Рэлігійная сфера: напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

Рэзюмэ

Калі 2009 год праходзіў у Беларусі пад знакам Папы, то цяпер асноўнай медыя-падзеяў стаў візіт А. Лукашэнкі ў Канстанцінопаль і ягоная сустрэча з Усясветным Патрыярхам Варфаламеем, якая спарадзіла абмеркаванне магчымай аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ). Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) мабілізуе вернікаў розных канфесій на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі В. Рымашэўскага, які выкарыстоўвае багата рэлігійнай рыторыкі і, дзякуючы сваёй актыўнай прыналежнасці да БПЦ, атрымлівае папулярнасць сярод актыўных прыхажанаў.
Што тычыцца дзейнасці БПЦ, то яна характарызуецца кволасцю, і нават абмяркоўваецца магчымасць сыходу на спачын кіруючага іерарха БПЦ Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Цягам году паведамляецца аб магчымым увядзенні праваслаўнай рэлігіі ў школах на падставе зацверджанай праграмы, аднак на самой справе ніякіх рухаў у гэтым накірунку не робіцца.
Працягвае абмяркоўвацца і магчымае заключэнне канкардату з Ватыканам, аднак значных зрухаў не назіраецца і тут. Нягледзячы на тое, што ў першай палове году стасункі беларускага рэжыму з РПЦ можна ахарактарызаваць як напружаныя, бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў маскоўскае кіраўніцтва РПЦ нават выступае пасярэднікам у прымірэнчым дыялогу з Масквой, а таксама падтрымлівае беларускі рэжым пасля прэзідэнцкіх выбараў, у той час як у Беларускім Экзархаце выбары і звязаныя з імі падзеі выклікаюць неадназначнае стаўленне.
Тэндэнцыі:

  • працягваецца ўціск рэлігійнага поля – пераследы асобных рэлігійных арганізацыяў, замежных грамадзянаў;
  • за візітам А. Лукашэнкі ў Канстанцінопаль не стаіць рэальнай пагрозы аўтакефаліі БПЦ; Маскоўскі Патрыярхат, нягледзячы на многія непаразуменні з беларускім рэжымам, у крытычныя моманты застаецца яго апірышчам;
  • развіццё стасункаў з Ватыканам адбываецца нашмат павольней, чым чакалася шырокімі коламі грамадства і аналітыкаў: канкардат, які меў быць заключаны яшчэ летась, так дагэтуль і «рыхтуецца»;
  • БХД уводзіць у шырокі палітычны дыскурс рэлігійную рыторыку, праз удзел у прэзідэнцкіх выбарах істотна змяняе канфігурацыю электаральных паводзінаў рэлігійна актыўнага насельніцтва.

