Цэрквы ў Беларусі: старыя праблемы і новыя лідары

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

Рэзюмэ
У 2013 годзе рэлігійнае поле Беларусі знаходзілася пад значным дзяржаўным кантролем, які характарызаваўся не толькі дробнымі “зачысткамі” пратэстантаў, але і тым, што пад удары трапілі праваслаўная і каталіцкая цэрквы, каторыя ў канфліктных сітуацыях імкнуліся стрымліваць іх разгаранне. У сацыяльнай пазіцыі цэркваў істотную ролю адыгрываў парадак дня, звязаны з pro-life каштоўнасцямі (сям’я, дэмаграфія, аборты), фарміраваўся як кансалідацыйны, так і пратэстны патэнцыял гэтай тэматыкі, які, аднак, выкарыстоўваўся недастаткова.

Супрацьстаянне ў кіраўніцтве Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ) з нагоды падрыхтоўкі да змены Патрыяршага Экзарха ўзмацнялася ўмяшальніцтвам, з аднаго боку, беларускіх уладаў, якое публічна выявілася праз рэзкія заявы Прэзідэнта Лукашэнкі аб неабходнасці рэфармавання праваслаўнай царквы, а з другога - Маскоўскага цэнтру, які, урэшце, у адзінаасобным парадку ў якасці новага Мітрапаліта Мінскага накіраваў у БПЦ шараговага расейскага іерарха без сувязяў з Беларуссю.

Арышт спецслужбамі рыма-каталіцкага ксяндза У. Лазара стаў пагрозай для дасягнутага балансу ў дачыненнях паміж беларускімі ўладамі і каталіцкай царквой, узніклі перадумовы іх перафарматавання ў кантэксце істотных кадравых зменаў у Ватыкане.
    
Тэндэнцыі

  • дзяржаўныя ўлады менш ідуць на адкрытую канфрантацыю з пратэстанцкімі цэрквамі, стасункі з якімі пераважна рэгулярызуюцца;
  • публічная прысутнасць цэркваў па-ранейшаму грунтуецца вакол pro-life тэматыкі, кансалідацыйны і пратэстны патэнцыял якой застаецца нерэалізаваным;   
  • унутраныя супярэчнасці ўнутры кіраўніцтва БПЦ і ўплыў маскоўскага цэнтру ў БПЦ узмацняюцца;
  • кадравае абнаўленне найвышэйшага ўзроўню Рыма-Каталіцкай Царквы не выводзяць яе стасункі з беларускімі ўладамі з “замарожанага” стану.

Агульная характарыстыка
Колькасны рост рэлігійных арганізацый цягам году быў паступовым і без рэзкіх скачкоў. Паводле афіцыйнай інфармацыі [1], на 1 студзеня 2014 года агульная колькасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь склала 3280 рэлігійных абшчын, у тым ліку: 1615 Беларускай Праваслаўнай Царквы (49,24%), 488 Рыма-Каталіцкай Царквы (14,88%), 907 пратэстанцкіх абшчын (27,65%), з якіх хрысціян веры евангельскай - 520 (15,85%) і баптыстаў - 287 (8,75%).   

Улетку 2013 году адбыўся шэраг канфесійных масавых мерапрыемстваў, колькасць удзельнікаў у якіх дазваляе параўнаць актыўнасць вернікаў розных канфесій: у праваслаўным святкаванні 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў Мінску з удзелам вышэйшых прадстаўнікоў памесных Праваслаўных Цэркваў, паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, узяло ўдзел каля 85 тыс. чал.; у юбілейным святкаванні 400-годдзя шанаванай Будслаўскай іконы, з удзелам папскага легата кардынала Тарана, узяло ўдзел каля 40 тыс. чал. [2]; абласны кангрэс Сведкаў Іеговы сабраў на мінскім стадыён “Трактар” каля 10 тыс. чал. [3] Даныя, нягледзячы на сітуатыўны характар, маюць ілюстратыўны патэнцыял, актуальны ва ўмовах адсутнасці афіцыйнай статыстыкі колькасці вернікаў той ці іншай канфесіі, бо даныя масавых апытанняў, якія праводзяцца дзяржаўнымі ці незалежнымі агенцтвамі, значна адрозніваюцца ў залежнасці ад метадалогіі, пераважна пагаджаючыся ў высновах, што тыя, хто адносіць сябе да праваслаўных, - найбольш масавыя, але найменш актыўныя, каталікі - істотная меншасць з сярэдняй актыўнасцю, а колькасна нязначныя пратэстанты актыўна праяўляюць сябе як у рэлігійным, так і ў грамадскім жыцці [4].

