Школа рэфармацкай тэалогіі 2014

Рэфармацкая тэалогія ў Беларусі, нягледзячы на тое, што ў часы 16-17 стагоддзя мела свой уплыў на тагачасную інтэлектуальную думку, толькі пачынае развівацца - на базе баптысцкіх супольнасцяў, у якіх ёсць і гарачая вера, і любоў да Слова Божага, і моцныя непітушчыя сем'і з вялікай колькасцю дзяцей, і даволі добрая рэпутацыя ў грамадстве, аднак чаго, на жаль, не стае - дык гэта інтэлектуальнага падмурку, які можа лічыцца неабавязковым, а часам нават і шкодным (кшталту "ад многіх ведаў многія турботы"). Ды і ў багаслоўскім плане сярод беларускіх баптыстаў распаўсюджана скептычнае стаўленне да рэфармацтва, і асабліва да кальвінізму.

Малады тэолаг-рэфармат Яраслаў Вязоўскі, які каардынуе пераклад і выданне багаслоўскай рэфармацкай літаратуры на рускую мову (выдавецтва "Евангелие и Реформация"), а таксама "Багаслоўскі клуб", адзін з рухавікоў развіцця рэфармацкага багаслоўя ў Беларусі. Ён рызыкуе - калі пры поўнай адсутнасці акадэмічнага пратэстанцкага багаслоўя ў Беларусі ажыццяўляе праекты на высокім навуковым узроўні, але гэтыя праекты даюць некаторы плён. За Яраславам і рэфармацкай кампаніяй я доўгі час назірала ў фэйсбуку, праводзіла гарачыя багаслоўскія дыскусіі, карыстаючыся розніцай у часе ў дзве гадзіны: я ў зімовы час была ў даволі выгодных умовах - акурат тады вучылася ў Бонскім універсітэце на праграме экуменічных даследаванняў, і жыла ў студэнцкім пратэстанцкім інтэрнаце. Бон - горад, дзе расквітнеў і ўзбуяў талент аднога з найвядомых пратэстанцкіх багасловаў, Карла Барта. Я спазнілася да яго ў вучні на некалькі дзесяцігоддзяў, але сярод маіх выкладчыкаў таксама быў шэраг інтэлектуалаў-рэфарматаў. Таму я пачувалася ў дыскусіях з беларускімі рэфарматамі досыць упэўнена, вяшчаючы ім з берагоў Рэйна, цытадэлі акадэмічнай тэалогіі.

З 23 па 25 чэрвеня, на запрашэнне Яраслава я ўзяла ўдзел у Летняй школе рэфармацкага багаслоўя, недалёка ад Менску. Галоўнымі лектарамі выступілі вядомы даследнік кальвінізму Пол Хэлм (Paul Helm) і пастар прэсвітарыянскай царквы ў Паўднёвай Караліне Мэт Мілер (Matt Miller). Выкладчыкі прачыталі цыкл лекцыяў на ангельскай мове з паслядоўным перакладам на рускую. Прафесар Хэлм раскрыў інтэлектуальны і рэлігійны кантэкст паўставання Жана Кальвіна як каталіцкага і, пазней, рэфармацкага багаслова, нават паказаў сувязі з усходняй патрыстыкай (напрыклад, Янам Златавустам). Паглядзець і паслухаць лекцыі можна тут. Мэт Мілер прадставіў такі герменеўтычны падыход галандскага багаслова і біблеіста Германа Рыдэрбоса як "гісторыка-выкупляльны" (вось пачатак яго лекцыяў на відэа). Хоця і вяла я канспект падрабязна, вырашыла не выкладаць summary лекцыяў, а заклікаць тых, хто цікавіцца, паглядзець іх відэазапісы.

Па вечарах на школе адбываліся багаслоўскія дыскусійныя круглыя сталы, дзе два дакладчыкі прадстаўлялі розныя пазіцыі, а потым адбывалася абмеркаванне. Дыскусіі гэтым разам былі эклезіялагічныя, а апошняя атрымалася яшчэ і экуменічнай, паколькі адным з дакладчыкаў была я. Першая дыскусія "Што такое царква?" была засяроджана на пошуку біблійных эклезіялагічных канцэпцыяў, адэкватных для рэфармацкай ідэнтычнасці. Яраслаў Вязоўскі, першы дакладчык, прапанаваў канцэпцыю царквы як народа Божага (тэзісы ягонага выступу). Другая дыскусія зрушыла акцэнты з унутранага разумення царквы на знешняе, яе тэмай стала "Месца царквы ў грамадстве", тэма для пратэстанцкай меншасці ў даміноўна атэістычна-праваслаўным грамадстве няпростая. Трэцяя экуменічная дыскусія была на тыпова праваслаўную тэму "Роля таемстваў у жыцці царквы", паколькі сакраменталогія, асабліва для праваслаўнага багаслоўя дваццатага стагоддзя, гэта канёк, асабліва, што тычыцца еўхарыстычнага эклезіялогіі і наогул еўхарыстычнай свядомасці. Праўда, даводзілася пастаянна адзначаць розніцу паміж прыгожым еўхарыстычным багаслоўем і рэальнасцю прыходскага жыцця.

Дыскусія на тэму таемстваў, а таксама наогул багаслоўскія дыскусіі на любыя тэмы, выявілі значнае метадалагічнае раззыходжанне багаслоўскага дыскурсу пратэстантаў і праваслаўных: адны і тыя паняцці могуць не проста мець розныя канатацыі, але значыць супрацьлеглыя рэчы, пры гэтым у нейкіх паняццях раптам нечакана знаходзіцца нешта агульнае. Яшчэ больш ускладняюць узаемаразуменне стэрэатыпы адзін пра аднаго, а часта і недахопы ведання ўласнай традыцыі і магчымасці выразіць яе адэкватна ў нейтральных паняццях. Экуменічныя дыскусіі і непаразуменні ў іх маюць сваю карысць - яны паказваюць неабходнасць дыялогу, у якім не толькі два бакі пачынаюць лепей разумець адзін аднаго, але і свая багаслоўская традыцыя адкрываецца ў новым святле.

Хоць-няхоцькі паслухала я і пра ўнутраныя бапысцка-рэфармацкія супярэчнасці, і пра праблемы пратэстанцкай царквы ў Беларусі, хутчэй "хоцькі" - пагаварыла з рознымі людзьмі пра веру, царкву і тэалогію, пабачыла значную багаслоўскую разнастайнасць як у пытаннях дагматычных, так і ў падыходах да царкоўнага жыцця. Свабодныя дыскусійныя праекты спрыяюць развіццю і першага, і другога. І можа, "Залаты век" Рэфармацыі быў у Беларусі зусім і не ў 16 стагоддзі, а яшчэ наперадзе?

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
18 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.