Агульная характарыстыка

Паводле дадзеных Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей за 2010 г., колькасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацый узрасла з 3263 да 3321, у т. л. колькасць рэлігійных абшчынаў на 1.01.2011 дасягнула 3162.1 У краіне назіраецца значнае рэгіянальнае адрозненне паводле дадзенага паказчыка: так, у Брэсцкай вобласцi дзейнічае 719 абшчынаў, у той час як у Магілёўскай – усяго 269.2 Найбольшая колькасць прыходаў – у Беларускай Праваслаўнай Царкве (1545); Рыма-Каталіцкая Царква мае 475 прыходаў, пратэстанты – 1005 (у т. л. ХВЕ – 505; ЕХБ – 275, АСД – 72). Колькасць вернікаў, прыналежных да той ці іншай канфесіі, па-ранейшаму вызначаецца паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў, аднак іншыя статыстычныя дадзеныя ставяць новыя пытанні датычна абгрунтаванасці колькасных паказчыкаў. Так, паводле падлікаў Міністэрства ўнутраных справаў, богаслужэнні на Раство ў каталіцкіх храмах наведала 236 тыс. чал.3 (у т. л. 7 тыс. у г. Мінску4 ), у той час як у праваслаўных – 134 тыс. чал. (у т. л. 9 тыс. у г. Мінску)5 .
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў адзначаецца памяншэнне ўціску ва ўсіх сферах жыцця грамадства, адзначаюцца беспрэцэдэнтныя раней адмены судовых прысудаў – двух прысудаў маладых вернікаў (Івана Міхайлава6 и Дзьмітрыя Смыка7 ), якія з-за рэлігійных перакананняў патрабавалі альтэрнатыўнай службы. Пры гэтым у выпадках тых маладых людзей, якія патрабавалі альтэрнатыўнай службы не на рэлігійнай падставе – Андрэя Цянюты (быў забраны ў армію) і Яўгена Якавенкі (асуджаны на 1 год «хіміі»), – гісторыя апраўданнямі не скончылася. Таксама быў адменены прысуд супраць пастара царквы «Новае пакаленне» (г. Навагрудак), актывіста БХД Уладзіміра Качагура, які аштрафаваны за «правядзенне набажэнстваў без дазволу мясцовага выканаўчага органа», аднак вышэйстаячы суд адмяніў рашэнне, адправіў справы на новы разгляд, і яна была закрытая8 ; і супраць лідара суполкі Сведак Іеговы Васіля Палуянава9 (г. Бабруйск), які быў аштрафаваны за незаконную рэлігійную дзейнасць, але прысуд адменены вышэйстаячым судом.
Казаць пра тое, што дзяржава сапраўды вырашыла спыніць ціск на рэлігійныя арганізацыі, не выпадае. Назавем некаторыя выпадкі прыцягнення да адказнасці за незаконную рэлігійную дзейнасць: 29 чэрвеня у Кобрыне пастар пяцідзесятніцкай царквы Віктар Новік аштрафаваны за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (спеваў і раздачы ўлётак у в. Грушава), 23 мая у Драгічыне былі затрыманыя трое баптыстаў за арганізацыю вулічнай хрысціянскай бібліятэкі.10
На новы віток выходзіць і сітуацыя шматгадовага супрацьстаяння ўладаў з царквой «Новае жыццё». Спробы забраць будынак у царквы цяпер займелі новы сюжэт – за быццам бы забруджанне тэрыторыі нафтапрадуктамі царква аштрафаваная на BYR 257 млн11 , але штраф вырашыла не плаціць. Дзяржава вымушаная была прыцягнуць дапамогу міжнародных экспертаў, напрыклад нямецкага сектазнаўцу Томаса Гандоў, словы якога, перададзеныя па АНТ, можна зразумець як наўпростае называнне царквы «Новае жыццё» сектай12 , хаця потым Гандоў сцвярджаў, што такога наймення гэтай рэлігійнай арганізацыі ён не даваў13 . Дадзены сектазнаўца стаў наогул буйной медыя-фігурай, апроч «Новага жыцця» даўшы негатыўную характарыстыку і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі14 , аднак і ў гэтым выпадку, падобна, мелася не зусім карэктная журналісцкая праца.
Акрамя ўжо знаёмага сюжэту з «Новым жыццём», працягваецца і грамадзянская кампанія ў абарону касцёла Святога Язэпа ў Верхнім горадзе, якой 19 сакавіка споўнілася ўжо пяць год. За мінулыя гады сабрана 30 тыс. подпісаў. У 2010 г. цяпер ужо пад кіраўніцтвам БХД, якое актыўна ўключылася ў кампанію, адбыўся чарговы збор подпісаў15 , у выніку сабрана 6.5 тыс., якія перададзены у дзяржаўныя і царкоўныя органы16 . З 16 верасня – ужо ў перадвыбарны перыяд – было арганізаванае штодзённае пікетаванне, аднак ужо праз 20 дзён ад пачатку акцыі ўдзельнікі вымушаныя былі галасаваць, ці працягваць яе17 , асабліва ў сувязі з тым, што іх дзейнасць у інтэрвію Советской Белоруссии не падтрымаў Рыма-Каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч18 . Акцыя была працягнутая, штодня там адбываліся сустрэчы з дзеячамі культуры, канцэрты, імпрэзы, створаны грамадскі камітэт «Духовае сэрца Мінску»19 , аднак да выніку ўсе акцыі так і не прывялі.
З буйных рэлігійна-дзяржаўных мерапрыемстваў можна адзначыць два – святкаванне 300-годдзя Архікафедральнага каталіцкага касцёлу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, а таксама пахаванне парэшткаў невядомых ваяраў ў крыпце храма Ўсіх Святых таксама у Менску. Апроч наведання Патрыярхам Маскоўскiм Кірылам праездам Віцебска, не адбылося візітаў на высокім узроўні. З сустрэчаў за мяжой можна адзначыць дзве: візіт А. Лукашэнкі да Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея ў Стамбуле і ягоная ж сустрэча з дзяржсакратаром Ватыкана Тарчызіё Бертонэ ў час саміта АБСЕ ў Астане. Абедзве сустрэчы насілі хутчэй пратакольны характар, хаця сустрэча з Усясветным Патрыярхам спарадзіла вялікую хвалю абмеркаванняў магчымасці аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы як у самой Беларусі, так і ў Расіі.
Найбольшая ўвага медыяў у 2010 г. належыла тэме магчымасці ўвядзення ў беларускіх школах прадмета «Пачаткі праваслаўнай культуры», якую ў тым ці іншым выглядзе распачынае Беларуская Праваслаўная Царква, а таксама тэме магчымага заключэння пагаднення з Ватыканам, якое, аднак, так і знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі.

