Цэрквы пасля выбараў і перад выбарам

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

Рэзюмэ

Канфігурацыю рэлігійнага поля ў 2011 г. заклалі прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 г. і рэпрэсіі ў палітычнай і грамадскай сферахпасля іх. З аднаго боку, назіралася пэўнае ажыўленне як на вышэйшым узроўні царкоўных іерархій, так і ў асяродках вернікаў. Зіншага боку, гэтае ажыўленне не мела сістэмнага характару, запальваючыся і затухаючы. Тым не менш, яно тычылася не толькі ўнутрыцаркоўных пытанняў, але і сацыяльных падзеяў. Апроч традыцыйнага парадку дня (царкоўна-дзяржаўных адносінаў, рэлігійнай адукацыі ў школах, пытанняў дэмаграфіі, сям’і, абортаў, пошуку донарскай дапамогі для арганізацыі культавых пабудоў і рэалізацыі сацыяльных праектаў) дадаліся новыя пытанні: актуальныя палітычныя падзеі, звязаныя з выбарамі і наступнымі рэпрэсіямі, вынясенне смяротнага прысуду. У сувязі з прыняццем новага закона аб рэпрадуктыўных тэхналогіях актуальнасць набылі пытанні біяэтыкі. Яны сталі ключавымі ў публічным рэлігійным дыскурсе. Большую ролю пачала адыгрываць царкоўная грамадскасць. Не абышлі цэрквы і цяжкасці, звязаныя з эканамічным крызісам, які найбольш яскрава праявіўся ўвесну-улетку 2011 г.

 

Тэндэнцыі

  • Працягваецца ўціск рэлігійнага поля – пераследы асобных рэлігійных арганізацыяў, замежных грамадзян.
  • Значна памяншаюцца праявы лаяльнасці з боку хрысціянскіх супольнасцей да беларускага рэжыму.
  • Рэлігійныя арганізацыі больш актыўна выказваюцца на тэмы грамадскага і палітычнага жыцця, у т.л. альтэрнатыўна ўладам, і рэагуюць на выпадкі пераследу.
  • Пачынае мацавацца грамадзянская супольнасць унутры цэркваў.
  • Стасункі паміж беларускімі ўладамі і каталіцкай супольнасцю «замарожваюцца».

Агульная характарыстыка

Паводле Даведкі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей[1] значных зменаў у колькасці рэлігійных арганізацый не адбылося: было зарэгістравана 3210 абшчынаў (на 48 больш за 2010 г.). Захоўваецца значнае адрозненне па рэгіёнах - колькасць абшчынаў на захадзе ў некалькі разоў перавышае колькасць ва ўсходніх абласцях (Брэсцкая – 739; Мінская – 667; Віцебская – 533; Гродзенская – 468; Гомельская – 383; Магілёўская – 278). Такі дысбаланс традыцыйны, ён абумоўлены гістарычнымі фактарамі, у першую чаргу тым, што да 1939 г. Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы і там захавалася рэлігійная інфраструктура і больш высокі ўзровень рэлігійнасці насельніцтва. Ва Усходняй Беларусі яны былі значна разбураныя ў часы найбольшых пераследаў у 1920-1930-я гг.

Па-ранейшаму адсутнічаюць крытэрыі вызначэння колькасці прыхільнікаў канфесій альбо асоб, прыналежных да рэлігійных арганізацый. Асновай падлікаў з’яўляюцца сацыялагічныя апытанні і даныя па колькасці зарэгістраваных рэлігійных арганізацый. У 2011 г. Інстытут сацыялогіі НАН правёў апытанне, вынікі якога вядомыя толькі па публікацыях у прэсе: «сапраўдных вернікаў» у Беларусі 20%, сярод іх праваслаўных – 57.3%, каталікоў – 34.5%, а пратэстантаў – 3.1%[2].

Канфесійная структура паводле колькасці зарэгістраваных прыходаў наступная: Беларуская Праваслаўная Царква – 1567 (48.8%); хрысціяне веры евангельскай – 512 (15.9%); Рыма-Каталіцкая Царква– 479 (14.9%); евангельскія хрысціяне-баптысты – 286 (8.9%); адвентысты сёмага дня – 73 (2.3%); юдаізм – 53 (1.7%); стараабрадцы – 33 (1%); лютэранства – 27 (0.8%); іслам – 25 (0.8%). Аднак ні першая, ні другаякрыніцы не даюць вычарпальнай інфармацыі аб рэлігійнай прыналежнасці жыхароў краіны, а таксама ступені сувязі з вызначанымі канфесіямі і іх уплывовасці.

