Прарэктар Мінскай Духоўнай Акадэміі Беларускай Праваслаўнай Царквы іераманах Сергій (Акімаў) пра рэформу праваслаўнай тэалагічнай адукацыі

Аўтар: 
Марат Гаравы

Як жыць так, каб самаму быць шчаслівым і не ствараць праблемаў іншым? Чалавецтва даўно знайшло кардынальны адказ на гэтае важнае пытанне – трэба жыць з Богам, гэта значыць ва ўсіх сваіх справах кіравацца маральнымі каштоўнасцямі, выкладзенымі ў кнізе кніг – Бібліі. Аднак і па сёння многія суайчыннікі выспавядаюць іншыя жыццёвыя прынцыпы, што забяспечваюць асабістую выгоду за кошт іншых. Але ж на няшчырасці, падмане і ашуканстве ні сабе не прынясеш шчасця, ні іншым. Ад такога жыцця пакутуюць многія беларусы. Адзінае выйсце – навучыцца жыць з Богам. Пра стан і праблемы рэлігійнай адукацыі ў Беларусі напярэдадні адпаведнай міжнароднай канферэнцыі, што мае адбыцца ў Мінску 21-22 лістапада, распавядаюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў – праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага.

Рэформа праваслаўнай адукацыі

Дацэнт кафедры біблеістыкі і хрысціянскагв веравучэння Інстытуту тэалогіі імя святых Кірылы і Мяфодзія Белдзяржуніверсітэту, доктар багаслоўя, іераманах Сергій (Акімаў):

Адукацыйныя ўстановы Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) з 2012 году перажываюць глыбокае рэфармаванне згодна з рашэннямі сінодаў РПЦ 2007 і 2011 гадоў. Прычым, істотна змяняюцца не толькі структура сістэмы праваслаўнай адукацыі, але напаўненне адукацыйнага працэсу і ягоныя методыкі. Пры гэтым мы арыентуемся на Балонскую сістэму адукацыі, хоць напоўніцу не зможам яе ўспрыняць, бо ў Беларусі іншыя рэаліі і задачы духоўнай адукацыі, якая вылучаецца сістэмнасцю ў падрыхтоўцы спецыялістаў і асаблівай увагай да іх выхавання. Разам з тым, патрабаванні да ўстаноў праваслаўнай адукацыі Беларусі трэба максімальна наблізіць да стандартаў сістэмы айчыннай дзяржаўнай адукацыі. Пры гэтым улічваецца як расійскі вопыт, паколькі мы існуем у структуры духоўнай адукацыі РПЦ, так і рэаліі беларускай дзяржавы.

Так, у Мінска1й духоўнай семінарыі ў Жыровічах (Слонімскі раён, што на Гарадзеншчыне) з’явіўся чатырохгадовы бакалаўрыят. Поўнасцю зменена сістэма адукацыі ў Мінскай духоўнай акадэміі, якая будзе забяспечваць падрыхтоўку ў двухгадовай магістратуры і трохгадовай аспірантуры, што адпавядае дактарантуры паводле Балонскай сістэмы. У мінулым годзе адбыўся першы прыём у магістратуру акадэміі па трох накірунках – біблеістыка, гісторыя царквы і царкоўна-практычныя дысцыпліны, а таксама апалагетыка. Прычым яна ўпершыню ўключана ў сістэму адукацыі РПЦ. Выбар гэтых накірункаў матываваны вопытам і кадрамі, што мае Беларускі экзархат. Для падрыхтоўкі магістраў створаны адпаведныя кафедры, дзе з 2011 году выдаюцца спецыялізаваныя перыядычныя навуковыя альманахі “Хронос”, “Сектоведение“ і “Скрижали” з дадаткам -- зборнікам навуковых працаў студэнтаў па біблеістыцы “Laboratorium Biblicum”. Прычым “Скрижали” стаў міжнародным перыёдыкам, паколькі ў ім публікуюцца і замежныя, у тым ліку расійская аўтары. Апроч таго, выдаецца навуковы штогоднік “Труды Минской духовной академии“, днямі выйшаў першы нумар “Вестника студенческого научного общества Минских духовных школ”.  