Заканадаўства і інстытуцыі

Працягвае без зменаў дзейнічаць закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганiзацыях», які прадугледжвае такія абмежаванні для рэлігійнай дзейнасці, як абавязковая рэгістрацыя рэлігійнай абшчыны, для якой неабходна выканаць шэраг умоваў; прывязка рэлігійнай дзейнасці да культавых збудаванняў (асаблівую ўвагу на гэты пункт у сваёй справаздачы за 2010 г. звяртае Упаўнаважаны па справах рэлігій Л. Гуляка20 , бо частымі становяцца выпадкі, калі рэлігійныя абшчыны выкарыстоўваюць іншыя збудаванні, якія знаходзяцца ў іх ва ўласнасці, але не з’яўляюцца культавымі, а гэта парушэнне закону); абмежаванне дзейнасці па тэрыторыі. Напярэдадні 2010 г. адменена норма ч. 1 арт. 9.9. КАП, якая прадугледжвала адміністратыўную адказнасць за незаконную рэлігійную дзейнасць; аднак крымінальная норма за фактычна такі ж склад правапарушэння адмененая не была, што прывяло да сітуацыі, у якой крымінальная норма будзе дзейнічаць адразу, г. зн. насіць больш рэпрэсіўны характар. З іншага боку, цягам згаданага перыяду норма ніводнага разу не была ўжытая супраць рэлігійных дзеячоў.
Працягвае дзейнічаць і «Палажэнне аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь з мэтай займання рэлігійнай дзейнасцю»21 , якое ўскладняе дзейнасць замежных грамадзян, у першую чаргу, гэта тычыцца каталіцкіх святароў, а таксама дзеячоў, запрошаных пратэстанскімі арганізацыямі. У 2010 г. «з мэтай папярэджання рэгістрацыі рэлігійных арганізацый супрацьпраўнага характара» Апарат Упаўнаважанага распрацаваў, а Савет міністраў зацвердзіў пастановай № 548 ад 9.04.2010 г. «Палажэнне аб складзе, змесце і парадку прадастаўлення звестак пры рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны, якая вызнае веравучэнне, раней невядомае ў Рэспубліцы Беларусь»22 .
Крыніцай напружанасці з’яўляюцца не паасобныя выпадкі пераследу, ці як цягам 2010 г. паасобныя выпадкі прыпынення пераследу, але самі прававыя нормы, якія ўжываюць выбарна, адсутнічаюць дакладныя і адзінападобныя механізмы рэгулявання і абароны правоў на свабоду сумлення. Сучасны беларускі рэжым не мае рэсурсаў суцэльнага кантралявання рэлігійнага поля, таму яго задачай ёсць стварэнне інстытуцыйных механізмаў самакантроля з боку рэлігійных арганізацый, якія павiнны максімальна абмяжоўваюць сваю дзейнасць, каб не выходзіць за межы, выстаўленыя дзяржавай.
Для вырашэння інстытуцыйных праблемаў, звязаных з нормамі і іх праваўжываннем, у Мінску 10 верасня адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, рэлігійных арганізацый, міжнародных арганізацый, грамадзянскай супольнасці, эксперты. На канферэнцыi былі комплексна разгледжаныя праблемы ў сферы свабоды сумлення, прынятая рэзалюцыя, у якой прадугледжаны крокі па выпраўленні сітуацыі23 , а таксама прадстаўлены праект «дарожнай карты»24 ў межах ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Абедзьве гэтыя падзеі сведчаць пра тое, што ў грамадзянскай супольнасці спее патэнцыял для вырашэння пытання свабоды сумлення, аднак пакуль у гэты працэс уцягнутыя не такія шырокія слаі актараў.
Апроч гэтага адмысловая працоўная група моладзевых і праваабарончых арганізацый падрыхтавала прапановы па змесце закону «Аб альтэрнатыўнай службе»25 , дзе ў т. л. прадугледжваецца магчымасць адмаўлення ад вайсковай службы на падставе рэлігійных перакананняў. Кампанія «Альтэрнатыўная грамадзянская служба» наогул даволі актыўна дзейнiчала цягам году, ёй удалося уцягнуць у гэты працэс і дзяржаўныя органы, аднак адпаведны законапраект так і не быў распрацаваны ў мiнулым годзе.
Прыняты таксама і Кодэкс аб адукацыі26 , які прадугледжвае абмежаванне магчымасцяў хатняй адукацыі. Трэба адзначыць, што ў ЗША вялікая колькасць вернікаў-пратэстантаў аддае перавагу менавіта такому спосабу навучання; недарма ён досыць папулярны і сярод беларускіх хрысціян, асабліва пратэстанцкага кірунку.27 Для таго, каб магчымасці хатняга навучання былі пашыраныя, у 2010 г. утвараецца ініцыятыва «Хрысціянскі рух» (каардынатар – сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Аляксей Шэін), якая накіроўвае ў Палату прадстаўнікоў 500 подпісаў у падтрымку хатняга навучання.28 Аднак у прынятым кодэксе гэтыя пажаданні ўлічаныя не былі.
Са сферай адукацыі звязана і яшчэ адна рэч: увядзенне ў агульна-адукацыйных школах заняткаў па рэлігіі ў тым ці іншым выглядзе. Найперш, увядзення такіх заняткаў дабіваецца Беларуская Праваслаўная Царква, праведзена некалькі канферэнцыяў на гэтую тэму і распрацован шэраг праграм, у т. л. нашумелы факультатыў «Пачаткі праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян» для 1–11 класаў29 , распрацаваны Каардынацыйнай Радай мінадукацыі і БПЦ, аднак гэтая праграма не атрымала грыф Нацыянальнага iнстытута адукацыі, бо не мела адпаведнага навучальна-метадычнага комплексу.30 Тым не менш у некаторых навучальных установах падобныя факультатывы праводзяцца нават без наяўнасці зацверджаных у адпаведным парадку праграмаў. Часцей гэта залежыць ад волі кіраўніцтва школы, аднак, як паказвае практыка, нават пры наяўнасці такой волі і жаданні бацькоў увядзенне падобных факультатываў ускладняецца тым, што яны адсутнічаюць у пераліку факультатываў у інструктыўна-метадычным лісце міністэрства адукацыі. У сувязі з няўдалай падачай інфармацыі аб тым, што названы факультатыў уводзіцца ўва ўсіх школах, у грамадстве пачалася шырокая дыскусія: на старонках Звязды, Нашай нівы, у iнтэрнэце.
У межах кампаніі па абароне касцёлу св. Язэпа таксама адбылася прэзентацыя праекту закона аб рэстытуцыі – «Аб перадачы рэлігійным арганізацыям маёмасці рэлігійнага прызначэння, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай або камунальнай уласнасці».31 Гэты праект прадстаўлены ў звязку з БХД, аднак у афіцыйную праграму партыі не ўвайшоў, ды наогул уяўляе сабой даволі сыры дакумент, у якім не ўлічваюцца ў значнай ступені беларускія рэаліi.
Цікава, што паводле словаў Упаўнаважанага па справах рэлігій менавіта праблема ўласнасці становіцца вельмі вострай для дзяржаўна-канфесійных адносінаў: пратэстанцкія цэрквы выкарыстоўваюць маёмасць рэлігійных арганізацый «нямэтава», некаторыя арганізацыі, нягледзячы на тое што карыстаюцца падтрымкай дзяржавы, «у недастатковай ступені забяспечваюць выкананне ахоўных абавязальніцтваў», «таму варта ўважліва ставіцца да пытанняў перадачы рэлігійным арганізацыям аб’ектаў, якія з’яўляюцца перш за ўсё помнікамі гісторыі і культуры».32 Вялікі рэзананс у гэтым кантэксце выклікала рэканструкцыя старажытнай Барыса-Глебскай царквы ў Навагрудку, на якую змясцілі безгустоўныя псеўдакупалы-«цыбуліны».33 Грамадскасць спрабавала выказваць пратэсты, аднак рэканструкцыя ўсё ж была праведзеная.
У 2011 г. заканадаўства ў галіне дзейнасці рэлігійных арганізацый можа быць змененае ў сувязі з прыняццем закону «Аб некамерцыйных арганізацыях»34 , пры гэтым рэлігійныя арганізацыі ў абмеркаванні дадзенага закону бяруць нязначны ўдзел.
Рэгулярна адбываюцца звароты ў розныя дзяржаўныя органы правыслаўных вернікаў па пытанні наяўнасці індывідуальных уліковых нумароў. Гэта досыць арганізаваныя ініцыятывы, хаця далёка не такія масавыя, як у Расіі і ва Ўкраіне. Падобныя звароты застаюцца без рэакцый.
Працягвае дзейнасць Рада па маральнасці, актыўнасць якой зводзіцца галоўным чынам да спробаў забараніць па этычных меркаваннях канцэрты розных выступоўцаў, такіх як Rammstein ці Элтан Джон. Аднак гэтыя спробы застаюцца беспаспяховымі, што адлюстроўвае рэальны ўплыў дадзенай інстытуцыі.