Цэрквы: выбар(ы) і крызіс

Прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 г. сталі для ўсяго грамадства ўзрушэннем, якое не абыйшло і Цэрквы, выбіўшы дзяржаўна-канфесійныя адносіны са звыклай парадыгмы - традыцыйных рэверансаў і дэманстрацыі лаяльнасці. Па-першае, нягледзячы на віншаванні А.Лукашэнку з боку маскоўскага кіраўніцтва РПЦ ад імя праваслаўных[3], з боку пратэстанта-эмігранта М. Маргуліса[4], а таксама надзвычайную падтрымку ў больш позні перыяд ад імя юдэяў з боку амерыканскага грамадзяніна равіна А. Бененсона[5], мясцовыя прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў, за выняткам некаторых прадказальных фігур, праявілі досыць стрыманую рэакцыю, а месцамі нават абурэнне. З растыражаванай карцінкай падтрымкі кантраставалі лісты прыхаджанаў са спачуваннямі пратэстоўцам у афіцыйнай газеце Беларускага Экзархата«Царкоўнае слова»[6], віншаванні без энтузіязмуз боку цароўнага кіраўніцтва, лісты праваслаўных вернікаў да Патрыярха, у якіх выказвалася неразуменне яго пазіцыі[7]. Апроч гэтаганазавем артыкул аднаго з рыма-каталіцкіх святароў пад назвай «Змрочнае Раство»[8], зварот каталіцкіх вернікаў з нагоды сітуацыі ў краіне[9], а пазней і зварот мітрапаліта Кандрусевіча з нагоды сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне[10], дзе яна была ахарактарызаваная як складаная. Таксаматрэба згадаць выступ епіскапа Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай С.Хоміча з нагоды выбараў[11] і зварот Бабруйскага епіскапа Серафіма да суддзяў у падтрымку апазіцыйных актывістаў[12].

Прычыны такога зруху могуць палягаць як у наяўнасці кандыдата з яскравым рэлігійным пазіцыянаваннем, што выклікала цікавасць царкоўных людзей да самога працэсу выбараў, так і ў нарастанні агульнай незадаволенасці ў грамадстве. Тым не менш, памяншэнне лаяльнасці не насіла радыкальнага характару, і ў шэрагу выпадкаў адбывалася дыстанцыянаванне царквы ад палітыкі (прыклад, зварот ксяндза Чырвонага касцёла У. Завальнюка, дзе ён заклікаў не дапускаць ніякіх сходаў пры храме[13]).

Выбары разгайдалі хістальнік, аднак бліжэй да лета гэты рух стаў паступова затухаць. Праблемы, звязаныя з фінансавым крызісам, прымусілі звярнуцца да пераважна эканамічных пытанняў. Найбольш крызіс закрануў тыя супольнасці, дзе ажыццяўлялася будаўніцтва ці рамонт культавых збудаванняў. Адбывалася натуральнае скарачэнне фінансавай падтрымкі з боку прыхаджанаў і бізнэсу. Стабільным заставалася эканамічнае становішча там, дзе асноўным спосабам фінансавання былі замежныя донары, а таксама знешнеэканамічная дзейнасць.

Лічыцца, што сацыяльныя ўзрушэнні і эканамічны крызіс спрыяюць павелічэнню рэлігійнасці людзей, аднак ні поствыбарная сітуацыя, ні рэзкае збядненне насельніцтва не прывялі да наплыву людзей у храмах: чэргі да абменных пунктаў і да крамаў побытавай тэхнікі, не кажучы пра аўтамабільныя чэргі на мяжы, паказалі, дзе сапраўдныя «храмы».

Заканадаўства і інстытуцыі

Свабода рэлігіі і веравызнання. Паслявыбарчыя рэпрэсіі паставілі новыя пытанні датычна свабоды веравызнання, напрыклад, магчымасці візітаў святароў у СІЗА незалежна ад канфесіі.ПалітыкуП. Севярынцу (праваслаўны) некалькі разоў адмаўлялі ў такіх візітах, нягледзячы на дамоўленасці з БПЦ і тое, што Правілы ўнутранага распарадку гэта прадугледжваюць.Журналісту Андрэю Пачобуту (рыма-каталік) некалькі месяцаў адмаўлялі ў сустрэчы са святаром. Абмежаванні датычаць не толькі палітвязняў, але і простых зняволеных. Заканадўства дазваляе «запрашэнне служыцеляў рэлігійных культаў», але толькі з дазволу органа, які ажыццяўляе крымінальны працэс[14]. У вялікай колькасці выпадкаў гэтыя органы адмаўляюць зняволеным ці ствараюць перашкоды.

