Міжкультурная тэалогія і танкі

Сёння ў Інстытуце тэалогіі БДУ адбылася дыскусія з удзелам праф. Марціна Тамкэ з Гётэнгенскага ўніверсітэта, кіраўніка магістэрскай праграмы "Міжкультурная тэалогія". Калі ўчорашняя лекцыя і семінар, якія шаноўны прафесар таксама правёў у Інстытуце тэалогіі, тычыліся тэмы чытання тэкстаў праваслаўнай традыцыі на прыкладзе розніцы прачытання Ісака Сірына на захадзе і ўсходзе", то сёння гаворка ішла, галоўным чынам, пра міжкультурную тэалогію, і слухачам было прапанавана прааналізаваць два тэксты -  урыўкі з ліста пратэстанцкага багаслова Ганса Эрэнберга прот. Сергію Булгакаву, а таксама ўрыўкі адказу Булгакава Эрэнбергу. Асноўным тэзісам праф. Тамке была ідэя культурнай і гістарычнай абумоўленасці многіх тэалагічных ідэяў і практык пабожнасці, а таксама падмуркаў для дыялогу паміж прадстаўнікамі розных культурных і рэлігійных традыцый. На думку прафесара, з аднаго боку, рэлігійны досвед, хрысціянская добрая вестка, не можа не быць уцялесненай у пэўныя культурныя формы, традыцыі, з другога боку, гэтыя культурныя элементы, якія з'яўляюцца знешнімі для веры, пачынаюць уплываць на змест самой веры, таму неабходны метад міжкультурнай тэалогіі, якая дазваляе вылучыць у розных традыцыях агульнае - тое, што акурат і ёсць цэнтрам універсальнай веры, і пры гэтым зразумець і прыняць адрозненні культурных формаў. Калі ж у міжканфесійным дыялогу адбываецца навязванне культурных традыцый у якасці абавязковага зместу веры, то культура пачынае рухацца на "ворага" як танк, каб заціснуць яго цяжарам традыцыі.

Калі метад міжкультурнай тэалогіі выдатна працуе ў выпадку традыцыйных вернікаў, гэта значыць тых, якія натуральным і неадрыўным чынам выхоўваюцца і ў веры, і ў культурнай традыцыі, і такім чынам, хоць і губляюць рэфлексіўнасць у дачыненні да абедзьвюх, усё ж з'яўляюцца яе аўтэнтычнымі носьбітамі. Тое, што ад іх вымагаецца, гэта зрабіць крок насустрач іншаму веравызнанню, і праз шчыры дыялог з яго аўтэнтычным прадстаўніком, вылучыць агульнае і адрознае, і праз "іншага" спазнаць не толькі яго самога і яго традыцыю, але і самога сябе, і сваю традыцыю. Аднак дадзены метад мае свае хібнасці ў выпадку з канвертаванымі вернікамі, тымі, якія прымаюць рэлігійную традыцыю, не характэрную для свайго культурнага абшару, альбо мігрантамі, якія, захоўваючы сваю матчыну традыцыю, апынаюцца ў грамадстве, дзе дзейнічаюць зусім іншыя культурныя ўзоры, і такім чынам знаходзяцца ў сітуацыі разарванасці. Прафесар Тамке прызнаўся, што сам часцяком робіць такую памылку, маючы на ўвазе пад праваслаўнымі перш за ўсё людзей з Усходняй Еўропы і Блізкага Ўсходу; і міжканфесійны дыялог становіцца таксама крос-культурным.

Вельмі проста прызнаць наяўнасць "іншых", напрыклад, пратэстантаў, у іх "натуральных умовах", у Заходняй Еўропе, ці мусульман у арабскіх краінах ці максімус сярод татарскай нацыянальнай меншасці, прызнаць, і нават палюбіць. Але калі гаворка ідзе пра адну культуру і грамадста і плюралізм у ім, адразу ўзнікаюць пытанні - "як чалавек з прозвішчам Кузняцоў можа быць католікам?" - я помню гэтае пытанне прагучала аднойчы на пасяджэнні кафедры паліталогіі БДУ, пакінем тут за межамі дапушчальнасць абмеркаванне рэлігійнай прыналежнасці адсутных аспірантаў. Нават Булгакаў у сваім лісце да Эрэнберга, у той частцы, якая засталася па-за кадрам сённяшняй лекцыі, адказваючы на пытанне пра рускі пратэстантызм, асабліва пра штундызм, апісвае яго як антыцаркоўны рух, і "нават не хрысціянства", бо празелетычная дзейнасць, "пратэстанцкая місія - варожая Царкве", і ён павінен не распаўсюджвацца, а "зжываць сябе".

Рэлігія як аспект матэрыяльнай і нават нематэрыяльнай культуры, пэўная рэлігійная традыцыя, можа заахвочвацца і абараняцца дзяржавай, у той час, як іншай дзяржава можа старацца дапамагаць "зжываць сябе". У беларускай канстытуцыі прапісваецца ўлік культурнага ўплыву пэўнага веравызнання на фармаванне традыцый беларускага народу, а ў Законе "Аб свабодзе сумлення" падаецца іерархічны пералік гэтых традыцый - ад праваслаўнай царквы і каталіцтва да лютэранства, юдаізму і ісламу. Чыноўнікі і ідэолагі апавядаюць мантры пра міжканфесійны мір і згоду, але ў рэчаіснасці, хоць "культурныя танкі" і не страляюць, браня на кожным з іх нарастае.

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
13 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.