Беларуская Праваслаўная Царква: ці магчыма аўтакефалія, ці магчыма незалежнасць?

Хаця 2010 г. не быў багатым на падзеі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, некалькі разоў паўставала пытанне аб яе будучыні. Першай такой нагодай стала абвестка аб тым, што Прадстаяцель Беларускага Экзархату, Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) падаў 31 траўня прашэнне аб сыходзе на спачын. I хоць Мітрапаліт Філарэт застаўся правячым архіярэям, пытанне пра тое, хто будзе наступным кіраўніком БПЦ, набыло актуальнасць. Механізм выбару кандыдатур і прыняцца рашэнняў па іх з’яўляцца непразрыстым, таму можна толькі здагадвацца аб гэтых магчымых кандыдатурах. Зразумела адно, што гэтае рашэнне прымаецца перш за ўсё ў Маскве, Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы, што прадугледжвае статус Экзархата. Дзве асноўныя кандыдатуры, якія называюцца як наступнікі Мітрапаліта Філарэта, – гэта Ніжэгародскі і Арзамаскі архіепіскап Георгій, іерарх з беларускімі каранямі, які даволі часта наведвае Беларусь35 , і Віцебскі і Аршанскі архіепіскап Дзьмітры, акурат з якім адбылася сустрэча Патрыярха Кірыла, які быў праездам у Віцебску 4 чэрвеня 2010 г., а таксама чыю епархію ён наведваў у час візіта ў 2009 г. Аднак пацвердзіць ці абвергнуць iнфармацыю пра кандыдатуры не ўяўляецца магчымым у сувязі з пазначанымі вышэй прычынамі.
Аб тым, што вестка аб магчымым сыходзе выклікала бурлівую рэакцыю ў Беларускім Экзархаце, сведчыць і тое, што са сваёй пасады быў зняты адказны за сувязі са СМІ архім. Аляксій (Шынкевіч), які абвесціў аб статутнай працэдуры – прашэнні аб спачыне ў связі з дасягненнем адпаведнага ўзросту. Здавалася б, нічога такога ў гэтай абвестцы не было, аднак архім. Шынкевіч, які запомніўся таксама і тым, што ў 2009 г. нечакана выступіў з асуджэннем сюжэта Беларускага тэлебачання супраць БХД, чым заслужыў свой аўтарытэт у апазіцыйных колах і, наадварот, насцярожанасць у дзяржаўных, быў вызвалены ад абавязкаў упаўнаважанага па сувязях са СМІ.36
У чым прычына такой рэакцыі? Тое, што Мітрапаліт Філарэт не здольны выконваць сваіх абавязкаў у ранейшым аб’ёме, было бачна таксама з прызначэння вікарыем Мінскай епархіі новага высвячанага епіскапа Барысаўскага, якім стаў Веніямін (Тупека). Гэты малады архіярэй прызначаны таксама кіраваць новастворанай інстытуцыяй БПЦ – Выдавецкай Радай, якая мае даваць допуск на друк праваслаўнай літаратуры ў Беларусі.
Дык хто ж кіруе ў Беларускім Экзархаце, калі ўплыў самога Мітрапаліта Філарэта змяншаецца? Прынамсі на ўзроўні стасункаў з рэжымам можна канстатаваць, што градус лаяльнасці Мітрапаліта да дзеючага рэжыму – рыторыка выступаў, пасланняў – змяншаецца; змяншаецца гэты градус і ў адваротным кірунку – неаднаразовае ігнараванне Лукашэнкам традыцыйных богаслужэнняў у кафедральным саборы, а таксама ігнараванне ролі Мітрапаліта ў стасунках з царкоўным цэнтрам у Маскве, якое назіралася апошнія гады. На першыя ролі ў дзяржаўна-царкоўных стасунках выходзіць блізкі да прэзідэнта Лукашэнкі святар БПЦ – прот. Фёдар Поўны.37 Ягоны ўплыў унутры самой БПЦ звязаны акурат з блізкасцю да дзяржаўнай улады, сімвалам сімфоніі з якой становіцца маштабная падзея захавання парэшткаў невядомых ваяроў у крыпце храма Ўсіх Святых з удзелам прэзідэнта 2 ліпеня 2010 г. Пра тое, як гэтую сімфонію, «сугучча», ўяўляе сам Лукашэнка, ён заявіў, выступаючы на сустрэчы з Сінодам 22 красавіка 2010 г.: «Зарукай упэўненасці беларусаў ёсць моцная ўлада, а яе галоўным хаўруснікам заўжды была і застаецца праваслаўная царква»38 .