Пасля выбуху 11 красавіка пачаўся новы этап абавязковай дактыласкапіі, і многія вернікі, у першую чаргу праваслаўныя, ад гэтай працэдуры адмаўляліся. У ліпені 2011 г. за адмову прайсці дактыласкапію аштрафавалі святара І. Прылепскага з Вілейкі[15]. Пытанні пра гэтую працэдуру задаваліся і на агульным сходзе святароў Мінскай епархіі БПЦ[16].

Новаўвядзенні закранулі парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. Цэрквы адчулі гэта на сабе, асабліва падчас святаў ці пілігрымак – на Вербніцу і Вялікдзень у г. Мінску і іншых населенных пунктах грамадзянпускалі на тэрыторыю храмаў пасля асабістага догляду рэчаў, у т.л. з выкарыстаннем металашукальнікаў. Учас масавага паломніцтва ў Будславе былі ўсталяваныя металічныя рамкі, праводзіўся догляд асабістых рэчаў, на тэрыторыю не дазвалялі праносіць нават парасоны[17]. Гэта выклікала незадаволенасць з боку вернікаў, якое вылілася і ў пратэсты – калона з Віцебска пад кіраўніцтвам святара В. Барка дэманстратыўна стаяла на каленях і малілася перад турнікетамі[18].

Менавіта гэтага святара закрануў новы спосаб дзяржаўнага пераследу – з боку Дэпартамента фінансавых расследаванняў, куды В.Барок быў выкліканы як арганізатар пілігрымак, і супраць яго было распачатае расследаванне «фінансавай дзейнасці» на падставе ананімнага ліста. Напрыканцы 2011 г. пачаліся таксама цяжкасці з атрыманнем візаў каталіцкімі святарамі[19], а гэта ў дзейнасці Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусіз’яўляецца адным з найбольш балючых месцаў, якім маніпулюедзяржава .

Яшчэ адным традыцыйным пытаннем, якое выклікае напружанне ў сферы свабоды рэлігіі, з’яўляецца дзеянне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. За 2011 г. пераслед у выглядзе папярэджанняў ад пракуратуры на падставе гэтага артыкулу закрануў шэраг пратэстанцкіх суполак, а таксама суполак іншага веравызнання. У красавіку такое папярэджанне атрымалі кіраўнік і чацвёра актывістаў абшчыны Міжнароднай рады цэркваў евангельскіххрысціян-баптыстаў[20].За адмену артыкула пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй у межах кампаніі «Права на веру»[21]. Аналагічная кампанія на карысць унясення зменаў у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», якая праходзіла ў 2007 г., сабрала больш за 50 тыс. подпісаў, аднак вынік так і не быў дасягнуты.

Адукацыя. У папярэднія гады актуальнай для рэлігійных арганізацый тэмай быў удзел у навучальным працэсе ў школах. Паводле папярэдніх пагадненняў паміж БПЦ і Міністэрствам адукацыі прадугледжвалася пашыранае супрацоўніцтва ў гэтай сферы, аднакпрацэс не быў інтэнсіўным. Тымне менш, у шэрагу навучальных установаў выкладаліся факультатыўныя курсы, звязаныя з праваслаўнай культурай і духоўнасцю. Допуск да школы быў для Праваслаўнай, які для Каталіцкай, Царквы адной з асноўных мэтаў «лобінгу». Прыняцце ў 2011 г. новага Кодэкса аб адукацыі, а на яго падставе «Палажэння аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння ўстановаў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў»[22] значна скарацілі магчымасці ўдзелу рэлігійных арганізацый у навучальным працэсе, абмежаваўшы яго толькі выхаваннем (гутаркі, экскурсіі, падрыхтоўка і правядзенне святаў і інш.). Пры гэтымнарматыўным актам забараняецца місіянерская дзейнасць, распаўсюд рэлігійнай літаратуры, аўдыё-, відэа- і інш. матэрыялаў рэлігійнага зместу (апроч заяўленых у спісах да праграм выхаваўчай працы), правядзенне богаслужэнняў, рэлігійных абрадаў, рытуалаў і цырымоній, размяшчэнне ва ўстановах адукацыі рэлігійных сімвалаў і культавай маёмасці і інш. У адрозненне ад італьянскай «справы ўкрыжванняў», якая разглядалася ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, і ў якой заяўніца спрабавала аспрэчыць адпаведнасць праву на адукацыю абавязковую наяўнасць у дзяржаўных школах рэлігійнага сімвала (укрыжавання), іерархі, у т.л. і беларускія, крытыкавалі Еўрапейскісуд і пазіцыю праціўнікаў абавязковых укрыжванняў.У выпадку з беларускім заканадаўствам, калі гаворка зайшла пра больш жорсткае абмежаванне рэлігійных сімвалаў у класах, яны захоўвалі маўчанне ці прыязнакаментавалі яго.

