Пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам можа быць падпісана ў бліжэйшы час

papa.jpg

Пра гэта заявіў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка. Пытанне набыло новую вастрыню пасля сустрэчы з папам рымскім у Ватыкане кіраўніка Беларусі. Аляксандр Лукашэнка меў сустрэчу з дзяржсакратаром Ватыкана кардыналам Тарчызіё Бэртонэ, падчас якой бакі абмеркавалі падрабязнасці падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Ватыканам.

Тарчызіё Бэртонэ ў мінулым годзе пабываў у Беларусі з пяцідзённым візітам, у ходзе якога ён наведаў тры дыяцэзіі Беларускага каталіцкага касцёла, правёў перамовы з праваслаўным мітрапалітам Філарэтам і беларускімі ўладамі. Апрача іншага, ён дамовіўся з беларускімі ўладамі аб падрыхтоўцы Канкардату паміж афіцыйным Мінскам і Ватыканам і атрымаў запрашэнне ад Аляксандра Лукашэнкі для папы рымскага Бенедыкта XVI наведаць Беларусь.

У сваю чаргу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка задаволены адносінамі, якія складаюцца паміж дзяржавай і Рымска-каталіцкай царквой: «Я задаволены тым, як складаюцца адносіны ў свецкай улады з уладай духоўнай. Мы зробім усё неабходнае для таго, каб гэтыя адносіны ўзмацняліся і былі больш трывалыя», — заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся з мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. «Я не магу прад’явіць якіх-небудзь прэтэнзій да каталіцкай царквы. Мой візіт у Ватыкан сведчыць пра тое, што мы будзем падтрымліваць каталіцкую царкву», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Звяртаючыся да Т.Кандрусевіча, А.Лукашэнка сказаў: «Ваша дзейнасць у Беларусі накіравана на тое, каб тут было спакойна. Мы высока шануем місію каталіцкай царквы і асабіста вашу місію». Па словах кіраўніка дзяржавы, «у нас склалася добрая традыцыя па кантактах прэзідэнта з нашымі асноўнымі канфесіямі». «Гэта добрая традыцыя», — падкрэсліў А.Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з мітрапалітам Т. Кандрусевічам прэзідэнт узгадаў сваю нядаўнюю сустрэчу з патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Кірылам: «Патрыярх шмат распавядаў пра цяперашняга папу рымскага, пра вас, пра ўзаемадзеянне Праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў».

«Мяне ўзрадавала тое, што патрыярх скіраваны на ўз’яднанне хрысціянства. Мы павінны быць бліжэй, а супярэчнасці, непаразуменні вырашаць так, каб не разарваць хрысціянскі свет», — адзначыў прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу арцыбіскуп Т.Кандрусевіч падкрэсліў, што паміж дзяржавай і Рымска-каталіцкай царквой ёсць паразуменне: «Мы ідзем наперад, ёсць дынаміка ў развіцці ўзаемнага дыялогу». «Мы толькі што адсвяткавалі Вялікдзень, і прамая трансляцыя набажэнства ў мінскім архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі транслявалася па ТБ, — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Такім чынам прыняць удзел у гэтай імпрэзе змаглі шматлікія жыхары краіны, у каго не было магчымасці наведаць касцёл». Арцыбіскуп адзначыў важнасць таго, што беларускае радыё па нядзелях транслюе з гэтага касцёла набажэнствы на беларускай мове.

Пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам можа быць падпісана ў бліжэйшы час. - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 4 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.