Улады Любані знішчылі драўляную сінагогу

У г. Любань Мінскай вобласці мясцовыя ўлады разбурылі драўляную сінагогу, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Гэта адбылося 13 траўня. Разбурэнню драўлянай сінагогі папярэднічаў безвыніковы зварот старшыні Сусветнай арганізацыі беларускіх габрэяў Якава Гутмана да Аляксандра Лукашэнкі. Якаў Гутман заклікаў прэзідэнта Беларусі неадкладна спыніць працы па разборцы сінагогі пачатку XX ст. ў горадзе Любань.

bulletin-23-1.jpg

bulletin-23-2.jpg

bulletin-23-3.jpg

У лісце ад 26 красавіка на імя кіраўніка беларускай дзяржавы Гутман паведамляе, што ў 1996 г. САБГ пры падтрымцы мясцовых улад усталявала на будынку сінагогі мемарыяльную дошку ў гонар Моше Файнштэйна — аднаго з самых вядомых рабінаў ХХ стагоддзя. Акрамя таго, па словах Гутмана, райвыканкам прыняў рашэнне аб прысваенні адной з вуліц горада імя Файнштэйна, прызнанага сусветным лідарам артадаксальнага габрэйства. Калі Файнштэйн памёр у Амерыцы ў 1986 годзе, каля 60 тысяч габрэяў ішлі за ягонай труной Нью-Ёрку, а ў пахаванні рабіна ў Ізраілі ўдзельнічала 150 тысяч чалавек. Усё, што звязана з імем Моше Файнштэйна, святыня для габрэяў усяго свету, гаворыцца ў лісце.

Якаў Гутман адзначае, што разбурэнне сінагогі ў Любані будзе расцэнена як працяг знішчэння юдзейскіх храмаў на вуліцах Дзімітрава, 3, і Няміга ў Мінску, габрэйскіх могілак у Гродна і Мазыры, памятнага знака на месцы самаспалення мазырскіх габрэяў падчас Вялікай Айчыннай вайны. «Хацелася б верыць, што сітуацыя ў Любані склалася з-за неразумення мясцовых улад і не з’яўляецца палітыкай дзяржавы», — адзначае Гутман.

У Любані захаваліся дзве сінагогі, што стаяць побач — унікальныя ўзоры юдзейскай драўлянай культавай архітэктуры канца XIX і пачатку XX ст.ст. Абодва храмы звязаныя з дзейнасцю Файнштэйна. Мясцовыя ўлады вырашылі знесці і другую сінагогу, пабудаваную ў XX стагоддзі. У сувязі з гэтым 21 красавіка старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч пісьмова прапанаваў Любанскому райвыканкаму звярнуцца ў Міністэрства культуры з ініцыятывай надаць будынку пакінутай сінагогі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, паколькі сёння падобных храмаў у Беларусі засталося вельмі мала.

Яшчэ стагоддзе назад толькі ў Гародні працавала 44 сінагогі. Зараз у Беларусі захаваліся толькі 100 такіх храмаў. Драўляных сярод іх — адзінкі.

Улады Любані знішчылі драўляную сінагогу. - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009. - Паводле матэрыялаў БелаПАН, «Радыё «Свабода».

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.