Сістэма духоўнай адукацыі Беларускага экзархату прадугледжвае міжнародны студэнцкі абмен толькі на ўзроўні магістратуры з адпаведным залікам здадзеных дысцыплін. Мы лічым, што на ўзроўні бакалаўрыяту малады чалавек павінен атрымаць сістэмныя веды, таму баімся той мазаічнасці, што суправаджае Болонскую сістэму, калі студэнт сам выбірае веды, аднак не заўсёды разумее іх важнасць. У выніку малады чалавек можа не атрымаць той сістэмы поглядаў, якую прадугледжвае айчынны бакалаўрыят. Вось чаму вучэбную свабоду студэнтам мы вырашылі прадастаўляць на больш высокім узроўні магістратуры, дзе апроч беларусаў навучаюцца грамадзяне Малдовы, Сербіі, Расіі і Украіны. Што тычыцца аспірантуры (доктарантуры), дык першыя выпускнікі магістратуры змогуць паступіць у яе ў 2015 годзе.

Трэба зазначыць, што асаблівую ўвагу мы надаем моўнай падрыхтоўцы студэнтаў, якія па самых лепшых методыках вывучаюць мовы старажытныя (латынь, іўрыт, старажытнагрэцкую, царкоўнаславянскую) і сучасныя (нямецкую ці ангельскую).

З жніўня бягучага году ў магістратуры акадэміі ўпершыню пачалося завочнае навучанне па накірунку “Царкоўная гісторыя. Царкоўна-практычныя дысцыпліны” для 16 святароў з Беларусі, Расіі і Украіны дзеля падвышэння ўзроўню іх кваліфікацыі. Апроч таго, пры акадэміі запланавана адкрыццё сталых курсаў падвышэння кваліфікацыі для духавенства.  

Кардынальна змяніліся і патрабаванні да прафесараў і выкладчыкаў, якія апроч выкладчыцкай, павінны займацца метадычнай і даследчай працай. З гэтага году выкладчыкі будуць праходзіць абавязковую штогоднюю атэстацыю, якая, між іншым,  улічвае грамадскую і выхаваўчую актыўнасць. У час інфармацыйных тэхналогій змянілася і методыка выкладання, калі трэба ў першую чаргу накіраваць і натхніць студэнтаў да працы над сабою. Аднак якраз гэта – найбольш слабое месца не толькі духоўнай, але і свецкай адукацыі, пачынаючы са школы.

Нам пасуе існуючая прававая сітуацыя, калі тэалагічныя навучальныя ўстановы не адносяцца да дзяржаўнай сістэмы адукацыі, а лічацца рэлігійнымі структурамі. Так прасцей, хоць у сваёй працы мы абапіраемся на праграмы свецкай адукацыі. Паколькі ж мы рыхтуем кадры, ў першую чаргу, для царквы, важна, каб менавіта яна была задаволена ўзроўнем падрыхтоўкі нашых выпускнікоў. У гэтай прававой сітуацыі не выключана, што дзяржава можа не прызнаць вышэйшую адукацыю нашых выхаванцаў. Аднак спадзяемся, што такі парадокс з цягам часу здымецца з-за падвышэння ўзроўню рэлігійнай адукацыі і адпаведнасці яе дзяржаўным стандартам.

Мы не маем прэтэнзій да беларускай дзяржавы, бо яна не толькі вырашае пытанні адтэрміноўкі ад вайсковай службы, але і матэрыяльна падтрымлівае выкладчыкаў і выхаванцаў адукацыйных устаноў Беларускага экзархату дзеля таго, каб нашыя выпускнікі ішлі па шляху духоўнага ўдасканальвання і неслі ў грамадства хрысціянскія запаведзі.

Іераманах Сергій (Акімаў) нарадзіўся ў Бабруйску ў 1973 годзе. Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі і Санкт-Пецярбуржскай духоўнай акадэміі выкладаў у шэрагу духоўных і свецкіх навучальных устаноў, у тым ліку ў Мінскай духоўнай акадэміі і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Вучыўся ў Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых Кірылы і Мяфодзія ў Маскве, дзе ў 2013 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У асноўным цікавіцца Свяшчэнным Пісаннем Старога Запавету і гісторыяй ранняга хрысціянства. Фота: minds.by

 

Чытайце таксама на тэму тэалагічнай адукацыі:

Ксёндз Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Юрый Санько: Усё па-беларуску -- ад каталіцкага дзіцячага садка да тэалагічнай акадэміі

Рэктар Тэалагічнага інстытуту Аб'яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай Сяргей Паднюк: У рэчышчы Балонскага працэсу

Дэкан Багаслоўскага факультэту Семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптысаў Павел Асененка: За рэальную роўнасць правоў духоўных і свецкіх ВНУ

Скарочаны тэкст дадзенага інтэрвію быў надрукаваны ў артыкуле пад назвай "Стаць вернікам" у газеце "Народная воля" №91 (3934) ад 21 лістапада 2014 г.

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 8 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.