Закон, які трэба мяняць

Аўтар: 
Марына Кароль

Больш за 7 год у нашай раіне дзейнічае абноўлены Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Час азірнуцца і падвесці вынікі. Мы папрасілі выкласці свае думкі на гэты конт рэлігійных дзеячоў розных канфесіяў. Кс. Юрый Барок, каталіцкі святар: Практыка жыцця паказвае, што дзеючы Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» мае свае недахопы. Напрыклад, факт, што ў пратэстантаў няма тых свабодаў, як у праваслаўнай і каталіцкай царквы, не спрыяе кансалідацыі грамадства. Таму папраўкі ў Закон былі б да месца, бо нельга пагадзіцца з існуючым станам рэчаў. Але калі праўкі і будуць унесеныя, я не думаю, што нешта зменіцца, бо сама дзяржава не зацікаўленая ў парушэнні існуючага балансу паміж рэлігійнымі плынямі. Лічу, што іерархі каталіцкай і праваслаўнай царквы мусяць афіцыйна зафіксаваць сваю пазіцыю адносна ўраўнання правоў, гэта будзе першым крокам да вырашэння праблемы. Што тычыцца ўзаемаадносін дзяржавы і Касцёла, то, як мне падаецца, яны дастаткова нармалізаваныя. Бакі зацікаўленыя ў павелічынні сувязяў. Спадзяюся, што надалей будзе рух наперад і Касцёл атрымае магчымасці, каб дайсці і да школаў, і да войска. Адзіны момант, які сапраўды не можа быць прымальным, гэта тое, што Касцёл не можа карыстацца дапамогай святароў-замежнікаў. Вось і напярэдадні новага году з Беларусі былі высланыя трое каталіцкіх святароў. Але карыстацца дапамогай з-за мяжы — цалкам нармальна для рэлігійнай арганізацыі, калі Касцёл не мае магчымасці задаволіць свае патрэбы лакальнымі сродкамі. Натуральна, Касцёл мусіць ставіць пэўныя патрабаванні да святароў, якія прыяжджаюць сюды працаваць. Каб яны вучылі беларускую і рускую мовы, знаёміліся з мясцовай культурай. Галіна Парфімчык, сакратар Евангельскай рэфарматарскай царквы: Для нашай канфесіі гэты закон нічога добрага не прынёс. Праваслаўная канфесія ў Беларусі вылучаная, падтрымліваецца дязржавай, і гэта добра бачна. Пратэстанцкая царква нежаданая, найбольш аддзеленая ад дзяржавы, хаця так і мусіць быць. Але мы не можам несці Евангелле ў народ, бо абмежаваныя законам. Напрыклад, сваю дзейнасць можам рэалізоўваць толькі ў межах Мінска, бо калі паедзем хаця б у Заслаўе, то гэта будзе расцэньвацца як парушэнне закону. Але ж Бог усюдыісны, то для чаго гэтыя абмежаванні? Самае галоўнае, што ўлады не спрыяюць, нашаму развіццю. Усё было зроблена за час «адлігі» 1990-х гадоў, новага пазней нічога не з’явілася.У нас няма будынка, дзе мы маглі б збірацца, хаця ў часы Рэфармацыі ў Беларусі былі сотні нашых храмаў. Калі прыйсці ў Мінгарвыканкам і папрасіць, каб нам выдзелілі будынак, то нас адправяць набываць яго на аўкцыён. Але гэта занадта дорага. Не думаю, зямлю пад праваслаўныя храмы вернікі набываюць на аўкцыёнах. Я станоўча адношуся да памкненняў унесці змены ў Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. Дарэчы, першая яго рэдакцыя была больш мяккай у адносінах да евангельскіх цэркваў. Думаю, што варта зменшыць норму па колькасці людзей, якія могуць ствараць рэлігійную суполку. У некаторых мястэчках можа быць мала вернікаў, і калі іх не двадцаць, а пяцёра, то чаму яны не могуць стварыць сваю суполку? Хрыстос сказаў, што дзе двое ці трое сабраліся ў Ягонае імя, там і Ён. Мне не зразумелыя падобныя абмежаванні. Калі гаварыць пра нашыя ўзаемаадносіны з дзяржаваю, то яе задавальняе, што мы знаходзімся ў напаўпадполлі, і асабліва нідзе пра нас не чутно. Вячаслаў Ганчарэнка, пастар царквы «Новае Жыццё»: «Дзякуючы» гэтаму Закону мы досыць моцна пацярпелі. Мы былі дыскрэдытаваныя і зняважаныя. Падумайце самі, толькі ў чатырох месцах вернікі могуць праводзіць набажэнствы без дазволу ўлад, а гэта — могілкі, крэматорыі, месцы паломніцтва і культавыя будынкі. Было лягчэй тым, хто мае культавыя будынкі. Мы ж, не маючы ні культавага будынка ні дазволу дзе б то ні было праводзіць набажэнствы, сплацілі вялікія штрафы, праводзячы служэнні ў сваім уласным будынку, які афіцыйна не з’яўляецца культавым. Я лічу, што гэты Закон ганьбуе нашу дзяржаву і гаворыць аб тым, што наш урад не паважае вернікаў краіны. Таму Закон неабходна змяніць. Я веру, што ў заканадаўстве ўсё трэба спрашчаць, а не ўскладняць. Беларускі народ шматпакутны, таму нядобра рабіць рукамі ўлады ягоны лёс яшчэ больш складаным. А сапраўдныя перамены пачынаюцца ў сэрца чалавека, калі ён прыходзіць да Бога з пакаяннем. Царква заўсёды адкрытая да супрацоўніцтва з дзяржавай, і ёсць шмат сфераў, у якіх царква можа паслужыць дзяржаве, але пакуль мы не бачым ўзаемнасці з боку апошняй.

Кароль М. Закон, які трэба мяняць. - «За свабоднае веравызнанне» № 24, жнівень — снежань 2009

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 4 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.