Людмілу Бацюк пакаралі штрафам за «стварэнне рэлігійнай арганізацыі»

Прадпрымальніца дапамагала хворым на алкагалізм. Суд пакараў яе штрафам у памеры 140 тыс. беларускіх рублёў.

ludmila-batchuk.jpg11 траўня суд Кастрычніцкага раёна г.Магілёва пакараў штрафам у памеры чатырох базавых велічынь прадпрымальніцу Людмілу Бацюк. Яна дапамагала сем’ям, у якіх ёсць хворыя на алкагалізм. Суддзя Ірына Цяплова прызнала прадпрымальніцу вінаватай у стварэнні рэлігійнай арганізацыі. Ініцыяваў судовы працэс аддзел ідэалагічнай працы Кастрычніцкага райвыканкама Магілёва. Паводле чыноўнікаў, Бацюк сваімі дзеяннямі парушала Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях».

У судзе начальніца аддзелу ідэалагічнай працы Кастрычніцкага раёна Ірына Бацішчава аргументавала прэтэнзіі ўлады да Людмілы Бацюк тым, што Бацюк незаконным шляхам уцягвала людзей ў рэлігійную дзейнасць.

Людміла Бацюк не прызнала абвінавачванняў чыноўнікаў: «Мяне вінавацяць у тым, што я стварыла рэлігійную арганізацыю без рэгістрацыі. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Я дапамагаю людзям, у сем’ях якіх ёсць праблемы з алкаголем або наркотыкамі. Я сама прайшла гэтае пекла. Цяпер мэта майго жыцця — дапамагаць людзям, якія сёння пакутуюць,» — кажа Л. Бацюк.

«Яна праводзіла рэлігійныя сходы, дзе людзі маліліся, вывучалі Біблію, спявалі рэлігійныя песні, падчас сходаў праводзіліся рэлігійныя абрады і рытуалы, а таксама збіраліся ахвяраванні,» — «абвінавачваюць» жанчыну ідэолагі.

Чыноўнікі даведаліся аб дзейнасці прадпрымальніцы з абвестак на прыпынках грамадскага транспарту. У абвестках былі пазначаны яе тэлефоны і адрас. Чыноўніца Ірына Бацішчава разам з супрацоўнікамі свайго аддзелу і міліцыянерамі некалькі разоў наведвалася па пазначаным у абвестцы адрасе і заспявала там групу людзей з васьмі-дзесяці чалавек. Гэтыя людзі сядзелі за сталом, на якім была раскладзена рэлігійная літаратура. Сцены пакоя былі абклеены рэлігійнымі карцінамі. Усіх прысутных дастаўлялі ў міліцыю — там яны давалі тлумачэнні аб мэтах свайго знаходжання ў доме прадпрымальніцы. Людміла Бацюк кажа, што наведванне міліцыі ў яе дом і фатаграфаванне адбываліся са шматлікімі парушэннямі.

Тым не менш, суддзя Ірына Цяплова палічыла аргументы начальніцы аддзелу ідэалагічнай працы больш абгрунтаванымі і пастанавіла пакараць Людмілу Бацюк за стварэнне рэлігійнай арганізацыі штрафам у памеры чатырох базавых велічынь — гэта 140 тыс. рублёў.

Фактычна, жанчыне ставяць у віну тое, што ў сваёй дзейнасці Людміла Бацюк выкарыстоўвала хрысціянскія метады лячэння алкагалізму. Методыкі, якія яна выкарыстоўвала ў працы, маюць пазітыўныя водгукі з Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Людміла Бацюк не лічыць сябе вінаватай і заяўляе, што працягне сваю дзейнасць:

«Я веру ў справядлівасць. Я дапамагаю сем’ям, у якіх ёсць залежныя ад алкаголю або наркотыкаў. Камусьці гэта не спадабалася, так з’явілася скарга, дзе было сказана, што я ствараю рэлігійную арганізацыю без дзяржаўнай рэгістрацыі. Я прадставіла ўсе дакументы ў сваё апраўданне. І я не разумею, чаму мяне так зняважылі».

На суд, каб падтрымаць Людмілу Бацюк, прыйшлі людзі, якім яна дапамагае.

Магілёвец Аляксандар Сілкоў пасля наведвання курсаў спадарыні Бацюк не п’е ўжо амаль два гады:

«Я цягам трыццаці гадоў быў алкаголікам. Цяпер наладзіліся стасункі ў сям’і. І любоў, і гармонія з’явіліся, ды павага на працы, у калектыве. Людміла бясплатна дапамагае алкаголікам, а ёй яшчэ ставяць палкі ў колы».

Мужа Ганны Станкевіч васемнаццаць разоў кадзіравалі ад алкагольнай залежнасці:

«Я выйшла замуж за залежнага чалавека. Гэты чалавек усё жыццё бадзяўся па турмах. Учора ён прывёз мне грошы са сваіх заробкаў. Самае галоўнае, што ён прыехаў цвярозы. Дзякую Богу, што Людміла мне дапамагла».

Каментуючы рашэнні суда, юрыст Дзіна Шаўцова адзначыла, што суддзя Ірына Цяплова прыняла сваё рашэнне на падставе часткі 1 артыкула 9.9 Кодэкса пра адміністрацыйныя правапарушэнні. Аднак, як мяркуе юрыст, ужыванне мер адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжаных ч. 1 арт. 9.9 КПАП за дзейнасць, звязаную з распаўсюдам рэлігійных перакананняў, супярэчыць артыкулу 31 Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам права на свабоду сумлення і рэлігіі, а таксама артыкулу 18 Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Людмілу Бацюк пакаралі штрафам за «стварэнне рэлігійнай арганізацыі». - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.