Цэрквы і дзяржава: дзесяць год пасля закону

Рэзюмэ

У 2012 годзе, праз дзесяць год пасля прыняцця новай рэдакцыі Закона “Аб свабодзе сумлення”, рэлігійная дзейнасць па-ранейшаму жорстка кантралявалася дзяржавай, а рэлігійныя арганізацыі, у тым ліку, пратэстантскія, якія раней больш актыўна змагаліся за свае правы, пераважна прыстасоўваліся да наяўных умоваў. Нягледзячы на ўдзел цэркваў у грамадскіх дыскусіях, звязаных з ацэнкай асобных заканадаўчых ініцыятываў, іх публічная пазіцыя абмяжоўвалася вузкім колам тэмаў: дэмаграфія, сямейныя каштоўнасці, маральнасць і аборты. Хаця гэтая пазіцыя пачынае афармляцца і насіць больш сістэматычны характар і выклікаць грамадскі рэзанас, фактычна яна не ўплывае на дзяржаўную палітыку.

У Беларускай Праваслаўнай Царкве адбыліся структурныя (на вышэйшым узроўні) і кадравыя (на сярэднім узроўні) змены, звязаныя з падрыхтоўкай да магчымых зменаў у кіраўніцтве Беларускага Экзархату. З’яўленне новага прадстаўніка Ватыкана ў Беларусі не інтэнсіфікавала стасункаў дзяржавы з Рыма-каталіцкай царквой, у т.л. у справе падрыхтоўкі канкардату ці выканання Ватыканам пасярэдніцкіх функцый на карысць беларускіх уладаў.
 

Тэндэнцыі

  • уціск рэлігійнага поля працягваецца на інстытуцыйным узроўні праз закон 2002 г., але асноўныя канфліктныя моманты здымаюцца і супрацьстаянне з уладамі з боку пратэстанцкіх цэркваў змяншаецца;
  • пашыраецца публічная прысутнасць цэркваў, у т.л. альтэрнатыўным ўладам ключы, у грамадскай дыскусіі (праблемы дэмаграфіі і абортаў), аднак, гэтымі тэмамі прысутнасць і абмяжоўваецца;
  • у Беларускай Праваслаўнай Царкве адбываецца структурныя змены і кадравыя перастаноўкі, афармляецца новая група ў кіраўніцтве;
  • у публічным полі ўзнікае і пашыраецца напружанасць паміж праваслаўнай і ўніяцкай царквамі;
  • стасункі беларускіх уладаў з каталіцкай царквой застаюцца ў “замарожаным” стане

Агульная характарыстыка.

Паводле інфармацыі Ўпаўнаважанага па справах рэлігій [1], значнага росту рэлігійных арганізацый у Беларусі не адбылося і іх агульная колькасць склала 3416. Сярод іх найбольшую долю мае Беларуская Праваслаўная Царква (за 2012 год колькасць абшчын павялічылася з 1567 да 1594), хаця застаецца невядомой колькасць жыхароў Беларусі, якія належаць да гэтай рэлігійнай арганізацыі, паколькі не вядзецца ні дзяржаўнай, ні ўнутрыцаркоўнай статыстыкі прыхаджан. У адрозненні ад праваслаўных, каталікі маюць афіцыйныя даныя колькасці вернікаў, паводле якіх яна складае 1 млн. 402 тыс. 605 чалавек [2] (а гэта больш за 14% ад агульнай колькасці насельніцтва), аднак невядомыя спосабы падліку вернікаў, а таксама іх дакладнасць і рэальнасць.

Сумневы выклікаюць і вынікі праведзеных Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта “замераў” [3], паводле якіх 93,5 % адносяць сябе да пэўнай канфесіі, сярод іх 81% да праваслаўнай, 10,5% да каталіцкай, і 2% да іншых, пры гэтым адзначаецца, што толькі 11,5% ад усіх рэспандэнтаў “паводзяць сябе актыўна ў рэлігійным плане”. Пры гэтым 97% апытаных адзначаюць, што “ў рэспубліцы адсутнічаюць парушэнні правоў і свабод грамадзян з боку прадстаўнікоў дэструктыўных культаў”, а пытанне, ці існуюць такія парушэнні з боку дзяржавы, у даследаванні прадстаўленае не было.

Свабода рэлігіі і веравызнання

Цэнтральную ролю ў рэгуляванні дзейнасці рэлігійных арганізацый выконвае прыняты ў 2002 г. Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” які заганяе іх у “нябачнае гета” [4]. Тым не менш, аналітыкі адзначаюць, што справаздачаў па выпадках уціску становіцца меней [5]. Хаця на пачатку году адбываўся напад на дом пастара Антонія Бокуна, брутальнасць якога пераўзыйшла папярэднія выпадкі пераследу, але год завершыўся зняццем застарэлага канфлікту вакол царквы “Новае жыццё” і, такім чынам, выкананнем прынятай ў 2009 г. рэзалюцыя Еўрапарламента [6].