Напярэдадні і цягам прэзідэнцкіх выбараў БПЦ паказала сябе не такім ужо хаўруснікам моцнай улады. Былі выступы Мітрапаліта Філарэта і на перадвыбарным Усебеларускім Сходзе, і на інаўгурацыі прэзідэнта, але ў параўнанні з папярэднімі палітычным сезонамі яны былі не настолькі яўна праўладныя. Многія актыўныя вернікі і святары, атрымаўшы на выбарах у альтэрнатыву «праваслаўнаму атэісту» Лукашэнку выразна «праваслаўнага верніка» Рымашэўскага, пачалі схіляцца на бок апошняга. Кампанія БХД, арыентаваная на царкоўных актывістаў, знайшла свой плён і ў праваслаўным асяродку.
Па-другое, нягледзячы на тое што адразу пасля выбараў Патрыярх Маскоўскі Кірыл павіншаваў А. Лукашэнку з перамогай, рэакцыя БПЦ на вынікі выбараў і наступных падзеяў на плошчы не была такой адназначнай. Хаця вуснамі ўжо згаданага прот. Фёдара Поўнага ў эфіры БТ дзеянні пратэстоўцаў былі асуджаныя, аднак наступныя падзеі: апублікаваныя ў афіцыйнай газеце БПЦ Царкоўнай слова лістоў вернікаў з нагоды падзей 19 снежня39 , лісты праваслаўных вернікаў да Патрыярха40 , у якіх выражалася непаразумення ягонаму віншаванню, малітвы на прыходах аб зняволеных і пацярпелых 19 снежня, і іншыя дзеянні – усё гэта стала беспрэцэдэнтнымі раней праявамі новай праваслаўнай грамадзянскай ідэнтычнасці, не так ужо арыентаванай на «моцную ўладу». Хаця і зыходзілі гэтыя дзеянні не з «вярхушкі» БПЦ, але хутчэй з сярэдняга злучва, можна казаць пра тое, што грамадска-палітычная пазіцыя пачынае змяняцца, нават нягледзячы на тое, якая пазіцыя была артыкуляваная маскоўскім кіраўніцтвам. Актыўна стала абмяркоўвацца ў гэтым кантэксце і неабходнасць большай аўтаноміі ад цэнтру і ад дзяржаўнай улады.
Іншым кантэкстам абмеркавання пытання незалежнасці і аўтакефаліі стаў візіт А. Лукашэнкі ў Канстанцінопаль, да першаіерарха праваслаўнага свету Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея.41 Гэты візіт, які многімі быў праінтэрпрэтаваны ледзь не як крок да аўтакефаліі, на самой справе, пра што сведчыць інфармацыя з грэцкіх крыніцаў і з боку Ўсяленскага Патрыярхату, насіў пратакольны характар, і такія пытанні, як аўтакефалія, там наўрад ці маглі абмяркоўвацца. Тым больш што ўсеправаслаўны дыялог, падрыхтоўка да ўсеправаслаўнага сабору, не дазваляе чакаць нейкіх рэзкіх рухаў у гэтым кірунку ў прынцыпе, маючы наўвеце, што чарговая ўсеправаслаўная нарада ў Шамбезі так і не здолела прыйсці да якога-кольвек кансэнсусу датычна механізму абвяшчэння і прызнання аўтакефаліі.42
Для А. Лукашэнкі ж, падобна як і візіт у Ватыкан, наведанне Канстанцінопалю стала чарговым піяр-ходам, праўда, усё ж меншага маштабу. Большы рэзананс сустрэча з Патрыярхам Варфаламеем набыла ў Расеі, дзе яна разглядалась праз геапалітычную прызму і мадэль украінскага пытання, дзе блізкасць да Расеі, як і падтрымка «кананічнага», г. зн. падпарадкаванага Маскоўскаму Патрыярхату, праваслаўя залічваецца суседняму палітычнаму лідару ў плюсы, у той час як падтрымка каталіцтва ці курсу на незалежнасць праваслаўнай царквы – у мінусы. Відавочна, што для Лукашэнкі гэта таксама быў у нейкай ступені сігнал, які, як і комплексная палітыка апошніх гадоў, скіраваная на дыялог з Захадам, меў на мэце спарадзіць неспакой у палітычнай эліце ў Маскве і адпаведна падтрымку на будучых прэзідэнцкіх выбарах. І царкоўны фактар адыграў тут не апошнюю ролю, бо Патрыярх, які наўрад ці спужаўся «ватыканскага» ці «канстанцінопальскага» сігналаў, але, кіруючыся ўласным геапалітычным і геацаркоўным бачаннем «Рускага свету», паспрыяў пацяпленню стасункаў паміж беларускім рэжымам і Крамлём.

Рыма-Каталіцкая Царква: ці будзе канкардат?

