгравацца ў грамадства, развівацца і вывучаць розныя мовы.

І апошняе. Сёння ў краіне працуюць 460 святароў, прычым большасць з іх – грамадзяне Беларусі. Пры гэтым няспынна змяншаецца колькасць святароў з Польшчы, якія маюць там ўсё, але адмаўляюцца ад выгод і прыязжаюць на Беларусь, каб менавіта па-беларуску служыць людзям. Перад такімі людзьмі трэба здымаць шапку, а не неабгрунтавана папікаць іх. Разам з тым, трэба мець на ўвазе, што і некаторыя беларускія святары вучацца і працуюць ў шэрагу еўрапейскіх краін.

Юры Санько нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1983 годзе ў каталіцкай сям’і. Пасля заканчэння школы і Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі служыць ксяндзом Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі. Завочна навучаецца на факультэтах юрыдычным і  журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Магістарскую дысертацыю прысвяціў вывучэнню традыцый святкавання Посту і пасхальнага перыяду ў Нясвіжскім раёне. Тэмай доктарскай дысертацыі абраў гісторыю культу Божай Міласэрнасці на Беларусі. Фота: catholic.by

Чытайце таксама на тэму тэалагічнай адукацыі:

Прарэктар Мінскай Духоўнай Акадэміі Беларускай Праваслаўнай Царквы іераманах Сергій (Акімаў) пра рэформу праваслаўнай тэалагічнай адукацыі

Рэктар Тэалагічнага інстытуту Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Паднюк: У рэчышчы Балонскага працэсу

Дэкан Багаслоўскага факультэту Семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптысаў Павел Асененка: За рэальную роўнасць правоў духоўных і свецкіх ВНУ

Скарочаны тэкст дадзенага інтэрвію быў надрукаваны ў артыкуле пад назвай "Стаць вернікам" у газеце "Народная воля" №91 (3934) ад 21 лістапада 2014 г.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.