Справаздача аб захаванні правоў чалавека (2009): Беларусь

Рэквізiты
Прыняты: 
2010

Закон гарантуе свабоду веравызнання, аднак на практыцы ўлады абмяжоўвалі гэтае права. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыя сцвярджае роўнасць рэлігій і канфесій, яна таксама ўтрымлівае абмежавальныя палажэнні, у адпаведнасці з якімі супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі «рэгулюецца законам з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа».

У 2008 годзе Лукашэнка назваў Беларускую праваслаўную царкву «галоўным ідэолагам краіны», сцвярджаючы пры гэтым, што «мы ніколі не адасаблялі сябе ад царквы». Урад па_ранейшаму выкарыстоўваў абмежавальныя палажэнні рэлігійнага заканадаўства, каб ускладняць ці прадухіляць дзейнасць рэлігійных груп, якія не належаць да Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). У прыватнасці, закон абмяжоўвае права рэлігійных арганізацый ажыццяўляць рэлігійнае навучанне, патрабуе ад усіх рэлігійных суполак атрымання дазволу дзяржавы на прывоз і распаўсюд літаратуры, а таксама забараняе замежным грамадзянам узначальваць рэлігійныя арганізацыі.

Канкардат і іншыя пагадненні паміж урадам і БПЦ надзяляюць БПЦ прывілеямі, якіх не маюць іншыя рэлігійныя групы. Беларуская праваслаўная царква з’яўляецца экзархатам Рускай праваслаўнай царквы і адзінай афіцыйна прызнанай праваслаўнай дэнамінацыяй у краіне. Усімі рэлігійнымі пытаннямі займаецца апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (АУСРН) пры Савеце міністраў. Згодна з законам, рэлігійныя арганізацыі павінны прайсці рэгістрацыю ці ў АУСРН, ці ў мясцовых і абласных органах улады. Толькі тыя групы, якія налічваюць не менш як 20 сябраў, могуць зарэгістравацца ў якасці рэлігійных суполак. На працягу года АУСРН адмовіў у рэгістрацыі некаторым нетрадыцыйным рэлігійным групам, што рабіла сходы іх сябраў незаконнымі. Напрыканцы года АУСРН паведаміў пра існаванне 25 афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных дэнамінацый, прадстаўленых 3 106 рэлігійнымі суполкамі і 158 рэлігійнымі арганізацыямі.

Упраўленне па справах рэлігій па_ранейшаму адмаўляла ў рэгістрацыі дэнамінацыям, якія лічыла нетрадыцыйнымі, і пераважна гэта тычылася пратэстанцкіх суполак, напрыклад, царквы «Новае Жыццё» і Беларускай Евангельскай царквы. Большасць хрысціянскіх суполак па_ранейшаму выступалі за ўнясенне зменаў у нацыянальнае рэлігійнае заканадаўства, якое абмяжоўвае іх дзейнасць і робіць магчымым крымінальны пераслед за рэлігійныя перакананні.

У пачатку снежня Мінская гарадская пракуратура абвясціла пра аднаўленне крымінальнай справы супраць Яўгена Волкава, якога падазравалі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, што з’яўляецца парушэннем закона. 30 снежня ўлады абвясцілі, што закрылі справу. Воўкава падазравалі ў тым, што ён прадстаўляе Царкву аб’яднання Муна, якая забароненая ў Беларусі за «дэструктыўную» дзейнасць. Царкве аб’яднання было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі ў 1996 і 2001 гадах. Паводле закона, выкарыстанне жылой плошчы для набажэнстваў дазваляецца толькі пасля афіцыйнага вывядзення яе з жылога фонду, а гэта значыць, што рэлігійныя арганізацыі былі вымушаныя перарэгістраваць памяшканні, у якіх яны мелі намер праводзіць набажэнствы. Улады па_ранейшаму адмаўлялі ў перарэгістрацыі маёмасці многім пратэстанцкім цэрквам і іншым нетрадыцыйным канфесіям, таму суполкі часта былі вымушаныя сустракацца нелегальна або дома ў кагонебудзь з прыхажан.