Пытанне, якое ўжо каторы год абмяркоўваецца датычна стасункаў беларускай дзяржавы і Рыма-Каталіцкай Царквы, – гэта заключэнне міждзяржаўнай дамовы аб супрацоўніцтве. Такія размовы пачаліся яшчэ ў 2002 г., калі быў прыняты закон «Аб свабодзе сумлення». Гэты закон прадугледзіў магчымасць падпісання канкардату пасля падпісання адпаведнага пагаднення з БПЦ у 2003 г. Але канкрэтна распрацоўка пачалася ў 2007 г., калі віцэ-прэм’ер Касінец заявiў аб рэальнай магчымасці заключэння такога пагаднення, а найбольш дыскусіі вакол канкардату інтэнсіфікавалiсь пасля візіта ў Беларусь дзяржсакратара Ватыкана Тарчызіё Бертонэ ў 2008 г.
Аднак з 2008 г. праца ў накірунку канкардату практычна не зрушваецца, калі не лічыць шматлікіх гучных заяваў, што да канца лета ці да канца года дакумент будзе падпісаны. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандар Кашкевіч заявіў Радыё «Ватыкан» у снежні, што дакумент падрыхтаваны, але каб ён быў хутка падпісаны, «трэба маліцца»43 , і што «гэта пытанне Апостальскай Нунцыятуры». Як сведчаць дакументы кіруючай структуры РКЦ – Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі44 – пытанне канкардату там нават не разглядалася.
Дык на якім этапе знаходзiцца распрацоўка дакумента насамрэч? У чым назіраецца супрацоўніцтва РКЦ і беларускай дзяржавы? Сяргей Алейнік, пасол Беларусі пры Апостальскай сталіцы, як прыклад удалага супрацоўніцтва «адзначыў праект аднаўлення фрэсак архікафедральнага касцёла, які быў здзейснены па ініцыятыве Прэзідэнта краіны»45 . У тым жа інтэрв’ю намеснік міністра замежных спраў адзначыў актывізацыю двухбаковых адносін пасля візіту Т. Бертонэ ў 2008 г. Але аказваецца, што толькі падчас сустрэчы А. Лукашэнкі з Папам у 2009 г. «была дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы да падпісання пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам», але «праца над пагадненнем знаходзіцца ў прагрэсіўнай стадыі», і беларуская дзяржава разлічвае, што «гэтая праца будзе завершана даволі хутка, але неабходны яшчэ некаторы час».
Хто канкрэтна ўваходзіць у працоўную групу? Дык «дакумент падрыхтаваны» ці «будзе завершаны даволі хутка»? Якія суб’екты ўдзельнічаюць у распрацоўцы з боку Каталіцкага Касцёлу – Дзяржаўны Сакратарыят Святога Пасаду, Апостальская нунцыятура, ККББ? Хто распрацоўвае дакумент з боку беларускай дзяржавы – Міністэрства замежных спраў ці Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій? Па інфармацыі Упаўнаважанага па справах рэлігіі, «на дадзены момант вядзецца распрацоўка Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам. Асноўным распрацоўшчыкам з’яўляецца МЗС РБ, адначасова з ягонай просьбы Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прымае ўдзел у працы над тэкстам Пагаднення»46 . Тэма канкрардата ўздымалася і ў час саміту АБСЕ ў Астане на сустрэчы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з кардыналам Тарчызіё Бертонэ, які адзначыў, што «ключавым момантам таго, што паміж нашымі краінамі склаліся даверлівыя адносіны, з’яўляецца пагадненне, над якім мы цяпер працуем»47 .
Магчыма, што сапраўды, паміж Беларуссю і Ватыканам склаліся даверлівыя адносіны, чаму ж падпісанне дакумента зацягваецца? Магчыма, адносіны, нягледзячы на ініцыятыву прэзідэнта па аднаўленні фрэсак, паміж Каталіцкай Царквой у Беларусі і беларускай дзяржавай не такія даверлівыя? Той жа біскуп Кашкевіч адзначыў, што «касцёл заўсёды спрабуе весці дыялог з уладай»48 , але пры гэтым праз дзеянні ўлады «памяншаецца колькасць замежных святароў» (напрыклад, з 85 да 48 у Гарадзенскай дыяцэзіі), і візы гэтым святарам выдаюцца толькі на паўгады, што ўскладняе іх працу.
Дзяржава таксама не заўжды задаволеная Каталіцкай Царквой, у прыватанасці, Упаўнаважаны па справах рэлігій Л. Гуляка адзначыў, што для каталіцкіх супольнасцей характэрная незаконная ўсталёўка помнікаў, таксама некаторыя святары не лічацца з патрабаваннямі заканадаўства аб няўдзеле рэлігійных арганізацый у палітычнай дзейнасці49 , што напярэдадні і пасля выбараў набывае вялікае значэнне. Нягледзячы на тое, што сярод святароў і міранаў Каталіцкай Царквы ёсць шмат актыўных дзеячоў і рухаў, напрыклад рух, звязаны з абаронай касцёлу св. Язэпа ці з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыяй, кіраўніцтва РКЦ спрабуе ад іх дыстанцыявацца. У прыватнасці, напярэдадні выбараў з Беларусі пасылаецца на служэнне ў Ізраіль святар Юры Барок, звязаны з БХД.
Мітр. Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрвію СБ дыстанцуецца ад руху абаронцаў касцёлу св. Язэпа, калі за абарону бярэцца гэтая хрысціянская партыя.50 Пасля выбараў, калі кіраўніцтва Рыма-Каталіцкай Царквы ніяк не адрэагавала на падзеі 19 снежня, усё ж у многіх касцёлах служацца малебны за вязняў, шэраг каталіцкіх актывістаў звяртаюцца да епіскапату з нагоды сітуацыі, якая склалася ў краіне, з просьбай аб рэакцыі51 , а адзін са святароў выступае ў iнтэрнэце з артыкулам Змрочнае Раство52 , гаворачы, што маўчанне ў дадзенай сітуацыі – грэх. Аднак маўчанне працягваецца, а падпісанне таго дакументу, за які, магчыма, гэтае маўчанне і было купленае – канкардату, – так і застаецца даволі цьмянай перспектывай.

