Зварот грэка-каталіцкай інтэлігенцыі да Прэзідэнта: тэст на талерантнасць

Аўтар: 
Пётра Пінчук

Грэка-католікі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць у пабудове грэка-каталіцкага храма ў сталіцы. Зварот падпісалі вядомыя беларуская дзеячы культуры і мастацтва: Уладзімір Арлоў, Анатоль Грыцкевіч, Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык і многія-многія іншыя мінчане. «Мы, грэка-каталікі Мінсква, вельмі хочам, каб наш храм быў пабудаваны на месцы былой царквы Святога Духа, уніяцкай святыні, узведзенай напрыканцы 16 ст. Царква Святога Духа знаходзілася на цяперашняй плошчы Свабоды. У 1936 г. яе ўзарвалі. Цяпер на месцы царквы нямі ніякіх будынкаў...», — пішуць аўтары звароту.

stary-minsk.jpg

Царква Св. Духа ў Мінску, рэканструкцыя В. Сташчанюка.

Візіт у Беларусь дзяржаўнага сакратара папы рымскага кардынала Тарчызіё Бэртонэ быў сапраўдным падарункам і для мінскіх грэка-католікаў (уніятаў).

І пры царскай, і пры савецкай уладзе Грэка-Каталіцкая Царква была забаронена. Прыналежнасць да яе з’яўлялася злачынствам. Толькі са з’яўленнем адноснай рэлігійнай свабоды уніяты змаглі выйсці з падполля, заявіць пра сябе ўголас. 11 сакавіка 1990 г. ў Мінску ўпершыню за 151 год была адслужаная Літургія ў візантыйскім абрадзе з малітваю аб здароўі папы рымскага.

За гэтыя 19 год дзе толькі не служылі мінскія уніяты! І ў «чырвоным кутку» ЖЭСа па вуліцы Прытыцкага (там вiталі Апостальскага Нунцыя), і ў падвале крамы па праспекце Прытыцкага (там прымалі аднаго з біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы), і ў іншых непрыдатных памяшканнях. Нарэшце, браты рыма-католікі дазволілі ім служыць у падвальный капліцы Чырвонага касцёла і ў салезіянскай капліцы па вул. Пляханава, Але, як мы ведаем, па нядзелях рыма-каталiкам i самiм цесна ў сваiх бажнiцах.

Візіт у 2008 г. ў Беларусь кардынала Тарчызіё Бэртонэ даў магчымасць мінскім грэка-католікам хоць разок уздыхнуць з палёгкай. Паколькі ў праграму візіта была ўключана сустрэча Яго Эмінэнцыі з прадстаўнікамі грэка-каталіцкай супольнасці, мінская гарадская ўлада дала дазвол на правядзенне набажэнстваў у капліцы парафіяльнага дома па вул. Арджанікідзе, 6.

Мала таго, гэтаму парафіяльнаму дому, з нагоды візіта кардынала Тарчызіё Бэртонэ, быў нададзены статус Грэка-Каталіцкага цэнтра імя Святога і Праведнага Язэпа.

Вернікі з парафіі Святога Язэпа, якія нямала папрацавалі ў гэтым доме, да самага візіта дзяржаўнага сакратара папы рымскага жылі ў паняверцы, бо мелі перад сабою прыклад парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэтая парафія раней пабудавала свой дом у завулку Снежным, 7. Улады Фрунзенскага раёна г. Мінска (пажарная, санітарная службы, архітэктар і г. д.) знаходзілі розныя прычыны ды зачэпкі і забаранялі вернікам праводзіць набажэнствы ў капліцы гэтага парафіяльнага дома. Нарэшце, дзяржаўная мудрасць выдала вердыкт: па буднях служыць можна, па нядзелях і святах — не. Марна шукаць у гэтым рашэнні нейкай здаровай логікі.

Што такое капліца ў парафіяльным доме? Гэта невялікае памяшканне. Калі збіраецца пад 50 чалавек, становіцца калі не цесна, дык даволі цеснавата. Але нават такое памяшканне мае толькі адна парафія ў Мінску. Другая парафія, як сказана, можа выкарыстоўваць сваю капліцу для набажэнстваў толькі па буднях. Дзве іншыя (а па нядзелях і тры) парафіі «кватаруюць» у рыма-католікаў.

Зусім відавочна, што наспела вострая неабходнасць пабудаваць у Мінску «нармальную» царкву, храм.

Усе гэтыя амаль 19 гадоў мінская гарадская ўлада карміла уніятаў абяцанкамі.

Спачатку, каб сутыкнуць грэка-католікаў з рыма-католікамі, яна паабяцала уніятам касцёл Святога Язэпа, дзе знаходзіцца, у прыватнасці, Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва (вул. Кірылы і Мяфодзія, 4). Потым улада выдзеліла пляц пад будаўніцтва новай царквы. На гэтым пляцы быў нават устаноўлены і асвечаны крыж (гл. здымак у газеце «Царква», № 1 за 2009 г.). Але, як вядома, улада — гаспадар свайго слова: дала яго і забрала назад.

Зразумела, мінская гарадская ўлада, нават калі б і вельмі хацела, ніколі не асмелілася б даць дазвол на будаўніцтва грэка-каталіцкай царквы, бо, паўторым, у нашай краіне дзейнічае непісанае правіла, парушыць якое — значыць выступіць супраць вярхоўнай улады.

Менавіта беручы пад увагу гэтыя абставіны, свецкія грэка-католікі г. Мінска і звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі як да найвышэйшай і апошняй інстанцыі, бо толькі адзін А. Лукашэнка можа парушыць непісанае правіла і вырашыць пытанне аб пабудове ў сталіцы Беларусі уніяцкага храму.

Мінскія грэка-католікі жадаюць, каб грэка-каталіцкі храм быў узведзены на месцы першай уніяцкай святыні, пабудаванай у 1598 г. пры мітрапаліце Міхаілу Рагозу.

Менавіта тут, на Верхнім рынку, паўстала арыгінальная з мастацкага гледзішча святыня ў імя Святога Духа. Пазней — пры мітрапалітах Іосіфу Руцкім і Антонію Сяляве — тут былі заснаваныя мужчынскі і жаночы манастыры Ордэна св. Васіля Вялікага. Праваслаўныя не мелі да ўзвядзення гэтых будынкаў ніякіх адносін.

У XVII–XVIII стст. у раёне Верхняга і Ніжняга рынкаў у Мінску знаходзіліся уніяцкая царква Святога Духа з манастырамі, бернардынскія мужчынскі і жаночы манастыры з касцёламі, езуіцкі манастыр з касцёлам (цяперашняя архікатэдра), праваслаўная царква Пятра і Паўла з мужчынскім і жаночым манастырамі. Непадалёк ад іх былі татарскія агароды і мячэт (цяпер на гэтым месцы гасцініца «Юбілейная») і знакамітая Халодная сінагога (цяпер яе няма).

Як бачым, стары Мінск быў поліканфесійным горадам. За царскім і бальшавіцкім часам гэтая поліканфесійнасць была ліквідавана. Ці будзе яна хоць часткова адноўлена ў ХХІ стагоддзі — пакажа адказ на зварот мінскіх грэка-католікаў да А. Лукашэнкі.

Зварот мінскіх грэка-католікаў да А. Лукашэнкі — гэта сапраўды тэст на талерантнасць.

Пінчук П. Тэст на талерантнасць. - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 11 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.