Прыняцце закона ў 2002 годзе прывяло да ўзмацнення кантролю з боку дзяржавы за рэлігійнымі арганізацыямі і да актывізацыі апошніх у барацьбе за свае правы. Праз 10 год абодва гэтыя працэсы пачалі згасаць. Кантроль не зменшыўся, але канфліктыя “згладзіліся”, а рэлігійныя арганізацыі, пераважна пратэстанцкія, якія раней былі на “лініі агню”, пачалі вырашаць іх без прыцягнення ўвагі грамадскасці і СМІ.

Пунктам напужання застаецца артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі, у т.л. рэлігійнага характару. І хаця крымінальныя справы супраць вернікаў на падставе гэтага артыкулу распачатыя не былі, шэраг асобаў атрымлівалі папярэджанні ад пракуратуры. Напрыклад, трое чальцоў сям’і Сузько ў Мазыры. Большасць такіх выпадкаў насілі непублічны характар.

Згасанне праваабарончай тэматыкі закранула і кампанію “За свабоду веры”, якая была закрытая, набраўшы ўсяго 715 подпісаў у інтэрнэце [7], хаця ў 2008 г. подпісаў за змены ў Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” удалося сябраць больш за 50 тыс. Праваабарончая праца выйшла з фарматаў кампаній і сканцэнтравалася ў межах працы ў прававым фармаце і фармаце грамадзянскай супольнасці. Адным з прыкладаў можа быць пісьмовая заява “Аб неабходнасці дэкрыміналізацыі дзеянняў, звязаных з реалізацыяй права на свабоду асацыяцый і свабоду веравызнання ў Беларусі”, прадстаўленай на нарадзе АБСЕ [8].

Актуальнасць набыло новае пытанне - выходных дзён, звязаных з рэлігійнымі практыкамі: абвешчанне працоўнай нядзеля 11 сакавіка выклікала незадаволенасць канфесій, якая не насіла радыкальнага характару; перад святам праваслаўнай Пасхі быў абвешчаны агульнарэспубліканскі суботнік.

Працягвалася тэндэнцыя кантралявання рэлігійных святаў, якія носяць масавы характар: асаблівы прапускны рэжым, выпадкамі асабістага догляду, надзвычайная прысутнасці праваахоўных органах не толькі на асноўныя рэлігійныя святы, але і на спецыяльных мерапрыемствах, такіх, як Будслаўскі фэст. Прычым міліцыя выконвала не толькі ролю ахоўнікаў грамадскага парадку, але і ідэалагічную функцыю, як у выпадку затрымання ўдзельніка Будслаўскага фэсту за саколку з выявай ксяндза Багаткевіча. Калі пасля выбуху 2011 г. такія меры бяспекі мелі надзвычайны характар, то цяпер надзвычайны рэжым стаў звычайным, як і ў выпадку масавых палітычных мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць усталяванне на месцах збору і мітынгаў металічных турнікетаў і асабісты догляд. Такія меры бяспекі выконваюць не толькі непасрэдную функцыю кантролю, але ствараюць і пэўны псіхалагічны клімат.

Дактыласкапія і ІНН

Калі рэлігійныя арганізацыі не выступалі супраць надзвычайных мераў бяспекі, то з нагоды прымусовай дактыласкапіяй рэакцыя была іншай. Яшчэ ў 2011 г. здараліся выпадкі прыцягнення праваслаўных святароў да адміністратыўнай адказнасці, але ў 2012 г. такія выпадкі прыцягнулі ўвагу СМІ [9]. Хаця пытанне ўздымалася ў пачатку 2012 г. на сходзе Мінскай епархіі, афіцыйнай пазіцыі па гэтым пытанні не была сфармуляваная, пратэст насіў стыхійны і індывідуальны характар, а дыскусіі адбываліся не ў полі грамадзянскіх правоў, а ў рэчышы рэлігійнага дыскурсу. Фрагментарны характар мела і прынятая Сінодам БПЦ заява [10], хоць у ёй і дэкларуецца спроба сфармуляваць пазіцыю “не столькі ў духоўнай, колькі ў прававой плоскасці”.