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

За 2010 г. значных зменаў у жыцці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы не адбывалося. Застаюцца невырашанымі дзве праблемы: адсутнасць епіскапа (у 2009 г. з запытаннем аб уладкаванні кананічнай структуры грэка-каталіцкія святары звярнуліся ў Ватыкан), а таксама належнага культавага будынку ў сталіцы (з гэтым пытаннем у 2009 г. грэка-каталіцкая інтэлігенцыя звярталася да прэзідэнта). Больш за тое, становіцца пад пагрозу існаванне Цэнтру святога Язэпа53 па вул. Арджанікідзэ, 6, дзе адбываюцца пастаянныя набажэнствы ў капліцы Ўсіх Святых, а таксама праводзяцца розныя культурныя і рэлігійныя мерапрыемствы, у сувязі з тым што дадзены будынак не ўваходзіў у генеральны план забудовы дадзенага раёну. Перамовы з уладамі скончыліся станоўча – будынак грэка-каталіцкага цэнтру уключаны ў адпаведны план.

Альтэрнатыўнае праваслаўе

Што тычыцца альтэрнатыўнага праваслаўя, то ягоны ўплыў за 2010 г. не павялічваецца. Арганізацыйна яно прадстаўлена наступнымi асноўнымі групамі.
Першая група – гэта Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пад кіраўніцтвам еп. Святаслава (Лонгіна). У Беларусі дзейнічае адзін прыход – «Рэлігійная Грамада Сьвятое Еўпрасіньні Полацкае ў Менску»54 – і адзін святар Леанід Акаловіч. Грамада падавала на рэгістрацыю ў дзяржаўныя органы, аднак ім было адмоўлена.
Другая група – Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква пад кіраўніцтвам арх. Ёвана (Пурыца), асноўным дзеячом якой з’яўляецца прот. Сяргей Горбік (Львоў), які вядзе блог «Беларуская Аўтакефалія»55 . Працягваецца развіццё канфлікта гэтага святара з Грэка-Праваслаўным рухам56 , які ўзначальвае еп. Васіль Касцюк, ў выглядзе ўзаемных абвінавачванняў.
Трэцця група – прыход Расейскай Праваслаўнай Царквы ў Замежжы пад кіраўніцтвам мітр. Агафангела (Пашкоўскага). У Беларусі гэтай групай кіруе прот. Леанід (Пляц), налічваецца некалькі прыходаў на Міншчыне і Брэшчыне.57
Першыя тры групы тым ці іншым чынам вызнаюць ідэю беларускай аўтакефаліі ад Рускай Праваслаўнай Царквы, аднак ніводная з іх не з’яўляецца прызнанай кананічнымі цэрквамі. Тэма беларускай аўтакефаліі стала актуальнай у сувязі з візітам прэзідэнта Лукашэнкі ў Канстанцінопаль, аднак і ў такім выпадку тэма мусіравалася ў дачыненні да Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пытанне аўтакефаліі і механізмаў яе абвяшчэння з’яўляецца адным з самых супярэчлівых і пакуль не вырашаных у міжправаслаўным свеце, што пацвердзілі і вынікі нарады ў Шамбезі ў лютым 2011 г., дзе дадзенае пытанне разглядалася, але не ўдалося прыйсці да будзь-якога кансэнсусу.58

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

Як і чакалася, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) актывізуецца цягам 2010 г., што звязана ў тым ліку і з прэзідэнцкімі выбарамі, на якія партыя вылучыла свайго кандыдата – праваслаўнага верніка Віталя Рымашэўскага. Тое, што кандыдат з’яўляецца вернікам, стала своеасаблівай візітоўкай, і гэтая рыса кандыдата падкрэслівалася. Таксама партыя спрабуе ўзяць пад сваё «крыло» шэраг грамадзянскіх кампаній, якія адбываюцца ў краіне, у першую чаргу кампанію па абароне касцёлу св. Язэпа, якая цягнецца ўжо больш за пяць год.
Апроч гэтага, у сваёй агітацыі падчас прэзідэнцкай кампаніі БХД актыўна выкарыстоўвае хрысціянскую рыторыку, апелюючы да хрысціянскіх каштоўнасцей. Гэта дазваляе мабілізаваць вакол кандыдата падтрымку з боку актыўных вернікаў, у т. л. і праваслаўных, якім упершыню прапануецца на выбарах такая фігура, як кандыдат-вернік. Падобнае магло адбыцца і ў 2001 г., калі гэтую пазіцыю спрабаваў заняць намеклатурны дзеяч з кіроўнай эліты – дырэктар заводу «Атлант» Л. Калугін, але ён не прайшоў этап рэгістрацыі. Цяпер жа, дзякуючы таксама і таму, што параўнаўча свабодна праходзіла кампанія, у БХД атрымалася дайсці да шырокіх колаў вернікаў, якія раней, што тычыцца праваслаўных, былі стабільным электаратам А. Лукашэнкі. Складана меркаваць, наколькі менавіта БХД удалося пераламаць перавалодваючы стэрэатып падтымкі дзеючага рэжыма і непрыязнага стаўлення да апазіцыі, але сваю ролю партыя ў гэтым, безумоўна, адыграла. Важна падкрэсліць, што такая асаблівасць змены стэрэатыпу закранула не шырокія колы тых, хто адносіць сябе да праваслаўных, але менавіта колы царкоўных актывістаў, людзей, прыналежных да пэўнай царкоўнай субкультуры.
Цікавым з’яўляецца таксама феномен «маўчання» ў дачыненні да БХД і яе лідараў з боку прадстаўнікоў розных цэркваў – ні праваслаўныя, ні каталікі, ні пратэстанты не выступаюць з асуджэннем партыі, якая «пазіцыянуецца» на хрысціянскім полі. Так, існуе некаторае дыстанцыяванне, асабліва гэта тычыцца каталікоў – выступу мітр. Кандрусевіча ў СБ датычна касцёлу св. Язэпа і палітызацыі яго абароны, такіх мераў, як высылка з Беларусі ксяндза Юрыя Барка, які прыхільна ставіўся да БХД, і гэты крок нельга лічыць публічным дыстанцыяваннем. Дзяржаве і сродкам масавай інфармацыі нават даводзіцца за «голас царквы» выдаваць знешнія галасы – дыякана Кураева ў 2009 г., які выступіў са словамі, якія маглі быць праінтэпрэтаваны супраць БХД і сведчыць аб адсутнасці падтрымкі з боку Царквы, але тады БПЦ пайшла на публічны крок асуджэння выступу дыяк. Кураева. У 2010 г. наогул жа давялося скарыстацца паслугамі нямецкага сектазнаўцы – лютэраніна Томаса Гандоў, які у інтэрвію газеце 7 дней, адказваючы на пытанне пра БХД, так сфармуляваў свой адказ, што ён мог быць праінтэрпрэтаваны як крытыка59 .
Некаторыя ж пратэстанцкія дзеячы і рэлігійныя арганізацыі адкрыта выказвалі падтрымку партыі – царква «Новае жыццё», пастар Качагур з Навагрудка (член БХД) і інш. Хаця і сярод пратэстанцкіх колаў, хутчэй, павялічылася агульна-крытычная стаўленне да рэжыму, а не столькі падтрымка канкрэтнай палітычнай сілы, што можна ўбачыць, напрыклад, у выступленні пасля выбараў епіскапа Саюзу ХВЕ С. Хоміча.60
У цэлым жа можна адзначыць, што крытычнае стаўленне рэлігійных дзеячоў да існуючага ладу нашмат больш пашыранае, чым падтрымка БХД як партыі. То бок, пратэстны настрой не выяўляецца аўтаматычна ў падтрымцы канкрэтнай палітычнай сілы, хаця некаторая карэляцыя тут прысутнічае.