Заканадаўства і інстытуцыі: дзесяцігоддзе партнёрства з Праваслаўнай Царквой

У сувязі з 10-годдзем з моманту заключэння пагаднення паміж Беларусcю і Беларускай Праваслаўнай Царквой у краіне праводзіліся мерапрыемствы па падвядзенні вынікаў супрацоўніцтва. Магчымасць з’яўлення грамадзянска-прававых пагадненняў была ўведзена ў Закон “Аб свабодзе сумлення” ў 2002 г., паводле якога “дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння з імі пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь” [5].

Пагадненні існуюць на нацыянальным і рэгіянальным узроўні толькі з рэлігійнымі аб’яднаннямі праваслаўнай Царквы - Беларускім Экзархатам і асобнымі епархіямі. Рыма-каталіцкая царква, па-першае, не мае рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання, што замінае ёй заключаць дамовы на нацыянальным узроўні, па-другое, яна імкнецца да заключэння дамовы больш высокага статуса, паводле іншага механізму - міжнародна-прававога. Менавіта такая форма канкардату традыцыйная для Рыма-Каталіцкай Царквы, аднак у беларускім кантэксце, нягледзячы на шматразовыя заявы цягам апошніх шасці год, выяўляецца нерэальнай.

На цяперашні момант дзейнічаюць наступныя дакументы, што прадугледжваюць дзяржаўна-царкоўнае супрацоўніцтва: 1) Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных зносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2011-2015 гады [6], узнодненую з адзінай рэлігійнай арганізацыяй - Беларускай Праваслаўнай Царквой; 2) Рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і БПЦ, прыярытэтнымі накірункамі якога вызначаюцца “грамадская маральнасць, выхаванне і адукацыя, культура і творчая дзейнасць, ахова, узнаўленне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны, аховы здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, міласэрнасць, дабрачыннасць, падтрымка інстытута сям’і, мацярынства і дзяцінства, апякунства асобаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, выхаваўчая, сацыяльная і псіхалагічная работа з ваеннаслужачымі, ахова навакольнага асяроддзя”; 3) галіновыя пагадненні і праграмы з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, якія не маюць адзінай структуры і маюць форму альбо “дэкларацыяў аб намерах”, альбо даюць бакам некаторыя правы, ці з’яўляюцца сукупнасцю мерапрыемстваў з каляндарным планам; 4) рэгіянальныя праграмы і пагадненні; 5) асаблівыя палажэнні ці інструкцыі, якія рэгулююць супрацоўніцтва:

  • інструкцыя аб парадку працы святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў папраўчых установах, лячэбна-працоўных прафілакторыях, следчых ізалятарах крымінальна-выканачыў сістэмы МУС (2007);
  • палажэнне аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння установаў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў (2011);
  • метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі супрацоўніцтва ўстановаў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой (2011).

Паводле Палажэння (2011) Мінадукацыі заключае пагадненні аб узаемадзеянні толькі з рэспубліканскімі рэлігійнымі аб’яднаннямі, якія маюць пагадненні аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам, а такой арганізацыяй прынцыпова можа з’яўляцца толькі БПЦ. Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі, па-першае, не мае рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання, па-другое, не заключыла пагаднення з Рэспублікай Беларусь аб супрацоўніцтве, па-трэцяе,  форма канкардату, у якой такое пагадненне мае быць заключана, з’яўляецца не грамадзянскай дамовай, а міждзяржаўным дакументам. Няўдалай была спроба адкрыць каталіцкі клас у гомельскай школе №34, пра набор у які на 2014/2015 год ужо было абвешчана, бо адпаведныя органы правялі спецыяльную тлумачальную працу - аб немагчымасці супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі, апроч БПЦ [7].