Медыцына, дэмаграфія і аборты

Пашырылася тэндэнцыя выхаду праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у сацыяльную сферу, у тым ліку спалучаная з крытыкай заканадаўства. У 2011 г. быў закон “Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях”, і цэрквы выступілі з яго крытыкай паасобку. У 2012 г. аб’ектам абмеркавання стаў праект закона “Аб медыцыне”, аднак цэрквы засяродзіліся на пытаннях абортаў і вярнуліся да пытання рэпрадуктыўных тэхналогіяў, такім чынам абмежаваўшыся вузкім колам спецыфічных пытанняў. Пазіцыя цэркваў, на гэты раз супольная, атрымала рэзананс, аднак, як і ў выпадку з папярэднім законам, уплыў на пазіцыю заканадаўцы быў мінімальны.

Савет міністраў пайшоў на касметычныя змены ў парадку выканання працэдуры перапынення цяжарнасці, скасаваўшы значную колькасць т.зв. “сацыяльных паказчыкаў” [11] да абортаў, пры наяўнасці якіх дазвалялася рабіць аборт ад 13 да 22 тыдня цяжарнасці; на долю такіх абортаў прыпадала не больш за 8% (у якія ўваходзяць таксама аборты паводле медыцынскіх паказчыкаў). Можна прагназаваць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве дадзеная катэгорыя абортаў будзе ажыццяўляцца на больш ранніх тэрмінах; таму перамога цэркваў тут носіць хутчэй тактычны, чым статэгічны характар.

Маральнасць і пачуцці вернікаў

Не ў прыкмет большы водгук з боку дзяржаўных органаў атрымалі пратэсты царкоўнай грамадскасці, да якіх у паасобных рэгіёнах далучылася і царкоўнае кіраўніцтва, супраць падзеі зусім іншага масштабу - паказу музычнага спектакля “Ісус Хрыстос - суперзорка”. Нягледзячы на тое, што ацэнкі мастацкага твору адрозніваюцца і ў самім праваслаўным асяроддзі - у Расеі, напрыклад, царкоўныя ўлады выступалі ў аналагічнай сітуацыі супраць забароны мюзікла -  паказ мюзіклу у Беларусі быў адменены. Само па сабе пытанне “пачуццяў вернікаў” мела актуальнасць у сувязі са скандалам вакол Pussy Riot, які перанёсся і ў беларускую публічную прастору.

Палітвязні

Дэмакратычная грамадскасць чакала, што цэрквы заступяцца за палітвязняў і нават паспрыяць іх вызваленню. Пазіцыя беларускага Касцёла была стрыманай: адказ Мітрапаліта Кандрусевіча датычна галадоўкі Каваленкі [12], каментар Пятра Рудкоўскага аб прыярытэтах касцёлу. Апошні выказаўся, што ёсць “група праблем, намнога больш жудасных і патрабуючых намнога больш рашучага процідзеяння” - аборты і рэпрадуктыўныя тэхналогіі. Ён адзначыў, што, нягледзячы на наяўнасць праблемы палітвязняў, нельга адсутнасць пазіцыі іерархаў у гэтым пытанні “чыніць асноўным крытэрам ацэнкі грамадска-этычнай місіі Касцёла” [13]. Тым не менш, прынамсі прадстаўнік Ватыкана арцыбіскуп Гуджэроці ў канцы верасня адведаў шэраг палітзняволеных, “на знак павагі да паўсюднага маральнага аўтарытэта Свяцейшага Айца і гуманітарнай дзейнасці Святога Прастолу, у межах двухбаковых дыпламатычных адносін” [14].

Што да Беларускай Праваслаўнай Царквы, то чаканні грамадскасці ў дачыненні да яе прадстаўнікоў і лідараў аказаліся марнымі, хаця само па сабе заступніцтва за “палітвязняў” стала для яе актуальным. Кіраўніцтва БПЦ настолькі рашуча выступіла ў падтымку афонскага ігумена Яфрэма са зваротам да кіраўніцтва Грэцыі і патрабаваннем справядлівага суду, што нават спатрэбілася адмысловая адозва Усясветнага Патрыярха аб недапушчальнасці ўмяшальніцтва ў чужую юрысдыкцыю [15].