Прагноз

Падзеі 19 снежня і наступныя рэпрэсіі ўказваюць, што ў 2011 г. павялічыцца ціск на грамадзянскую супольнасць у цэлым і на рэлігійны сектар у прыватнасці. Галоўным прававым і інстытуцыйным інструментам ціску мае стаць новы закон «Аб некамерцыйных арганізацыях», які у выпадку прыняцця ў існуючым выглядзе можа пагоршыць становішча ў т. л. і рэлігійных арганізацый.
З іншага боку, рэжыму спатрэбіцца шукаць якой-кольвек легітымацыі на міжнароднай арэне, і рэлігія тут можа стаць зноў лёгкім механізмам «прызнання». Усе самыя скандальныя візіты – у Рым і ў Канстанцінопаль – ужо былі А. Лукашэнкам зробленыя, таму наўрад ці ў яго атрымаецца здзівіць нечым новым, хутчэй будуць падымацца зноў старыя тэмы, асабліва тэма так і не падпісанага канкардату. Цягам году яго будуць рыхтаваць, і ён будзе «на апошняй стадыі гатоўнасці», аднак падпісанне адбудзецца наўрад ці.
Ва ўзаемаадносінах з канфесіямі, пры дэманстрацыі апазіцыйных настрояў сярод праваслаўнага і каталіцкага кліру, дзяржаўныя органы будуць ціснуць на іерархію, матывуючы гэта тым, што ўдзел у палітыцы – гэта парушэнне беларускага заканадаўства. Тым не менш, верагодна, што прарэжымныя святары (у т. л. пратэстанцкія, як у выпадку з пратэстанцкім фондам «Духоўная дыпламатыя», прадстаўнік якога Міхаіл Маргуліс у час пост-выбарнай прэс-канферэнцыі ад імя хрысціян-пратэстантаў вітаў перамогу А. Лукашэнкі61 ) будуць часцей выкарыстоўвацца як «голас Царквы», магчымая другая спроба быць абраным ў Савет Рэспублікі прот. Фёдара Поўнага, чый уплыў у БПЦ у 2011 г. павялічыцца. Таксама А. Лукашэнка будзе спрабаваць наладжваць стасункі нават не з Беларускім Экзархатам, але з Маскоўскім Патрыярхатам наўпрост.
Колькасць царкоўных лідараў, якія будуць больш выказвацца з крытыкай дзейнасці беларускай улады, будзе расці, прычым ва ўсіх канфесіях. У канфесійным асяродку будзе ісці працэс павелічэння грамадзянскай самасвядомасці не на ўзроўні лідараў, а на ўзроўні рэлігійнай «грамадзянскай супольнасці». Гэта будзе тычыцца не толькі палітыкі, але у першую чаргу – сацыяльных, прававых, маральных пытанняў. Узрасце колькасць разнастайных ініцыятываў «знізу».
Заняткі па праваслаўнай культуры не будуць ўведзеныя ў праграму навучання агульнаадукацыйных школ у шырокім маштабе і ў 2011 г., хаця гэтая тэма будзе зноў шырока абмяркоўвацца.

 
 

1 См.: http://www.belarus21.by/ru/main_menu/religion/sotr/new_url_1648988856.

2 Там жа.

37 Малютин А. Церковный премьер Беларуси. Федор Повный - священник у олимпа политической власти  // Портал Кредо http://www.portal-credo.ru/site/?act=press&type=list&press_id=980

 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 10 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.