Новая рэдакцыя Закона “Аб сацыяльным забеспячэнні”, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2013 года, увяла распаўсюджаную ў свеце форму супрацоўніцтва некамерцыйных (у тым ліку рэлігійных) арганізацый і дзяржавы - дзяржаўны сацыяльны заказ. Ён прадугледжвае фінансаванне дзяржавай сацыяльных паслуг некамерцыйных арганізацый за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, што патэнцыйна давала царкоўным арганізацыям магчымасць атрымання бюджэтнага фінансавання для рэалізацыі сацыяльных праграм. Аднак з пілотнага праекту ў межах тэндэраў на выкананне паслуг сядзелак, абвешчаных мясцовымі выканаўчымі і распараджальнымі органамі ды тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, рэлігійныя арганізацыі былі выключаныя праз немагчымасць адпавядаць патрабаванню высокай ступені прафесійнасці. Супрацоўніцтва праз механізм дзяржаўнай закупкі сацыяльных паслугаў ажыццяўляецца з Дома міласэрнасці і рэабілітацыйнага цэнтра “Элеас” пры ім.

Кіраванне рэлігійнай сферай на рэгіянальным узроўні перайшло ад аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцяў як самастойных органаў да структурных падраздзяленняў у складзе галоўных упраўленняў па ідэалагічнай працы, культуры і справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкаму. Самастойныя органы па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў захоўваюцца толькі ў Брэсцкім і Віцебскім аблвыканкамах.
    
Пункты напружання: рэгістрацыя, культавыя збудаванні, дактыласкапія, смяротнае пакаранне, аборты
    
Працягваецца супрацьстаянне з незарэгістраванымі арганізацыямі, звязанае як з крытыкаваным праваабаронцамі артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэксу, так і па-за ім. Распачатая ў чэрвені рэзанансная крымінальная справа супраць католіка Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну прытулак для бяздомных, была спыненая пасля рэгістрацыі Шчадровым прыватнай сацыяльнай установы “Павер у сябе”.

Хваля пераследу была паднятая ў дачыненні да незарэгістраваных баптысцкіх супольнасцяў у Гомелі, што збіраюцца ў прыватных дамах на набажэнствы: спачатку, пасля ініцыяванага КДБ ператрусу 14 красавіка, лідары абшчыны Яшчанка і Шчадрэнка былі аштрафаваныя паводле арт. 23.34 ч. 1 Адміністратыўнага кодэкса "Арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", а 22 снежня супрацоўнікамі міліцыі ажыццявілі новы рэйд са складаннем пратаколаў па тым самыма артыкуле [8].

Чарговы раз за кароткі тэрмін адбылася спроба ціску на пратэстанцкую царкву “Новае жыццё”, звязанага з выкарыстаннем ёю будынка па вул. Кавалёва, 72, вакол якога супрацьстаянне ў рознай ступені інтэнсіўнасці цягнулася дзесяць год, і якое, здавалася, вырашылася ў канцы 2012 года [9]. Справа ўзнавілася на кароткі тэрмін, дастатковы для таго, каб пастар, у выніку шматгадовага супрацьстаяння, трапіў у рэанімацыю з інсультам, калі 13 чэрвеня судовы выканаўца Гаспадарчага суда ў чарговы запатрабаваў, каб царква вызваліла памяшканне. На наступны дзень высветлілася, што пазоўнік - Упраўленне жыллёвай гаспадаркі - папрасіў суд перапыніць высяленне - невядома, ці канчаткова.

Што тычыцца культавых збудаванняў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, то паводле інфармацыі Ўпаўнаважанага [10], забяспечанасць імі складае 92 і 98% адпаведна, пры гэтым за 2013 год толькі палова зваротаў аб узгадненні месцаў размяшчэння зямельных участкаў для будавання культавых аб’ектаў (22 з 49) атрымала станоўчыя заключэнні. Прычыны, паводле якіх дзяржава адмовіла астатнім, наступныя: значная колькасць незавершанага будаўніцтва культавых аб’ектаў і парушэнні парадку ўнясення дакументаў на разгляд. У такіх умовах рэлігійныя абшчыны БПЦ самавольна захопліваюць зямельныя ўчасткі і ўзводзяць на іх культавыя збудаванні (такія выпадкі мелі месца ў в. Зарэчча Камянецкага раёна і в. Плошчава Пінскага раён Брэсцкай вобласці). Аднак дзяржаўныя органы хоць і выказваюць сваю незадаволенасць такім бегам спраў, падыходзяць параўнальна мякка да гэткіх выпадкаў з боку праваслаўных супольнасцяў.