Беларуская Праваслаўная Царква

Дзяржаўна-царкоўныя адносіны ў бягучым годзе былі спакойнымі, нягледзячы на канфлікты з нагоды дактыласкапіі і крытыку прадстаўнікамі БПЦ закона “Аб медыцыне” і прэтэнзіі дзяржавы да няўзгодненага будаўніцтва храмаў, якое складае 30-40%, і “факты парушэння рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства пры рознічным гандлі прадметамі рэлігійнага прызначэння і каштоўнымі металамі па-за культавымі збудаваннямі і іх тэрыторый пры адсутнасці ліцэнзіі Міністэрства фінансаў” [16]. Толькі на адукацыю ў БПЦ за 2012 г. дзяржавай было вылучана больш за EUR 3 млн. [17]

Унутры БПЦ пачаліся спробы правесці ў жыццё новы трэнд, характэрны для РПЦ у межах палітыкі Патрыярха Кірыла: падзел епархіяў з наступным стварэннем мітрапалічых акругаў. Аднак зробленая на Сінодзе прапанова па падзеле Віцебскай епархіі , што павысіла б статус архіепіскапа Дзмітрыя, у т.л. як магчымага кандыдата на пасаду Экзарха, так і не атрымала працягу. У супрацьвагу трэнду падзелу епархіяў на тым жа студзеньскім Сінодзе быў запушчаны новы трэнд - адміністратыўная рэструктурызацыя самога Экзархату праз стварэнне Упраўлення справамі [18]. Апошняе ўзначаліў архіепіскап Гурый.

Раней больш вядомы як “манах” і “малітоўнік”, архіепіскап Гурый рэзка стаўся “мэнэджерам” і рэзка пайшоў ўгару як персанальна, так і праз павелічэнне ролі выканаўчага органа з ім на чале. Ён атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”, ініцыяваў значныя структурныя і кадравыя змены ў Мінскіх Духоўных школах, якія ён таксама ўзначаліў, даў рэзананснае інтэрвію пра ўніяцтва [19], з якога пачалася антыўніяцкая кампанія з прыняццем Сінодам БПЦ шэраг рашэнняў пра ўшанаванне памяці Сямашкі і ўсталявання дня памяці Полацкага сабору 1839 г. Два візіты ўплывовых праваслаўных іерархаў - Мітрапаліта Іларыёна і Патрыярха Кірыла [20] - таксама дазволілі назіраць працэс умацавання ў Экзархаце пазіцыяў архіепіскапа Гурыя і прот. Фёдара Поўнага, у пэўнай ступені альтэрнатыўныя Сіноду [21].

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі

Нягледзячы на меркаванне некаторых аналітыкаў, што Ватыкан можа стаць пасярэднікам у дыялогу беларускіх уладаў з Еўропай [22], адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, інтэнсіфікаваныя ў 2008-2009, працягвалі ісці на спад. Зацягнуўся працэс з падпісаннем канкардату [23], ажывіць які не дапамог і новы нунцый Гуджэроці. Дагэтуль канфліктным момантам застаецца становішча замежных каталіцкіх святароў, якія складаюць значную частку ўсяго святарскага корпусу (146 з 439) [24].

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

Узнятая архіепіскапам Гурыем хваля антыўніяцкай кампаніі [25] набыла асаблівую актуальнасць з візітам Ватыканскага чыноўніка з Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў, які адбыўся ў 2012 годзе, аднак не паспрыяў вырашэнню надзённай патрэбы беларускіх грэка-каталікоў – афармлення кананічнай структуры праз атрыманне ўласнага епіскапа. Паводле архіепіскапа Кірыла Васіля, пытанне разбудовы структуры БГКЦ важнае, але “гаварыць пра канкрэтныя формы, спосабы і час яго развязання яшчэ рана” [26]. Падобную ж пазіцыю  агучыў і нунцый Гуджэроці, які адзначыў, што найлепшай з’яўляецца стратэгія адбудовы структураў БГКЦ “з ног”, а не “з галавы” [27].
    
Высновы
Азначаныя трэнды, пры адстунасці форс-мажорных падзеяў, будуць развівацца і далей.

Па-першае, датычна ўціску рэлігійнага поля, на ўзроўні заканадаўства зменаў не адбудзецца, а сам ціск будзе насіць метадычны, але не брутальны характар, што дазволіць уладам не правакаваць канфлікты, але захоўваць кантроль над рэлігійнай сферай.

Па-другое, дзяржава будзе і далей ігнараваць пазіцыі цэркваў па прынцыповых пытаннях грамадскага ўладкавання, робячы нязначныя саступкі і такім чынам не дазваляючы развівацца канфліктным сітуацыям і нейтралізуючы крытыку.

Па-трэцяе, у сувязі з магчымым новым вітком агульнага трэнду лібералізацыі і заходняга вектару, магчыма паўторнае задзейнічанне каталіцкай царквы, якое не будзе насіць радыкальнага характару.

Па-чацвертае, у Беларускім Экзархаце будзе нарастаць уплыў “партыі Гурыя”, а таксама прот. Фёдара Поўнага, што можа прывесці да супярэчнасцей унутры кіраўніцтва, у якім магчымыя змены.

