Летняя школа “Дасягнуць свабоды рэлігіі для ўсіх” Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў прайшла 15-18 верасня ў Палерма

 

 

 

 

 

Праект летніх школ па правах чалавека Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў адкрыўся ў Палерма, Італія, з тэматычнай сесіі “Дасягнуць свабоды рэлігіі для ўсіх”, прысвечанай свабодзе рэлігіі і веравызнання, якая прайшла 15-18 верасня.

Мерапрыемства было арганізавана на запрашэнне Пратэстанцкай федэрацыі Італіі з акадэмічнай падтрымкай Лёвэнскага Каталіцкага універсітэту. Праграма насіла міждысцыплінарны характар і ўключала багаслоўскі, палітычны, сацыялагічны і юрыдычны падыходы да свабоды рэлігіі і веравызнання.

Цягам чатырох дзён больш за трыццаць удзельнікаў школы з дваццаці адной еўрапейскай краіны і разнастайных хрысціянскіх цэркваў абмяркоўвалі розныя аспекты свабоды рэлігіі і яе суадносіны з іншымі фундаментальнымі правамі чалавека. Выступоўцы і ўдзельнікі школы неаднаразова падкрэслівалі неабходнасць праваабарончай дзейнасці цэркваў у перспекыве абароны правоў чалавекі і свабоды рэлігіі і веравызнання для ўсіх, а не толькі абароны сваіх уласных правоў і інтарэсаў. Таму вялікая ўвага надавалася ўзаемадзеянню паміж цэрквамі большасці і цэрквамі меншасці, салідарнасці першых з апошнімі.

На школе ўздымаліся наступныя пытанні: як узаемаадносяцца багаслоўскія рэфлексіі з мовай міжнароднага права? Наколькі шырокай можа быць мяжа свайго одуму (margin of appreciation) у сферы свабоды рэлігіі і на якім узроўні апошняя павінна вызначацца - на нацыянальным ці на міжнародным? Якая роля Еўрапейскага Суда па правах чалавека ў абароне як правоў асобных індывідаў, так і інтэрпрэтацыі свабоды рэлігіі ў цэлым? Як узмацніць ролю цэркваў ў іх працы з грамадзянскай супольнасцю?

Наталля Васілевіч, эксперт “Ініцыятывы FORB”, член працоўнай групы па правах чалавека Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў:

“У якасці выкладчыкаў былі запрошаныя вядомыя эксперты і царкоўныя дзеячы: праф. Марка Вентура з Лёвэна, праф. Пэтэр Петкоф з Оксфарду, таксама быў цікавы, д-р Ёран Гунар са Стакгольму, старшыня Еўрапейскай Баптыскай Федэрацыі Энтані Пэк, кантар Тоні Ўілтан, які доўгі час быў прадстаўніком Англіканскай Царквы пры Еўрапейскіх інстытуцыях у Брусэлі, а таксама д-р Брайн Дж. Грым, які займаецца статыстычнымі даследаваннямі рэлігійнай свабоды і адсочвае сацыяльныя трэнды, з ёй звязаныя.

Адным з важных пытанняў, якое стаіць на парадку дня, з’яўляецца пытанне аўтаноміі рэлігійных арганізацый, і цэрквы зацікаўленыя ў пашырэнні такой аўтаноміі ад дзяржавы - апошняя справа Фердынандэза-Марцінэза супраць Гішпаніі таксама тычылася гэтага аспекту свабоды веравызнання. Аднак часцяком паляпшэнне абароны аўтаноміі цэркваў уступае ў канфлікт з абароненасцю правоў дысідэнтаў у гэтых цэрквах, і наогул, простых вернікаў і святароў; аўтаномія абараняе ў першую чаргу карпаратыўны складнік свабоды рэлігіі, а гэта значыць, царкоўную іерархію. І тады, любыя выказванні, якія супярэчаць “генеральнай лініі”, могуць стаць легітымнай падставай не толькі для ўнутрыцаркоўных дысцыплінарных мер, але і для звальнення выкладчыкаў рэлігіі і тэалогіі; пры гэтым, зусім невідавочна, хто мае выключную легітымнасць вызначаць гэтую “генеральную лінію”.

Школа ў Палерма была першым царкоўна-акадэмічным праваабарончым мерапрыемствам Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў такога кшталту, на наступныя гады ў супрацоўніцтве з рознымі акадэмічнымі і царкоўнымі інстытуцыямі запланаваны яшчэ шэраг такіх школ.

Больш інфармацыі - на сайце Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў.

Фотаздымак: Elizabeta Kitanovic (c)

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 7 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.