Нягледзячы на памяншэнне актуальнасці супрацьстаяння абавязковай дактыласкапіі [11], маюць месца чарговыя выпадкі пакарання штрафамі праваслаўных святароў, якія адмаўляюцца праходзіць працэдуру [12].

Пры агульным падзенні грамадскага інтарэсу да тэмы смяротнага пакарання, яна нечаканая актуалізавалася праз агучаны на круглым стале Савета Еўропы “Рэлігія і смяротнае пакаранне” ў Мінску 21 чэрвеня зварот кіраўніка БПЦ Мітрапаліта Філарэта на карысць адмены смяротнага пакарання [13]. Аднак з прычыны адноснай неактуальнасці тэмы заяўленая пазіцыя хоць і атрымала рэзананс у колах дэмакратычнай грамадскасці, але не сталася выразным канфліктным момантам у дачыненнях з дзяржаўнымі ўладамі.

Па-ранейшаму канфліктнагеннай тэмай з’яўляецца культываванне цэрквамі сямейных каштоўнасцяў і барацьба супраць абортаў у кантэксце як дэмаграфічнага крызісу, так і крызісу сям’і і маральнасці. Пра-лайф каштоўнасці сталіся ў 2013 годзе аб’яднальным дыскурсам супрацоўніцтва паміж хрысціянскімі цэрквам. Апроч гэтага, становячыся парадкам дня, ён мае пратэстны патэнцыял, дзеля якога цэрквы могуць “выйсці на вуліцы” і ўступіць у дыялог з грамадскімі сіламі.

Адмена гарадскімі ўладамі запланаванага на 21 верасня ў Мінску агульнанацыянальнага марша пад дэвізам “За жыццё, за сям’ю, за дзяцей”, у арганізацыі якога прынялі ўдзел хрысціянскія цэрквы і грамадскія арганізацыі Беларусі, выявіла супрэчнасці ў супольнай пра-лайф пазіцыі. Па-першае, пратэстны настрой ад пачатку нівеліраваўся мэтанакіраваным пазбяганнем канфрантацыі з дзяржаўнымі ўладамі, што, аднак, не перашкодзіла апошнім забараніць марш. Супрацоўніцтва паміж цэрквамі, нягледзячы на каштоўнаснае і стратэгічнае абгрунтаванне, апынулася хісткім, што выявіла забарона маршу [14]. І ўрэшце, замест каштоўнаснага яднання з палітычнымі і грамадскімі сіламі, цэрквы дыстанцыяваліся ад петыцыі БХД аб унясенні зменаў у беларускае заканадаўства, скіраваных на абмежаванні штучнага перапынення цяжарнасці. Цэрквы і царкоўныя пра-лайф арганізацыі выказалі, з аднаго боку, больш радыкальную па змесце пазіцыю - ніякіх паўмераў, толькі поўная забарона абортаў, -  з іншага боку, іх пазіцыя была нашмат менш радыкальнай па сродках - з пазбяганнем пратэстнага гучання [15].
    
Беларуская Праваслаўная Царква: канец эпохі Мітрапаліта Філарэта

Увесь год унутры кіраўніцтва БПЦ працягваліся апаратныя супрацьстаянні, звязаныя з падрыхтоўкай да магчымай змены Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, якая, аднак, адбылася нечакана і без уплыву ўнутраных “партыяў”. Працэс змены кіраўніка БПЦ быў цалкам сканцэнтраваны ў руках маскоўскага цэнтру, што адпавядала фармальнай працэдуры кадравай змены, прадугледжанай Статутам РПЦ, паводле якой Мітрапаліт Мінскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у адрозненне ад іншых епіскапаў Беларускага Экзархату, прызначаецца Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы без прадстаўлення мясцовага беларускага Сіноду.