У красавіку грэка_каталіцкая суполка ў Мінску беспаспяхова звярнулася да Лукашэнкі па дазвол на будаўніцтва царквы. У жніўні ў Наваполацку мясцовыя ўлады адхілілі просьбу мясцовай суполкі Евангельскай царквы «Благодать» прадаць ёй зямельны ўчастак для будаўніцтва царквы. На працягу года ўрад працягваў пераследаваць «Новае Жыццё» і прыкладаць намаганні, каб высяліць царкву з яе будынка на ўскраіне Мінска. 5 сакавіка надзорная калегія Вярхоўнага гаспадарчага суда пакінула без зменаў рашэнне ад 13 студзеня пазбавіць царкву права ўласнасці на гэты будынак. 16 сакавіка Мінскія гарадскія ўлады прапанавалі царкве ўчастак зямлі памерам адзін акр у іншым месцы, што ў чатыры разы менш таго ўчастка, што належыць цакрве, і настойвалі на тым, каб царква прадала сваю маёмасць па цане, ніжэй за рынкавую. УАСРН і Мінскія гарадскія ўлады заявілі, што на месцы царквы неабходна пабудаваць дзіцячы садок або школу. Старэйшы пастар Вячаслаў Ганчарэнка заявіў 8 траўня, што прыход адзінагалосна адхіліў прапанову гарадскіх уладаў.

1 кастрычніка ўлады аштрафавалі Ганчарэнку на 420 000 рублёў (150 даляраў) за непрадастаўленне 9 верасня пажарнай службе магчымасці агледзець храм. 7 кастрычніка Мінскі гарадскі гаспадарчы суд, разгледзеўшы іск мясцовага жыллёвага ведамства, прыняў рашэнне высяліць царкву «Новае Жыццё». 8 снежня надзорная інстанцыя адхіліла апеляцыю, пададзеную царквой. З лістапада 2007 года царква не дазваляе ні адной службовым асобам уваходзіць у свае памяшканні ў адказ на бесперапынныя спробы ўладаў пазбавіць царкву будынка. Закон дазваляе асобам збірацца ў прыватных дамах для малітвы, аднак для правядзення дома рытуалаў, абрадаў ці цырымоній патрэбны дазвол мясцовых уладаў. На працягу года міліцыя некалькі разоў перапыняла рэлігійныя сходы, што праводзіліся ў прыватных дамах, часам арыштоўвала і штрафавала ўдзельнікаў.

За незаконнае правядзенне набажэнстваў баптыстаў, пяцідзесятнікаў ды іншых пратэстантаў штрафавалі ці папярэджвалі па абвінавачаннях у парушэнні грамадскага парадку ці правядзенні несанкцыянаваных сходаў. У снежні розныя СМІ змясцілі паведамленні пра тое, што ў Магілёве абласныя ўлады заклікалі жыхароў інфармаваць ідэалагічных супрацоўнікаў пра незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі і іх незаконную дзейнасць, у тым ліку пра набажэнствы, распаўсюд літаратуры і місіянерскую дзейнасць.

У лістападзе ў горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласці пратэстанцкага актывіста аштрафавалі за правядзенне ў прыватным доме святкавання Дня ўскладання падзякі. Міліцыя ды ідэолагі ўмяшаліся ў святкаванне. 28 кастрычніка ў Гарбавічах улады папярэдзілі 10 прыхажанаў незарэгістраванай царквы «Пасольства Божае», што яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за правядзенне набажэнства 25 кастрычніка ў прыватным доме. Мясцовыя ідэолагі і міліціянты ўварваліся ў дом і канфіскавалі рэлігійную літаратуру.

14 ліпеня ў Баранавічах Царква Поўнага Евангелля «Новае пакаленне» была аштрафаваная на 350 000 рублёў (125 даляраў) за правядзенне «незаконнага» набажэнства раніцай у нядзелю 21 чэрвеня. Таксама ў Баранавічах 7 ліпеня суд аштрафаваў двух сябраў мясцовага Савета баптысцкіх цэркваў на 700 000 рублёў (250 даляраў) кожнага за правяденне малітвы ў прыватным доме. Улады заявілі, што Царква Новага Запавету парушыла рэлігійнае заканадаўства, дазволіўшы Барысу Грысенку, запрошанаму прадстаўніку ўкраінскай месіянскай габрэйскай рэлігійнай арганізацыі, выступіць у царкве 21 траўня. Грысенку аштрафавалі на 105 000 рублёў (35 даляраў) як замежнага грамадзяніна, які прыняў удзел у рэлігійнай дзейнасці, не атрымаўшы на гэта дазволу. Паводле закона, грамадзяне маюць права свабодна гаварыць пра свае рэлігійныя перакананні. Аднак улады па-ранейшаму прадухілялі, спынялі прапаведаванне ад імя любых рэлігійных груп за выключэннем Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама каралі асобаў за такія дзеянні.

