У Мінску пройдзе сустрэча IV Форуму Дыялогу Праваслаўных цэркваў у Еўропе і Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Еўропы

Як паведамляе партал "Царква", сустрэча IV Форуму Дыялогу Праваслаўных цэркваў у Еўропе і Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Еўропы на тэму: “Рэлігія і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх цэркваў у Еўропе” пройдзе ў Мінску з 2 па 6 чэрвеня 2014 года.

Сярод пад-тэмаў сустрэчы будзе і прысвечаная свабодзе рэлігіі як шляху да справядлівасці і міру. Форум, ідэя якога ўзнікла ў 2007 годзе на III Экуменічнай Асамблеі ў Сібіу (Румынія), закранае не столькі ўласна багаслоўскія, колькі каштоўнасныя і сацыяльныя пытанні, у адрозненні ад супольнай змяшанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі, якая працуе з 1980 года. Ён збірае высокіх іерархаў і вядомых багасловаў з абедзьвюх цэркваў - па 12 чалавек з кожнага боку. З праваслаўнага боку яго старшынёй з’яўляецца Мітрапаліт Сасімскі Генадзь (Лімурыс), а з каталіцкага боку - Кардынал Петэр Эрдзё, архіепіскап Будапешцкі, прэзідэнт Рады Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Еўропы. Адкрыццё канферэнцыі адбудзецца а 19-00 у Міжнародным адукацыйна-культурным цэнтры (IBB, адрас: праспект газ. “Праўда”, 11). Працоўнай мовай будзе ангельская з сінхронным перакладам на італьянскую.

Папярэднія сустрэчы форуму прайшлі ў 2008 годзе ў Трэнта (Італіі) на тэму “Сям’я - дабро для чалавецтва”, у 2010 годзе на Родасе (Грэцыя) на тэму “Царкоўна-дзяржаўныя адносіны з гістарычнай і багаслоўскай перспектываў”, у 2012 годзе ў Лісабоне (Партугалія) на тэму “Эканамічны крызіс і беднасць: выклік для сучаснай Еўропы”.

Малюнак: Архім. Зінон (Тэадор), ікона святых апосталаў Пятра і Андрэя, якая сівалізуе еднасць Цэркваў Усходу і Захаду.