Аднак пры наяўнасці рычагоў уплыву захоўваліся нефармальныя спосабы лабіравання патрэбнай кандыдатуры. Такіх рычагоў не аказалася ні ў кіраўніцтва БПЦ, ні ў кіраўніцтва беларускай дзяржавы, і Сінод РПЦ у адзінаасобным парадку, не ідучы на публічную канфрантацыю прымусовай адстаўкай аўтарытэтнага іерарха, скарыстаў фармальную нагоду - пададзенае ў 2010 годзе статутнае прашэнне Мітрапаліта Філарэта аб сыходзе на спачын, падсаладзіўшы рашэнне ганаровымі тытуламі.

Новым Экзархам на пасяджэнні Сіноду 25 снежня быў прызначаны ніяк не звязаны з беларускімі царкоўнымі элітамі і Беларуссю наогул, нічым не выбітны іерарх - разанскі Мітрапаліт Павел (Панамароў), грамадзянін Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, па-першае, статус Беларускай Праваслаўнай Царквы ў складзе Маскоўскага Патрыярхату быў пазначаны як “правінцыйны” і “другасны”; па-другое, быў выражаны недавер мясцовым царкоўным элітам; па-трэцяе, быў праігнараваны ўплыў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў царкоўных справах, які ўлетку заявіў пра гатоўнасць перафарматаваць Праваслаўную Царкву ў Беларусі. Аднак ініцыятыву перафарматавання ў рэальнасці перахапіў маскоўскі цэнтр.
    
Рыма-Каталіцкая Царква: новы Папа

Для Рыма-Каталіцкай Царквы на сусветным узроўні 2013 год адзначыўся сыходам у адстаўку ўмоўна кансерватыўнага папы Бенедыкта XVI і абрання новым папам аргентынца кардынала Бергальё, які ўзяў сабе імя Францыск. Новы папа, што атрымаў папулярнасць у медыях, распачаў абнаўленне Касцёлу і правёў шэраг значных кадравых і структурных зменаў у курыі. У тым ліку з пасады Дзяжсакратара Ватыкана, звязанай з дыпламатычнымі і міждзяржаўнымі зносінамі, быў адпраўлены ў адстаўку кардынал Бертонэ, які прыязджаў у Беларусь у 2008 годзе і з візіта якога і распачаўся т.зв. “паварот да Касцёлу”.

Па-другое, шэраг кадравых зменаў адбыліся і ў Беларусі: увесну ў адстаўку сышоў Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін, а 29 лістапада былі прызначаныя тры новыя маладыя беларускія біпкупы: Алег Буткевіч (Віцебская дыяцэзія), Юры Касабуцкі (дапаможны Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) і Іосіф Станеўскі. Гэта колькасна аслабіла “польскую партыю” ў кіраўніцтве РКЦ, у якой праз ужо праз ціск дзяржаўных уладаў скарачаецца і колькасць святароў-палякаў: у 2013 годзе на служэнні ў Беларусі замежных святароў заставалася 135 з 449 (146 - у 2012 годзе).

Па-трэцяе, істотным канфліктным момантам стала “шпіёнская справа” супраць ксяндза Уладзіслава Лазара, прычыны і акалічнасці якой дагэтуль застаюцца няяснымі. Са свайго боку кіраўніцтва Рыма-Каталіцкай Царквы пайшло на апублічванне арышту ксяндза толькі пасля ціску грамадскасці.

У выніку, можна казаць пра заканчэнне распачатага ў 2008 годзе этапу абяцанняў і адноснай прыязнасці паміж беларускай дзяржавай і Каталіцкай Царквой і непазбежнасць перафарматавання двухбаковых стасункаў.

Заключэнне

Асобныя канфліктныя сітуацыі з праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі не спарадзілі канфрантацыі апошніх з дзяржаўнымі ўладамі і ў цэлым не прывялі да крызісу дачыненняў. Тым не менш кадравае абнаўленне, якое закранула абедзьве буйныя канфесіі, мае патэнцыял для зменаў як на ўзроўні абедзвюх цэркваў, так і на ўзроўні дзяржаўна-канфесійных зносінаў.