Васілевіч Н. Цэрквы і дзяржава: дзесяць год пасля закону. - Белорусский ежегодник 2012. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь в 2012 г. под ред. Паньковского А., Костюговой В. - BISS. - Минск, 2013. - С. 209-218.

 


[1] Гл.: http://www.belta.by/ru/all_news/culture/V-religioznoj-zhizni-Belarusi-soxranjajut-veduschuju-rol-traditsionnye-konfessii---Guljako_i_622119.html

[2] Афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі: http://www.catholic.by/2/belarus/dioceses.html

[3] Информационно-аналитический центр. Общественное мнение о ситуации в национальной сфере [Электронный ресурс] Точка доступа: http://iac.gov.by/ru/sociology/research/Obschestvennoe-mnenie-o--situatsii-v-natsionalnoj-sfere_i_0000000214.html

[4] Fagan G. Forum 18. Belarus: Religious freedom survey, January 2013 // [Electronic resourse] Mode of access: http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=1796

[5] U.S. Department of State. International Religious Freedom Report for 2011: Belarus // [Electronic resourse] Mode of access: http://www.state.gov/j/drl/rls/irf/religiousfreedom/index.htm?dlid=192787

[6] European Parliament resolution of 17 December 2009 on Belarus P7_TA(2009)0117 // [Electronic resourse] Mode of access:
http://www.europarl.europa.eu/sides/getDoc.do?type=TA&reference=P7-TA-2009-0117&language=EN&ring=P7-RC-2009-0248

[7] Петиция “За свободу общественных объединений”: http://www.change.org/petitions/belarusian-authorities-for-freedom-of-association-and-freedom-of-belief-in-belarus, Інтэрнэт-кампанія “За свабоду веравызнання”: http://svabodavery.org/

[8] Гл.:  http://forb.by/node/360

[9] Василевич Н. Дактилоскопирование и Церковь: контуры сопротивления [Электронный ресурс] Точка доступа: http://nmnby.eu/news/express/4863.html

[10] Заявление Синода Белорусской Православной Церкви «о практике использования новых средств идентификации граждан» [Электронный ресурс] Точка доступа: http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2012/Page4277.html

[11] Постановление Совета министров №23 от 11.01.2013 года см: http://www.pravo.by/main.aspx?guid=3871&p0=C21300023&p1=1

[12] Гл.: http://nn.by/?c=ar&i=71156

[13] Рудкоўскі П. Палітвязні ля варотаў Касцёла. Касцёл ля варотаў сумлення // [Электронны рэсурс] Кропка доступа: http://nn.by/?c=ar&i=71719

[14] Гл.: http://catholic.by/2/home/news/belarus/34-belarus/114091-znjawolenyja.html

[15] Заявление Священного Синода Вселенского Патриархата в связи с ситуацией вокруг игумена Ефрема. - http://churchby.info/rus/797/

[16] Гл.: http://www.belta.by/ru/all_news/culture/V-religioznoj-zhizni-Belarusi-soxranjajut-veduschuju-rol-traditsionnye-konfessii---Guljako_i_622119.html

[17] Тамсама

[18] Васілевіч Н. Ад Сіноду да ўпраўлення справамі // // [Электронны рэсурс] Кропка доступа: http://churchby.info/bel/877/

[19] Гл.: http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda/o-juvenalnoi-justicii-sposobstvujushchei-razrusheniju-semi.html

[20] Васілевіч Н. Візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь: за туманам нічога ня відна // [Электронны рэсурс] Кропка доступа: http://nmnby.eu/news/analytics/4977.html

[21 Тамсама

[22] Мельянцов Д., Пикулик А. Стратегии. Как остановить эскалацию конфликта с ЕС // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://naviny.by/rubrics/opinion/2012/04/10/ic_articles_410_177474/

[23] Василевич Н. “У нас есть Папа” // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://nmnby.eu/news/analytics/5127.html

[24] Гл.: http://www.belta.by/ru/all_news/society/Gosudarstvo-okazyvaet-znachitelnuju-finansovuju-podderzhku-v-restavratsii-kostelov---Guljako_i_622126.html

[25] Мойсейчик И. Тень на плетень, или недетская юстиция от совестливого архиепископа // [Электронный ресурс] Точка доступа: http://churchby.info/bel/862/

[26] Беларускія ўніяты чакаюць зацьвярджэньня царкоўнай структуры // [Электронны рэсурс] Кропка доступа:  http://www.svaboda.org/content/article/24576341.html

[27] Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас // [Электронны рэсурс] Кропка доступа: http://carkva-gazeta.by/design/print.php?year=2012&print=266

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
7 + 9 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.