Урад не дазваляў замежным місіянерам ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць па_за рамкамі тых арганізацый, якія іх запрасілі. Закон патрабуе, каб замежныя місіянеры атрымлівалі гадавыя шматразовыя візы для ажыццяўлення «рэлігійнай дзейнасці». Назіральнікі выказвалі занепакоенасць адсутнасцю ўніфікаваных афіцыйных палажэнняў, якія рэгулявалі б прымяненне візавага заканадаўства: гэта ўплывала на ўмовы жыцця і працы місіянераў у краіне. У лютым 2008 года Савет міністраў прыняў дырэктыву, што пералічвае падставы, на якіх замежным рэлігійным дзеячам і рэлігійным дзеячам без грамадзянства можна не дазволіць прыехаць у краіну на запрашэнне мясцовых рэлігійных арганізацый. Сярод такіх прычын і наяўнасць у дакументах дадзеных, што не адпавядаюць рэчаіснасці, і недастатковае веданне расейскай ці беларускай мовы, і здзейсненае раней адміністрацыйнае правапарушэнне ці любая ранейшая адмова ў дазволе на наведванне краіны. Замежныя клерыкі таксама павінны падаваць большую колькасць дакументаў, што робіць працэдуры грувасткімі. Закон таксама забараняе заснаванне прадстаўніцтваў замежных арганізацый, чыя дзейнасць скіраваная на распальванне «нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці» ці можа «адмоўна ўздзейнічаць на стан фізічнага ці псіхічнага здароўя людзей».

Замежных грамадзян, якія афіцыйна знаходзяцца ў краіне з нерэлігійнымі мэтамі, за ўдзел у рэлігійнай дзейнасці могуць папярэджваць ці высылаць з краіны. На такіх падставах на працягу года выслалі не менш як дваіх чалавек.

Акрамя таго, закон не прадугледжвае вяртання маёмасці, захопленай падчас нацысцкай акупацыі ці за савецкім часам, і абмяжоўвае вяртанне маёмасці, што выкарыстоўваецца ў межах культурніцкай і адукацыйнай дзейнасці. Аднак на працягу года ўлады вярнулі БПЦ шэсць раней канфіскаваных будынкаў і адзін будынак вярнулі яўрэйскай суполцы.

Па стане на канец года, улады так і не выканалі свайго абяцання знайсці новае месца для дзяржаўнага архіва, які захоўваўся ў будынках былога рымакаталіцкага кляштара бернардынаў, што размяшчаецца ў цэнтры Мінска. 15 Ліпеня АУСРН заявіў, што ўлады не могуць вярнуць былы кляштар, таму што няма дзе размясціць дзяржаўныя архівы.

Асобаў, што адмаўляюцца ад вайсковай службы з_за рэлігійных перакананняў, улады пераследавалі і судзілі. 6 лістапада ў Гомелі суд аштрафаваў Змітра Смыка, прыхажаніна мясцовай царквы «Сведак Іеговы», на 3,5 млн. рублёў (1285 даляраў) за ўхіленне ад службы ў войску. Смык прасіў прадаставіць сабе магчымасць прайсці грамадзянскую службу, альтэрнатыўную службе ў войску, у адпаведнасці з палажэннем Канстытуцыі, якое не прымяняецца на практыцы. Пракурор сцвярджаў, што няма ніякіх падставаў, каб вызваліць Смыка ад вайсковай службы з_за яго рэлігійных перакананняў.

 

Бюро па пытаннях дэмакратыі,

правоў чалавека і працы

Дзярждэпартамента ЗША

 

Справаздача аб захаванні правоў чалавека за 2009 год - «За свабоднае веравызнанне» № 25, студзень - сакавік 2010