У другой палове наступнага году магчымыя папулісцкія крокі з боку ўладаў, звязаныя з набліжэннем перадвыбарнага перыяду, пры захаванні кантраляванасці рэлігійных супольнасцяў. Зручным момантам для такога павароту мог бы стаць праваслаўна-каталіцкі форум, які адбудзецца ў Мінску ў пачатку чэрвеня.

Асноўнымі грамадска-палітычнымі тэмамі будуць ізноў дэмаграфія і аборты, таксама адбудуцца новыя спробы кансалідацыі вакол гэтага парадку дня.

У сувязі са зменай кіраўніцтва БПЦ у апошняй будзе праходзіць кадравае і структурнае рэфармаванне ў накірунку большай цэнтралізацыі па лініі Масква-Мінск у адпаведнасці з расійскімі ўзорамі. Гэта можа наадварот спрыяць дэцэнтралізацыі, звязанай з незадаволенасцю новай палітыкай, і спараджаць нестабільнасць.

У адносінах з Рыма-Каталіцкай Царквой будуць працягвацца спробы выкарыстання яе знешнепалітычнага і ўнутрыпалітычнага патэнцыялу, момантам канфлікту можа заставацца “шпіёнская справа”. Пратэстанцкія цэрквы могуць, у сваю чаргу, актыўна скарыстацца нагодай “візавых вакацыяў” ў часе Чэмпіянату свету па хакеі для арганізацыі візітаў замежных партнёраў.

Васілевіч Н. Цэрквы ў Беларусі: старыя праблемы і новыя лідары. - Белорусский ежегодник 2013. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь в 2013 г. под ред. Паньковского А., Костюговой В. - BISS. - Минск, 2014. - С. 188-198.

[1] Справка Уполномоченного об этноконфессиональной ситуации в Республике Беларусь и сотрудничестве с соотечественниками за рубежом в 2013 году; гл.: http://www.belarus21.by/ru/nashi_novosti?id=391774

[2] Даныя - паводле паведмленняў БелТА.

[3] Десят тысяч свидетелей Иеговы съехались в Минск на областной конгресс // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://news.tut.by/society/361081.html

[4] Падрабязней: Василевич Н. Белорусская православная церковь в тени государства // Pro et Contra. 2013. №5(60) С. 80-96;  Васілевіч Н. Цэрквы і дзяржава: дзесяць год пасля закону // Белорусский ежегодник 2012. Минск, 2013. С. 209-218.

[5] Ст.8 Закона Республики Беларусь “О свободе совести и религиозных организациях” № 2054-XІІ.

[6] Программа развития конфессиональной сферы, национальных отношений и сотрудничества с соотечественниками за рубежом на 2011 - 2015 годы, Утверждена решением коллегии Аппарата Уполномоченного от 26 января 2011 года №1; см.: http://www.belarus21.by/dfiles/000343_178124_Programma__razvitija_etnokonfess_otrasli_20112015_gg.doc

[7] Гл.: Справка Уполномоченного (2013).

[8] Очередной рейд в незарегистрированной протестантской общине в Гомеле // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://forb.by/node/398

[9] Гл.: Васілевіч Н. Цэрквы і дзяржава, op. cit

[10] Справка Уполномоченного (2013).

[11] Василевич Н. Дактилоскопирование и Церковь: контуры сопротивления [Электронный ресурс] Точка доступа: http://nmnby.eu/news/express/4863.html

[12] Прилепский И., свящ. Обязательная дактилоскопическая регистрация: итоги // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://churchby.info/bel/906/

[13] Митрополит Минский Филарет (Вахромеев). Приветствие участникам круглого стола «Религия и смертная казнь». Минск, 21 июня 2013 года; гл.: http://church.by/ru/node/1085

[14] Первый общенациональный Марш в защиту жизни и семьи: опыт реконструкции // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://www.pro-life.by/analyst/demograficheskaia-dinamika-v-rb/pervy-j-obshhenatsional-ny-j-marsh-v-zashhitu-zhizni-i-sem-i-opy-t-rekonstruktsii/

[15] Официальное заявление Движения Пролайф Беларусь; гл.: http://www.pro-life.by/life-protection/ofitsial-noe-zayavlenie-dvizheniya-prolajf-belarus/

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
6 + 2 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.