Чалавечае жыццё і сямейныя каштоўнасці.Значна большую ўвагу і крытыку з боку Цэркваў выклікала прыняцце іншага Закону – «Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх выкарыстанні». Галоўныя прэтэнзіі выклікалі палажэнні закона, звязаныя з выкарыстаннем тэхналогіі ЭКА, донарствам полавых клетак, сурагатным мацярынствам, магчымасцю эксперыментаў над эмбрыёнамі, а таксама рэдукцыяй эмбрыёнаў. Сацыяльныя канцэпцыі РКЦ і РПЦ надаюць гэтым пытанням значную ўвагу.І праваслаўныя, і каталікі ладзяць грамадскія акцыі, канцэрты і канферэнцыі, звязаныя з прапагандай сямейных каштоўнасцяў, дашлюбнай цнатлівасці, і наогул, сэксуальнай маральнасці. Крытыка згаданага дакумента тычылася не толькі самога зместу, але і таго факту, што пры яго падрыхтоўцыне праводзіліся кансультацыі з рэлігійнымі арганізацыямі.

Праваслаўнаяцарква правяла маральна-этычную экспертызу, а прэс-сакратар Мінскай епархіі выказаўся, што законапраект «знаходзіцца ў рэзкім супярэчанні з пунктам гледжання Праваслаўнай царквы, яе вучэннем»[23]. У праваслаўным асяродкуўзнікстыхійны грамадскі рух са зваротамі ў дзяржаўныя органы з патрабаваннем перагледзець палажэнні законапраекту, а таксама быў праведзены шэраг канферэнцый. Тым менш, гэта крытыка не была аформленая ў афіцыйную пазіцыю. Падціскам праваслаўнай грамадскасці былі ўнесеныя некаторыя змены ў будучы закон, у першую чаргу, у дачыненні да магчымых эксперыментаў над эмбрыёнамі.Аднакгэтыя змены насілі больш касметычны, чым сутнасны, характар. Канкрэтныя прапановы БПЦ агучыла, калі Закон быў практычна прыняты[24].

Што тычыцца Каталіцкай Царквы, то ад імя мітрапаліта Кандрусевіча была апублікаваная заява «У сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях»[25], у якой іерарх выказаў сур’ёзную заклапочанасць фактам таго, што «законапраект рыхтаваўся без кансультацый з рэлігійнымі арганізацыямі». Дабіцца ж правядзення падобных кансультацый і рэальна паўплываць на змест закона, нягледзячы на ўсе заявы, ні праваслаўныя, ні каталікі не здолелі.

Калі ў праваслаўных барацьба за правы эмбрыёнаў адносіцца, у першую чаргу, да сферы «сямейных каштоўнасцей», то каталіцкія дакументы адносяць гэтае пытанне да «абароны чалавечага жыцця», і не менш сур’ёзна, чым да абароны жыцця ад моманту зачацця, ставяцца да пытання смяротнай кары. У 2011 г. асуджэнне на смяротнае пакаранне Д. Канавалава і У. Кавалёва – абвінавачаных ва ўчыненні выбуху 11 красавіка 2011 г. – прывяло да даволі сур’ёзных пытанняў пра далейшы лёс двух маладых людзей і пра існаванне смяротнага пакарання наагул. Каталіцкая іерархія Беларусі публічна выказала пратэст супраць смяротнага пакарання, а таксама заклікала памілаваць асуджаных[26]. Беларуская Праваслаўная Царква перадала ў гэтым пытанні слова сваёй прэс-службе. Хаця заклікаўда памілавання і адмены смяротнага пакаранняне было, больш за тое, адзначалася, што Царква не павінна катэгарычна «патрабаваць адмены смяротнага пакарання», а таксама ўмешвацца «ў кампетэнцыю судовай і выканаўчай улады», тым не менш выказваўся сумнеў у яго мэтазгоднасці[27]. У гэтым пытанні дзяржава таксама не прыслухалася да голасу Цэркваў.

Высновы

Па-першае, трэба чакаць актывізацыі цэркваў у пытаннях грамадска-палітычнага жыцця, што будзе звязана не столькі з дзейнасцю іерархіі, колькі з дзейнасцю рэлігійных супольнасцей.

Па-другое, на ўсе цэрквы будзе ціск з боку рэжыму, праз які дзяржава паспрабуе вярнуць сабе лаяльнасць і прымусіць абараняць інтарэсы кіроўнайэліты як унутры краіны, так іза яе межамі. Менш імаверна, што гэты ціск будзе адбывацца ў форме гандлю – «таварам не першай свежасці», напрыклад, канкардатам у выпадку РКЦ.

Па-трэцяе, узмацненне ціску можа прывесці як да яшчэ большай радыкалізацыі грамадскасці, так і да згасання незалежнай палітычнай актыўнасці, незалежна ад чаго будзе адбывацца «выспяванне» пратэстных настрояў.

Па-чацвёртае, у Беларуская Праваслаўнай Царкве магчымыя кадравыя змены, звязаныя з рэструктурызацыяй, што таксама можа паўплываць на сацыяльна-палітычную пазіцыю, але найбольш імаверна, што асноўныя падзеі будуць адбывацца ўнутры самой царквы.

Па-пятае, на палітычную актывізацыю рэлігійных асяродкаў паўплываюць і маючыя адбыцца парламенцкія выбары.

Васілевіч Н. Цэрквы пасля выбараў і перад выбарам. - Белорусский ежегодник 2011. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь в 2011 г. под ред. Паньковского А., Костюговой В. - BISS. - Минск, 2012. - С. 199-207.
 


[1]http://www.belarus21.by/ru/main_menu/religion/sotr/relig_sit

[2]http://news.tut.by/society/279195.html

[3]http://www.patriarchia.ru/db/text/1347158.html

[4]http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=9w9ayZFNwmQ

[5]http://nn.by/?c=ar&i=59597

[6]http://churchby.info/bel/654/

[7]http://churchby.info/bel/652

[8]http://churchby.info/bel/656

[9]http://churchby.info/bel/672

[10]http://catholic.by/2/home/news/belarus/hierarchs/109046-kandrusiewicz.html

[11]http://www.youtube.com/watch?v=OWvZlE1k6Vk&feature=player_embedded

[12]http://churchby.info/bel/783/

[13]http://churchby.info/bel/792/

[14] Правила внутреннего распорядка изоляторов временного содержания органов внутренних дел, утверждены Постановлением Министерства внутренних дел Республики Беларусь 20.10.2003 № 234; Правила внутреннего распорядка следственных изоляторов уголовно-исполнительной системы Министерства внутренних дел Республики Беларусь, утверждены Постановлением Министерства внутренних дел Республики Беларусь 13.01.2004 № 3

[15]http://churchby.info/rus/720/

[16]http://churchby.info/bel/837/

[17]http://www.catholic.by/2/home/announcements/109185-budslau.html

[18]http://churchby.info/bel/news/2011/07/10-1/

[19]http://churchby.info/bel/821/

[20]http://svabodavery.org/2011/09/prokuratura-vynesla-oficialnoe-preduprezhdenie-rukovoditelyu-i-aktivistam-nezaregistrirovannoj-religioznoj-obshhiny-v-gomele/;http://svabodavery.org/2011/09/miliciya-grozit-baptistam-tyuremnymi-srokami/

[21]http://svabodavery.org

[22]http://churchby.info/rus/723/

[23]http://churchby.info/bel/news/2011/05/01-2/

[24]http://churchby.info/rus/756/

[25]http://catholic.by/2/libr/speaches/108809-kandrusiewicz.html

[26]http://catholic.by/2/libr/interview/110860-kandrusiewicz.html

[27]http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2011/Page3998.html

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.